Замалёўкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Вось што значыцца мама...
Мама не толькi касiла i жала, яна яшчэ i сеяла. Яна, думаючы пра будучыню, сеяла ў сэрцах сваiх дзяцей i вакол сябе любоў i дабрыню. Мама паспела ўбачыць i ўсходы, i плады сваiх жыццёвых намаганняў, таму, спадзяюся, што душа яе знайшла спакой...
Згаданая вышэй песня пра маму заканчваецца словамi: "Насiце ў сэрцы слова "мама" без слова горкага "была"..."
Нiколi не памiрае мама, нiколi не перасыхае адвечная, невычарпальная крынiца яе пяшчоты i дабрынi. Мама жыве ў маiм сэрцы, я ў думках
Мая мама - самая лепшая ў свеце!
ТАТА
Мой тата нарадзiўся ў самым пачатку гэтага стагоддзя i, як нi дзiўна, быў адзiным дзiцем у сям'i. Згадзiцеся, што такiх сем'яў у той час, ды яшчэ ў сельскай мясцовасцi, амаль не было. Пяць, а то i дзесяць дзяцей - звычайная справа. Напрыклад, тата з маёй мамай "прыдбалi" аж дзевяць дзяцей, сярод якiх, канешне ж, i я.
Але гэта - не апошняе "дзiва", якое было звязана з маiм татам. Месцам яго нараджэння i жыхарства быў хутар Рубеж з маляўнiчымi сядзiбамi чатырох гаспадароў, якiя мелi, уявiце, аднолькавае прозвiшча - Давiдовiч. Цi ж гэта не дзiва?!
Татаў тата, Давiдовiч Рыгор, жыў не бедна - меў сваю зямлю i нават свой "шнурок" лесу. Астатнiя тры Давiдовiчы зямлю хоць мелi, але лесу ў iх не было.
Яшчэ ў юнацтве тата навучыўся выдатна граць на гармонiку - адных толькi полечак, самых розных, з драбнюткiмi пераборамi, мог "сыпаць" ўвесь вечар, таму быў на расхоп у моладзi.
Вядома ж, за такiм здатным ды "багатым" кавалерам дзеўкi, як кажуць гужам! Але атрымалася, для большасцi, - ды мiма, бо мама ўсiм "уцерла" нос i, пакiнуўшы Карпiлаўку, стала ў Рубяжы маладой гаспадыняй, праўда, пад пiльным вокам свёкра...
Яшчэ адно "дзiва" перакрыжавалася з татавым лёсам праз усiм вядомыя, таксама маляўнiчыя Акопы - сядзiбу-фальварак, якi арандавала мацi Янкi Купалы i дзе так лёгка i плённа пiсалася песняру. Ды як было не перакрыжавацца Акопам з татавым лёсам, калi хутар Рубеж знаходзiўся меней чым за вярсту ад Акопаў? Гэта ж самыя блiзкiя суседзi, якiя, каб i не хацелi ведаць адзiн аднаго, усё роўна ведалi б.
Мне крыўдна сёння заходзiць у фiлiял музея Я. Купалы ў Харужанцах i не бачыць даведкi пра тое, што рубяжскi Федзя (гэтак тады клiкалi тату) быў самым блiзкiм суседам Купалы па Акопах. Татава звышсцiпласць i звышпрыстойнасць за ўсё жыццё не дазволiлi нi разу вытыркнуць на людзi ўласнае "я".
Мне вядомы прозвiшчы некаторых i аднавяскоўцаў, i жыхароў суседнiх вёсак, якiя i краем вока не бачылi Купалу, але, маючы добра "падвешаны" язык, "лезлi ў вушы" многiм карэспандэнтам, расказваючы байкi-небылiцы.
А пра свае, хай i выпадковыя, сустрэчы з паэтам, пра тое, што Купала на трэцi дзень вяселля таты з мамай (гулялi ж раней тыдзень) мiмаходзь зайшоў павiншаваць Рыгора з "набыццём" нявесткi, тата расказваў у вузкiм сямейным коле, ды i то скупа i неахвотна, як бы саромеючыся, - вось, маўляў, хвалько!
Ды Бог з iм, з музеем - хоць бы хапiла ў iм месца сучасным "класiкам" якiя называюць сябе "вучнямi" Iвана
Дзякуй шчыраму чалавеку - Уладзiмiру Содалю, што пiсаў некалi пра маiх бацькоў i прагнуў адшукаць той татаў гармонiк, якi чуў колiсь у Рубяжы Янка Купала. Але дзе ж яго знойдзеш, той гармонiк, калi згарэў ён у полымi вайны разам з хатай i ўсiм скарбам...
Вайна... Войны тату не абмiнулi, яны зацягнулi яго ў сваю крывавую сячкарню i бязлiтасна ламалi i крышылi лёс, здароўе, псiхалогiю. Войны, праз якiя прайшоў тата, называлiся, па яго словах, "фiнская", "нямецкая" i "японская". Цi не замнога для аднаго чалавека?..
Яшчэ адно - i самае незразумелае "дзiва": тата, прайшоўшы праз нечалавечыя выпрабаваннi, анiводнага разачку не мацюкнуўся - нi на маму, нi на дзяцей, нi на знаёмых.
Нават проста так, "абстрактна" - на жыццё цi на долю...
Тата - жыццёвая загадка, вялiкая таямнiца, якiя ён панёс з сабой у iншы свет. Нiколi нiкому не скардзiўся, нiколi нiкога нi аб чым не прасiў, цягнуў сваю лямку сумленна да канца. Што было ў ягонай душы, у ягоным сэрцы - не вядома...
Калi не стала мамы, тата падышоў да труны i пранiкнёна сказаў адзiнае: "Што ж ты, бабка, пакiнула мяне аднаго?.."
Потым наступныя, апошнiя, тры гады свайго жыцця раскладваў перад сабой фотакарткi мамы i моўчкi гадзiнамi сядзеў над iмi, перабiраючы i перакладваючы... Якi агонь спальваў яго сэрца?
Нашы з iм адносiны былi па-мужчынску стрыманыя, але адчувалася ўзаемная душэўная цеплыня i няўмела схаваная любоў адзiн да аднаго.
Здаецца, сёння я б "задушыў" яго ў сваiх шчырых абдымках, а тады...
Татавы рукi ўмелi амаль усё рабiць i майстраваць. Касу калi адклепле, "адцягне" - не каса, а брытва, можна было ёй галiцца.
Калi зробiць бочачку цi ражачку - камар носа не ўткне памiж клёпкамi. Калi насмалiць дратву ды падшые валёнкi цi боты - зносу iм няма...
I яшчэ адно цiкавае "дзiва" ў татавым лёсе. Калi бальшавiкi знiшчалi хутары, давялося тату з сям'ёй жыць у доме другога знакамiтага земляка Антона Лявiцкага (Ядвiгiна Ш.), якога паслякастрычнiцкая завiруха сагнала з гнязда, i ён вымушаны быў пакiнуць Карпiлаўку.
Тады разам з нашай сям'ёй у доме Лявiцкага жылi адначасова i другiя сем'i, якiх, у сваю чаргу, таксама спаролi з абжытых вуглоў.
У Карпiлаўцы i навакольных вёсках жывуць яшчэ людзi, якiя памятаюць цiхага, сцiплага, працавiтага чалавека, таленавiтага музыканта - рубяжскога Федзю...
На Малабяседскiх могiлках пад чорнай мармуровай плiтой знайшлi свой вечны спакой два залатыя сэрцы. Ляжаць, склаўшы працавiтыя рукi, два родныя мне чалавекi - мама i тата...
Калi давядзецца ехаць вам па Даўгiнаўскаму шляху, прыпынiцеся на хвiлiнку ля могiлак - гэта i будзе данiна павагi пакаленню сумленных i працавiтых людзей.