Замежная фантастыка
Шрифт:
У малпінай дзятвы таксама ёсць цацкі, і сярод іх хоць і нячаста, але трапляюцца ўсё-такі фігуркі жывёлін і нават людзей. Значыцца, лялька-дзяўчынка сама па сабе не магла так усхваляваць яго. Але па-першае, у малпаў такіх фігурак не робяць з фарфору, а па-другое, яны ніколі не бываюць адзетыя, ва ўсякім разе, адзетыя, як разумныя істоты. А гэтая лялька, зразумеў нарэшце і я, была адзетая ў такія ж самыя строі, як лялькі ў нас на Зямлі: на целе ў яе захаваліся рэшткі сукеначкі, гарсэціка, ніжняй спаднічкі і штонікаў. Лялька была адзетая з густам, з якім магла ўпрыгожыць дзяўчынка сваю любімую ляльку, з любоўю, з якой магла адзець ляльку-малпачку маленькая малпа, але ніколі, ніколі ні тая і ні другая не сталі б
Але гэта не ўсё. Знойдзеная лялька мае яшчэ адну вельмі дзіўную асаблівасць, якая развесяліла рабочых-гарыл і нават прымусіла ўсміхнуцца фанабэрыстага арангутана, галоўнага кіраўніка раскопак. Лялька гаворыць. Яна гаворыць як зямны чалавек. Апускаючы яе на пясок, Карнэлій выпадкова націснуў на кнопку ацалелага механізма, і лялька загаварыла. Вядома, сказала яна няшмат. Усяго толькі адно слова з двух аднолькавых складоў: «Та-та»!
«Та-та», — зноў лапоча фарфоравая дзяўчынка, калі Карнэлій падымае яе і разглядвае з усіх бакоў, абмацваючы чуллівымі пальцамі. Гэтае слова гучыць амаль аднолькава па-французску, на мове сарорскіх малпаў, дый, напэўна, на іншых мовах усіх таямнічых сусветаў і паўсюды мае адно значэнне.
«Та-та», — паўтарае лялька — маленькі чалавечак, і, відаць, таму морду майго вучонага сябра залівае румянец, менавіта гэта пераварочвае мне ўсю душу, і я з вялікай цяжкасцю стрымліваюся, каб не закрычаць, пакуль Карнэлій адводзіць мяне ўбок, несучы з сабою каштоўную знаходку.
— Ёлупень! — мармыча ён праз нейкі час.
Я ведаю, каго ён мае на ўвазе, і разумею яго абурэнне. Стары арангутан убачыў у гэтай ляльцы звычайную цацку дзіцёнка-малпы, якую дзівак-майстар з далёкай мінуўшчыны надзяліў здольнасцю прамаўляць гэтае слова. Няма ніякага сэнсу тлумачыць яму што-небудзь. Карнэлій і не спрабуе гэтага рабіць. Адзінае лагічнае тлумачэнне, якое прыходзіць у галаву, здаецца яму самому настолькі экстраардынарным, што ён выбірае маўчанне. Нават мне Карнэлій не кажа ні слова. Але ён ведае, што я ўсё зразумеў.
Да канца дня Карнэлій будзе хадзіць задуменны і не загаворыць ні з кім. Мне здаецца, яму страшна працягваць гэтыя даследаванні і ён шкадуе, што, як ні мала, але ўсё ж такі адкрыўся мне. Узбуджэнне ў яго прайшло, і цяпер яму цяжка бачыць мяне сведкам такой знаходкі.
На другі ж дзень мае падазрэнні пацвярджаюцца: Карнэлій шкадуе, што прывёз мяне сюды. Усю ноч ён думаў, а ўранку, пазбягаючы майго позірку, заявіў, што вырашыў адправіць мяне назад у інстытут, дзе мяне чакае больш важная праца. Месца на самалёт мне ўжо заказана. Я вылятаю праз дваццаць чатыры гадзіны.
Раздзел IV
Дапусцім, разважаў я, што некалі людзі былі паўнаўладныя гаспадары гэтай планеты. Уявім, што больш за дзесяць тысяч гадоў назад на Сароры квітнела чалавечая цывілізацыя, падобная да нашай…
Але цяпер гэта ўжо не проста неабгрунтаваная гіпотэза, у яе прыхільнікаў ёсць доказы. Ледзь сфармуляваўшы сваю думку, я адразу ж адчуў тое асаблівае ўзбуджэнне, якое ахапляе цябе, калі ты знаходзіш у лабірынце заблытаных сцежак адзіную правільную. Упэўнены, менавіта гэты шлях і прывядзе да раскрыцця тайны малпавай эвалюцыі. Недарма ж я заўсёды шукаў падсвядома адказ прыкладна ў гэтым напрамку.
Я вяртаюся самалётам у сталіцу разам з сакратаром Карнэлія, маўклівым шымпанзэ. Але мне і не хочацца гаварыць з ім. У самалёце заўсёды добра падумаць. Дый наўрад ці мне яшчэ выпадзе лепшая магчымасць разабрацца ў сваіх думках.
…Значыцца, дапусцім, што ў векапомныя часы на Сароры існавала цывілізацыя, падобная да нашай. Ці можа так стацца, каб істоты, пазбаўленыя розуму,
Я заплюшчваю вочы. Гул матораў закалыхвае мяне. Але мне трэба прааналізаваць усё гэта, каб вызначыць сваю пазіцыю.
Што з'яўляецца распазнавальнай прыкметаю цывілізацыі? Нейкі асабісты дух? Наўрад ці. Хутчэй за ўсё — будзённае жыццё… Ну, добра, прызнаем неабходнасць духоўнасці. Напэўна, яна выявіцца ў мастацтве, у першую чаргу ў літаратуры. Ці ж сапраўды апошняя з'яўляецца сфераю, недаступнаю нашым буйным чалавекападобным малпам, калі, вядома, дапусціць, што яны навучыліся складваць словы? А з чаго складаецца наша літаратура? 3 шэдэўраў? Каб жа толькі з іх! Калі за адно-два стагоддзі і з'яўляецца арыгінальная кніга, астатнія пісьменнікі так ці інакш яе пераймаюць, інакш кажучы, перапісваюць, і такім чынам у свет выходзяць сотні тысяч новых кніг, з больш-менш рознымі назвамі, але аднаго зместу, данесенага з дапамогаю адносна змененых камбінацый фраз. Відаць, малпы, пераймальнікі па сваёй прыродзе, маглі б ствараць такую літаратуру пры той, вядома, умове, што навучыліся б гаварыць.
Значыцца, адзіным сур'ёзным контраргументам гэтай гіпотэзе з'яўляецца мова. Але будзем асцярожныя! Малпам няма ніякай патрэбы разумець, што менавіта яны перапісваюць, каб скласці на аснове адной кнігі сто тысяч новых тамоў. Гэта ім трэба не больш, чым нам. Як і нам, ім хопіць тут простага паўтору раней пачутых фраз. Увесь астатні літаратурны працэс чыста механічны. І тут думка асобных фізіёлагаў набывае велізарнае значэнне: яны сцвярджаюць, што ніякія анатамічныя асаблівасці не перашкаджаюць малпам загаварыць — было б жаданне! І можна ўявіць, што аднойчы такое жаданне ў іх узнікла, хаця б у выніку раптоўнай мутацыі.
Значыцца, удзел малпаў, здольных гаварыць, у прадаўжэнні літаратуры, падобнай на нашую, справа зусім мажлівая. Уявім сабе, што праз нейкі час некалькі малпаў-літаратараў істотна паразумнелі. Як кажа мой вучоны сябра Карнэлій, думка ўвасабляецца ў дзеянні, — у дадзеным выпадку ў механізме мовы, — і такім чынам, у новым, малпавым свеце маглі з'явіцца арыгінальныя ідэі, хаця б па адной у стагоддзе, як у нас на Зямлі.
Дзёрзка развіваючы гэтую гіпотэзу, я хутка прыйшоў да пераканання, што добра выдрэсіраваныя жывёліны маглі б падобным чынам стварыць карціны і скульптуры, якімі я любаваўся ў музеях Сароры, дый увогуле зрабіцца спецыялістамі ў любой сферы чалавечага мастацтва, у тым ліку і ў нашым кіно.
Разгледзеўшы спачатку вышэйшыя формы дзейнасці розуму, я без цяжкасці праверыў слушнасць сваёй тэорыі ў дачыненні да іншых сфер.
Нашая прамысловасць нядоўга супраціўлялася майму аналізу. Мне было абсалютна ясна, што, каб падтрымліваць яе жыццё на адным і тым самым дасягнутым узроўні, зусім неабавязкова выяўляць асабістую ініцыятыву. У яе аснове ляжыць праца рабочых, якія паўтараюць адны і тыя ж рухі, кіраўнікі ж складаюць адны і тыя ж справаздачы і прамаўляюць у аднолькавых абставінах аднолькавыя словы. І тых, і другіх малпы маглі б замяніць, не пашкодзіўшы справе — дастаткова выпрацаваць патрэбныя ўмоўныя рэфлексы.