Жыццё і дзіўныя прыгоды марахода Рабінзона Круза
Шрифт:
Гэта была выключна суровая ўмова. Калі капітан перадаў палонным мой адказ, яны зразумелі, што з начальнікам выспы жарты кепскія. І, вядома, ім заставалася адно: прыняць мае ўмовы.
Закладнікі самі пачалі горача ўпрошваць сваіх вызваленых таварышаў, каб тыя не здрадзілі капітану.
Вось поўны склад нашай арміі напярэдадні вялікай бітвы: па-першае, капітан, яго памочнік і пасажыр; па-другое, двое вызваленых палонных, за якіх паручыўся сам капітан; па-трэцяе, яшчэ двое, тыя, што сядзелі ў маім будане (цяпер па просьбе капітана іх таксама вызвалілі); па-чацвёртае, тыя пяцёра з другой партыі, якіх мы вызвалілі
Я спытаў капітана, як ён мяркуе, ці магчыма напасці на карабель з такой малой сілай. Мне і Пятніцу немагчыма было адлучацца: у нас на руках заставалася сямёра чалавек, якіх мы павінны былі вартаваць і карміць.
Пяцярым закладнікам, якія сядзелі ў пячоры, я вырашыў ні ў чым не патураць. Два разы ў дзень Пятніца насіў ім ежу і ваду і сам карміў іх, таму што мы нават не развязалі ім рукі. Астатнім жа мы далі некаторае паслабленне.
Гэтым двум я вырашыў нарэшце паказацца. Я прыйшоў да іх разам з капітанам. Ён сказаў ім, што я — давераная асоба начальніка выспы, які даручыў мне нагляд за ваеннапалоннымі, таму яны не маюць права нікуды адлучацца без майго дазволу, і пры першай жа спробе непаслушэнства іх закуюць у кайданы і пасадзяць у губернатарскую крэпасць.
З гэтага часу я ні разу не паказваўся палонным у якасці начальніка выспы, а заўсёды як яго давераная асоба, прычым кожны раз я нагадваў пра начальніка, пра гарнізон, пра гарматы і крэпасць.
Цяпер заставалася толькі падрыхтавацца да будучай бітвы: старанна адрамантаваць абедзве лодкі, прыладзіць снасці і прызначыць каманду на кожную з іх.
Усе гэтыя клопаты я ўсклаў на капітана.
Ён прызначыў камандзірам шлюпкі свайго пасажыра і даў яму чатырох чалавек; сам жа капітан, яго памочнік і з ім пяцёра матросаў складалі экіпаж баркаса. Капітан сцвярджаў (зусім справядліва), што лепш за ўсё падысці да карабля ў цемры, і ў бліжэйшы ж вечар адчаліў ад берага.
Калі апоўначы на караблі пачулі ўсплёскі вёсел і, паводле марскога звычаю, аклікнулі шлюпку, капітан загадаў Джымі Рою, каб ён адзін адгукнуўся, а астатнія каб маўчалі.
Джымі Рой крыкнуў, што ён прывёз усіх матросаў, але прыпазніўся, бо доўга шукаў іх, а потым пачаў падрабязна плесці і выдумляць розныя байкі наконт гэтага.
Пакуль ён балбатаў такім чынам, баркас і шлюпка прычалілі да борта.
Капітан і яго памочнік першыя ўскочылі на палубу са зброяй у руках і адразу ж збілі з ног ударамі прыкладаў двух піратаў, якія, ні аб чым не здагадваючыся, выйшлі ім насустрач; выявілася, што гэта карабельны цясляр і другі памочнік капітана, якія перайшлі на бок піратаў.
Увесь капітанскі атрад дзейнічаў дружна і адважна. Усе матросы, што знаходзіліся на палубе, былі схоплены, пасля чаго капітан загадаў замкнуць люкі, каб усіх астатніх затрымаць унізе.
Тым часам падаспелі камандзір і матросы другой шлюпкі; яны занялі ход у карабельную кухню і ўзялі ў палон яшчэ трох чалавек.
Калі на палубе і на шканцах [24] не засталося ўжо ніводнага ворага, капітан загадаў свайму памочніку ўзяць трох чалавек з каманды і пайсці ўзламаць дзверы галоўнай каюты, дзе, пачуўшы першыя гукі трывогі, замкнуўся новы капітан, абраны піратамі, і з ім два матросы
24
Шканцы — пляцоўка на верхняй палубе судна.
Яны паспелі захапіць з сабой зброю, так што, калі памочнік капітана са сваімі людзьмі высадзілі дзверы каюты, іх сустрэлі стралянінай. Памочніку раздрабіла руку мушкетнай куляй, двух матросаў таксама параніла, але ніхто не быў забіты.
Памочнік капітана крыкнуў: «На дапамогу!» Не звяртаючы ўвагі на сваю цяжкую рану, ён уварваўся ў каюту з пісталетам у руцэ і прастрэліў новаму капітану галаву. Той зваліўся, не паспеўшы прамовіць і слова: куля трапіла яму ў рот. Пасля гэтага астатнія здаліся без бою, так што больш не пралілося ні кроплі крыві.
Як толькі капітан стаў гаспадаром свайго карабля, ён загадаў даць сем гарматных стрэлаў. Гэта быў умоўны сігнал, якім ён паведаміў мне пра паспяховае заканчэнне справы. Чакаючы гэтага сігналу, я праседзеў на беразе дзве гадзіны і быў невыказна рады, калі пачуў яго.
З супакоеным сэрцам я адразу ж вярнуўся дадому, лёг і імгненна заснуў, таму што быў вельмі стомлены трывогамі гэтага дня.
Мяне абудзіў новы стрэл. Я ўскочыў і пачуў, што нехта кліча мяне:
— Начальнік! Начальнік!
Я адразу ж пазнаў голас капітана. Ён стаяў над маёй крэпасцю, на гары. Я схапіў лескі і ўзлез да яго. Ён абняў мяне і сказаў, паказваючы на мора:
— Мой дарагі друг! Мой выратавальнік! Вось ваш карабель. Ён ваш, і ўсё, што на ім, ваша таксама! І ўсе мы таксама вашы!
Я глянуў у той бок, куды ён паказваў: карабель стаяў ужо на другім месцы, менш чым за паўмілі ад берага.
Выявілася, што, расправіўшыся з піратамі, мой сябар капітан зараз жа загадаў зняцца з якара і, карыстаючыся спадарожным ветрыкам, падышоў да тае бухты, дзе я некалі прычальваў са сваімі плытамі, затым, дачакаўшыся прыліву, ён на яліку зайшоў у бухту і заспяшаўся да мяне, каб паведаміць, што яго карабель знаходзіцца, можна сказаць, ля маіх дзвярэй.
Ад гэтай нечаканай радасці я ледзь не страціў прытомнасць: я ж на ўласныя вочы бачыў цяпер сваю доўгачаканую волю! Яна была тут, у мяне ў руках! Да маіх паслуг быў вялікі карабель, які гатовы быў везці мяне, куды я захачу.
Я да таго ўзрадаваўся, што ў першы момант не здолеў адказаць капітану ні слова, і пэўна паваліўся б на зямлю, калі б ён не падтрымаў мяне.
Убачыўшы, што я канчаткова знясілеў ад раптоўнага шчасця, ён выцягнуў з кішэні шклянку з нейкімі лекамі, якія ён прыхапіў для мяне. Сербануўшы глыток, я ціха апусціўся на зямлю. І хоць свядомасць вярнулася да мяне, усё ж я доўга не мог загаварыць.
Бедны капітан быў усхваляваны не менш, чым я. Каб вярнуць мне мае душэўныя сілы, ён шаптаў мне тысячы ласкавых шчырых слоў. Але грудзі мае былі перапоўнены нахлынуўшым шчасцем, і я кепска разумеў, што ён гаворыць. Нарэшце я заплакаў ад радасці, і толькі пасля гэтага да мяне вярнулася здольнасць гаварыць. Тут я, у сваю чаргу, абняў свайго новага сябра і ад усяго сэрца павіншаваў яго. Мы абодва былі радасныя і ўсцешаныя.
Калі ж мы крыху апамяталіся, капітан сказаў мне, што прывёз мне сякія-такія рэчы, якія, на шчасце, не паспелі раскрасці бандыты, якія столькі часу гаспадарылі на яго караблі.