Змагарныя дарогi
Шрифт:
* Апельсiнавых.
Часта пасьля штодзённых службовых заняткаў, калi сонца хiлiлася на захад, Тадзiкаў "бэдфард" уздымаў вялiкую хмару пылу на крутой дарожцы, поўз вальней па схiле ды ўжо зусiм звальняў каля галоўнае, паўразваленае танкамi брамы. Карпiнскi, саскочыўшы з аўтамашыны, з партфелем пад пахай, весела здароўкаўся з сустрэчнымi жаўнерамi, празь сьцежку ў запушчаным агародзе ўзьбiраўся па прыступках у кiрунку вузкага праходу ды, перамераўшы яго шпаркiмi крокамi, убягаў у палатку да Плiнты або да падхаронжых. Пасьля вiтаньняў i супольных абменаў дзённымi навiнамi пачыналi сыпацца розныя жарты цi анэкдоты - маёр Карпiнскi iх надзвычайна любiў, - i кампанiя чатырох падхаронжых ды двух афiцэраў сядала за стол, дзе, дзякуючы Апалевай празорлiвасьцi, зьяўлялiся чарка й закуска. Апошняга хапала. Войска было добра забясьпечанае мясам i iншымi прадуктамi. Што-ж да
Як правiла, Рэмi Сварычэўскi й Сымон Спарыш пiлi мала, адно для падтрымкi кампанii. Апошняя-ж чацьвёрка перакульвала чаркi, як быццам гэта была крынiчная вада з суседняга крану. Найбольш гаварыў Карпiнскi. Невычарпальнаю тэмаю былi ваенныя прыгоды. Сябе й сваё "я" трымаў заўсёды на заднiм пляне. Гутарка маёрава ў нiякiм выпадку не нагадвала самахвальства. Зусiм iншае было з Апаляй, якi пасьля маёра быў найбольш гутарлiвым i асноўную ўвагу аддаваў сабе, цi зь Нядзьвецкiм, што рэдка заставаўся ззаду. Плiнта, як i належылася, зь ветлiвасьцю гаспадара патакiваў, там-сям устаўляў пару слоў i рабiў уражаньне чалавека знуджанага, якi даўно ведае ўсё тое, што было цi мае быць за сталом сказанае. Рэмi й Сымон сядзелi моўчкi. Паклiкалi на дапамогу языкi, адно калi даводзiлася баранiцца, каб Апалева цi маёрава рука не пералiла ў iхныя чаркi.
Жаўнеры здалёк прыслухоўвалiся да гоману ў палатцы начальства й самi заглядалi ў пляшкi. Нядзьвецкi звычайна першы пераключаў тэму з ваенных прыгодаў на дзявочыя, а калi й гэтыя былi так-сяк вычарпаныя, пачыналiся песьнi. Такiя сэсii здаралiся разы тры-чатыры на тыдзень. Пазьней пастачальнiкамi алькаголю, акрамя Карпiнскага, сталi i ўсе падхаронжыя, бо як-нiяк ня выпадала-ж заўсёды пiць чужое. Апаля заўсёды зьбiраў грошы, рабiў закупы й стала трымаў у запасе колькi пляшак на "чорную гадзiну". Пасьля дзьвюх- цi трохгадзiннае выпiўкi маёр Карпiнскi ад'яжджаў Тадзiкавым аўто ў Матэру, часта ў таварыстве Апалi й Нядзьвецкага. Яны нярэдка вярталiся на базу далёка пасьля поўначы, бяз сумлеву зьведаўшы яшчэ iншыя месцы прыемнасьцi, што часамi былi й зусiм не па дарозе.
Аднойчы маёр Карпiнскi, пасьля трохгадзiннага п'янства, устаў з-за стала й голасам цьвёрдае каманды загадаў Плiнту, каб зьвяз за паўгадзiны стаяў у поўнай гатоўнасьцi на начныя практыкаваньнi. Маёр выразна хiстаўся, Плiнта й падафiцэры падзялiлiся мнагазначнымi позiркамi, але не пярэчылi. Апаля хутка перадаў загад экiпажам танкаў. Жаўнеры, сьцямiўшы, у чым рэч, чакалi, што станецца нешта нештодзённае. Пакуль сабралiся, зайшло сонца й пачало шарэць.
Маёр Карпiнскi, падсаджаны чатырма рукамi, ускарабкаўся наверх першага танка i, абхапiўшы рукамi руль гарматы, загадаў каля сябе сесьцi Плiнту й Апалю. На iншых вярхах танкаў селi рэшта падхаронжых i радавыя. Карпiнскi загадаў поўнай хуткасьцю ехаць у Матэру. Кожны танк запалiў зыркi верхнi пражэктар, што сьвяцiў найменш на дзвесьце мэтраў. Чатыры цяжкiя стальныя чарапахi, зьзяючыя доўгiмi конусамi сьвятла, пад гоман i песьнi ды п'яную балбатню маёра й спадарожнiкаў, хутка карабкалiся на стромы бугор, а пасьля, узьехаўшы на шашу, поўнай хуткасьцю накiравалiся ў гарнiзонны гарадок.
Жыхары Матэры, пачуўшы здалёк гул, цеснай сьцяной заграмадзiлi ходнiкi. Палавiна зацiкаўленых была вайскоўцамi. Панцырны зьвяз нiколi дагэтуль не заглядаў у Матэру ня толькi ў п'яным, але нат i ў цьвярозым вiдзе. Спасьцярогшы падпiтых афiцэраў i танкiстаў, гледачы смяялiся й махалi рукамi. Карпiнскi ахрыплай глоткай зацягваў уланскую песню, а Апаля, збоку размахваючы рукамi, намагаўся не заставацца ззаду. Танкi, аб'ехаўшы блёк будынкаў гарнiзоннага штабу ў цэнтры мястэчка, павярнулi налева на малы пляц перад афiцэрскiм казiно.
Адны павыходзiлi на вулiцу. Iншыя выглядалi зьверху праз вокны. П'янага маёра звалаклi з першага танку й памаглi зайсьцi ў клюб. Апаля, хiстаючыся на нагах, загадваў заварочвацца. Плiнта, пасадзiўшы Карпiнскага за сталом, вярнуўся, сваiмi сiламi ўзлез на танк i загадаў вяртацца ў Парко Гатынi.
Назаўтра ранiцою, калi Карпiнскi а восьмай гадзiне зьявiўся ў штаб гарнiзона, палкоўнiк Заорскi, што не забыўся маёравай парады, дзе здабыць нямецкiя лiмузiны, са зласьлiвай ухмылкай зьвярнуўся да ўладальнiка "Вiкторыi Крос":
– Пане маёр, чым можаце вытлумачыць учарашнюю прысутнасьць позьнiм вечарам танкаў у горадзе? Што гэта вы выраблялi?
– Праводзiлi начныя практыкаваньнi, пане палкоўнiк!
– адрэзаў Карпiнскi i, не чакаючы далейшага, завярнуўся й выйшаў. Заорскi са злосьцi ледзь ня ўкусiў нiжнюю губу. На гэтым справа закончылася. Калi-ж iншыя афiцэры пыталiся Карпiнскага, чаго прыяжджалi ўчора танкi ў горад, гэрой з усмешкай адказаў:
– Хацелi, дык i прыяжджалi.
VI
Даўно перастала быць тайнiцай, што ўсе польскiя адзьдзелы ў Заходняй Эўропе, а ў iх лiку й Другi корпус Андэрса зь Iталii, мелi быць у хуткiм часе дэмабiлiзаваныя й дзеля таго насамперш перавезеныя з кантынэнту ў Ангельшчыну. Другi корпус меў быць хутка дэмабiлiзаваны не таму, што ягонага выезду зь Iталii дамагаўся Сталiнаў прадстаўнiк у Аб'яднаных Нацыях Вышынскi i не таму, што цэнтральны прэсавы ворган iтальянскай камунiстычнай партыi "Ль-Унiта" з Рыму штодзённа пiсаў аб нападах палякаў на камунiстаў i рабiў буру ў шклянцы вады, а таму, што брытанцам два гады пасьля заканчэньня вайны надакучыла харчаваць i апранаць колькi сотняў тысяч бязьдзейных жаўнераў, якiх мяркавалi выкарыстаць на рынку працы. Ды хоць справа выезду й дэмабiлiзацыi ня была ўжо тайнiцай, жыцьцё ў гарнiзоне Матэры плыло нармальна.
Напрыканцы чэрвеня Сымон атрымаў загад прывезьцi з Галiполi танкавай амунiцыi. Узяўшы пяцiтонную транспартную машыну й зьвязнога падафiцэра-шафёра, зрабiў падарожжа за тры днi. Зараз пасьля прывозу амунiцыi маёр Карпiнскi загадаў наладзiць практыкаваньнi ў полi са страляньнем.
На палёх ужо стаялi першыя сьцiрты зжатага збожжа, а дасьпелая пшанiца аж прасiлася пад серп. Дзень для практыкаваньняў выпаў даволi ветраны, хоць, як амаль заўсёды, сонечны й гарачы. Чатыры танкi з Парко Гатынi выехалi вельмi рана. На базе зьвязу застаўся сам Спарыш. Паволi зьеў сьнеданьне й пасьля вылежваўся на гарачым сонцы, а калi занадта дапякло, уцёк у цень палаткi i ўзяўся за чытаньне нейкай няцiкавай, трапiўшай пад руку, кнiжкi.
Каля гадзiны першай папаўднi ў адкрытых дзьвярох палаткi вырасла замурзаная й запыленая фiгура Сварычэўскага.
– Гэ-э-эй! А што гэта з табою? Чаго ты так рана дома? Ужо выстралялi ўсю амунiцыю?
– схапiўся Сымон.
– Але дзе-ж там! Стралянiна спынена. Зрабiлi такi пажар, што спалiлi вялiзарныя абшары збожжа. Е-э-э-зус каханы, Езус!
– абхапiў Рэмi рукамi галаву й апусьцiўся на пасьцелю.
– Каб ты бачыў!
– Пажар? Якiм чынам?
– Ну бо гэты... Плiнта, як толькi прыехалi й паставiлi на пазыцыi танкi, даў загад заладаваць дымнымi й вызначыць мэту. Перад намi была невялiкая гара - бок ейны паверхнi мо як сьцяна добрага дома. Навокал-жа ўсюды збожжа. За гарой, як пасьля даведалiся, была ў лагчыне вёска. Занялi мы пазыцыi адлеглыя ад гары на нейкiх 1000 ярдаў. Плiнта загадаў нам страляць з наставы. Што за ёлап! Гэта-ж хапiла розуму. Я адразу спасьцярог, што ў гару ня траплю, бо, зiрнуўшы праз рулю, убачыў голае неба. Я крыху стрымаўся. Там трэба было дасканалых стральцоў, каб пацэлiлi ў тую гару, а не такiх зялёных, як ён паўсаджваў у танкi, каб навучылiся. Першыя ладункi казаў выстралiць нам, падхаронжым. Нядзьвецкi тады, доўга ня думаючы, луп!
– адзiн, другi, трэцi. Я ўбачыў, што ладункi ляцяць цераз гару. Давай сваю гармату ўнiз i пачаў. Трапiў у самую сярэдзiну скалы. Значыцца, мы страляем сабе. А там, як аказалася, за гарою ўжо гарыць ад першых трох, бо Нядзьвецкi трапiў акурат у сьцiрту. Але мы нiчога аб гэтым ня ведаем i страляем далей. Выбiлi ўсе супрацьпанцырныя й па некалькi гранатаў, як раптам бачу, колькi мага сiлаў iмчыць у нашым кiрунку на белым канi Кэнсiк i махае рукамi. Ён быў адным з тых, што стаяў збоку для назiраньня. I яздок ьз яго не абы-якi - я гэта заўважыў. Як даведаўся - ён сын селянiна. Ну i як кiнецца ён да Плiнты ды як крыкне: "Спадар лейтанант! Вы страляеце, а нiхто не бачыць, што пажар людзям збожжа палiць. Там, за гарой, агонь бушуе, пекла несамавiтае!"
Плiнта зьбялеў як палатно й чаго не звар'яцеў ад страху. Зачаў тупаць у панiцы, страцiўшыся зусiм. Хлопцы кiнулiся за гару, а там ужо цэлае мора агню. Пазьбiралiся iтальянцы. Крык, гоман, плач. На цэлае шчасьце, хата нiякая шчэ не занялася. Гарыць стог адзiн, другi, трэцi, а вецер агонь па полi стралою нясе. Плiнта паслаў некалькi хлапцоў, бо ня ведаў, што там мора агню. Казаў страляць далей з двухцалёвага мiнамёта. Страляйце, кажа, у гэтую чорную полаць раллi. Як так, то давай!
– хлопцы зноў пачалi. Не прайшло й пару хвiлiн, як адзiн ладунак трапiў на ржышча, якое тут-жа ўмiг занялося полымем. Нiчога дзiўнага, бо сьпякота страшэнная. Там абы лёгкая iскра, i ўсё пайшло-б з дымам, а што гаварыць, калi некалькi фосфарных ладункаў звалiлася.