Змагарныя дарогi
Шрифт:
Пры школе падхаронжых пяхоты прыдзелены быў маёр Карпiнскi. Паходзiў зь першага палка Крэхавецкiх Уланаў. Заданьнем яго было выкладаньне ў школе ведаў аб панцырнай зброi. Карпiнскi ўважаў, што адна практычная лекцыя з танкамi вартая была дзесяцi тэарэтычных. Пасьля доўгiх стараньняў удалося яму сьцягнуць у Матэру панцырны зьвяз з Галятоне каля Галiполi. Камандзерам зьвязу быў малодшы лейтанант Плiнта - афiцэр з адзiнаццацьцю гадамi вайсковае службы. Атрымаўшы вольную руку ў выбары людзей, Плiнта для абслугi чатырох "шэрманаў" узяў дваццаць пяць чалавек, у iх лiку чатырох падхаронжых. Былi iмi наступныя: заступнiк камандзера зьвяза падхаронжы Апаля, зьвязны падхаронжы Нядзвецкi, зьвязны падхаронжы Рэмi Сварычэўскi й капрал падхаронжы Сымон Спарыш. Апошнi быў наймалодшы ад усiх як векам, так рангам i вайсковай практыкай. Як Плiнта,
Малодшы лейтанант Плiнта быў чалавекам простым, сяброўскiм i лёгкадаступным. Можна было-б спрачацца, цi ў вайсковай вопратцы больш нагадваў ён цывiльнага, чымся ў цывiльнай - вайсковага. У яго ня было строгасьцi й бравурнасьцi, што характарызуе шматлiкiх афiцэраў, асаблiва тых, што займаюцца больш шкаленьнем войска, чымся ўдзелам у баях. Жыцьцё ў зьвязе, якi ў Матэры быў адзiнкай амаль аўтаномнай, залежнай ад маёра Карпiнскага, Плiнта наладзiў амаль па-сямейнаму. Сяброўскае (хаця ў меру) стаўленьне да жаўнераў узбудзiла да яго з боку апошнiх пашану й паслухмянасьць. Калi пасьля ў зьвязе расслабла дысцыплiна, дык адно таму, што сам Плiнта, як i два падхаронжыя - Апаля й Нядзвецкi, зрэшты, як i сам маёр Карпiнскi, былi добрымi п'янiцамi. Жаўнеры часта назiралi папойкi сваiх камандзераў. Апошнiя навет не хавалiся.
Плiнта быў сярэдняга росту худым бляндынам, зь сiнiмi вачыма, чырвоным носам, звычайна заўсёды цёмным ад загару. Гадоў меў больш сарака. Добра ведаў ангельскую мову й ведамi гэтымi дзялiўся з афiцэрамi ў Матэры на вячэрнiх лекцыях, што адбывалiся два разы ў тыдзень.
Нядзьвецкi й Апаля векам раўнялiся Плiнту. Абое мелi больш чым па паўтузiна медалёў. Былi першакласнымi п'янiцамi й распуснiкамi. Бальшыню часу пасьля заняткаў праводзiлi з алькаголем i жанчынамi.
III
Мiж вышэйменаваных вырознiваўся Рэмi Сварычэўскi. З паходжаньня быў сынам буйнога абшарнiка з-пад Люблiна. У войску быў ад пачатку Другой сусьветнай вайны. Ягоная вайсковая кар'ера ледзь ня скончылася пад П'едымонтэ, дзе "шэрман", каторым ён кiраваў, дастаў проста ў лоб снарад зь нямецкае "восемдзесят васьмёркi". Увесь экiпаж танка згарэў разам з машынай. Рэмi Сварычэўскi, цяжка ранены ў жывот й левы бок, выскачыў зь вежы i страцiў прытомнасьць. Ачуняў у амэрыканскiм палявым шпiталi. Восем месяцаў праляжаў у шпiталi ў Нэапалi. Працэс аздараўленьня быў надта цяжкi й марудны. Калi нарэшце Рэмi поўнасьцю вярнуў свае сiлы й знайшоў свой адзьдзел, даведаўся ад новага камандзера, што падхаронжы зьвязны Рэмi Сварычэўскi быў забiты пад П'едэмонтэ, а яго - быццам нейкае ўвасабленьне загiнуўшага гэроя, новы камандзер разглядаў зь цiкавасьцю. Пасьля, знайшоўшы ў адзьдзеле старых знаёмых i сяброў, Рэмi меў няменшыя цяжкасьцi, калi пробаваў давесьцi, што ён - гэта ён - Сварычэўскi, а ня хто iншы. Людзi дзiвiлiся й надзiвавацца не маглi, што сьвятой памяцi падхаронжы, па якiм даўно зрабiлi памiнкi й якога ў кнiгу гэрояў запiсалi, уваскрос i зноў па зямлi ходзiць.
Сварычэўскi быў высокiм, вельмi худым бляндынам. Меў падоўжаны твар i ясна-блакiтныя вочы. Нягледзячы на цяжкiя выпрабаваньнi лёсу - няволю, хваробы, раны (меў аж чатыры адзнакi за раны), быў заўсёды вясёлым, пагодным i жартаўлiвым. У пазьнейшых часах жыцьцё навучыўся бачыць праз прызму гумару. Казаў iншым, што так лягчэй было. I жарты ягоныя былi своеасаблiвымi.
– Чаму, - казаў Сымону, зь якiм найбольш зблiзiўся й пасябраваў, - газэта, што выходзiць удзень, завецца дзёньнiк, а тая, што зьяўляецца ўночы, не завецца ночнiк? Скажы мне, калега.
Або iншы жарт:
– Цi ты чуў аб чалавеку, якi прыйшоў у краму сядзеньне для туалета купляць ды настойваў, каб прымерыць ягоны размер?
Жарты Сварычэўскага былi ў бальшынi банальнымi, не належалi да тых, што можна было-б апавядаць у салонах, дзе захоўваюцца правiлы прыстойнасьцi. Важна тое, што выдумляў iх сам, не паўтараў звычайна чутае аднекуль цi ад некага (хоць i гэтага правiла не заўсёды трымаўся), але ўсё бачанае навокал стараўся прадстаўляць у жартаўлiвым сьвятле, у крывым, сьмешным люстэрку... Чалавек гэты мог некаму выдацца пустым, забаўным аж да дзяцiннасьцi, але гэта толькi таму, хто ня ўмеў глыбей заглянуць у людзкую душу. Фактычна Рэмi быў чалавекам паважным i ня скора адкрываў тайнiцы свайго характару. Адно Сымон добра пазнаў i ацанiў яго. Ад яго-ж i здабыў жартаўлiвы, навет цынiчны падыход да жыцьця. Паколькi жыцьцё было такiм цяжкiм, няпрыемным i амаль без надзеi на паправу, дык нашто тады дарэмна сабе галаву дурыць? Цi ня лепш падыходзiць да яго з гумарам i кпiнамi?
Сымон пачаў у некаторай меры датарноўваць прынцыпы Сварычэўскага да жыцьця. Пераканаўся неўзабаве, што так было лёгка й выгадна. У глыбiнi сэрца й душы, у лябiрынтах розуму заставалiся старыя летуценьнi, адчуваньнi, iмкненьнi, старыя асновы. Але надворны выгляд i павярховасьць натуры чалавека - гэта магло быць зусiм iншае. Хiба-ж ад размалёўкi шалупiны велiкоднага яйка зьмянялася спажыўнае нутро яго?
Рэмi Сварычэўскi любiў паэзiю, пераказваў шмат вершаў на памяць. Некалi ў бацькi была багатая бiблiятэка, й сын быў абазнаны з выдатнейшымi творамi сусьветнай лiтаратуры. На гэту тэму часта гаварыў з Сымонам. Творы й пiсьменьнiкаў таксама iлюстраваў па-свойму, часта дадаючы, творачы карыкатуры. У войску быў паважным жаўнерам i добрым падафiцэрам, але не належаў да службiстаў. Асабiсты гонар ставiў вышэй выслужваньня абы-каму дзеля павышэньня рангу. Хаця быў амаль беззаганным вайскавiком паводле здатнасьцi й паводзiн, дарогу да авансаў меў закрытую. Некалi здарыўся зь iм выпадак, што шмат сьведчыў ня толькi аб другой асобе, але перадусiм аб самым Сварычэўскiм.
Школу падхаронжых скончыў у 1942 годзе. Як падхаронжы часта заглядаў у афiцэрскае казiно. Было гэта яшчэ ў Афрыцы. Камандзер вайсковае базы, беспасярэднi начальнiк Сварычэўскага - палкоўнiк Друцкi - любiў пакпiць з маладых падхаронжых. Найлепшай для гэтага нагодай былi вечары ў афiцэрскiм казiно, дзе можна было выпiць, закусiць i пажартаваць. Сядзiць, бывала, палкоўнiк Друцкi зь iншымi афiцэрамi пры стале i заўважыць маладога падхаронжага. Бярэ са стала чарку цi шклянку й шпурляе ёю ў афiцэрскага навiчка. Калi той зловiць, на залi грымiць рогат i брава, насамперш i найвыразней чуваць грымотны бас Друцкага.
Маладыя падхаронжыя ведалi несамавiты жарт палкоўнiка i старалiся лавiць шпурляныя iм чаркi цi шклянкi. Але Рэмi ня лiчыў патрэбным выстаўляцца паслухмяным цюцькам. Аднойчы, калi ўвайшоў у казiно, а Друцкi, па прынятай прывычцы, шпурнуў у яго шкляной чаркай, Сварычэўскi навет не зварухнуўся, толькi з ледзь заўважнай усьмешкай зiрнуў пад ногi на разьбiтую чарку.
– Шчанё!
– раўнуў, зачырванеўшыся, палкоўнiк Друцкi.
– Словы, якiмi я спадара палкоўнiка мог-бы назваць, у добрым асяродзьдзi ня могуць быць ужытыя, - адрэзаў Рэмi наўмысьля голасна, каб пачулi ўсе афiцэры, i, як быццам нiчога не сталася, сеў каля столiка й замовiў сабе выпiўку.
Гэты выпадак дорага каштаваў Сварычэўскаму, бо палкоўнiк у ягоным службовым сшытку напiсаў, мiж iншага, наступнае: "прадстаўляецца да авансу на афiцэра з моманту дэмабiлiзацыi". Не памаглi падхаронжаму i баявыя заслугi пад Монтэ Касыно, П'едэмонтэ i ў iншых месцах. Падафiцэрам так i застаўся.
Калi аднойчы Сымон выказаўся Сварычэўскаму, што ён не паляк, а беларус, то рэакцыя была самая непрадугледжаная.
– Кажаш, што ты беларус? Браце каханы, дык чаго-ж ты журышся, што ты беларус? Хiба-ж беларусы горшыя людзi за iншых?
– Я не журуся й вельмi далёкi ад думкi, што беларусы горшыя за iншых. Наадварот, я ганаруся...
– Зусiм слушна, калега, - стукнуў Сымона па плячы Рэмi, - кожны мусiць шанаваць свой нацыянальны й асабiсты гонар. Хiба-ж мы, палякi, лепшыя за iншых?
Сымон аднёсься да такiх словаў зь недаверам. Вось за час амаль двухгадовага побыту ў польскай армii першы раз пачуў нешта арыгiнальнае, зусiм пазбаўленае той пыхi, самалюбнай фальшы, наўмыснага выстаўляньня й падвышэньня сябе ды тых, як шкоты казалi, каралеўскiх манераў i кацiнае маралi. Амаль ня верыў сваiм вушам i дзеля таго наўмысьля прадоўжыў гутарку аб нацыянальнасьцях наогул ды аб беларускай у асаблiвасьцi. Быў вельмi задаволены, калi пазнаў, што Рэмi наскрозь розьнiўся ад iншых палякаў, ня меў тых агульных, вельмi характэрных для палякаў упярэджаньняў, нярэдка зьмешаных з хваравiтым шавiнiзмам i недаацэнкай усяго чужога. Наадварот, часта ў гутарках Рэмi крытыкаваў ня толькi вайсковую верхавiну. але наогул недахопы народнага характару. Спарыш, пераканаўшыся ў шчырасьцi Сварычэўскага й выдатных асаблiвасьцях ягонае натуры, палюбiў яго, i два падхаронжыя сталiся блiзкiмi сябрамi.