Чтение онлайн

на главную

Жанры

Змагарныя дарогi
Шрифт:

На змярканьнi транспарт прыехаў у малое мястэчка блiзу Монтбэльярда. Вялiзарная пустая хвабрычная заля памясьцiла звыш тысячы чалавек. У лiку iх было каля чвэрцi немцаў. Вечарам былi выдадзены першыя харчы: дванаццаць бiсквiтаў (сухароў) на кожнага, вялiзная пушка - каля трох кiлаграмаў валовай кансэрвы на восем чалавек i па пушцы кансэрваванага супу на кожнага. Многiя цьвердзiлi, што паёк гэты быў лепшы, чымся ў армii пры немцах. Мелi слушнасьць. Такi-ж самы паёк атрымалi й на наступны вечар, дык i на голад не давялося жалiцца. Адчувалася адно нястача вады, якой выдавалася абмежаваная колькасьць. Пасьля валовай кансэрвы нядрэнна п'ецца, й дзеля таго кожны хацеў прапаласкаць рот. На другi дзень немцаў пачалi накiроўваць у далейшы вабоз, а новыя транспарты цэлы час

прывозiлi палонных з фронту. Да Спарыша, Караткевiча й Пiсаронка далучылiся тут Жылякоўскi, Дудкевiч, Сакоўскi, Лобiк, Замочак i iншыя. Пасьля абмену весткамi выявiлася, што на фронце зь лiку былых кадэтаў зь Менскай афiцэрскай школы загiнула двое сяброў. Качаноўскi, празываны спартсмэнам, загiнуў у лесе на правым крыле ад Асбаху. Лях, што паходзiў дзесьцi з Наваградчыны ды разам з Дудкевiчам трымаў пазыцыю пры кулямёце на поўдзень ад Альткiрху, быў забiты незаўважаным навет сваймi сябрамi побач. Вiдаць, снайпер узяў яго на мушку. Як сядзеў пры кулямёце, якога не манiўся выкарыстоўваць, так i ўзьлёг на яго. Сябры думалi, што задрамаў. Пасьпелi яшчэ пахаваць. Нiхто ня мог з пэўнасьцю сказаць, цi хто з былых кадэтаў адступiў зь немцамi на ўсход.

III

Дзьве пары прабылi палонныя ў пустой хвабрыцы й на трэцi дзень пехатой былi накiраваны ў Монтбэльярд, дзе затрымалiся на вялiкiм школьным панадворку. Тут-жа былi ўжо ўсе палонныя афiцэры. Адлучыўшы немцаў у асобную групу, француз у цывiльным адзеньнi загадаў сваiм людзям пры дапамозе палонных афiцэраў перапiсаць асобна палякаў, а асобна расейцаў. Беларусаў i ўкраiнцаў як быццам i ня было. Выглядала, што французы мелi наўвеце дзяржаўную прыналежнасьць, а не нацыянальнасьць. Гэткi загад паставiў у тупiк шматлiкiх гарачых патрыётаў беларусаў i ўкраiнцаў, для якiх адмова ад собскае нацыянальнасьцi азначала шмат больш, чымся двукосьсе на ўрадавай паперы. Дарэмным было-б старацца даводзiць некаму з французаў, што акрамя палякаў i расейцаў ёсьць народы, якiя страцiлi незалежнасьць, але нiколi ня выраклiся сваёй гiстарычнай спадчыны й змагаюцца за аднаўленьне дзяржаўнасьцi. Па-першае, палоннага нiхто ня слухаў, i той, хто наважыўся-б выясьнiць справу нацыянальнасьцi, сьцягнуў-бы, пэўна, на сваю галаву больш клопату, чым дабiўся-б карысьцi, па-другое, хто-ж мог бы спадзявацца, каб нейкi францускi вайсковы цi цывiльны чыноўнiк мог разьбiрацца ў такiх справах ды шчэ ў такiх умовах, дзе ён быў поўным гаспадаром жыцьця й сьмерцi гэтых палонных...

Разумеючы ўсё гэта, навет самыя гарачыя беларускiя патрыёты пакiнулi думкi аб тым, каб пiсацца беларусамi. Ведалi, што гэта магло-б раўняцца самагубству. Маглi-б iх палiчыць за расейцаў. Пасьля-ж, хто ведае, маглi-б выслаць да Сталiна. Усё-ж такi цяжка чалавеку рабiць гвалт над собскiм сумленьнем, тым больш калi яно да гэтага часу было чыстым перад сабою, Богам i Бацькаўшчынай. Адно ратаваньне жыцьця змусiла шмат каго на такi крок.

Пасьля даўгаватага працэсу перапiскi выявiлася, што група расейцаў была вельмi скупая - усяго пару дзесяткаў чалавек. У iх лiку апынулася трое кадэтаў зь Менску, што да вайны гадавалiся пад маскоўскай акупацыяй. Польшча-ж значна пабагацела на новых "палякаў", на перапiску якiх пайшло шмат аркушаў паперы. "Палякамi" сталiся Сымон Спарыш, Вiктар Караткевiч i iншыя iх сябры з былое Школы Камандзераў БКА.

Калi жарты й кпiны ў амаль бязвыхадным становiшчы сапраўды вызначаюць жыцьцяздольнасьць i трываласьць некаторых людзей, дык можна сказаць, што якраз да такiх належала бальшыня былых менскiх кадэтаў.

– Вiдаць, братцы, выгадней будзе ад цяперашняга часу апрануць чужую скуру, - камэнтаваў адзiн перапiс i шлях у "палякi".

– Як то чужую? А што-ж ты мо не паляк? Цi-ж ня сам гэта меў гонар радзiцца ў вялiкай i моцарствовай?
– падпусьцiў другi зь няскрыванай iронiяй.

– Цi-i-i-i-i-ха вы!
– перапалохаўся трэцi.
– Не забывайцеся, што могуць непаклiканыя вушы гэту гутарку пачуць. Вам тады не на жартачкi выйдзе.

– Дык, мусiць, братцы, калi мы - "палякi", варта й на польскую гутарку памаленьку пераключацца.

– Пся крэў!
– пераключыўся ўжо адзiн.

Перастанеце вы нарэшце цi не? Пара ўжо вырасьцi й быць больш асьцярожнымi. А то быццам дзецi малыя, сьмешачкi ўсё...

Ноч пераначавалi ў школьным падвале на голай падлозе. Назаўтра ранiцою, заладаваўшы палонных на аўтамашыны, транспарт накiраваўся ў Бэзансон. Ехалi той самай дарогай побач ракi Дуб, якой калiсьцi адступалi з Францыi. Пазнавалi вёскi й мястэчкi. Кадэты БКА пазналi навет тое месца, дзе бальшыня iхных сяброў перайшла да макiсаў. Шмат мясьцiнаў было цалкам разбурана й спалена. Макiсы, як вiдаць, дрэнна старалiся ўсьцерагчы маёмасьць свае краiны перад знiшчальнымi адзьдзеламi немцаў.

У Бэзансоне аўтамашыны накiравалiся на ўсход ад гораду дарогай, што вяла на высокую гару, на версе якой палонныя пабачылi высокiя муры старой цвярдынi - Форт Брэвiль. Вужакай узабраўшыся наверх, дарога перарэзала першую старасьвецкую каменную сьцяну. Зараз за гэтай першай, даволi высокай сьцяной паабапал дарогi налева й направа вiдаць былi руiны. Другая сьцяна была яшчэ вышэйшая й мацнейшая. За ёй цягнулася глыбокая шыракаватая канава, абодва бакi якой спалучаў трывалы каменны мост. Аўтамашыны спынiлiся перад галоўнай брамай цьвярдынi, ля якой стаяў вартавы. Гэта ўжо трэцi з чаргi мур вышынi мо на мэтраў пятнаццаць быў асноўным i найлепш утрыманым. Скрыпнулi дзьве вялiкiя палавiны старое брамы, i машыны зь людзьмi пакацiлiся адна за другой на шырокi двор.

Амаль у цэнтры яго, на невялiкiм бугры, стаяў немалы каменны двухпавярховы будынак прастакутнае формы. Крыху воддаль за iм ззаду стаяла малая каплiца. Памiж двума будынкамi, як давялося пасьля заўважыць прыезджым, знаходзiлася брацкая магiла закатаваных немцамi францускiх патрыётаў. На магiле стаяла вялiкая плiта з крыжам ды дзесяткамi iмёнаў i прозвiшчаў. Можна было меркаваць, што Бэзансонская цьвярдыня - Форт Брэвiль была ператворана немцамi ў катоўню. Муры ейныя былi апырсканы кроўю францускiх патрыётаў.

Вялiкi двор, у цэнтры якога былi прыгаданыя намi кагадзе аб'екты, быў абкружаны двух- i трохпавярховымi будынкамi з тоўстымi каменнымi сьценамi, у прызначэньнi якiх цяжкавата было разабрацца. Сярод палонных было шмат немцаў, адасобленых ад усiх iншых. Па схудзелых i змучаных тварах можна было здагадацца, што кармiлi iх дрэнна ды што знаходзяцца яны тут ад даўжэйшага часу, збiраныя з усiх адрэзкаў фронту.

Новую групу зноў падзялiлi паводле нацыянальнасьцяў. Групай "палякаў" заапекаваўся сярэдняга росту й веку, шыракатвары, добра адпасены мужчына, апрануты напалову па-цывiльнаму, напалову па-вайсковаму. Меў цёмна-зялёны мундзiр, шэрую вайсковую фуражэрку з жаўтаватым арлом наперадзе й чорныя цывiльныя штаны.

– Uwaga! Bacznosc!
– вырвалася з ягонае хрыплаватае глоткi.
– Ustawic sie w trojszeregu!*

* Увага! Зважай! У тры рады шыхтуй! (польск.)

"Палякi" схамянулiся, пачуўшы новую для iх цi ўжо надта-ж даўно забытую мову й каманду, ды памалу, як авечкi, топчучыся, i не бязь лiшнiх таўхалёў, пачалi станавiцца ў калёну па трое.

– Naprawo r-o-o-wnaj!
– ня сунiмаўся новы камандзер. Беларускiя афiцэры на правым крыле, а за iмi цэлая вялiзарная калёна так-сяк выраўнялася. Камандзер з двума французамi пералiчыў усiх, пачынаючы з правага крыла, выдзелiў у асобную групу афiцэраў, параўнаў колькасьць усiх з колькасьцю прозьвiшчаў на перапiсаных лiстах i, адлiчаючы зноў па колькi дзесяткаў, накiроўваў кожную групу ў адны цi ў другiя дзьверы падвалу каменнага будынку.

IV

Зьмяркалася. Падвал, у якi трапiлi Вiктар i Сымон зь сябрамi, быў зусiм цёмны. Палонныя вобмацкам шукалi, дзе прытулiцца нанач. Новапрыбылыя хутка выявiлi, што падвал ня быў пусты: колькi папярэджаньняў i лаянак у польскай мове сьведчылi, што тут ужо прысутнiчала пэўная група "родакаў". Пасьля колькiх пытаньняў новапрыбылыя даведалiся, што тыя таксама служылi пры нямецкiм войску, хоць i былi палякамi, як яны тлумачылi, сiлаю забранымi з "кангрэсоўкi" або зь Сiлезii. Беларусы ўгадвалi, што быў гэта ня хто iншы, як польскiя "фольксдойчы", якiя цяпер пры зьмене палiтычнага ветру зьмянялi й нацыянальны колер.

Поделиться:
Популярные книги

Назад в ссср 6

Дамиров Рафаэль
6. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.00
рейтинг книги
Назад в ссср 6

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Ученик. Книга третья

Первухин Андрей Евгеньевич
3. Ученик
Фантастика:
фэнтези
7.64
рейтинг книги
Ученик. Книга третья

Смертник из рода Валевских. Книга 1

Маханенко Василий Михайлович
1. Смертник из рода Валевских
Фантастика:
фэнтези
рпг
аниме
5.40
рейтинг книги
Смертник из рода Валевских. Книга 1

Стеллар. Трибут

Прокофьев Роман Юрьевич
2. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
8.75
рейтинг книги
Стеллар. Трибут

Идеальный мир для Лекаря 9

Сапфир Олег
9. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическое фэнтези
6.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 9

Полковник Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
6.58
рейтинг книги
Полковник Империи

Ретроградный меркурий

Рам Янка
4. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ретроградный меркурий

Леди Малиновой пустоши

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.20
рейтинг книги
Леди Малиновой пустоши

Идущий в тени 8

Амврелий Марк
8. Идущий в тени
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Идущий в тени 8

Мимик нового Мира 5

Северный Лис
4. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 5

Огни Эйнара. Долгожданная

Макушева Магда
1. Эйнар
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Огни Эйнара. Долгожданная

Бывшая жена драконьего военачальника

Найт Алекс
2. Мир Разлома
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бывшая жена драконьего военачальника