Змагарныя дарогi
Шрифт:
Сьпераду, з прыдарожных кустоў, вырасла некалькi фiгураў i, гарлапанячы на розныя лады незразумелай мовай, падняўшы ўверх аўтаматы, наблiжалiся да калёны палонных. Адзiн, старэйшы рангам, паказаў рукой, каб спынiлiся.
– Афiцэры, наперад!
– загадаў па-нямецку.
Успомненыя выйшлi на чало калёны.
– Цi зброi ў каго няма?
– Няма.
– Марш наперад! I не гаварыць! Рукi трымаць уверсе!
Калёну з двух бакоў абступiла больш дзесятка французаў. Некаторыя зь iх хiсталiся на нагах, вiдаць, былi падпiўшы. Два былi апранутымi ў чорныя цывiльныя штаны, у аднаго ў похве пры баку вiсеў доўгi нож. Усё гэта было малое, хударлявае, мiзэрнае. Мiж iмi -
Сымону зь першага пагляду не спадабалiся гэтыя "вызвольнiкi". "Што-ж, разважаў ён, iдучы, - каб хаця йшоў чалавек у палон ды да нейкага сапраўды людзкога войска. Парабак i той добрым панам ганарыцца. А тут во нейкая нявыразная плеўка, казаў той. Аж сорамна да такiх у палон iсьцi. Цi-ж гэта войскам яно называцца мае права? Вунь гэны паўцывiльны й паўвайсковы, а гэты во з нажом ходзiць... Цьфу ты, нячыстае! Бандыты нейкiя, дый годзе. Вось каб было за што ваяваць, дык адпсяюрылi-б што называецца, паказалi-б мы iм, дзе добрае войска. Вы гэта ня думайце, што нас зброяй перамаглi..."
Найбольш балючым i панiжаючым у Сымонавым разуменьнi было тое, што вось гэтыя, хто ведае адкуль пазбiраныя ў адну кучу бандыты думалi, што зброяй перамаглi й прымусiлi здацца ў палон такiх рослых, дужых, але - на iх думку баязьлiвых i малавартасных жаўнераў...
FORT BREVILLE
I
Ад швайцарскае мяжы аж да паўдзённых Вагезаў 26 лiстапада 1944 году прарваная была лiнiя нямецкае абароны. Павуцiньне пяхоты, мясцамi толькi падтрыманае артылерыяй, ня выказала значнага супрацiву. Адно штаб Зiглiнга й рэшткi некаторых адзьдзелаў мелi час i магчымасьць адступiць. Масы беларусаў жаўнераў трыццатае дывiзii - хлынулi ў адчыненыя французамi й амэрыканцамi дзьверы, узыйшлi на парог новага сьвету. З вакопаў i бункераў, з умацаваных будынкаў, з узгоркаў i далiнаў, адусюль, дзе знайшоў iх хаўрусьнiцкi агонь, па адным, меншымi й большымi групамi валаклiся гэтыя новыя нявольнiкi пад зброю францускiх i амэрыканскiх канвойных. Вочы iх гарэлi-сьвяцiлiся ад непраспаных начэй, запалыя шчокi, бледныя твары сьведчылi аб недаяданьнi й вялiкiх фiзычных цярпеньнях. Кожны цягнуў на сваёй вопратцы па пару кiлаграмаў глiны цi чорнай гразi. Шмат каго канвойныя пазбавiлi чаравiкаў, абулi ў танныя дзеравянкi, а то й пакiнулi ў шкарпэтках цi анучах.
Група Рэшатава й Калмыкова кiравалася галоўнай вулiцай Асбаху ў бок Альткiрху. Пры ўваходзе ў вёску, налева побач дарогi, францускiя танкiсты старалiся выцягнуць зь вязкай гразi цяжкi амэрыканскi танк "шэрман". Па абодвух баках яго вежы бялелi лёрэнскiя крыжы - прынятыя дэ Голем знакi Вольнай Францыi. Вёска была перапоўненая цывiльнымi й войскам. Па вулiцы ва ўсходнiм кiрунку паволi паўзьлi танкi й машыны. Жаўнеры, седзячы на iх зьверху, насалоджвалiся хвалямi радасных галасоў i прывiтаньняў жыхароў, якiя падносiлi iм хлеб i вiно. Маладыя дзяўчаты, якiх жаўнеры трыццатай дывiзii рэдка й бачылi, кiдалiся ў абдымкi да афрыканцаў, голасна сьмяялiся й дарылi iх сакавiтымi пацалункамi.
Група Рэшатава са сьлiмачай хуткасьцю пасоўвалася па самым краi вулiцы. Яе праводзiлi крыкi, гiгiканьне, лаяньне й зьдзеклiвыя насьмешкi чорных афрыканцаў. Адна цi другая жанчына з натоўпу разьюшана падскоквала да калёны з кулакамi. Мужчыны кiдалiся зь яўным намерам, каб ударыць каторага палоннага. Канвойным цяжка было трымаць воддаль цывiльных. што раптам набралiся адвагi. Жыхары Асбаху хацелi, вiдаць, адпомсьцiць галодным жаўнерам "трыццаткi" за тое, што адважылiся на працягу апошняга тыдня заспакойваць свой голад куском iхняга хлеба цi агароднiны.
Сымон заўважыў у натоўпе жанчыну гадоў сарака з дзiцём на руках. Яна, прыглядаючыся да палонных, горка плакала. Хто-ж мог увайсьцi ў тайнiцы ейнага гора ў гэты дзень i час? Магчыма, што дзесь на далёкiм фронце, мо на другiм баку Эўропы, мела сына цi мужа ды ўяўляла, што й ён дзесь галодны, празяблы, а мо й хворы пляцецца ў лiку палонных пад чужым канвоем. А мо ўжо была ўдавой...
Адно двух- цi трохгадовае дзiця, нiчога не разумеючы, чаму навокал такая вялiкая суматоха, шырока расплюшчанымi нявiннымi вочкамi, толькi дзецям уласьцiвым поглядам, пазiрала навокал.
На заходнiм баку Асбаху, зьлева, дымiлi яшчэ галавешкi хаты, а ў суседняй вываленая была цэлая сьцяна. Магчыма, што якраз адгэтуль заiкаўся халоджаны вадою стары бальшавiцкi "максiм" пад час раньняга наступу францускiх адзьдзелаў. Далей дарога зьбягала ў лагчыну. Па абодва бакi яе валялiся снарадныя лускi, нямецкiя шлемы, шапкi, патранташы. Крыху воддаль, налева й направа ў вадзе ляжала колькi пашматаных на кавалкi францускiх жаўнераў. Як давялося даведацца пазьней Сымону, французы ранiцою, зусiм бяз элемэнтарнай асьцярожнасьцi, вiдаць, п'янаватыя, iшлi тут групамi ў наступ. Адзiн з пярэдняе абароны батальёну Мураўёва пачаставаў iх парай панцырфаўстаў, ды, пэўна-ж, i той, ужо раней прыгаданы "максiм" таксама наступоўцаў не пагладзiў.
Плетучыся паволi побач бясконцай калёны машын i танкаў, пад дзiкiя крыкi й насьмешкi мараканцаў, палонныя мiнулi на рэчцы новапабудаваны мосьцiк i накiравалiся ў вялiкi двор фабрыкi пры ўваходзе ў Альткiрх. У варотах двара групе загадалi спынiцца й пачалi вобыскi. Акрамя канвойных, падыходзiлi да палонных i iншыя, што спынiлiся з машынамi. Яны шукалi па кiшэнях, выцягвалi запальнiчкi, ножыкi, забiралi з рук гадзiньнiкi, а некаторыя навет выкiдалi ў гразь усякую непатрэбную iм дробязь. Праз увесь гэты час палонныя былi прымушаныя трымаць рукi ўверх.
Непадалёк на адкрытым джыпе сядзеў афiцэр i штосьцi балбатаў у радыёперасыльны апарат. Магчыма, гэта быў карэспандэнт, а мо й афiцэр сувязi.
– Вы откудова? Вы русские?
– адлажыўшы набок трубку, раптам спытаў ён па-расейску.
– Не, беларусы.
– Да всякие есть, - паправiў iншы.
– А чего же вы за Гитлера воевать пошли?
– Да мы не пошли. Он нас сам забрал.
– Да уж ожидайте, пока вам поверим, - скрывiўся афiцэр.
Адзьдзел, да якога трапiў Рэшатаў са сваёй групай, як выясьнiлася, складаўся пераважна з мараканцаў. Было сярод iх шмат чорных, а таксама расейцаў, палякаў, а магчыма, што й беларусаў. Зрэшты, дзе пад час Другое Сусьветнае вайны ня было славянаў? Ваявалi яны пад усiмi сьцягамi й па ўсiх тэатрах вайны.
На вялiкай фабрычнай плошчы група спынiлася. Пачаўся ўжо другi i яшчэ больш грунтоўны кантроль з боку канвойных. Бедны быў той, хто меў добрыя боты: хутка давялося зь iмi разьвiтацца. Сымон быў задаволены, што меў адно падношаныя чаравiкi. Разутыя найчасьцей не атрымоўвалi нiчога ўзамен. Французы, вiдаць, запасалiся абуткам, каб пры нагодзе было за што выпiць.
Воддаль ад новапрыбылых стаяў натоўп - сотнi мо тры - раней ужо прыгнаных з трыццатай дывiзii. Сымон спасьцярог там Налепу й шмат iншых са свае роты. Афiцэры стаялi ў асобнай групе побач. Лейтанант Башмакоў нiяк не мог дапытацца, дзе згубiўся лейтанант Сьцервiн. Камандзер роты Багданаў цьвердзiў, што пазаўчора каля гадзiны адзiнаццатай Сьцервiн сабраўся ў абход пазыцыяў i ад гэтага часу яго не бачыў. Думалi, што пазьней выясьнiцца, што мо на гэты бок забадзяўся, ажно й тут няма. Чалавек як у ваду кануў. Нiхто зь iх так i не даведаўся, што сталася са Сьцервiным, а тыя, што ведалi, тым часам маўчалi.