Змагарныя дарогi
Шрифт:
Доўга чакаў. Ня было магчымасьцяў, дый абставiны ня тыя. Бывалi моманты, што й ня верыў, што некалi наагул давядзецца свой намер ужыцьцёвiць. Ажно як камандантам палiцыi стаўся, iдэя ў галаве нарадзiлася. Праўда, жанчына тая даўно замужам была, хлопчыка чатырохгадовага мела. Як-жа тут? Ды шчэ й муж на адказным становiшчы ў адмiнiстрацыi служыць. Яно-ж сабе хоць i ў беларускай, хоць i не на такой ужо высокай пасадзе, але-ж чалавек быў iншымi шанаваны, давер меў, ведамы беларускi патрыёт.
Самае горшае, што жанчына як наўмысьля ўвесь час пад носам была, Сьцервiна дражнiла. Дый яшчэ больш расьцьвiла, папрыгажэла. На яго-ж цяпер i зусiм ужо ўвагi нiякай не зьвяртала, хоць i цi не найбольшым начальнiкам
Хто ведае, што магло-б яшчэ быць, калi-б не камандант нямецкае жандармэрыi. Той дык як зь неба быў пасланы. Можа-б, ён i ня прыдаўся так для собскiх мэтаў Сьцервiна, калi-б ня факт, што немец быў бязьдзетны й што ягоная жывоцiстая немка няздольная была малых у сямейку прыводзiць. Муж быў вельмi тым незадаволены, але й ня было рады.
Адно пасьля таго, калi нямецкi камандант раз на вулiцы ўбачыў прыгожага сiнявокага сьветлавалосага сынка той жанчыны, на якую ад маладосьцi вастрыў зубы Сьцервiн, калi спытаўся, чый гэта быў хлопчык, адно тады прыйшла ў галаву лейтананта сьветлая думка.
– Якое-ж бы гэта было шчасьце, каб я такога меў, - гаварыў немец, гледзячы на малога хлапчука, што праходзiў з маткай па вулiцы.
Сьцервiн часьценька выпiваў зь немцам, гаварыў яму "ты", адным словам, быў блiзкiм чалавекам. Немец быў у пажылых гадах, на вайну папаўся не з сваёй волi й, пэўна-ж, каб ня гэтая завiруха, дык i ў палiцыi даўно ня служыў-бы, а спакойна сядзеў-бы на пэнсii, пакурваў люльку ды смактаў-бы з куфля хмельнае пiва ды мо таксама, як i цяпер, наракаў, што жонка сям'i не памножыла.
– А гэтага вы не хацелi-б часам за сына мець?
– паспрабаваў адважна, кiўнуўшы ў бок малога, Сьцервiн.
Немец адразу ня ведаў, што сказаць, i памаўчаў, доўга пазiраючы то на свайго субяседнiка, то на дзiця з маткаю, што ўжо павярталi за рог дому.
– Гм... чаму-ж бы не. Прыгожае дзiця. Зусiм рыхтык як немец.
Iзноў памаўчалi. Сядзелi абодва на верандзе дома, дзе мясьцiлася палiцыя.
– Можа-б, як давялося зрабiць...
– быццам так, ад нехаця кiнуў Сьцервiн.
– Матка-ж ягоная. Што зь ёй? Што з бацькам?
– быццам пытаючы самога сябе, спахапiўся немец.
– Што-ж матка... можна-б як-небудзь набок.
– Я ня ведаю. Муж ейны чалавек ведамы...
– Пакiньце справу мне, а я ўжо так неяк нешта прыдумаю, - запэўнiў Сьцервiн.
Немец доўга i ўважна прыглядаўся да падпiтага таварыша. Нарэшце твар ягоны паясьнеў, i выраз поўнага зразуменьня; а мо ўжо i ўяўленьня шчаслiвай будучай сямейкi адбiўся на аблiччы. На твары ў Сьцервiна мiльганула агiдная ўсьмешка, прагавiта-злосныя шэрыя вочы блiснулi полымем нянавiсьцi ў тым кiрунку, куды пайшла жанчына, а тонкiя вусны моцна сьцiснулi нямецкую цыгарэту.
Муж нiчога не падазраваў, калi выклiканы быў хутка пасьля гэтае размовы ў палiцыйны кабiнет Сьцервiна. Давялося каманданту вочы хаваць, у твар не глядзець, але ня мог-жа, раз пачаўшы, нiчым скончыць. Чалавека збаёдаць было лёгка, а ў Сьцервiна практыкi было хоць адбаўляй. Ня вельмi-ж Сьцервiн пасьля браў на ўвагу й розныя выказваньнi ды пагрозы сяброў зьлiквiдаванага, уключна аж зь нядвузначнымi пагрозамi зь iхнага боку.
Са шмат большай далiкатнасьцю давялося дзейнiчаць у дачыненьнi да жонкi застрэленага. Колькi-ж разоў прыходзiла бедная маладая жанчына да каманданта, як горка плакала, як прасiла. Спрабаваў пасылаць яе Сьцервiн да каманданта нямецкай жандармерыi, на яго вiну звальваючы, але той цi ня так разумеў цэлую гульню, цi не хацеў рукi пэцкаць - адсылаў жанчыну назад да Сьцервiна.
Хадзiў камандант па кабiнеце й насалоджваўся вiдам прыбiтай горам жонкi й маткi, якая, быццам тая безабаронная,
Давялося нарэшце намёкамi апэраваць. Мо Сьцервiн ня быў надта вынаходлiвы з тымi намёкамi, мо крыху грубавата праводзiў цэлую справу. Як-жа жахнулася, зьбялела, ледзь не самлела, пакрыўджаная, калi аднойчы ягоныя, Сьцервiна, намёкi поўнасьцю яе ўпрытомнiлi i калi яна ўявiла, што камандант ад яе хацеў. Лепш-бы той сцэны й не прыпамiнаць, - гаварыў сабе пасьля Сьцервiн. Але-ж трэба было неяк. I як-жа iнакш?
Пару дзён яна не паказвалася зусiм. Ужо камандант Сьцервiн i надзею пачаў трацiць i сумлявацца ў мэтазгоднасьцi цэлага прадпрыемства. Але адно на момант. Мяркаваў, што цi ня прыйдзецца й зь ёй радыкальным спосабам, так, як з мужам, скончыць. Ня мог-жа затрымацца на паўдарозе. Немец чакаў на дзiця. Аж на грудзях палягчэла, калi на трэцi дзень, апусьцiўшы вочы, сама, бяз хлопчыка, яна прыйшла. Тады ўявiў сабе камандант, як моцна гэта прыгожая iстота мусiла кахаць свайго мужа, што для ратунку яго, пасьля доўгiх i цяжкiх змаганьняў, непраспаных начэй (гэта й на пахудзелым i збляднелым твары вiдаць было), згадзiлася гонарам сваiм ахвяраваць. Дзесьцi ў натуры ў Сьцервiна зьявiлася нешта ў выглядзе спачуваньня. Адылi адно на момант, бо зараз-жа ў памяцi адрадзiўся той бесцырымонны спосаб, якiм яна некалi, яшчэ дзеўкай будучы, пазбылася яго ды пасьля ён быццам i не iснаваў для яе. Стары чарвячок злосьцi й нянавiсьцi, прагнасьцi помсты зноў заварушыўся пад грудзьмi.
Не мог i цяпер Сьцервiн не заўважыць няскрыванай пагарды, што сьвяцiлася ў прамянiста-блакiтных вачох. Найбольш i калолi яго тыя вочы. Яны разам вабiлi й зьдзекавалiся зь яго, прыцягвалi й мучылi, чаравалi й сьмяялiся зь ягонай нiкчэмнасьцi.
Не пайшло яно ўсё так, як плянаваў Сьцервiн. Асноўнае - памылiўся камандант, калi лiчыў, што гэта годная жанчына з крыштальна чыстым сэрцам, непераможна-ўзлётнаю душою, незапэцканым сумленьнем, высокай маральнасьцю наважыла ахвяравацца сваiм гонарам, аддацца Сьцервiну фiзычна, навет i для ратунку мужа. I цэлае шчасьце, што ў пару спасьцярогся, а то магла-б зарэзаць. Гэтак трымаючы ўжо яе ў абдымках ды розумам i чуцьцём падрыхтаваўшыся да кульмiнацыйнай насалоды, спасьцярог Сьцервiна хуткi рух, i ў парў заўважыў сталь нажа ў ейнай правай руцэ. Вырваўшы з рукi нож, моцна разгарачаны, амаль ня помнiў камандант, як сьцiснулiся кляшчамi ягоныя пальцы вакол мяккай, быццам лебядзiнай, шыi... Апамятаўся адно, як нехта пастукаў у дзьверы.
Пробаваў супакойваць сябе пасьля Сьцервiн, даводзячы, што помста прыйшла, што мэту асягнуў, што аддаў дзiця немцу, што ўзмоцнiў сваю пазыцыю й лiшнi барыш здабыў. Ды нешта й ня тое было. Птушачка зарана выскачыла з рук. Добра адчуваў, што ў параўнаньнi з задушанай жанчынай, якую не ўдалося згвалцiць, ён быў адно малым, нiкчэмным, брудным, запэцканым у чужую кроў чарвяком.
Часамi й пабойваўся помсты за той вялiкi злачын. Хоць здавалася, што анi муж, анi жонка ня мелi навокал сваякоў, усё-ж былi пагрозы з боку мясцовага беларускага актыву, а мо дзе якое вока й сачыла. Стараўся ад гэтага часу ўважна прыглядацца й прыслухоўвацца. Асаблiва цяпер, ужо на парозе пераходу ў зусiм iншы, заходнi сьвет, пад iншую ўладу, якая, пэўна-ж, будзе шукаць злачынцаў i караць iх, Сьцервiн быў моцна ўстрывожаны. А злачынстваў тых зрабiў шмат - i супраць жыдоў, i палякаў, i найбольш супраць беларусаў, пераважна сялян. Дык i было чаго баяцца. Не дарма-ж слухаў вушамi й стараўся абнюхваць носам.