Змагарныя дарогi
Шрифт:
II
Прайшло некалькi дзён. Аднойчы ва ўмоўлены час нiхто ня прынёс яды. Наагул нiхто не паказаўся да гадзiны пятае. Уцекачы здагадалiся, што нешта не ў парадку. Дзень быў дажджлiвы й вельмi ветраны. Раптам пачулi шмат людзкiх галасоў i заўважылi сярод дрэваў, даволi далёка яшчэ, нямецкiх жаўнераў, што йшлi шнурам са зброяй напагатове. Гэта быў адзьдзел, што ачышчаў лес ад партызанаў. Уцекачы кiнулiся бегчы, пакiнуўшы ў сваiм мярлогу кацялкi, коцы й iншыя драбнiцы. Немцы не заўважылi ўцекачоў, толькi, знайшоўшы iхны сьвежы мярлог, не маглi разгадаць, як гэта так сталася, што здабыча ўцякла з-пад носу. Сянькевiч i Зэмбэк, зашыўшыся ў гушчар, прасядзелi да позьняй ночы. Дождж ня пераставаў. Хлопцы пастанавiлi йсьцi далей. Вылезшы з гушчару, накiравалiся
Па дарозе Сянькевiч натрапiў на нейкую глыбокую канаву, напоўненую вадой. Па каленi ў вадзе прасядзеў там колькi хвiлiн, пасьля памаленьку, амаль вобмацкам, асьцярожна, каб не рабiць шуму, Вiктар цi то плыў, цi то йшоў, абы як надалей хаця ад вартаўнiкоў. Нарэшце ўдалося выкарабкацца з вады. Увесь мокры ў нiжняй палавiне, заглыбiўся зноў у лес. Жывячыся арэхамi, ягадамi й сьлiмакамi, удалося Сянькевiчу праседзець там пару дзён. Адылi надта пачынаў дакучаць голад. Навокал нiчагусенькi ня было чуваць: нi стрэлаў, нi галасоў. Здавалася юнаку, што ўсё замерла цi прытаiлася й чакала на ягоны наступны крок. Навет совы й тыя прыцiхлi.
Вiктар ня мог ведаць, што сталася. Мяркаваў, што, мабыць, немцы адступiлi й запанавала мiжфрантавая цiшыня. Нейкая сiла зноў пхала юнака наперад. Ды ўжо й нястачы цярпеў вялiкiя: трэба было чаго-небудзь добра пад'есьцi й падсушыць вопратку.
III
Вiктар выйшаў зь лесу й накiраваўся ў вёску. Зiрнуў на свой ручны гадзiньнiк, якi добра трымаў час, нягледзячы навет на тое, што быў замочаны пад час уцёкаў i боцьканьня ў вадзе. Была адзiнаццатая гадзiна. Юнак прыгадаў, што была гэта нядзеля. Прайшоўшы пару сотняў мэтраў, пабачыў тую самую хату, дзе першы раз заглянуў да французаў i адкуль яго накiравалi да палячкi. Стаў як укапаны i думаў, што рабiць. Iсьцi цi ня йсьцi? Аглянуўшыся навокал i ня ўбачыўшы нiдзе немцаў, iшоў далей па аўсянiшчы. Заўважыўшы па дарозе адзiнокi сноп аўса, што, быццам сiрата, ляжаў на апусьцелай нiве, Вiктар, як сялянскi сын, навет па прывычцы, бязь лiшняй думкi ўзяў сноп пад паху. Ужо наблiжаўся да хаты, як раптам перад носам заварушылiся нямецкiя жаўнеры. Было iх там каля сотнi, калi ня больш. Сядзелi ў вакопах i, зразумелая рэч, даўно бачылi Сянькевiча. Хлапец на адзiн дроб часiны захiстаўся ў сваёй хадзьбе. Зусiм не разгубiўшыся, ён маланкава пастанавiў, што трэба ўдаваць нейкага сына францускага селянiна, што йдзе наведаць свайго дзядзьку дзесь далей каля дарогi. Немцы Вiктара не зачапiлi, а ён стараўся выглядаць зусiм бесклапотным i навет крыху здзiўленым, што пабачыў у адным месцы столькi жаўнераў.
Калi ўвайшоў у хату, тоўсты чорны мужчына й ягоная хударлявая жонка адразу пазналi ранейшага наведвальнiка, хоць цяпер ён быў у цывiльнай вопратцы. На тварах iхных адбiўся вялiкi перапалох. Француз зь няскрыванай трывогай махаў рукой, паказваючы на дзьверы. Сянькевiч зiрнуў на гаспадыню й папрасiў хлеба й малака, але тая дала зразумець, што ня можа яго цяпер кармiць. Нiчога не заставалася, як адно пакiнуць хату. Выйшаўшы на двор, Вiктар ужо павярнуў направа й наважыў iсьцi да палячкi, але не зрабiў i пяцi крокаў, як пачуў ззаду шурпаты голас: "Наlt, Меnsch!"* Быццам ня чуючы таго голасу, iшоў далей. Раптам за самай сьпiной пачуў выстрал. Стаў i азiрнуўся. Да яго падышлi тры немцы.
* Стой! (ням.)
– Хто ты такi?
– спытаў адзiн зь iх.
– Я жыву ў суседняй вёсцы i йду да майго дзядзькi, што жыве там каля дарогi.
Вiктару здавалася, што так сказаў, але й сам ня верыў, бо гаварыў нейкай француска-нямецкай мешанiнай, якую жаўнеры няведама цi разумелi. Бязумоўна, што-б хлапец там нi казаў, ня мела-б яно вялiкае вагi. На яго гаркнулi,
Забралi ад Вiктара гадзiньнiк, усе дакуманты, здымкi, навет хустачку. Пазванiлi некуды, й за хвiлiн дзесяць прыехалi два афiцэры. Шмат з хлапцом не цацкалiся: проста загадалi адвесьцi мэтраў сто ад будынкаў i расстраляць. Заданьне было даручана двум жаўнерам. Адзiн зь iх насадзiў штык на стрэльбу i, ударыўшы Вiктара прыкладам у азадак, гаркнуў, каб выходзiў. Нiчога не заставалася, як падпарадкавацца загадам. Выходзячы, схапiў з полкi сваю хустачку й пару франкаў, што ляжалi побач. Чаму гэта зрабiў - сам ня ведаў. Немцы, быццам не дагледзеўшы, ня ўзялi таго на ўвагу.
Iшлi па польнай дарозе - Вiктар сьпераду, а два немцы ззаду. Зрабiўшы крокаў дваццаць, Сянькевiч пачуў недзе касьцельныя званы. Магчыма, што яму здалося. Апошнiя перажываньнi, хваляваньне, цяперашняя ледзь не панiка перад нямiнучай сьмерцю дый ранейшы голад, фiзычная слабасьць, вычарпаньне - усё гэта магло выдатна спрычынiцца да ўяўленых званоў. Званы чулiся, як здалося Вiктару, зусiм выразна. Разам з гэтым ва ўяўленьнi вырас зморшчаны, заклапочаны твар маткi, а дзесь вышэй над гэтым усiм - воблiк Бога. У адну тую хвiлiну Вiктар Сянькевiч заглянуў у раньнюю сваю маладосьць i ў будучыню, якая вось мае скончыцца за пару хвiлiн. Пасьля здавалася, што ў момант гэты перажыў раптам некалькi гадоў. Нейкi падсьведамы голас падказаў: уцякай направа!
Вiктар азiрнуўся назад, а немец, цiснучы штыком у сьпiну, крычаў:
– Schnell, du verfluchte Schweinehund! Marsch!*
* Хутчэй, праклятая свiньня! Марш! (ням.)
Непадалёк, з правага боку, пачынаўся лес, зь левага-ж быў абгароджаны калючым дротам гарод. Юнак незаўважна зусiм пацiснуў на правы бок дарогi, а немец, спасьцярогшы гэта, яшчэ раз поркнуў штыком у плечы. Прайшлi так мэтраў з дваццаць. Вiктар, сочачы прыблiжэньне свайго канца, мераючы апошнiя крокi на гэтым сьвеце, цьвёрда наважыў, што не называцца яму больш беларусам, калi, як тая авечка, паслухмяна дазволiць сябе застрэлiць. Колькi меў сiлы, раптам iрвануў направа.
Пырскнуў агонь з аўтамата. Наступна пачуўся крык, i Вiктар падсьведама ведаў, што за iм бягуць. Кулi сьвiсталi каля вушэй, але неяк зручна iх абмiнаў, зiгзагамi перабягаючы мiж дрэваў. Нешта сарвала з галавы капялюш. Ужо шмат пазьней мясцовыя французы, знайшоўшы прастрэлены капялюш, шукалi па лесе ягоны труп, будучы пэўнымi, што немцы юнака застрэлiлi. Пасьля дзесяцi цi больш хвiлiн бегу Сянькевiч упаў зьняможаны. У галаве паказалiся сотнi рознакалёрных зорак, здавалася, што лёгкiя вось i глядзi як разарвуць грудзi, два цяжкiя малаткi бiлi ў скронi. Адкрыўшы рот, зь вялiкiмi цяжкасьцямi ён стараўся злавiць паветра. Воддаль чулiся нямецкiя галасы.
IV
Калi яны сьцiхлi, а Сянькевiч крыху адпачыў, наважыўся iсьцi далей. Было ўжо па абедзе. Па нейкай раськiданай чыгунцы выбраўся зь лесу й пайшоў полем. Чаму iшоў, чаму не сядзеў на месцы?
– на гэтае пытаньне ня змог-бы адказаць ня толькi ў той час, але й нiколi пазьней у сваiм жыцьцi. Магчыма, што поўнасьцю ня змог перанесьцi ўдару таго моманту, калi немцы вялi яго на расстрэл, калi так нечакана стаў на парозе сьмерцi... Магчыма, што цяпер яшчэ ня верыў, што ён жывы й цэлы. Як-нiяк, а за гэных паўгадзiны цi болей ад часу, калi, знайшоўшы ягоныя дакуманты, пачаў аплявушваць яго нямецкi сяржант у пунi, аж да часу, калi, уцёкшы ад нямецкiх жаўнераў, прытаiўся ў лесе, Вiктар перажыў адразу некалькi гадоў. Калi-б юнак здольны быў рацыянальна думаць, першае, што пастанавiў-бы адразу пасьля ўцёкаў, было-б пасядзець, ахаладзець, адпачыць i добра абмеркаваць наступны крок. Замест таго Вiктар зусiм бязь нiякае развагi ўстаў i пайшоў.