Змагарныя дарогi
Шрифт:
Колькi снарадаў загрымела шнурам побач дарогi. Вецер прынёс смурод пораху. Але што-ж такое? Дзе-ж гэта людзi? Азiрнуўшыся, Сьцервiн спасьцярог, што бальшыня ягоных людзей зь перапалоху пакацiлася ў прыдарожную канаву. Толькi жменька, звольнiўшы крок, ня ведае, што рабiць.
– Эй, там!
– раве на ўсю глотку лейтанант.
– Кто вам приказал прятаться? Встать сейчас же, такую вашу...! Ишь ты! Вон какие с вас, значится, вояки. Подыматься! Погодите, вы еше ничего не видели! Еще, может быть, забудете, куда и прятаться надо будет!
Не без задаволенай ухмылкi на твары параўнаў у гэны момант Сьцервiн сябе, спрактыкаванага i, паводле яго-ж самога, вельмi адважнага
Перад будынкам, дзе мясьцiлася каманда батальёну, падзел людзей адбыўся хутка. Усе былi накiраваныя да сваiх ротаў.
– Глядзеце, хлопцы, ня курыце й цiха гаварыце, - перасьцерагаў зьвязны падафiцэр малую групку, у якой былi Сымон i Вiктар.
Групка мiнула колькi цёмных хатаў, увайшла ў зарасьнiкi ды, зь цяжкасьцю выцягваючы ногi зь мяккай размоклай глiны, павярнула на край лесу, дзе ледзь вiдаць былi абрысы нейкага будынку. Падыйшоўшы, заўважылi, што была гэта невялiкая сьвятыня. Увайшлi. Вокны касьцёлу пазавешаныя былi знутры жаўнерскiмi коцамi, а ў цьмякым сьвятле адзiнокае сьвечкi, што гарэла ў куточку, можна было разгледзець пару дзесяткаў замурзаных, аблепленых засохлаю глiнай людзей, што спалi на падлозе. За алтаром, у круглай адтулiне ў сьцяне, тырчаў кулямёт, а пры iм сядзеў чалавек. Побач, у кутку, галава статуi Маткi Боскай схавалася ў рудавата-глiнястым шлеме. У куце, зьмешаныя з розным жаўнерскiм хламам, тулiлiся касьцельныя рэчы.
– Хто тут ёсьць? Войнiк! Гэта ты?
– пачаў клiкаць Сымон, прыпомнiўшы, што тут павiнна быць пару ягоных сяброў.
– Как, Спарыш? И ты здесь? Каким образом?
– пачуў хлопец няпрыемны голас курносенькага Рэшатава, што ў паўдрэмцы сядзеў на прыступках аўтара.
– Я ня ведаю, гаспадзiн обер-лейтанант, - зьбянтэжыўся такiм спатканьнем Спарыш. Ён быў ужо крыху й падзабыўся аб iснаваньнi расейца, хоць прыгадваў, што ён тут. У сустрэчы ня было нечаканасьцi, адно зьбянтэжанасьць. Накiравалi мяне толькi аднаго з канюхоў. Цi гэта, можа, прыпадкова? Пашлiце мяне назад, обер-лейтанант. Тут адзiн не мае стрэльбы, дык я яму аддам гэту, а ў абозе маю другую.
– О, нет!
– ашчэрыўся Рэшатаў.
– Ты теперь с фронта не уйдешь, будешь здесь все время. Уж будем воевать вместе...
– Давайце строiцца тыя, што прыйшлi!
– загадаў лейтанант Калмыкоў. Старшына Налепа ўзяўся за ўпарадкаваньне новапрыбылай групы.
– Зараз пойдзеце ў вакопы, дзе маеце прасядзець у абароне па дваццаць чатыры гадзiны, - тлумачыў Калмыкоў.
– Глядзеце, каб нiхто не пакiдаў пазыцыяў без загаду.
Калмыкоў даў кароткую iнфармацыю аб баёвой сытуацыi й распалажэньнi роты. Трынаццаць чалавек, прызапасiўшыся амунiцыяй, пакiнулi касьцёл. Прайшоўшы прыблiзна дзьвесьце мэтраў, спынiлiся на самым бугру ўзгорка. Перад iмi на захадзе адкрылася далiна. Пры млявым сьвятле месяцавага сярпа Сымон заўважыў у цемры будынкi горада Альткiрха. Прыблiзна адлеглая на пяцьсот мэтраў на захад, цьмяна вызначалася стужка шашы, што бегла да пярэднiх вакопаў батальёна Мураўёва. Блiжэй у гэты бок ледзь можна было заўважыць крывулю прасёлачнай дарогi. Бугор, на якiм затрымалася група, быў даволi абрывiсты; пэўна, цяжка было-б узьлезьцi на яго танкам працiўнiка. Гэтулькi спасьцерагло маласпрактыкаванае ў вайсковай тапаграфii вока канюха Сымона. Зiгзагаватая глыбокая канава, аж па каленi напоўненая вадой, была адным з перадавых вакопаў.
– Хлопцы, вылазьце! Зьмена прыйшла!
– гаркнуў зьвязовы.
Паволi, зь вялiкай цяжкасьцю выцягваючы з глiнястае калатушкi ногi, пачалi вылазiць
– Але-ж вы й абляпiлiся! Чаго тут i баяцца: вас i супрацьпанцырны не ўзяў-бы!
– здабыўся адзiн з прыбылых на жарт.
– Скалi, скалi зубы. Пабачыш, як табе стане весела, тут пасядзеўшы, агрызнуўся нехта з папярэдняй зьмены.
– Колькi чалавек прывёў?
– пачуўся голас дружыновага Лакусты.
– Трынаццаць.
– Хто з вас знае панцырфаўст?
– Я, - пахвалiўся Ўладзiк.
– I я, - далучыўся Сымон.
– Iдзеце там колькi крокаў проста наперад. Там у бункеры сядзяць трое з гэтым "шрэкамi" - зьмянiце iх. Хто трэцi? Давайце хутка, не марудзiць! Чаго стоўпiлiся так у кучу? Што, вы на кiрмашы, думаеце? Хочаце, каб вас мiнай узнагародзiлi? Давайце, хто там яшчэ, - пяць чалавек iдзеце налева. Завядзi iх, Пiсаронак, пакажы!
Сымон, Уладзiк i трэцi, iм незнаёмы, накiравалiся наперад. З бункеру вылязьлi Войнiк, Панумарэнка й Бабрыцкi. Ногi ўлезьлi аж па каленi ў глiнястую калатушку. Упоцемку хлопцы абмацалi ў сьценах бункеру даўгаватыя полкi, высланыя ўжо вiльготнай саломай. Два Сымонавы таварышы палезлi на тыя полкi спаць, а канюх, узяўшы з сабою панцырфаўст, што называў "балдавешкай", ды "качаргу", падняўся па выразаных прыступках на перадавы назiральны пункт, каб трымаць варту. Толькi цяпер прыгадаў, што дзесь па дарозе згубiўся вызначаны, мабыць, у другi вакоп Вiктар Караткевiч.
– Але-ж цяля, - бурчаў пад носам Сымон.
– Яго, як тое дзiця, за ручку вадзi. Чаму-ж нам цяпер якраз собiла разьдзялiцца, у ваблiччы найбольшай мо небясьпекi...
НОЧ I СЬВIТАНЬНЕ
I
Зольная васеньняя эльзаская ноч дыхала хуткабежнымi нiзкiмi хмарамi, хлiстала густым i назойлiвым, праймаючым аж да касьцей дробненькiм дожджыкам, там-сям шпурляла й тузалася мiнамi й снарадамi. Людзi зяблi й дрыжэлi, ляскалi зубамi, мясiлiся ў жыдзенькiм глiняным цесьце, адхуквалi й церлi пасiнелыя рукi; трасучыся ад золi, тулiлiся да акалелых i насычаных вадою сьценаў вакопаў, абрасталi рудаватаю глiнаю. Людзi, як краты. Краты ў глiне.
Сымон Спарыш прылiп да пярэдняе сьцяны вакопу. Дрыжыкi пачыналiся зьнiзу, ад мокрых нагавiцаў i шкарпэтак. Хваляю прабягалi па сьпiне й канчалiся на пасiнелых ад сьцюжы вуснах. Цяжка было трымаць паднятымi алавяныя павекi. Мала памагаў настаўлены тонкi каўнер мундзiра. Маскавальная палатка крышку ратавала ад дажджу, але ня грэла. Навокал былi дзiч i пустка. Хмары, дождж i глiна. Золь i глiна. Зямля й цемра.
Сымон амаль ня здольны быў думаць. Здавалася, што пад халодным шлемам празяблi мазгi. Толькi нудны й жаласны вецер сьвiстаў каля шлему, паўзучы нiзенька над самымi грудамi ральлi. Над вакопамi мiльганула нейкая цёмная шыракакрылая зьява i, пакруцiўшыся, шыбнула зь ветрам у кiрунку лесу. Здалося, што груган.
– Цьфу на цябе!
– злаваўся былы канюх.
– На нядобрае ты, гад, мусiць, варожыш.
У галаве пашарпанымi абрывамi, малазьвязанымi вобразамi перасоўвалiся мiражы: цi гэта быў брэд. Не, мусiць не. Чалавек быў у тым стане, калi анi ня сьпiць, анi ня жыве сьведама. Мусiць, i мазгi былi празябшыя, здранцвелыя, акалелыя.
Першаы мiраж: мiска стравы. Тлустай, сытнай, гарачай. Абавязкова гарачай, хоць мо й ня так тлустай. Ах, якое то было-б багаслаўленьне для прысохлага да сьпiны жывата, для прагнучага цяпла арганiзму. I няхай бы хто папробаваў тады сказаць Сымону, што ёсьць на сьвеце лепшыя дабрадзействы за тлустую, сытную, гарачую мiску стравы. Нiчога ня было. Была адно цемра, золь, быў галодны празяблы Сымон, i ў ягоным уяўленьнi - гарачая мiска стравы.