Знак бяды
Шрифт:
— Па гарэлку прыехаў, — проста абвясціў паліцай, не мяняючы поснага выразу на белым панурым твары.
— Дык я ж аддаў! Недасека ж узяў дзве бутэлькі, — захваляваўся Пятрок. — Што ж у мяне, фабрыка?
— Гуж сказаў: яшчэ дзве бутэлькі. Інакш заўтра будзе рэпрэсія.
— Што будзе? — не зразумеў Пятрок.
— Рэпрэсія. Ну гэта — будзем цябе вешаць. Ці, можа, страляць? — усумніўся Каландзёнак. — Не, вешаць, здаецца. Ага, успомніў — вешаць. Рэпрэсія, значыць.
— Ото дзівосы! — развёў рукамі Пятрок. — Дык дзе ж я вазьму? Я ж аддаў. Недасека…
— Тады бяры шапку.
— Зачым?
— Пойдзеш у мястэчка. Гуж сказаў: не дасць гарэлкі — самога за каршэнь і сюды. На рэспрэсію.
— Гэтак?..
Ну што яшчэ можна было зрабіць перад гэтымі злыднямі? Пятрок памаўчаў, падумаў і амаль з відавочнай
Ён моўчкі ступіў на воглую зямлю падворка, не тоячыся, прайшоў на дрывотню і выцягнуў з-за альховага штабялька трэцюю сваю бутэльку.
— Ну во! А казаў — няма! Пакуль вам рулю ў пашчэнкі не сунеш, не зразумееце! — тонка завішчэў Каландзёнак і выхапіў з ягоных рук мурзатую бутэльку. — А яшчэ?
— Няма! Яй-богу, болей няма. Во хоць абшукайце. Выгнаў, знаеце, мала, запарка няўдалая.
— Ладна, — падумаўшы, згадзіўся Каландзёнак. — Аддам, а там хай сам рашае.
Ён адвязаў каня і скочыў на яго ўпоперак хрыбта жыватом, перакінуў па другі бок даўгую ў боце нагу. Конік пабег да гасцінца, а з гарода на падворак выйшла Сцепаніда, несучы кош з бульбай.
— Зноў па гарэлку?
— Зноў, — сумна пацвердзіў Пятрок.
— А я што казала? Цяпер пачнуць ездзіць…
— А ўжо скулля! Болей няма.
— Табе ж горш будзе, калі няма.
— А ўжо горш не будзе, — запальчыва сказаў Пятрок, не адчуваючы, аднак, упэўненасці ў сваіх словах. Праўда, канчаткова ён не хацеў верыць у кепскае, усё думаў: а можа, яшчэ як-небудзь абыдзецца…
20
Надвячоркам, як пачало ўжо змяркацца, пакрактаўшы трохі і пасварыўшыся з жонкай, Пятрок мусіў награбці ў начовачкі высушанага на печы жыта і пайшоў у істопку. Трэба было малоць: на хлеб ці на гарэлку, бо ўжо стала відаць, што без таго і без другога на гэтым свеце пражыць немагчыма.
Жорны былі старасвецкія, з тонкімі, пабітымі і сцягнутымі абручом камянямі, даўно не насяканымі, малолі не дужа спраўна, адной радасці, што круціць іх было не надта каб цяжка. І Пятрок памалу круціў за млён, нячаста падсыпаючы цеплаватага жыта з начовак, і неадчэпна думаў пра рознае, болей благое, што цяпер, бы мошка ў спёку, лезла ў яго галаву.
Вайна, канешне, нікому не ў радасць, лічы — усім гора, але калі тое гора праз немца, чужынца якога, дык што ж тут і дзівіцца, гэта як мор — чума ці халера, тут на каго наракаць? Але калі гэтая чума праз сваіх, вясковых, тутэйшых людзей, вядомых усім да трэцяга калена, якія раптам перасталі быць тымі, кім былі ўсё жыццё, а зрабіліся нелюдзямі, звяр'ём, падуладным толькі гэтым набрыдам-немцам, тады як разумець тое? Ці яны раптам ператварыліся ў звяр'ё і вытвараюць такое па чужым прымусе, прытаптаўшы ў сабе ўсё чалавечае, ці, можа, яны і не былі людзьмі, адно прытвараліся імі ўсе гады да вайны, якая разбудзіла ў іх звяруг. Па натуры сваёй Пятрок быў чалавек ціхі і мяккі — гэткі, якімі была большасць у Выселках: страхавіты, зважлівы, трохі набожны. Такія ж былі і продкі. Дзед, бывала, ніколі не дазваляў сабе сказаць грубае слова не толькі на каго з сямейнікаў, але і на сяльчан, местачкоўцаў, аблаяць якую жывёліну, як гэта павялося зараз, калі нават падлеткі і тыя ўсё з мацюгом да каня ці каровы. Крый Бог, каб ён калі зрабіў каму шкоду ці ўзяў не сваё з двара або з поля. А цяпер?.. Добра, што ён не дажыў да такога страхоцця, не пабачыў, што робіцца ў свеце, на гэтай вайне…
Спярша, як толькі прыйшлі немцы, Пятрок наведваўся ў мястэчка, каб што-небудзь прыдбаць, зірнуць на новы парадак, а больш, каб пачуць, што робіцца ў свеце, і дазнацца, як яно будзе далей. Памятае, неяк каля пажарнай сабралася ў засені пад клёнам трохі мужчын — сядзелі, курылі. Гаворка была невясёлая — усё пра тое ж. Дзён колькі назад у раён прыехаў нейкі нямецкі чын у рудым фрэнчы з чырвонаю перавяззю на рукаве, казалі: прызначыў новае кіраўніцтва з мясцовых. Мужыкам увогуле гэта спадабалася, што кіраўніцтва будзе не з немцаў, не якое прысланае, а менавіта з сваіх, мясцовых. Трохі счакаўшы, новае начальства ўсталявалася ў мураванай будыніне колішняга выканкама, і там ужо бачылі нямецкага перакладчыка, былога настаўніка, ціхманага халасцяка Свянткоўскага, што шэсць гадоў кватараваў ля моста ў жыдоўкі Рывы.
Вось табе і сваё кіраўніцтва.
«Але як жа так можна, — думаў Пятрок, мерна ківаючыся ля жорнаў у такт ходу млёна — узад і ўперад. Было зусім цёмна, якой газнічкі ён не паліў. Сцепаніда ашчаджала газу, і ён не хацеў сварыцца — змеле і ўпоцемку. — Як жа так можна? — пытаўся ў думках Пятрок, — каб свае — сваіх?» Гэта ж як спрадвеку шанаваліся ў вёсцы добрыя адносіны паміж людзьмі, рэдка хто (можа, вырадак толькі) адважваўся на яўнае зло ў адносінах да суседа, даваў сабе волю судзіцца ці нават сварыцца з такім жа, як сам, селянінам. Здаралася што-нішто, не без таго ў жыцці, але часцей за ўсё праз зямлю — за надзелы, пожні, жывёлу. Але ж цяпер якая ж зямля? Каму яна патрэбна стала, зямля, даўно ўся сварка праз яе адпала, а міру з таго не пабольшала. Людзі разбэсціліся. Раней малады не мог дазволіць сабе прайсці міма старэйшага, каб не зняць шапкі, а цяпер гэтыя во маладыя знімаюць другім галовы разам з шапкамі. І не баяцца нічога — ні боскага гневу, ні суда чалавечага. Як быццам так заведзена тут спрадвеку, як быццам на іхнім баку не толькі сіла, але яшчэ і праўда. А можа, ім і не патрэбна праўда, даволі крыважэрнае нямецкае сілы? На праўду яны гатовы пляваць, калі яна будзе ім замінаць у іхнім злачынстве. Аднак праўда ўсё ж ім замінае, інакш бы яны не азіраліся кожнага разу на немцаў, не залівалі б сваё сумленне гарэлкай, не хапаліся б за вінтоўку, не пагражалі б рэпрэсіяй ды нямецкай строгасцю.
Пятрок змалоў, можа, з гарнец жыта, пакратаў рукой мяккую, цеплаватую ля цёплых камянёў муку і падумаў, што калі ўжо ўзяўся, дык трэба намалоць болей — і на хлеб, і на брагу, бо трэба ж заквашваць зноў. За мерным глухаватым гудам камянёў ён не адразу пачуў голас Сцепаніды з хаты, а як пачуў, дык сцяміў, што кліча яна не першы раз, і нейкі спалох быў у тым яе голасе. Ён перастаў круціць, і адразу моцны стук у сенцах трывогай напоўніў сядзібу — хтось дужа лупануў у дзверы, басавіта лаючыся:
— Хазяін, курва тваю маць! Адкрой!..
Пятрок сцяміў адразу: гэта знадворку, сунуўся ў сенцы, дрыготкімі рукамі намацаў крук і выдзер яго з прабоя. Дзверы, расчыніўшыся, ледзьве не збілі яго з ног, Пятрок адхінуўся, і ў сенцы ўваліўся нехта вялізны, здалося, чамусьці касматы; на Петрака дыхнула моцным пахам гарэлкі, цыбулі і яшчэ нечым — чужым і агідным. Ён моўчкі стаяў за дзвярыма, а яны самі знайшлі дзверы ў хату і расчынілі іх — на сенцы пыхнула чырвоным святлом ад зыркага полымя з грубкі, якую паліла Сцепаніда, і чацвёра іх з тупатам, сапам, шорханнем мокрай адзежы ўвапхнуліся ў хату.
— Хазяін! — зноў раўнуў першы голасам, па якім Пятрок напружана стараўся здагадацца — хто? Але здагадацца ніяк не мог, мабыць, то былі незнаёмыя.
— Я тут, — сказаў ён з сянец.
— Хазяін, свету! Свету дай!
— Дык дзе ж цяпер свет? Нетуці свету. Во хіба з грубкі…
— Дай з грубкі! Лучыну зажгі!
Пятрок увайшоў у хату, якая адразу стала маленькай і цеснай, і прыткнуўся ля самага парога, ужо ведаючы пэўна, што дабром для яго гэты начны прыход не скончыцца. Сцепаніда таропка прыладжвала на загнетцы даўгую лучынку з агнём на канцы. Яе святло мільготка бегала па чатырох грувасткіх, настырчаных постацях, што разваліста тупалі па хаце, азіралі сцены, абмацвалі штось у застоллі. Пятрок зноў паспрабаваў згледзець каго знаёмага, але не пазнаў нікога. Той пярэдні, што першы ўваліўся ў сенцы, як добра загарэлася лучынка, павярнуў да яго насаты, аброслы запушчанай шчэццю твар.