Знак бяды
Шрифт:
Ён ужо ўпэўнена тупаў па сцежцы з цвёрдым намерам на хутары чым-небудзь накарміць Рудзьку, бо зусім асірацеў сабачка, мабыць, пабойваецца людзей і круціцца на адным месцы ў рове, дзе той страшной ноччу згубіў свайго Янку. Але Янка ўжо ўсё, Янка цяпер далёка, ягоная душа цяпер, мусіць, на небе. Бязгрэшная хлапечая душа, яна пэўне ж пападзе ў рай. А во куды пападуць нашы грэшныя душы?
Пяршак Пятрок не дапіў, цвяроза падумаў, што яму, мабыць, годзе, трэба палячыць Сцепаніду. Пасля ўсяго перажытага жонцы самы раз будзе глынуць які кілішачак жытняй — пэўна ж, прыбудзе сілы ды і бадзёрасці. Малы кілішачак гэта як лекі,
— Там паямо, — азірнуўшыся, абнадзеіў Пятрок сабачку, які, не адстаючы ні на крок, бег следам. — Ужо мы цяпер паямо…
З натугай, аж спацела спіна, ён ускараскаўся па крутой сцяжыне на ўзровак. Сабачка, зразумеўшы нарэшце, куды ўзяў кірунак Пятрок, трохі абмінуў яго і пабег наперадзе, дужа не выпінаючыся, аднак, перад чалавекам. Пятрок думаў, што трэба найперш засмажыць бульбы з салам, калі яшчэ засталося яно ў кубёлку. Прыйдзе, абярэ бульбы і засмажыць, дасць есці Сцепанідзе і знойдзе што кінуць гэтаму беспрытульнаму Рудзьку. Бо хто ж яго накорміць цяпер? Тут жа забілі Янку, во ён і круіццца. Счытай, ужо як бы тутэйшы сабака. З Яхімоўшчыны.
Але чаго раптам Рудзька стаў на сцяжынцы і настырчыўся, ягоны хвост перастаў матляцца? Пятрок хістка, не адразу спыніўся — ужо відаць стала ягоная сядзіба цераз гарод, і там, за дрывотняй, штось матлянула рудое. Ну быццам які руды дыван на паркане, але гэта не дыван, мусіць? Пятрок працёр пальцамі вочы і ўгледзеўся лепей — так яно і сталася, як ён баяўся, не хочучы, аднак, прызнацца сабе. Яго апярэдзілі. На двары ля паркана ўжо тупалі, ківаючы галовамі, рыжы і вараны коні, і, хоць ля іх нікога не было відаць, Пятрок зразумеў, што яны ўжо прыехалі.
Пятрок ледзь не заплакаў ад крыўды, гора і страху, які наўхват ашчаперыў яго, пераступіў на сцежцы, азірнуўся — ён не меў ужо сілы ісці туды, на сядзібу, бо вельмі добра адчуваў, што там чакае яго. Але куды было ісці? У чыстае поле? У Баранні Лог? У балота? Назад у роў? Але ў хаце заставалася хворая, прыбітая жонка, увесь ягоны набытак, — яны ж адпомсцяць яму, як захочуць. Хіба ад іх паратуешся?
І ўсё ж ногі яго павярнулі назад, і ён аж прыгнуўся трохі, увабраў галаву ў плечы і хісткімі крокамі патрухаў па сцежцы да рова.
Толькі ён не дабег нават да пачатку кустоўя, ззаду данёсся першы пагрозліва-гучны крык: «Пятрок, стой! Стой, такую тваю… Назад!» І зараз жа тугі шчаўчок стрэлу ляснуў, здалося, над самай яго галавой. Куля пранеслася міма, у хмызняку на ўзроўку ціха ўпала долу ссечаная ёю галінка, і ён раптам, ацверазеўшы, уцяміў, што ўцякаць нельга. Ад іх не ўцячэш!
Сапраўды, двое іх ужо беглі цераз гарод наўпрасткі ад сядзібы, і ён спярша стаў, а затым і павярнуўся назад. Тыя таксама сталі за плотам ля абсталяванага ім афіцэрскага клазета, вінтоўкі яны трымалі напагатове, каб адразу, як ён пабяжыць, усадзіць яму кулю паміж лапатак. Але ён не бег, ён ішоў па сцежцы, па якой хадзіў тут дваццаць гадоў, і ўсё ў ім паднімалася, напружвалася, пухла ў страхавітай крыўдзе-пратэсце: за што? Неяк няўцям ён адчуў у руцэ бутэльку, што нёс Сцепанідзе, там яшчэ трохі боўталася, але цяпер ужо Сцепаніда не вып'е. Не размахваючыся,
— Ну што? Ну што, гадаўцы? Чаго вам трэба? — слаба крыкнуў ён амаль праз слёзы, якімі замакрэлі вочы. Пад горла яму таксама падвалілася нешта, мулкае і даўкае, і ён спыніўся на сцежцы за пяць крокаў ад плота.
— Ану ходзь бліжэй! — неяк дужа спакойна, з ледзьве прыкметнай пагрозай сказаў Гуж, утаропіўшыся ў яго цвярдым, як цвік, позіркам. Твар паліцая быў нібы дзеравяны, і Пятрок адчуў, што на гэты раз не абыдзецца.
— Што вам? Чаго вы чапляецеся? Якога ражна вам трэба ад мяне? Гады вы, нямецкія запраданцы…
— Ану спакойна! — зарычэў Гуж, ускідваючы вінтоўку. — А то мы…
— Што вы, што? Застрэліце? Дык страляйце, чорт вас бяры! — з нечаканай рашучасцю, ад якой сам спалохаўся, закрычаў Пятрок і патрос у паветры сцятымі ў кулакі рукамі. — Страляйце!!!
— Гэта паспеем! — спакойней аб'явіў Гуж. — Ідзі сюды!
— А во не пайду! Не пайду да вас і слухаць не стану. Вылюдкі вы!!!
Гуж спакойна закінуў вінтоўку за плячо, кіўнуў Каландзёнку:
— Ану, дай яму!
Каландзёнак сігануў цераз верхнюю жэрдку плота, па растаптаных барознах ступіў да яго і размахнуўся. У Петрака зазвінела ў вуху, сяліба хіснулася ўваччу, і ён нечакана апынуўся на мулкіх каляных калівах бульбоўніку.
— Устаць!
— Зараз! Зараз! Устану… Яшчэ ўстану… Але за што б'яце? Што я — чалавек?
Не паспеў ён, аднак, узграбсціся на ногі, як другі ўдар у правае вуха паваліў яго на другі бок у гразкую растаптаную баразну.
— Дзе гарэлка?
— А во — скулля вам! — сказаў Пятрок, плюючыся крывёй — здаецца, яму выбілі апошнія зубы. — Во, наце! Наце! — тыцнуў ён Гужу кукіш. — Біце! Я вас не баюся! І Гітлера вашага не баюся! Во і яму тожа! Скулля ўсім вам!
Каландзёнак зноў падскочыў да яго і размахнуўся, але Гуж за плотам спыніў яго, цвёрда гукнуўшы:
— Стоп! Пака хопіць. Мы яго гэта… Паказацельна.
— Рэпрэсію, ці што? — тонкім голасам спытаў Каландзёнак.
— Рэпрэсію. На вяроўцы, — сказаў Гуж і таксама пералез цераз плот. — Ану паднімайся!
— Не паднімуся. Страляйце!
— Паднімешся, стары корч! Самагоначку разбазарыў. Раздаў, каму не трэба. А сваім — фігу? Не, я ўжо цябе ўзгрэю. За ашуканства. І за аскарбленне фюрара. За фюрара, знаеш, што палагаецца?
— А хоць што! Я і фюрару плюну ў яго вусатую морду. І табе тожа, прадажнік!
— Цыц!
Гуж коратка ткнуў яму ботам пад грудзі, Пятрок войкнуў і скурчыўся на баку ў бульбоўніку. Хвілін колькі ён не мог ні ўздыхнуць, ні сказаць што, дыханне яму перацяло, у вачах усё пайшло кругам. «Канец! Хутчэй бы, каб без гэтых пакут», — неслася ў думках, якія адно яшчэ мелі здольнасць неяк усведамляць яго незайздросную долю, можа, апошнія некалькі хвілін перад канцом.
— Устаць!
Але ўстаць ён не мог, хоць не мог таксама і крыкнуць што паліцаям — ён толькі роспачна хліпаў ротам, як рыбіна, выкінутая з вады на бераг. Тады Гуж падышоў да яго і дужа тузануў за плячо.