Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

Астатні да абеду час яму працавалася вельмі цяжка. Яшчэ цяжэй, чым засяродзіць увагу на бясконцай нуднай працы, было схаваць ад тэлегляда сваё хваляванне. Яму здавалася, што ў жываце ў яго гарыць агонь. Абед у задушлівай, тлумнай, шумнай сталоўцы быў сапраўдным катаваннем. Ён спадзяваўся пабыць адзін пад час перапынку на абед, але, на няшчасце, побач з ім на крэсла пляснуўся бязглузды Парсанс, і рэзкі пах поту амаль перабіў металічны смурод поліўкі. Ён няспынна балбатаў пра падрыхтоўку да Тыдня Нянавісці і асабліва захапляўся двухметровай галавой Вялікага Брата з пап'е-машэ, якая была падрыхтавана для ўрачыстасцяў шпіёнскім атрадам яго дачкі. Ўінстана раздражняла, што ў такой гамане галасоў ён ледзь чуў, што кажа Парсанс, і таму быў увесь час вымушаны прасіць, каб той паўтараў тую ці іншую са сваіх нікому не патрэбных заўваг. Толькі адзін раз ён здолеў кінуць паспешлівы позірк на дзяўчыну, што сядзела ў другім канцы залы за адным столікам з дзвюма сяброўкамі.

Здаецца, яна яго не бачыла, а ён не рызыкнуў яшчэ раз глянуць у тым кірунку.

Па

абедзе зрабілася трохі лягчэй. Якраз надарылася даволі складаная праца, на якую патрабавалася некалькі гадзін, пры гэтым усё астатняе трэба было адкласці ўбок. Ён павінен быў сфальшаваць справаздачы аб прамысловай прадукцыі за два гады такім чынам, каб выклікаць недавер да аднаго важнага сябры Ўнутранай Партыі, які цяпер страціў ласку. Гэта была праца, да якой Ўінстан быў асабліва здатны. І на нейкія дзве гадзіны ён здолеў цалкам выключыць дзяўчыну са сваіх думак. Тады яму зноў прыгадаўся яе твар, і разам з гэтым з'явілася шалёнае, амаль нясцерпнае жаданне пабыць аднаму. Пакуль ён не застанецца адзін, было немагчыма як след падумаць пра гэты новы паварот падзей. Сёння ў яго быў абавязковы вечар у Доме Культуры. Ён праглынуў у сталоўцы нясмачную вячэру і адтуль пайшоў адразу ў Дом Культуры. Там ён узяў удзел ва ўрачыста-бязглуздым сходзе «дыскусійнага клуба», згуляў дзве партыі ў настольны тэніс, кульнуў некалькі шклянак джыну і адседзеў паўгадзінную лекцыю на тэму «Ангсоц і шахматы». У душы ён паміраў ад нудоты, але ўпершыню за нейкі час ён не адчуваў жадання ўцячы з вечара ў Доме Культуры. Словы «Я цябе кахаю» зноў абудзілі ў ім прагу да жыцця, і яму здалося бессэнсоўным дзеля дробязяў падстаўляць сваё жыццё небяспецы. Толькі ў дваццаць тры нуль-нуль, калі ён быў ужо дома і ляжаў у ложку — у цемры, дзе можна нават не баяцца тэлегляда, калі ляжаць ціха, — ён мог нарэшце спакойна паразважаць.

Заставалася вырашыць тэхнічнае пытанне: як звязацца з дзяўчынай і дамовіцца з ёй наконт спаткання? Ён ужо болей не думаў пра тое, што яна хацела паставіць яму пастку. Ён ведаў, што гэта не так, бо яна відавочна хвалявалася, калі перадавала яму сваё пасланне. Напэўна, яна да смерці спалохалася, і гэта зусім зразумела. Ні на хвіліну яму таксама не прыйшло ў галаву адхіліць яе спробу збліжэння. Усяго пяць дзён таму ён у думках разбіваў ёй галаву каменем, але гэта ўжо было не істотна. Ён думаў пра яе пяшчотнае маладое цела, як ён бачыў яе ў сне. Раней яму здавалася, што яна такая самая, як і ўсе іншыя: галава забітая хлуснёй і нянавісцю, а цела — суцэльны кавалак лёду. Гарачка ахапіла яго, калі ён уявіў, што можа страціць яе, што ў яго могуць адабраць гэтае маладое белае цела! Больш за ўсё ён баяўся, што, калі ён зараз жа не паспрабуе завязаць з ёй кантакт, яна можа перадумаць. Але тэхнічныя цяжкасці, звязаныя з сустрэчай, былі надзвычайныя. Гэта было як у шахматах, калі хочаш зрабіць ход пасля таго, як табе ўжо паставілі мат. Куды ні павярніся — адусюль сачылі тэлегляды. Ужо за першыя пяць хвілін пасля таго, як ён прачытаў цыдулку, ён перабраў у думках усе магчымыя спосабы звязацца з ёю. Цяпер, калі ён меў час паразважаць, ён яшчэ раз правяраў іх адзін за адным, быццам раскладаў перад сабой інструменты.

Вядома ж, сустрэча накшталт такой, што адбылася раніцай, болей не магла паўтарыцца. Калі б яна працавала ў аддзеле дакументацыі, дык гэта было б адносна лёгка; але ён меў вельмі цьмянае ўяўленне, у якой частцы вялізнага будынка быў аддзел мастацкай літаратуры, ды ў яго і не было ніякай нагоды туды пайсці. Калі б ён ведаў, дзе яна жыве і а каторай гадзіне выходзіць з працы, тады б ён мог паспрабаваць сустрэць яе па дарозе дадому. Але спроба правесці яе дамоў была небяспечнай, бо прыйшлося б чакаць перад Міністэрствам, а гэта, напэўна, прыцягнула б увагу. Пра ліст па пошце таксама не магло быць гаворкі. Усім было добра вядома, што лісты перад дастаўкай распячатваюцца. Дый цяпер мала хто пісаў лісты. Для паведамленняў, якія час ад часу прыходзілаея рабіць, існавалі адмысловыя паштоўкі з наборам сказаў, з якіх непатрэбныя выкрэсліваліся. Ва ўсялякім разе, ён не ведаў нават імя дзяўчыны, не кажучы ўжо пра адрас. Урэшце, ён прыйшоў да высновы, што самым бяспечным месцам была сталоўка. Калі б яму пашчасціла сесці з ёй адной за столікам дзесьці ў сярэдзіне залы, не надта блізка да тэлеглядаў і сярод шуму галасоў — дык хапіла б і паўхвіліны, каб абмяняцца з ёй параю слоў.

Увесь наступны тыдзень жыццё здавалася яму кашмарным сном. На другі дзень яна з'явілася ў сталоўцы толькі тады, калі яму трэба было выходзіць, бо ўжо прагучала сірэна. Напэўна, яе перавялі ў пазнейшую змену. Яны мінулі адно аднаго, нават не азірнуўшыся. Яшчэ праз дзень яна была ў сталоўцы ў звычайны час, але разам з яшчэ трыма дзяўчынамі і якраз пад самым тэлеглядам. Пасля былі тры жахлівыя дні, калі яна ўвогуле не з'явілася. Яго розум і цела, здавалася, сталі звышадчувальнымі, ён зрабіўся нібы празрысты, і кожны рух, кожны гук, кожны дотык, кожнае слова, што яму прыходзілася вымавіць або пачуць, прыносілі яму смяротныя пакуты. Нават у сне ён не мог цалкам пазбыцца яе вобраза. Гэтымі днямі ён не браўся за дзённік. Калі ён і адчуваў якую палёгку, дык толькі ў працы, калі часам забываў пра свой смутак на цэлыя дзесяць хвілін. Ён не меў аніякага ўяўлення пра тое, што магло стацца з дзяўчынай. Нідзе нельга было пра яе даведацца. Яе маглі выпарыць, яна магла скончыць жыццё самагубствам, яе маглі выслаць у другі канец Акіяніі. Але найгоршым і самым верагодным было тое, што яна магла перадумаць і вырашыць болей з ім не сустракацца.

На другі дзень яна з'явілася зноў. Рука была ўжо без перавязі, толькі стужка пластыру налеплена вакол запясця. Убачыўшы яе, ён адчуў такую палёгку, што не мог стрымацца, каб колькі секунд не паглядзець проста на яе, затрымаўшы позірк. Яшчэ праз дзень яму амаль удалося з ёю пагаварыць. Калі ён прыйшоў у сталоўку, яна сядзела адна за столікам даволі далёка ад сцяны. Было яшчэ рана, і зала была няпоўная. Чарга паволі рухалася наперад, Ўінстан быў ужо каля стала раздачы, але тады чарга на дзве хвіліны спынілася, бо нехта наперадзе пачаў скардзіцца, што не атрымаў свой кавалачак сахарыну. Дзяўчына ўсё яшчэ сядзела адна, калі Ўінстан схапіў свой паднос і пачаў прабівацца да яе століка. Ён ішоў да яе нібы выпадкова, шукаючы вачыма месца недзе ў яе за спінай. Да яе заставалася метры тры. Яшчэ дзве секунды — і ўсё будзе ў парадку. Раптам нехта паклікаў ззаду: «Сміт!» Ён зрабіў выгляд, што не пачуў. «Сміт!» — паўтарыў голас гучней. Нічога не зробіш. Трэба было азірнуцца. Бялявы, дурнаваты на выгляд маладзён, якога звалі Ўілшэр і якога ён амаль не ведаў, радасна запрашаў яго заняць вольнае месца за яго столікам. Было неразумна адмаўляцца. Сустрэўшы знаёмага, ён не мог проста прайсці міма і падсесці за столік да выпадковай дзяўчыны. Гэта б адразу кінулася ў вочы. Прыязна ўсміхнуўшыся, ён сеў. Дурнаваты бялявы твар аж свяціўся, і Ўінстан у думках уяўляў сабе, як ён рубае гэты твар матыкай. Праз некалькі хвілін столік дзяўчыны быў ужо заняты.

Але яна павінна была заўважыць, як ён да яе ішоў, і напэўна зразумела яго намер. На другі дзень ён пастараўся прыйсці раней. Вядома ж, яна сядзела за столікам недалёка ад учорашняга і зноў была адна. Проста перад ім у чарзе стаяў нізенькі, вёрткі, падобны да жука чалавечак з пляскатым тварам і недаверлівымі вочкамі. Калі Ўінстан з падносам у руках адышоў ад стойкі, ён убачыў, што чалавечак прабіваецца да століка, дзе сядзіць дзяўчына. Яго надзеі зноў бурыліся. Было, праўда, яшчэ адно вольнае месца за столікам, што стаяў трохі далей, але чалавечак, відаць, не збіраўся адмовіцца ад бліжэйшага і свабаднейшага століка. Стаіўшы дыханне, Ўінстан ішоў за ім. Ён мог пагаварыць з дзяўчынай толькі сам-насам, інакш усё гэта не мела сэнсу. У гэты момант пачуўся жахлівы грукат. Чалавечак бразнуўся на падлогу, паднос вылецеў у яго з рук, па падлозе расцякліся два ручаі: супу і кавы. Ён устаў, кінуўшы злосны позірк на Ўінстана, пэўна, падазраючы, што той падставіў яму нагу. Але на гэтым усё і скончылася. Праз пяць секунд Ўінстан ужо сядзеў за столікам побач з дзяўчынай. Яго сэрца было гатовае вырвацца з грудзей.

Ён не глядзеў на яе. Адклаўшы ўбок паднос, ён адразу пачаў есці. Аднак было вельмі важна як мага хутчэй загаварыць, пакуль ніхто не падсядзе за столік, але яго ахапіў неадольны страх. Прайшоў тыдзень, як яна ўпершыню звярнулася да яго. Можа, яна паспела за гэты час перадумаць? Так, напэўна, яна перадумала! Было немагчыма, каб усё гэта добра скончылася, у сапраўдным жыцці так не бывае. Можа, ён бы і ўвогуле не вымавіў ні слова, калі б не ўбачыў у гэты момант Эмплфорта, паэта з валасатымі вушамі. Той хадзіў з падносам у руках і бездапаможна разглядаў залу, шукаючы месца. Эмплфорт ставіўся да Ўінстана з нейкай няяснай прыязнасцю і, напэўна, сеў бы за яго столік, калі б яго ўбачыў. Заставалася не больш як хвіліна часу. І Ўінстан і дзяўчына працягвалі старанна есці рэдкую поліўку — фасолевы суп. Ўінстан пачаў размову ціхім шэптам. Ніхто з дваіх не паднімаў вачэй, яны працягвалі чэрпаць лыжкамі вадзяністае рэчыва і абменьваліся ў міжчасе кароткімі, самымі патрэбнымі словамі.

— Калі ў цябе канчаецца праца?

— Васемнаццаць трыццаць.

— Дзе мы можам сустрэцца?

— Плошча Перамогі, каля помніка.

— Там няма дзе схавацца ад тэлеглядаў.

— Нічога, калі ёсць натоўп.

— Ці будзе ў нас які-небудзь знак?

— Не. Не падыходзь, пакуль вакол мяне не набярэцца людзей. І не глядзі на мяне. Толькі стой дзесьці побач.

— Калі?

— Дзевятнаццаць нуль-нуль.

— Згода.

Эмплфорт так і не ўгледзеў Ўінстана і сеў за іншы столік. Аднак Ўінстан і дзяўчына болей не размаўлялі і пазбягалі глядзець адно на аднаго, наколькі гэта было магчыма двум, што сядзяць насупраць за адным столікам. Яна хутка скончыла есці і ўстала з-за стала, а Ўінстан застаўся, каб выпаліць цыгарэту.

Ўінстан прыйшоў на Плошчу Перамогі трошкі раней прызначанага часу. Ён хадзіў вакол падножжа вялізнай калоны, на версе якой статуя Вялікага Брата ўзіралася ў паўдзённае неба, дзе ў Бітве на Ўзлётна-пасадачную паласу No.1 ён перамог эўразійскія самалёты (колькі гадоў таму самалёты былі ўсходазійскія). На вуліцы насупраць стаяў конны помнік — гэта, як меркавалася, была статуя Олівера Кромвела. Прайшло ўжо пяць хвілін, а дзяўчыны ўсё яшчэ не было. Ўінстана зноў ахапіў невыказны страх. Яна не прыйдзе, яна перадумала! Ён павольна прайшоўся да паўночнага боку плошчы і адчуў нейкую шчымлівую радасць, пазнаўшы царкву Святога Марціна, званы якое калісьці адбівалі: «Ты тры фартынгі даць мне павінен». І тады ён убачыў дзяўчыну. Яна стаяла каля помніка і чытала ці ўдавала, што чытае, плакат, закручаны спіраллю вакол калоны. Ён не мог падысці да яе, пакуль не збярэцца болей людзей, бо вакол помніка былі ўсталяваныя тэлегляды. Але ў гэты момант аднекуль злева пачуўся гоман галасоў і цяжкі грукат аўтамабіляў. Раптам здалося, што ўсе пабеглі цераз плошчу. Дзяўчына хутка абышла львоў ля падножжа помніка і пабегла за натоўпам. Ўінстан рушыў за ўсімі. З паасобных выкрыкаў ён зразумеў, што зараз па тым баку плошчы праедзе канвой з эўразійскімі палоннымі.

Поделиться:
Популярные книги

Назад в ссср 6

Дамиров Рафаэль
6. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
6.00
рейтинг книги
Назад в ссср 6

Генерал-адмирал. Тетралогия

Злотников Роман Валерьевич
Генерал-адмирал
Фантастика:
альтернативная история
8.71
рейтинг книги
Генерал-адмирал. Тетралогия

Кровь на эполетах

Дроздов Анатолий Федорович
3. Штуцер и тесак
Фантастика:
альтернативная история
7.60
рейтинг книги
Кровь на эполетах

Ученик. Книга третья

Первухин Андрей Евгеньевич
3. Ученик
Фантастика:
фэнтези
7.64
рейтинг книги
Ученик. Книга третья

Смертник из рода Валевских. Книга 1

Маханенко Василий Михайлович
1. Смертник из рода Валевских
Фантастика:
фэнтези
рпг
аниме
5.40
рейтинг книги
Смертник из рода Валевских. Книга 1

Стеллар. Трибут

Прокофьев Роман Юрьевич
2. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
8.75
рейтинг книги
Стеллар. Трибут

Идеальный мир для Лекаря 9

Сапфир Олег
9. Лекарь
Фантастика:
боевая фантастика
юмористическое фэнтези
6.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 9

Полковник Империи

Ланцов Михаил Алексеевич
3. Безумный Макс
Фантастика:
альтернативная история
6.58
рейтинг книги
Полковник Империи

Ретроградный меркурий

Рам Янка
4. Серьёзные мальчики в форме
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ретроградный меркурий

Леди Малиновой пустоши

Шах Ольга
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.20
рейтинг книги
Леди Малиновой пустоши

Идущий в тени 8

Амврелий Марк
8. Идущий в тени
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Идущий в тени 8

Мимик нового Мира 5

Северный Лис
4. Мимик!
Фантастика:
юмористическая фантастика
постапокалипсис
рпг
5.00
рейтинг книги
Мимик нового Мира 5

Огни Эйнара. Долгожданная

Макушева Магда
1. Эйнар
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
эро литература
5.00
рейтинг книги
Огни Эйнара. Долгожданная

Бывшая жена драконьего военачальника

Найт Алекс
2. Мир Разлома
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бывшая жена драконьего военачальника