1984
Шрифт:
«Калі ёсць надзея, — напісаў ён калісьці ў дзённіку, — дык толькі сярод пролаў». Гэтыя словы не выходзілі з галавы, яны былі нібы сцверджаннем таямнічае ісціны і відавочнае бязглуздзіцы. Ён быў у нейкім закінутым брудным жабрацкім квартале на паўночны ўсход ад колішняга вакзала Сэйнт-Пэнкрас і ішоў па брукаванай вуліцы з маленькімі двухпавярховымі дамкамі паабапал, перакошаныя дзверы якіх адчыняліся адразу на брук. Дамкі гэтыя моцна нагадвалі пацучыныя норы. Сям-там між брыламі бруку стаялі брудныя лужыны. З цёмных брам дамоў і з завулкаў, што з абодвух бакоў выходзілі на вуліцу, цёк туды і сюды незлічоны натоўп людзей — пышныя дзяўчаты з густа нафарбаванымі вуснамі, маладыя хлопцы, што цягнуліся за імі, і азызлыя нязграбныя кабеты, што паказвалі сабой, як будуць выглядаць праз дзесяць гадоў тыя дзяўчаты; апроч іх старыя сагнутыя стварэнні, што
— Так, кажу я ёй, ну добра, хай ужо так, кажу. Але калі б вы былі на маім месцы, вы б зрабілі тое самае, што зрабіла я. Ганіць лёгка, кажу, але ў вас няма гэткага клопату, як у мяне.
— Во і праўда, — адказала другая, — а як жа ж, так і ёсць.
Пранізлівыя галасы раптам сціхлі. Жанчыны разглядалі яго з варожым маўчаннем, пакуль ён не прайшоў. Уласна кажучы, гэта была нават не варожасць, а толькі нешта накшталт асцярожнасці, хвілінная напружанасць, як пры сустрэчы з невядомым зверам. Сіні камбінезон сябры Партыі мог на гэтай вуліцы выглядаць незвычайна. Папраўдзе, было неразумна без пільнай патрэбы паказвацца ў гэткім месцы. Калі б выпадкам надарыўся патруль, ён мог бы затрымаць. «Вашыя дакументы, таварыш? Што вы тут робіце? Калі вы выйшлі з працы? Ці заўсёды вы ходзіце дадому гэтай дарогай?» І гэтак далей, і гэтак далей. Хоць і не было ніякага закону, які забараняў бы ісці дадому інакш, чым звычайнай дарогай, але калі б Паліцыя Думак пра гэта даведалася, гэтага было б дастаткова, каб прыцягнуць да сябе ўвагу.
Раптам уся вуліца ўспудзілася. Адусюль пачалі даносіцца засцярожлівыя крыкі. Людзі, нібы трусы, заскоквалі ў дзверы. Проста перад Ўінстанам нейкая маладая жанчына вылецела з дому, схапіла маленькага хлопчыка, што гуляў у лужыне, загарнула яго ў фартух і скочыла назад у дом, і ўсё гэта адзіным рухам. У той самы момант з бакавога завулка проста на Ўінстана выскачыў чалавек у чорным гарнітуры і ўзрушана паказаў пальцам угору.
— Паравік! — закрычаў ён. — Паберажыся, спадар! Зараз як лясне! Уцякай хутчэй!
«Паравік» — гэтым словам пролы чамусьці называлі ракетныя бомбы. Ўінстан адразу ўпаў ніцма. Пролы амаль ніколі не памыляліся ў сваіх прагнозах. Здавалася, у іх быў нейкі інстынкт, які папярэджваў іх за некалькі секунд, што набліжаецца ракетная бомба, хоць самі бомбы даляталі хутчэй, чым іх гук. Ўінстан закрыў галаву рукамі. Пачуўся страшэнны трэск, здалося, што брук раскалоўся, і цэлы град лёгкіх прадметаў пасыпаўся на спіну Ўінстану. Калі ён падняўся, ён убачыў, што ўвесь абсыпаны асколкамі шкла з бліжэйшых вокнаў.
Ён пайшоў далей. Бомба разбурыла купку дамоў за дзвесце метраў вышэй па вуліцы. Чорны слуп дыму ўзнімаўся ў неба, пад ім стаяла воблака пылу ад тынку. Вакол руінаў ужо сабралася гурма людзей. Перад ім на бруку ляжала кучка тынку, у сярэдзіне якой віднелася пунсовая ручаінка. Калі ён падышоў бліжэй, ён заўважыў, што гэта адарваная да запясця чалавечая рука. Уся кроў з рукі выцекла, і яна нагадвала гіпсавы злепак.
Ён адкінуў руку нагой у канаву і павярнуў направа ў завулак, каб абмінуць натоўп. Праз тры-чатыры хвіліны ён пакінуў раён выбуху за сабою, тут бруднае капашлівае жыццё працягвалася, быццам нічога асаблівага не адбылося. Было ўжо амаль дваццаць гадзін, і ўсе пролаўскія пітныя крамы («пабы», як яны іх называлі) былі перапоўненыя. Праз брудныя закураныя дзверы, што без супыну адчыняліся і зачыняліся, даносіўся пах мачы, пілавіння і кіслага піва. У кутку за выступам фасада стаялі ўсутыч адзін да аднаго тры чалавекі, і той, што стаяў пасярэдзіне, трымаў у руцэ разгорнутую газету, а два астатнія глядзелі яму цераз плячо. Яшчэ перад тым, як падысці дастаткова блізка, каб убачыць выразы іх твараў, Ўінстан заўважыў засяроджанасць у іх паставе. Відаць, яны чыталі нейкае надзвычай важнае паведамленне. Ён мінуў іх і не паспеў прайсці пары крокаў, як група раптоўна распалася, і двое з іх пачалі злосна сварыцца. На нейкі момант здалося, что зараз пачнецца бойка.
— Расчыні свае вушы, калі я табе што кажу! Ніводзін нумар на сем не выйграў ні разу за апошнія чатырнаццаць месяцаў.
— Ды далібог, выйграваў!
— Ну што ты мне кажаш! Я запісваў два гады на паперку. Я заўсёды запісваю ўсе вынікі. Кажу табе, ніводзін нумар, што канчаецца на сем…
— А я кажу, нумар на сем выйграваў! Я магу табе дакладна сказаць нумар, канчалася на 4, 0, 7. Гэта было ў лютым, другі тыдзень лютага.
— Сам ты люты! У мяне ўсё запісана. Кажу табе…
— Заткніся! — сказаў трэці.
Яны гаварылі пра Латарэю. Прайшоўшы трыццаць метраў, Ўінстан азірнуўся. Яны яшчэ спрачаліся з чырвонымі, узрушанымі тварамі. Латарэя з штотыднёвымі выплатамі вялізных выйграшаў была адзінай грамадскай падзеяй, на якую пролы звярталі сур'ёзную ўвагу. Цалкам верагодна, што для мільёнаў пролаў Латарэя была галоўным, калі не адзіным сэнсам існавання. Яна была іх захапленнем, іх вар'яцтвам, іх суцяшэннем, іх духоўным натхненнем. Як толькі справа тычылася Латарэі, людзі, што ледзь маглі чытаць і пісаць, рабіліся здольнымі да найскладанейшых падлікаў і надзвычайных цудаў памяці. Цэлая катэгорыя людзей зарабляла сабе на жыццё выключна продажам сістэм, прагнозаў і абярогаў. Сам Ўінстан не меў ніякага дачынення да Латарэі, арганізаванай Міністэрствам Дастатку, але ён вельмі добра ведаў (у Партыі ўсе гэта ведалі), што выйгрышы збольшага існавалі толькі на паперы. Толькі маленькія сумы выплачваліся ў сапраўднасці, галоўныя ж выйгрышы даставаліся асобам, якіх ніколі не існавала. Зрабіць гэта было няцяжка, бо паміж асобнымі часткамі Акіяніі не існавала ніякай сувязі.
І ўсё ж, калі і была надзея, дык толькі ў пролаў. За гэта трэба было трымацца. На словах гэта гучала разумна, але, калі паглядзець на людзей на вуліцы, тэзіс гэты рабіўся справай веры. Вуліца, на якую ён павярнуў, спускалася з узгорка. Яму здалося, што ён ужо аднойчы быў у гэтым месцы і недзе непадалёку павінна праходзіць галоўная вуліца. Аднекуль спераду да яго данёсся шум галасоў. Вуліца паварочвала і канчалася прыступкамі, што вялі ў вузенькі завулак, у якім стаяла пара латкоў з звялай гароднінай. У гэты момант Ўінстан згадаў, дзе ён быў. Завулак выходзіў на галоўную вуліцу, і за наступным паваротам, менш чым за пяць хвілін адсюль, была антыкварная крама, дзе ён купіў альбом з чыстымі старонкамі, што цяпер быў яго дзённікам. А ў маленькай папяровай краме непадалёк адсюль ён купіў пяро і бутэлечку чарніла.
Ён пастаяў нейкі момант на верхняй прыступцы. На тым баку завулка быў невялічкі брудны шынок, вокны якога выглядалі заледзянелымі, напраўду ж былі пакрытыя тоўстым слоем пылу. Нейкі надта стары чалавек, пахілы ад часу, але яшчэ бадзёры, з белымі вусамі, што тырчалі наперад, як у рака, штуршком расчыніў дзверы і ўвайшоў. Пакуль Ўінстан стаяў і глядзеў, яму ў галаву прыйшла думка, што гэты стары, якому было сама меней восемдзесят гадоў, быў пад час Рэвалюцыі ў самым сталым веку. Ён і нешматлікія іншыя людзі яго пакалення былі апошнім злучвом са светам капіталізму, што знік назаўсёды. У Партыі ўжо амаль не засталося людзей, светапогляд якіх склаўся да Рэвалюцыі. Старэйшыя пакаленні былі знішчаныя пад час вялікіх чыстак 50-х і 60-х гадоў, а тыя нешматлікія, што ацалелі, даўно стэрарызаваныя да поўнай духоўнай пакоры. Калі яшчэ заставаўся хоць адзін жывы чалавек, які б мог паведаміць што-небудзь праўдападобнае пра жыццё ў першай палове стагоддзя, дык гэта мог быць толькі прол. Раптам Ўінстан зноў згадаў урывак, што ён перапісаў з падручніка гісторыі ў свой дзённік, і яго ахапіла вар'яцкае жаданне. Ён зойдзе ў шынок, пазнаёміцца са старым і распытае яго. Ён скажа яму: «Раскажыце мне пра сваё жыццё, пра сваё дзяцінства. Як тады ўсё выглядала? Ці было ўсё лепш, чым цяпер, — ці, можа, горш?»
Хутка, толькі каб не паспець спалохацца, ён спусціўся па прыступках і перайшоў вузкі завулак. Натуральна, гэта было чыстае вар'яцтва. Як заўсёды, не было ніякай канкрэтнай забароны гаварыць з проламі або наведваць іх шынкі, але гэтыя дзеянні былі болей чым нязвыклыя, каб застацца незаўважанымі. Калі б з'явіўся патруль, ён мог бы прыкінуцца, што яму зрабілася блага, але было непраўдападобна, што яму паверылі б. Ён расчыніў дзверы, і жахлівы сырны пах кіслага піва ўдарыў яму ў нос. Калі ён зайшоў, шум галасоў напалову прыцішыўся. Ён адчуваў, як за спінай усе ўтаропіліся ў яго сіні камбінезон. Партыя гульні ў «дроцікі», што адбывалася на другім канцы залы, спынілася на нейкія паўхвіліны. Стары чалавек, за якім ён зайшоў, стаяў каля стойкі і за нешта сварыўся з бармэнам, каржакаватым дзецюком з вялізнымі рукамі. Іншыя стаялі з куфлямі ў руках і назіралі за сцэнай.