1984
Шрифт:
Трэба было дапісаць да канца, трэба было выспаведацца. Пад поўным святлом лямпы ён раптам заўважыў, што жанчына старая. Слой пудры на твары быў такі густы, што, здавалася, мог адваліцца, як маска з кардону. У яе валасах былі сівыя пасмы. Але самае жахлівае было тое, што яе разяўлены рот быў агіднай чорнай адтулінай — у яе зусім не было зубоў. Ён паспешліва запісаў крывымі літарамі:
Пры святле яна выглядала зусім старой жанчынай, як найменей пяцідзесяці гадоў. Але я не спыніўся і ўсё роўна зрабіў тое, дзеля чаго прыйшоў.
Ён зноў націснуў пальцамі на павекі. Урэшце ён дапісаў. Але ўсё было дарма, лекі не дапамаглі. Яму яшчэ мацней, чым перад тым, хацелася на ўвесь голас крычаць брудныя словы.
7
Калі яшчэ і ёсць надзея, напісаў Ўінстон, дык толькі сярод пролаў.
Калі была надзея, дык яна мусіла быць сярод пролаў, бо толькі там, у гэтай вялікай шэрай грамадзе, што складала 85 адсоткаў насельніцтва Акіяніі, магла калісьці нарадзіцца сіла, якая б разбіла Партыю. Знутры было немагчыма разбурыць Партыю. Яе ворагі, калі яны ўвогуле існавалі, не мелі ніякай магчымасці сабрацца
Ён згадаў, як аднойчы ішоў адной люднай вуліцай і пачуў з бліжняга завулка магутны крык тысяч галасоў — жаночых галасоў. Гэта быў жахлівы крык гневу і роспачы, глыбокае гучнае «О-о-о-о!», што адбівалася рэхам, як магутны звон. Яго сэрца замерла. «Пачалося! — падумаў ён. — Народнае паўстанне! Нарэшце пролы абуджаюцца!» Калі ён дайшоў да месца, дык убачыў вялікі натоўп — дзвесце ці трыста жанчын, якія з трагічнымі тварамі, як у пасажыраў карабля, што ідзе на акіянскае дно, збіліся вакол латкоў вулічнага кірмашу. Але ў гэты момант агульная роспач рассыпалася на мноства дробных сварак. Выявілася, што ў адным латку прадаваліся бляшаныя рондалі. Мізэрныя, убогія рэчы, але любы посуд было вельмі цяжка дастаць. Цяпер жа запас вычарпаўся. Жанчыны, якім пашчасціла ўхапіць адну штуку, спрабавалі прабіцца праз натоўп, тым часам як дзесяткі іншых вакол латка крычалі і вінавацілі прадавальніцу, што яна выбірае, каму прадаваць, і сцвярджалі, што ў яе яшчэ недзе ў сховах засталіся рондалі. Пачуўся новы выбух галасоў. Дзве азызлыя жанчыны, адна з іх з раскудлачанымі валасамі, учапіліся ў адзін рондаль і спрабавалі вырваць яго адна ў адной з рук. Яны торгалі кожная сабе, пакуль не адламалася ручка. Ўінстан з агідай назіраў за імі. І ўсё ж якая жахлівая сіла чулася ў гэтым крыку, што вырваўся на нейкі момант з пары соцень глотак! Чаму яны ніколі не крычаць з-за нечага сапраўды важнага?
Ён запісаў:
Пакуль яны не зробяцца свядомымі, яны ніколі не паўстануць, а пакуль яны не паўстануць, яны не змогуць зрабіцца свядомымі.
Фраза амаль як з партыйнага падручніка, падумаў ён. Натуральна, Партыя сцвярджала, што яна вызваліла пролаў з рабства. Да Рэвалюцыі капіталісты няшчадна іх прыгняталі. Мучылі іх голадам і лупцавалі лазою, жанчыны мусілі працаваць у вугальных шахтах (праўду кажучы, жанчыны і дагэтуль працавалі ў вугальных шахтах), дзеці з шасці гадоў прадаваліся на фабрыкі. Але адначасна, у поўнай згодзе з прынцыпамі двухдумства, Партыя вучыла, што пролы ад прыроды — ніжэйшыя стварэнні, з якімі трэба абыходзіцца як з жывёлаю, стасуючы да іх некалькі простых правіл. У сапраўднасці ж пра пролаў вельмі мала было вядома. А шмат і не трэба было ведаць. Пакуль яны працавалі і пладзіліся, усе іншыя іхныя жыццёвыя праявы былі неістотныя. Кінутыя на волю лёсу, як жывёла, што пасвіцца на лугах Аргенціны, яны вярнуліся да натуральнага для іх жыццёвага ладу, перанятага ад продкаў. Яны нараджаліся, вырасталі ў сцёкавых канавах, у дванаццаць гадоў ішлі працаваць, перажывалі кароткую пару фізічнай прыгажосці і пачуццёвых жаданняў, у дваццаць жаніліся, у трыццаць старэлі і ў большасці выпадкаў паміралі да шасцідзесяці гадоў. Цяжкая фізічная праца, клопаты пра дом і дзяцей, дробязныя сваркі з суседзямі, кіно, футбол, піва і асабліва азартныя гульні — вось што запаўняла абсяг іх думкі. Трымаць іх пад кантролем было няцяжка. Пару агентаў Паліцыі Думак увесь час былі сярод іх, каб распускаць фальшывыя чуткі, а таксама вышукваць і ліквідоўваць тых, хто здаваўся ім небяспечным. Аднак не рабілася ніякіх спроб прышчапіць пролам партыйную ідэалогію. Было непажадана, каб яны мелі выразныя палітычныя пачуцці. Ад іх патрабаваўся толькі прымітыўны патрыятызм, да якога можна заклікаць пры патрэбе, каб змусіць іх пагадзіцца з падаўжэннем працоўнага дня або скарачэннем нормаў прадуктаў. І нават калі яны былі нечым незадаволеныя, іх незадаволенасць нікуды не вяла, бо, не маючы кіраўнічае ідэі, яны засяроджвалі яе на паасобных нязначных праблемах. Больш важныя справы непазбежна заставаліся па-за іх увагай. Пераважная большасць пролаў не мела ў кватэры нават тэлегляда. Нават звычайная паліцыя вельмі рэдка ўмешвалася ў іх жыццё. У Лондане існавала шырокая сетка злачыннасці, цэлы свой сусвет зладзеяў, рабаўнікоў, прастытутак, гандляроў наркотыкамі. Але ўсё гэта адбывалася выключна сярод пролаў і таму не мела ніякага значэння. Ва ўсіх пытаннях маралі ім дазвалялася жыць паводле іх старых традыцый. Ім не навязваўся маральны пурытанізм Партыі. Чужаложства не каралася, развод быў дазволены. Была б нават дазволена рэлігія, калі б пролы выказалі ў ёй хоць якую патрэбу або пажаданне. Яны былі па-за падазрэннем. Гэта знаходзіла свой выраз у партыйным лозунгу: «Пролы і жывёлы — свабодныя».
Ўінстан нагнуўся і асцярожна пацёр сваю язву, якая зноў пачала свярбець. Пунктам, да якога непазбежна вярталіся думкі, была немагчымасць даведацца, якім было жыццё да Рэвалюцыі. Ён выцягнуў з шуфляды падручнік гісторыі для школьнікаў, які пазычыў у пані Парсанс, і пачаў перапісваць адтуль у свой дзённік:
У старыя часы, да слаўнай Рэвалюцыі, Лондан не быў такім цудоўным і прыгожым горадам, як цяпер. Гэта была змрочная, брудная, занядбаная мясціна, дзе мала хто еў удосталь, дзе сотні і тысячы, бедных людзей не мелі чаго абуць і не мелі нават даху над галавой, пад якім можна было б спаць. Такія дзеці, як вы, былі вымушаны дванаццаць гадзін на дзень цяжка працаваць на жорсткіх гаспадароў, якія білі іх бізунамі, калі тыя працавалі занадта павольна, і давалі ім есці толькі сухары і ваду. Але сярод гэтай страшэннай убогасці стаяла некалькі вялікіх прыгожых дамоў, у якіх жылі багатыя, што мелі да трыццаці слуг, якія іх даглядалі. Гэтыя багатыя зваліся капіталістамі. Гэта былі тоўстыя, брыдкія людзі са злымі тварамі, як гэта можна бачыць на малюнку. Як вы бачыце, яны насілі доўгі чорны пінжак, які зваўся сурдут, і смешны бліскучы капялюш, падобны да коміна, што зваўся цыліндр. Гэта была ўніформа капіталістаў, і ніхто болей не меў права яе насіць. Капіталістам належала ўсё, што знаходзілася на зямлі, і ўсе астатнія людзі былі іх рабамі. Ім належала ўся зямля, усе дамы, усе заводы і ўсе грошы. Калі нехта іх не слухаўся, яны маглі кінуць яго ў турму або адабраць у яго працу, каб ён памёр з голаду. Калі звычайна чалавек гаварыў з капіталістам, ён мусіў нізка схіляцца і выдыгаць
Але ён ужо ведаў, што будзе далей. Далей пойдуць апісванні біскупаў з батыставымі манжэтамі, суддзяў у гарнастаевых мантыях, ганебнага слупа, кайданоў, катавальнага кола, «дзевяціхвостага ката», банкету лонданскага лорд-мэра і звычаю цалаваць папскі чаравік. Было тут таксама і гэтак званае права першай ночы, пра што, напэўна, няварта было пісаць у школьным падручніку. Гэта быў закон, згодна з якім капіталіст меў права пераспаць з любой жанчынай, што працавала на любой яго фабрыцы.
Адкуль даведацца, колькі ва ўсім гэтым было хлусні? Можа, і праўда, што звычайнаму чалавеку сёння жылося лепей, чым да Рэвалюцыі. Адзіным сведчаннем супраць гэтага быў глухі пратэст уласных костак, інстынктыўнае адчуванне, што цяперашнія ўмовы жыцця былі невыносныя і раней мусіла быць іначай. Ён адзначыў, што сапраўднай адметнасцю цяперашняга жыцця была не жорсткасць і небяспечнасць, а проста яго нікчэмнасць, яго ўбогасць, яго абыякавасць. Калі азірнуцца навокал, можна было заўважыць, што жыццё не толькі не мела нічога агульнага з той хлуснёй, што валіла патокам з тэлегляда, але нават не адпавядала ідэалам, вызначаным Партыяй. Большая частка жыцця нават сябры Партыі праходзіла нейтральна і апалітычна і складалася з клопатаў пра тое, як захапіць месца ў метро, як зацыраваць падраную шкарпэтку, як выпрасіць пару таблетак сахарыну звыш убогай нормы, як захаваць недакурак. Ідэалам, да якога імкнулася Партыя, было нешта вялізнае, пагрозлівае, бліскучае — свет са сталі і бетону, свет гіганцкіх машын і грознай зброі, нацыя воінаў і фанатыкаў, якія б маршыравалі наперад у дасканалай еднасці, думаючы аднолькавыя думкі і крычучы аднолькавыя лозунгі; свет, дзе ўсе б няспынна працавалі, змагаліся, перамагалі, пераследавалі — трыста мільёнаў чалавек, усе на адзін твар. А ў сапраўднасці існавалі гарады, што паволі ператвараліся ў руіны, па вуліцах сноўдаліся галодныя людзі ў дзіравых чаравіках, людзі гэтыя жылі ў абы-як адрамантаваных дамах дзевятнаццатага стагоддзя, дзе заўсёды смярдзела капустай і сапсаванымі прыбіральнямі. Лондан здаваўся яму вялізным горадам-руінай, горадам мільёна сметнікаў, і на гэтым фоне ён бачыў вобраз пані Парсанс, жанчыны з маршчыністым тварам і раскудлачанымі валасамі, якая бездапаможна корпаецца ў засмечанай ракавіне.
Ён нагнуўся і зноў пачухаў нагу. Удзень і ўночы тэлегляды забівалі галаву лічбамі, з якіх вынікала, што людзі цяпер маюць болей ежы, болей адзення, лепшыя кватэры і лепшыя забавы; што яны жывуць даўжэй, што іх працоўны дзень карацейшы, што яны вышэйшыя, здаравейшыя, мацнейшыя, шчаслівейшыя, разумнейшыя, адукаванейшыя, чым пяцьдзесят гадоў таму. Пры гэтым ніводнае слова нельга было ні пацвердзіць, ні абвергнуць. Партыя, напрыклад, сцвярджала, што цяпер 40 адсоткаў дарослых пролаў маглі чытаць і пісаць. Да Рэвалюцыі ж, як сцвярджалася, гэтая лічба складала толькі 15 адсоткаў. Партыя сцвярджала, што дзіцячая смяротнасць складала цяпер толькі 160 на тысячу, тым часам як да Рэвалюцыі — 300, і гэтак далей. Гэта было як адно ўраўненне з двума невядомымі. Цалкам магчыма, што літаральна кожнае слова ў падручніках гісторыі, нават тое, што прымалася без ніякіх сумненняў, проста прыдуманае. Такі закон, як права першай ночы, такая істота, як капіталіст, ці такі ўбор, як цыліндр, маглі і ўвогуле ніколі не існаваць.
Усё расплывалася ў тумане. Мінулае знішчалася, факт знішчэння забываўся, хлусня рабілася праўдай. Толькі аднойчы ў жыцці — пасля самой падзеі, што вельмі істотна, — ён меў відавочны і бясспрэчны доказ фальшавання. Ён трымаў яго ў руках цэлыя трыццаць секунд. Гэта было недзе ў 1973 годзе — прыблізна тады, калі яны разышліся з Кэтрын. Але дата, якой датычыўся гэты доказ, адстаяла ў часе яшчэ не сем ці восем гадоў раней.
Уласна кажучы, гэтая гісторыя сягае пачаткамі ў сярэдзіну 60-х гадоў, час вялікіх чыстак, калі былыя правадыры Рэвалюцыі раз і назаўсёды былі зліквідаваныя. Недзе каля 1970 года нікога з іх ужо не засталося, акрамя самога Вялікага Брата. Усе астатнія былі тым часам выкрытыя як здраднікі і контррэвалюцыянеры. Гольдштэйн паспеў уцячы і недзе схаваўся, з іншых некаторыя проста зніклі, а большасць была пакараная смерцю пасля сенсацыйных паказальных працэсаў, дзе яны прызналіся ў сваіх злачынствах. Сярод апошніх ацалелых былі тры чалавекі — Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Каля 1965 года гэтых трох таксама арыштавалі. Як часта здаралася, яны зніклі на нейкі год ці болей, так, што было невядома, ці яны яшчэ жылі, а тады зноў нечакана з'явіліся і, як звычайна, выступілі з самаабвінавачаннямі. Яны прызналі сябе вінаватымі ў змове з ворагам (тады таксама ворагам была Эўразія), у растраце грамадскіх грошай, у забойстве некаторых старых сябраў Партыі, у змове супраць Вялікага Брата, якую яны рыхтавалі яшчэ задоўга да Рэвалюцыі, і ўрэшце ў актах сабатажу, якія пацягнулі за сабой смерць сотняў тысяч людзей. Пасля гэткіх прызнанняў ім даравалі віну, аднавілі ў Партыі і даверылі пасады з гучнымі назвамі, якія ў сапраўднасці былі толькі сінекурай. Усе трое надрукавалі ў «Таймз» аб'ёмныя нізкапаклонныя артыкулы, дзе падрабязна тлумачылі прычыны сваёй здрады і абяцалі выправіцца.
Праз нейкі час пасля іх вызвалення Ўінстан нават сустрэў усіх трох у кавярні «Каштан». Ён памятаў тое пачуццё страху і захаплення, з якім ён скоса на іх пазіраў. Яны былі значна старэйшыя за яго, гэтыя рэшткі мінулага свету, амаль апошнія вялікія постаці з гераічных часоў нараджэння Партыі. Вакол іх яшчэ трымаўся арэол герояў падпольнага руху і грамадзянскай вайны. У яго з'явілася пачуццё — хоць ужо і тады пачалі блытацца факты і даты, — што ён ведаў іх імёны яшчэ раней за імя Вялікага Брата. Але ў той самы час яны былі адрынутыя, ворагі Партыі, якім з абсалютнай пэўнасцю праз год або два пагражала знішчэнне. Ніводнаму чалавеку, які хоць раз трапляў у рукі Паліцыі Думак, не ўдавалася выбавіцца ад яе назаўсёды. Яны былі жывыя мерцвякі, што чакалі часу, каб сысці ў магілу.
Усе столікі побач з імі былі пустыя. Было б вялікай неасцярожнасцю сесці блізка да такіх людзей. Яны сядзелі моўчкі, перад імі стаялі шклянкі з джынам, прыпраўленым гваздзікай — гэта быў фірменны напой кавярні. Найбольшае ўражанне зрабіў на Ўінстана выгляд Радэрфорда. Раней Радэрфорд быў вядомым карыкатурыстам, яго бязлітасныя малюнкі да Рэвалюцыі і пад час яе спрыялі актывізацыі грамадскай думкі. Нават яшчэ і цяпер у «Таймз» часам з'яўляліся яго карыкатуры. Але яны былі толькі імітацыяй яго ранейшай манеры і заставаліся надзіва нежывымі і непераканаўчымі. Гэта было вечнае перабіранне старых тэм: убогія кватэры, галодныя дзеці, вулічныя бойкі, капіталісты ў цыліндрах — нават на барыкадах капіталісты чапляліся за свае цыліндры, — бясконцыя безнадзейныя спробы зноў аджывіць мінулае. Гэта быў нязграбны высокі чалавек з тлустымі сівымі валасамі, прышчавым азызлым тварам і тоўстымі, як у мурына, губамі. Напэўна, некалі ён быў страшэнна дужы; цяпер жа яго цяжкае цела было сагнутае, разбітае, распоўзлае. Здавалася, што ён рассыпаецца на вачах, як гара пяску.