Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

І сапраўды, думаў ён, выпраўляючы лічбы Міністэрства Дастатку, гэта было нават не фальшаванне. Проста адну бязглуздзіцу замянялі на другую. Матэрыял, які трэба было перарабіць, у большасці выпадкаў не меў нічога агульнага з рэчаіснасцю. Лічбы ў першапачатковым варыянце былі гэткім жа прадуктам фантазіі, як і выпраўленні. Часцей за ўсё іх проста выдумлялі. Напрыклад, Міністэрства Дастатку ў сваіх прагнозах прадугледжвала, што выпуск ботаў за квартал складзе 145 мільёнаў пар. Паводле фактычных дадзеных, было выпушчана 62 мільёны. Перапісваючы прагнозы, Ўінстан, аднак, зменшыў лічбу да 57 мільёнаў, каб стварыць падставы для звычайнага сцверджання, што план быў перавыкананы. Аднак 62 мільёны былі не бліжэй да рэчаіснасці, чым 57 або 145 мільёнаў. Вельмі верагодна, што ўвогуле не было выпушчана ніводнага бота. Яшчэ верагодней было тое, што ніхто не ведаў, колькі ботаў выпушчана, не кажучы ўжо пра тое, што гэта нікога не цікавіла. Вядома было толькі, што на паперы за квартал выпушчана астранамічная колькасць ботаў, тым часам як, можа, палова насельніцтва Акіяніі хадзіла босая. І гэтак было з кожным дакументальна

зафіксаваным фактам, незалежна ад яго важнасці. Усё расплывалася ў нейкім свеце ценяў, дзе ўрэшце нават даты сталі няпэўнымі.

Ўінстан кінуў позірк праз залу. У гэткай самай нішы-кабінеце з другога боку працаваў Тылатсан, маленькі педантычны чалавек са скамячанай газетай на каленях, з мікрафонам мовапіса каля самага рота. Ён трымаўся так, быццам тое, што ён казаў, мусіла застацца таямніцай паміж ім і тэлеглядам. Ён падняў вочы, і яго акуляры варожа бліснулі.

Ўінстан мала ведаў Тылатсана і не меў ніякага ўяўлення, чым ён займаецца. Людзі ў аддзеле дакументацыі не любілі гаварыць пра сваю працу. У вялікай зале без вокнаў з двума радамі нішаў, з заўсёдным шамаценнем паперы і ціхім гоманам галасоў, што дыктавалі на мовапісы, было з дзесятак людзей, якіх Ўінстан не ведаў нават па імёнах, хоць і бачыў іх штодня, калі яны паспешліва снавалі сюды-туды па калідоры або махалі рукамі пад час Двуххвілінкі Нянавісці. Ён ведаў, што ў суседняй нішы маленькая жанчына з пясочнымі валасамі дзень пры дні корпалася ў прэсе, вышукваючы і выкрэсліваючы імёны людзей, што былі выпараныя, і гэткім чынам выходзіла, нібыта яны ніколі не існавалі. І чамусьці не здавалася недарэчным, што ўсяго толькі пару гадоў таму быў выпараны яе муж. За пару нішаў ад Ўінстана сядзеў рахманы, няўдачлівы, летуценны чалавек, якога звалі Эмплфорт. Ён меў парослыя шчэццю вушы і нязвыклы талент штукарыць з рыфмамі і строфамі і таму займаўся прадукаваннем перакручаных варыянтаў — гэтак званых канчатковых тэкстаў — вершаў, якія зрабіліся ідэалагічна шкоднымі, але з той ці іншай прычыны пакідаліся ў хрэстаматыях. А ўвогуле гэтая зала, дзе працавала каля пяцідзесяці чалавек, была толькі падсекцыяй, асобнай камерай у велізарным корпусе аддзела дакументацыі. Побач, зверху і знізу ад іх працавалі іншыя натоўпы службоўцаў, самых разнастайных спецыялістаў. Там былі гіганцкія друкарні з рэдактарамі і друкарамі, былі адмыслова абсталяваныя студыі, у якіх падрабляліся фотаздымкі. Там была секцыя тэлепраграм са сваімі тэхнікамі, аператарамі і групамі актораў, якіх адмыслова набіралі з улікам іх імітатарскіх здольнасцяў. Там быў цэлы тлум бібліятэкараў, якія займаліся толькі тым, што складалі спісы кніг і часопісаў, што падлягалі канфіскацыі. Там былі вялізныя печы, дзе знішчалі першапачатковыя выданні. І недзе ў патаемным месцы сядзеў мазгавы цэнтр, які ўсё выпраўляў і вызначаў галоўную палітычную лінію, згодна з якою той фрагмент мінулага захоўваўся, гэты фальшаваўся, а яшчэ нейкі ўвогуле пераставаў існаваць.

І разам з тым аддзел дакументацыі быў толькі адным асобным адгалінаваннем Міністэрства Праўды, галоўная задача якога палягала не ў тым, каб перапісваць мінулае, а каб забяспечваць грамадзян Акіяніі газетамі, фільмамі, падручнікамі, тэлепраграмамі, тэатральнымі п'есамі, раманамі, карацей кажучы, усімі магчымымі відамі інфармацыі, навучання і забаў, ад помнікаў да лозунгаў, ад лірычных вершаў да біялагічных трактатаў, ад дзіцячых лемантароў да слоўнікаў навамоўя. І Міністэрства мусіла задавальняць не толькі разнастайныя патрэбы Партыі, але і паўтараць увесь вытворчы працэс на ніжэйшым узроўні для патрэбаў пралетарыяту. Быў цэлы шэраг асобных аддзелаў, якія адмыслова займаліся пралетарскай літаратурай, музыкай, тэатрам і забавамі. Тут фабрыкавалі бульварныя газеткі, у якіх пісалася толькі пра спорт, злачынствы і гараскопы, танна-задзірлівыя 5-цэнтавыя нізкапробныя выданні, поўныя сексу фільмы і сентыментальныя песні, што складалі цалкам механічна, з дапамогай адмысловага калейдаскопа, гэтак званага версіфікатара. Была нават цэлая падсекцыя — Порнасек на навамоўі — што фабрыкавала найбруднейшую парнаграфію, якую пасля рассылалі ў запячатаных пакетах і якую не меў права бачыць ніводзін сябра Партыі, апрача тых, хто займаўся яе вырабам.

Пакуль Ўінстан працаваў, з трубкі пнеўматычнай пошты выпала яшчэ тры паведамленні. Гаворка ішла аб простых рэчах, і ён паспеў скончыць з імі да пачатку Двуххвілінкі Нянавісці. Калі Нянавісць скончылася, ён вярнуўся ў сваю нішу, узяў з паліцы слоўнік навамоўя, адсунуў убок мовапіс, працёр акуляры і ўзяўся за галоўную справу сённяшняй раніцы.

Найвялікшай Ўінстанавай радасцю ў жыцці была яго праца. Хоць у большасці выпадкаў яму даводзілася сутыкацца з нуднымі штодзённымі справамі, усё ж сярод іх трапляліся такія цяжкія і мудрагелістыя заданні, што можна было патануць у іх, як у глыбінях якой-небудзь складанай матэматычнай праблемы, — адмысловыя фальшаванні, рабіць якія можна было толькі добра разумеючы прынцыпы Ангсоцу і патрабаванні Партыі. Ўінстан меў талент на гэткія справы. Час ад часу яму нават даручалі выпраўляць перадавіцы «Таймз», якія былі цалкам напісаныя навамоўем. Ён разгарнуў паведамленне, якое раніцай адклаў убок. Там было напісана:

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюнядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

На старамоўе гэта можна было перакласці так:

Паведамленне пра Загад дня Вялікага Брата ў Таймз ад 3 снежня 1983 года вельмі незадавальняючае і згадвае неіснуючых асоб. Перапішыце яго цалкам і накіруйце ваш папярэдні варыянт у вышэйшыя інстанцыі, перш чым здаць у архіў.

Ўінстан прачытаў забракаваны артыкул. Загад дня Вялікага Брата быў у асноўным прысвечаны выхваленню дзейнасці арганізацыі, вядомай пад назвай ПКЦР, якая

забяспечвала матросаў Плывучых Крэпасцяў цыгарэтамі і рыштункам. Нейкі таварыш Ўідэрз, дзеяч Унутранай Партыі, быў згаданы па імені і ўзнагароджаны Ордэнам за Асаблівыя Заслугі другой ступені.

Праз тры месяцы ПКЦР была нечакана распушчана без абвяшчэння прычыны. Можна было меркаваць, што Ўідэрз і кампанія цяпер страцілі ласку, аднак ні газеты, ні тэлегляд пра гэта нічога не паведамлялі. І ў гэтым не было нічога дзіўнага, бо звычайна палітычных злачынцаў не судзілі і публічна не абвінавачвалі. Вялікія чысткі, што закраналі тысячы людзей, з публічнымі працэсамі над здраднікамі і думзлачынцамі, якія складалі прызнанні аб сваіх нялюдскіх злачынствах, былі адмысловымі відовішчамі і адбываліся не часцей, чым раз на некалькі гадоў. Звычайна ж людзі, якія выклікалі незадавальненне ў Партыі, проста знікалі, і пасля ўжо ніхто пра іх ніколі нічога не чуў. Ніколі не заставалася нават найменшай згадкі пра тое, што з імі сталася. У некаторых выпадках яны нават заставаліся жывыя. Прыблізна трыццаць чалавек, якіх Ўінстан асабіста ведаў, не лічачы яго бацькоў, зніклі якраз такім чынам.

Ўінстан пацёр сашчэпкай нос. У нішы па той бок прахода сядзеў таварыш Тылатсан, які яшчэ ніжэй сагнуўся над сваім мовапісам. На імгненне ён падняў галаву — зноў варожа бліснулі акуляры. Ўінстан падумаў, ці не займаецца таварыш Тылатсан той самай працай, што і ён. Гэта было цалкам магчыма. Гэткае складанае заданне ніколі б не даверылі толькі аднаму выканаўцу, з другога ж боку, перадаць гэтую працу цэлай камісіі было б раўназначна публічнаму прызнанню ў тым, што трэба зрабіць фальсіфікацыю. Вельмі верагодна, што з дзесятак людзей шчыравала цяпер над тым, каб найлепшым чынам перапісаць прамову Вялікага Брата. А пасля нейкі «мозг» з Унутранай Партыі выбера той або іншы варыянт, выдасць яго нанова і пусціць у ход складаны механізм неабходных выпраўленняў у іншых галінах, пасля чаго старанна апрацаваная хлусня пойдзе ў архіў і зробіцца праўдай.

Ўінстан не ведаў, чаму Ўідэрз страціў ласку. Можа, праз хабарніцтва, можа, праз некампетэнтнасць. Можа, Вялікі Брат хацеў толькі пазбавіцца ад занадта папулярнага падначаленага. Можа, Ўідэрз або нехта з блізкіх яму людзей выказаў нейкія шкодныя погляды. Ці, можа, — і гэта самае верагоднае — усё адбылося толькі таму, што кампаніі чыстак і выпарэнняў былі мерапрыемствамі, неабходнымі для падтрымання жыццядзейнасці дзяржаўнага механізму. Адзіны ключ да разгадкі быў у словах «называе нечалавекаў» — гэта сведчыла пра тое, што Ўідэрз быў ужо мёртвым. Нельга было напэўна сцвярджаць, што гэтак канчалі арыштаваныя людзі. Часам іх зноў выпускалі і давалі жыць яшчэ год ці два на волі і толькі тады каралі смерцю. Зусім нечакана чалавек, якога даўно лічылі мёртвым, з'яўляўся, нібы прывід, на публічным судовым працэсе, дзе паспяваў выдаць у сваіх паказаннях сотні іншых людзей, перш чым, гэты раз ужо назаўсёды, знікнуць са свету. Ўідэрз, аднак, быў ужо нечалавек. Ён не існаваў: ён не існаваў ніколі. Ўінстан вырашыў, што недастаткова проста змяніць кірунак прамовы Вялікага Брата. Лепей, каб яна ўвогуле не мела нічога агульнага з першапачатковай тэмай.

Ён мог ператварыць прамову ў звычайнае абвінавачанне здраднікаў і думзлачынцаў, але гэта было б занадта проста. З другога боку, ён задаў бы шмат працы аддзелу дакументацыі, калі б апісаў перамогу на фронце ці бліскучае перавыкананне планаў Дзевятай Трохгодкі. Найлепей прыдалася б чыстая фантазія. І ён уявіў сабе, як жывога, нейкага міфічнага таварыша Огілві, які нядаўна ў гераічных абставінах загінуў у баі. Часам здаралася, што Вялікі Брат прысвячаў свой Загад дня памяці якому-небудзь простаму сябру Партыі, жыццё і смерць якога ён паказваў як прыклад, варты наследавання. Такім чынам, 3 снежня ён павінен быў згадаць пра таварыша Огілві. Хоць чалавека з такім імем і не існавала, аднак некалькі друкаваных радкоў і пара падробленых здымкаў маглі хутка і без цяжкасці яго ажывіць.

Ўінстан хвілінку паразважаў, пасля падсунуў да сябе мовапіс і пачаў дыктаваць у добра вядомым стылі Вялікага Брата. Стыль гэты, адначасна ваяўнічы і педантычны, лёгка было падрабідь дзякуючы звычцы Вялікага Брата ставіць пытанні і адразу на іх адказваць («Які ўрок атрымліваем мы з гэтага, таварышы? Той урок, які таксама ёсць адным з асноўных прынцыпаў Ангсоцу, а менавіта —…»).

У тры гады таварыш Огілві адмовіўся ад усіх цацак, акрамя барабана, аўтамата і верталёта. У шэсць гадоў ён дзякуючы асобнаму дазволу на год раней, чым прадугледжвае статут, уступіў у Шпіёны, у дзевяць гадоў ён стаў важатым групы. У адзінаццаць гадоў ён выдаў Паліцыі Думак свайго дзядзьку, адчуўшы пад час адной размовы, што той выяўляе нездаровыя тэндэнцыі. У семнаццаць гадоў ён стаў акруговым старшынёй Антысексуальнага Саюза Моладзі. У дзевятнаццаць ён вынайшаў ручную гранату, якая была прынята на ўзбраенне Міністэрствам Міру і пад час першага выпрабавання забіла адным выбухам трыццаць аднаго эўразійскага палоннага. У дваццаць тры ён загінуў у баі. Ратуючыся ад варожых рэактыўрых знішчальнікаў, што праследавалі яго, калі ён ляцеў праз Індыйскі акіян з важнымі дэпешамі, ён скочыў з самалёта ў мора разам з дэпешамі, захапіўшы дзеля вагі бартавы кулямёт, каб адразу пайсці на дно, — гэткай смерці, сказаў Вялікі Брат, можна толькі пазайздросціць. Вялікі Брат дадаў яшчэ колькі слоў пра сумленне і беззаганнае жыццё таварыша Огілві. Ён ніколі ў жыцці не піў і не паліў, не ведаў іншага адпачынку, акрамя штодзённай трэніроўкі на спортпляцоўцы, і склаў абяцанне застацца нежанатым, бо лічыў шлюбныя і сямейныя клопаты несумяшчальнымі з штодзённай дваццацічатырохгадзіннай адданасцю абавязку. Ён не меў ніякіх іншых тэм для размовы, акрамя прынцыпаў Ангсоцу, і ніякай іншай жыццёвай мэты, акрамя знішчэння эўразійскіх ворагаў і абясшкоднення шпіёнаў, сабатажнікаў, думзлачынцаў і ўсіх іншых здраднікаў і падазроных элементаў.

Поделиться:
Популярные книги

Кровь Василиска

Тайниковский
1. Кровь Василиска
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
4.25
рейтинг книги
Кровь Василиска

Венецианский купец

Распопов Дмитрий Викторович
1. Венецианский купец
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
альтернативная история
7.31
рейтинг книги
Венецианский купец

Сопряжение 9

Астахов Евгений Евгеньевич
9. Сопряжение
Фантастика:
боевая фантастика
постапокалипсис
технофэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
Сопряжение 9

На три фронта

Бредвик Алекс
3. Иной
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.00
рейтинг книги
На три фронта

Авиатор: назад в СССР 11

Дорин Михаил
11. Покоряя небо
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Авиатор: назад в СССР 11

Санек

Седой Василий
1. Санек
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
4.00
рейтинг книги
Санек

Лорд Системы 8

Токсик Саша
8. Лорд Системы
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
рпг
5.00
рейтинг книги
Лорд Системы 8

Мерзавец

Шагаева Наталья
3. Братья Майоровы
Любовные романы:
современные любовные романы
эро литература
короткие любовные романы
5.00
рейтинг книги
Мерзавец

Игра топа. Между двух огней

Вяч Павел
2. Игра топа
Фантастика:
фэнтези
7.57
рейтинг книги
Игра топа. Между двух огней

Провинциал. Книга 2

Лопарев Игорь Викторович
2. Провинциал
Фантастика:
космическая фантастика
рпг
аниме
5.00
рейтинг книги
Провинциал. Книга 2

Идущий в тени 6

Амврелий Марк
6. Идущий в тени
Фантастика:
фэнтези
рпг
5.57
рейтинг книги
Идущий в тени 6

На границе империй. Том 9. Часть 4

INDIGO
17. Фортуна дама переменчивая
Фантастика:
космическая фантастика
попаданцы
5.00
рейтинг книги
На границе империй. Том 9. Часть 4

Крестоносец

Ланцов Михаил Алексеевич
7. Помещик
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Крестоносец

Идеальный мир для Лекаря 10

Сапфир Олег
10. Лекарь
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Идеальный мир для Лекаря 10