Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Не трэба было ім верыць. Я ж заўсёды казаў, ці ж не так? Усё гэта з-за таго, што мы ім верылі. Я заўсёды казаў. Не трэба было верыць гэтым нягоднікам.

Але якім нягоднікам не трэба было верыць, пра гэта Ўінстан цяпер ужо не мог прыгадаць.

І якраз з таго часу вайна літаральна зрабілася штодзённай з'явай, хоць, уласна кажучы, гэта ўжо была не заўсёды тая самая вайна. Калі ён быў малы, у самім Лондане некалькі месяцаў ішлі зацятыя вулічныя баі, пра некаторыя з іх ён яшчэ вельмі добра памятаў. Але дакладна прасачыць цяг гістарычных падзей і сказаць, хто тады з кім ваяваў, зрабілася цалкам немагчыма, бо ніякія пісьмовыя дакументы, ніякая вусная традыцыя ніколі не згадвалі іншага стану рэчаў, чым той, што існаваў цяпер. Так, напрыклад, у гэты момант, у 1984 годзе (калі цяпер і праўда быў 1984 год), Акіянія была ў стане вайны з Эўразіяй і ў альянсе з Усходазіяй. Ні ў адным публічным або прыватным паведамленні ніколі не дапускалася, каб гэтыя тры дзяржавы былі калі-небудзь у нейкіх іншых адносінах адна да аднае. У сапраўднасці ж, і Ўінстан добра гэта ведаў, усяго толькі чатыры гады таму Акіянія ваявала з Усходазіяй і мела Эўразію за саюзніка. Але гэта быў толькі пробліск гістарычнага

ведання, які быў магчымы толькі таму, што яго памяць не была як след кантраляваная. Афіцыйна ж ніякіх змен у камбінацыі партнёраў і ворагаў ніколі не адбывалася. Акіянія вяла вайну з Эўразіяй — значыць, Акіянія ваявала з Эўразіяй заўсёды і ва ўсе часы. Цяперашні вораг заўсёды быў увасабленнем зла, і з гэтага вынікала, што ўсялякае пагадненне з ім у мінулым або ў будучым было немагчымае.

Страшнейшым за ўсё было тое — дзесяцітысячны раз адзначаў сабе Ўінстан, балюча напружваючы плечы (яны рабілі цяпер нахілы тулавам — практыкаванне, што ўмацоўвае мышцы спіны), — страшнейшым за ўсё было тое, што ўсё гэта магло быць праўдай. Калі ўжо Партыя магла гэтак умешвацца ў мінулае і сцвярджаць пра тую або іншую падзею, што яна ніколі не адбывалася, — ці не было гэта страшнейшым за катаванні і смерць?

Партыя казала, што Акіянія ніколі не была саюзнікам Эўразіі. Ён, Ўінстан Сміт, ведаў, што Акіянія не даўней як усяго чатыры гады таму была ў альянсе з Эўразіяй. Але дзе існавала гэтае веданне? Толькі ў яго свядомасці, якая ў хуткім часе непазбежна расцярушыцца на пыл. І калі ўсе іншыя верылі ў ману, якую навязвала Партыя, калі ўсе пісьмовыя запісы падзей гучалі аднолькава, тады мана ўваходзіла ў гісторыю і рабілася праўдай. «Хто кантралюе мінуўшчыну — той кантралюе будучыню, хто кантралюе цяпер — той кантралюе мінуўшчыну», — гучаў партыйны лозунг. І ўсё ж мінуўшчына, якой бы зменлівай ад прыроды яна ні была, ніколі не мянялася. Сённяшняя ісціна была ісцінай спрадвеку і назаўсёды. Гэта было вельмі проста. Патрэбная была толькі няспынная чарада перамог над уласнаю памяццю. Гэта называлася «кантроль рэчаіснасці», або на навамоўі — «двухдумства».

— Вольна! — гыркнула трэнерка ўжо трохі прыязней.

Ўінстан апусціў рукі і павольна набраў у лёгкія паветра. Яго думкі блукалі ў заблытаным сусвеце двухдумства. Ведаць і не ведаць; быць упэўненым у сваёй праўдзівасці, расказваючы старанна збудаваную ману; адначасна падтрымліваць два ўзаемавыключальныя меркаванні, ведаць, што яны супярэчаць адно аднаму, і верыць у абодва; абвяргаць логіку логікай; адкідаць мараль, адначасна ёю прыкрываючыся; верыць, што дэмакратыя немагчымая і што Партыя, аднак, ёсць аплот дэмакратыі; забыцца на тое, на што цябе вымушаюць забыцца, каб пасля, калі будзе трэба, зноў успомніць пра гэта, аднавіць забытае ў памяці, а пасля зноў старанна забыцца; і перадусім — выкарыстоўваць супраць ужытага прыёму той самы прыём. У гэтым была найвялікшая хітрасць: свядома прыкрывацца несвядомасцю і рабіць выгляд, што не заўважыў толькі што праведзенага табою сеансу гіпнозу. Нават каб зразумець слова «двухдумства», трэба было ўжыць двухдумства. Трэнерка зноў скамандавала «смірна». — А зараз ну-тка паглядзім, хто з нас можа дастаць пальцы на нагах! — вымавіла яна з падкрэсленай бадзёрасцю. — У поясе са-гнуцца! Раз — два! Раз — два!..

Ўінстан ненавідзеў гэтае практыкаванне, бо яно прычыняла нясцерпны боль у нагах ад пят да азадка і часта канчалася новым прыступам кашлю. Яго пакінулі ўсе хоць колькі прыемныя думкі. Мінуўшчына, падумаў ён, не толькі мянялася, яна проста знішчалася. Бо як можна было пацвердзіць нават самыя відавочныя факты, калі пра іх не было ніякай інфармацыі, акрамя сваіх успамінаў? Ён паспрабаваў прыгадаць, у якім годзе ён упершыню пачуў пра Вялікага Брата. Яму здавалася, што гэта было ў 60-я гады, але ён не мог ведаць напэўна. Вядома ж, згодна з партыйным выкладам гісторыі, Вялікі Брат выступаў як правадыр і вартавы Рэвалюцыі ад самых яе вытокаў. Яго подзвігі паступова адсоўваліся назад у часе, пакуль не дасягнулі міфічнага свету саракавых і трыццатых гадоў, калі капіталісты ў сваіх дзівосных цыліндрычных капелюшах яшчэ ездзілі па вуліцах Лондана ў сваіх бліскучых аўтамабілях або экіпажах з бакавымі вокнамі. Ніхто не ведаў, колькі ў гэтай легендзе было праўды, а колькі прыдуманага. Ўінстан не мог нават прыгадаць, калі ўпершыню з'явілася на свет сама Партыя. Яму здавалася, што да 1960 года ён ніколі не чуў слова «Ангсоц», але, магчыма, яно ўжывалася і раней у сваёй старамоўнай форме — «Ангельскі Сацыялізм». Усё расплывалася ў тумане. Але часам можна было заўважыць відавочную хлусню. Напрыклад, было няпраўдай — хоць гэта і сцвярджалася ў падручніках гісторыі Партыі, — што Партыя вынайшла самалёты. Ён помніў, што бачыў самалёты яшчэ ў далёкім маленстве. Але давесці гэта было немагчыма. Не было ніякіх доказаў. Толькі аднойчы ў сваім жыцці ён трымаў у сваіх руках відавочны дакументальны доказ фальсіфікацыі гісторыі. Гэта было тады, калі…

— Сміт! — закрычаў ядавіты голас з тэлегляда. — 6079, Сміт У.! Так, вы! Ніжэй нахіляцца. Вы можаце рабіць значна лепей, чым робіце цяпер. Вы не стараецеся. Ніжэй, калі ласка! Так ужо лепей, таварыш Сміт. Вольна! Паглядзіце ўсе на мяне!

Па ўсім целе Ўінстана раптоўна выступіў цёплы пот. Твар яго заставаўся безуважны. Ніколі не выдаваць свайго незадавальнення! Ніколі не абурацца! Варта толькі здрыгануцца воку — і ён прапаў. Ён стаяў і ўважліва глядзеў, як трэнерка падняла рукі над галавой і — не сказаць, каб грацыёзна, але з дзіўнай дакладнасцю і спрытам — нізка нахіліла тулава, дастаўшы пры гэтым рукамі пальцы на нагах.

— Вось так, таварышы. Вось так я хачу каб рабілі і вы. Паглядзіце ўважліва яшчэ раз. Мне трыццаць дзевяць гадоў, у мяне чацвёра дзяцей. А зараз глядзіце! — яна нахілілася яшчэ раз. — Бачыце, мае калені не сагнуліся. І вы таксама здолееце, калі захочаце, — дадала яна, выпростваючыся. — Кожны чалавек да сарака пяці гадоў абавязкова павінен даставаць да пальцаў ног. Не ўсім нам выпала шчасце змагацца на фронце, — працягвала яна, — але мы, прынамсі, павінны заўсёды быць у добрай форме. Падумайце пра нашых хлопцаў на Малабарскім фронце! І пра матросаў на Плывучых

Крэпасцях! Падумайце толькі пра тое, колькі ім даводзіцца зносіць. А цяпер паспрабуйце яшчэ раз. Вось так ужо лепей, таварыш, так ужо значна лепей, — дадала яна, падбадзёрваючы, калі Ўінстан рэзкім рухам упершыню за многія гады здолеў, не згінаючы каленяў, дастаць пальцы ног.

4

Ўінстан глыбока ўздыхнуў, не зважаючы цяпер, на пачатку працоўнага дня, нават на блізкасць тэлегляда, падсунуў да сябе мовапіс, здзьмухнуў пыл з мікрафона і надзеў акуляры. Пасля ён разгарнуў і сашчапіў разам чатыры маленькія скруткі паперы, што вылецелі з трубкі пнеўматычнай пошты справа ад яго стала.

У сценах кабінета былі зроблены тры адтуліны. Справа ад мовапіса была маленькая трубка пнеўматычнай пошты для пісьмовых паведамленняў, злева — трошкі большая для газет; у бакавой сцяне, якраз пад рукой у Ўінстана, была вялікая выцягнутая шчыліна, закрытая драцянымі кратамі. Гэтая шчыліна замяняла сметнік, гэткія самыя шчыліны былі раскіданыя тысячамі ці нават дзесяткамі тысяч па ўсім будынку, не толькі ў кожным кабінеце, але праз кароткія прамежкі нават у кожным калідоры. Зваліся яны чамусьці дзірамі памяці. Калі нейкі дакумент падлягаў знішчэнню або недзе валяўся непатрэбны шматок паперы, любы службовец Міністэрства аўтаматычным рухам адкідаў краткі найбліжэйшай дзіры памяці і кідаў туды паперу, а далей павеў цёплага паветра нёс яе да вялізных печаў, што былі схаваныя ў патаемных глыбінях будынка.

Ўінстан разгарнуў і прачытаў чатыры цыдулкі. У кожнай было кароткае паведамленне-інструкцыя з аднаго ці двух радкоў на скарочаным жаргоне, які ўжываўся ў Міністэрстве ва ўнутраных мэтах і меў шмат паасобных слоў з навамоўя. Там было напісана:

таймз 17.3.84 вб прамова афрыка памылзвест выправіць

таймз 19.12.83 прагноз 3 гп 4 кв 83 памылдрук праверыць новавыд

таймз 14.2.84 міндаст шакалад памылцыт выправіць

таймз 3.12.83 справаздача вб загад дня звышплюснядобра называе нечалавекаў усё перапісаць угору перадархіў

Ўінстан задаволена адклаў апошняе паведамленне ўбок. Гэта было складанае і адказнае заданне, і ён вырашыў адкласці яго на пасля. Тры астатнія былі звычайнымі, хоць другое і патрабавала нуднага перагляду шматлікіх лічбаў.

Ўінстан набраў на тэлеглядзе «Старыя нумары», замовіў «Таймз» за адпаведныя дні, і праз пару імгненняў яны ўжо выпалі з трубкі пнеўматычнай пошты. Паведамленні, што ён атрымаў, датычылі газетных артыкулаў і рэпартажаў, якія з той або іншай прычыны было патрэбна выправіць ці, паводле афіцыйнай тэрміналогіі, удакладніць. Так, напрыклад, з «Таймз» за 17 сакавіка вынікала, што напярэдадні Вялікі Брат у сваёй прамове прадказаў, што на Паўднёва-індыйскім фронце ўсё будзе спакойна, а ў Паўночнай Афрыцы хутка пачнецца эўразійскі наступ. У сапраўднасці, аднак, Эўразійскае Вышэйшае Камандаванне запланавала наступ у Паўднёвай Індыі, а ў Афрыцы панаваў спакой. Таму трэба было напісаць новы варыянт прамовы Вялікага Брата, які б прадказваў тое, што адбылося на самай справе. У другім выпадку «Таймз» за 19 снежня змясціла афіцыйныя прагнозы вытворчасці розных тавараў шырокага ўжытку на чацвёрты квартал 1983 года, які адначасна быў шостым кварталам Дзевятай Трохгодкі. Сённяшні выпуск змяшчаў справаздачу пра фактычны ўзровень прадукцыі, з якой вынікала, што шмат у якіх галінах прагнозы не спраўдзіліся. Ўінстанава задача палягала цяпер у тым, каб выправіць старыя лічбы і прывесці іх у адпаведнасць з новымі. Што да трэцяй паперкі, дык тут была простая памылка, якую можна выправіць за пару хвілін. Яшчэ ў лютым Міністэрства Дастатку выступіла з абяцаннем (у афіцыйнай мове — «катэгарычнай гарантыяй»), што ў 1984 годзе не будзе ніякіх скарачэнняў нормы на шакалад. У сапраўднасці, як ужо ведаў Ўінстан, у канцы гэтага тыдня норма шакаладу змяншалася з трыццаці да дваццаці грамаў. Заставалася толькі замест ранейшага абяцання падставіць папярэджанне, што, магчыма, будзе неабходна скараціць норму на працягу красавіка.

Апрацаваўшы тры гэтыя паведамленні, Ўінстан прышпіліў свае надыктаваныя на мовапіс папраўкі да адпаведных нумароў «Таймз» і паклаў іх у цыліндр пнеўматычнай пошты. Пасля ён амаль зусім машынальна скамячыў усе свае нататкі і ўкінуў іх у дзіру памяці, аддаючы іх пажыральнаму полымю.

Што адбывалася ў нябачным лабірынце, куды збягаліся ўсе трубкі пнеўматычнай пошты, ён ведаў толькі ў агульных рысах. Калі ўсе папраўкі, неабходныя для аднаго нумару «Таймз», збіраліся і крытычна параўноўваліся адна з адной, нумар друкаваўся нанова, старыя нумары знішчаліся, а іх месца на архіўных паліцах займалі новыя, выпраўленыя выданні. Гэты няспынны працэс пераробкі ахопліваў не толькі газеты, але і кнігі, часопісы, брашуры, плакаты, улёткі, фільмы, магнітазапісы, мультфільмы, фотаздымкі — усе віды літаратуры ці дакументацыі, якія маглі мець хоць якое палітычнае ці ідэалагічнае значэнне. Мінулае асучаснівалася штодзённа, нават штохвілінна. Гэткім чынам зацвярджалася дакументальна слушнасць кожнага партыйнага выказвання. Натуральна ж, не пакідалася ніякіх пісьмова зафіксаваных паведамленняў і выказванняў, якія б супярэчылі інтарэсам бягучага моманту. Уся гісторыя была палімпсестам, з якога саскрэбвалі старыя пісьмёны і пісалі новыя, так часта, як гэта было неабходна. Пасля таго як справа была зробленая, было абсалютна немагчыма выявіць фальшаванне. Самая вялікая секцыя аддзела дакументацыі, значна большая за тую, дзе працаваў Ўінстан, складалася з людзей, задачай якіх было вышукваць і збіраць усе асобнікі кніг, газет і іншых дакументаў, што сталі несапраўднымі і падлягалі знішчэнню. Такім чынам, адзін нумар «Таймз» з прычыны змены палітычнай кан'юнктуры або нездзяйснення памылковых прагнозаў Вялікага Брата быў ужо, магчыма, тузін разоў перапісаны, аднак усё яшчэ стаяў у архіве пад першапачатковай датай, і нідзе не існавала супярэчнага яму асобніка. Кнігі таксама канфіскоўвалі, хутка перапісвалі і выдавалі зноў без найменшай спасылкі на змены ў тэксце. Нават у пісьмовых інструкцыях, якія Ўінстан атрымліваў і, выканаўшы, заўсёды адразу знішчаў, не ўпаміналася ні слова пра тое, што трэба было зрабіць фальшаванне: гаворка заўсёды ішла пра недагляд, памылкі ці неправераныя цытаты, якія дзеля дакладнасці трэба было прывесці да ладу.

Поделиться:
Популярные книги

На границе тучи ходят хмуро...

Кулаков Алексей Иванович
1. Александр Агренев
Фантастика:
альтернативная история
9.28
рейтинг книги
На границе тучи ходят хмуро...

Энфис. Книга 1

Кронос Александр
1. Эрра
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.70
рейтинг книги
Энфис. Книга 1

Я – Орк. Том 4

Лисицин Евгений
4. Я — Орк
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 4

Совок-8

Агарев Вадим
8. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Совок-8

Я снова не князь! Книга XVII

Дрейк Сириус
17. Дорогой барон!
Фантастика:
юмористическое фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я снова не князь! Книга XVII

Жена со скидкой, или Случайный брак

Ардова Алиса
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
8.15
рейтинг книги
Жена со скидкой, или Случайный брак

Адепт: Обучение. Каникулы [СИ]

Бубела Олег Николаевич
6. Совсем не герой
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
9.15
рейтинг книги
Адепт: Обучение. Каникулы [СИ]

Огненный князь 6

Машуков Тимур
6. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 6

Как я строил магическую империю 2

Зубов Константин
2. Как я строил магическую империю
Фантастика:
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Как я строил магическую империю 2

Цеховик. Книга 1. Отрицание

Ромов Дмитрий
1. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.75
рейтинг книги
Цеховик. Книга 1. Отрицание

Безымянный раб

Зыков Виталий Валерьевич
1. Дорога домой
Фантастика:
фэнтези
9.31
рейтинг книги
Безымянный раб

Матабар. II

Клеванский Кирилл Сергеевич
2. Матабар
Фантастика:
фэнтези
5.00
рейтинг книги
Матабар. II

Виконт. Книга 2. Обретение силы

Юллем Евгений
2. Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
боевая фантастика
попаданцы
рпг
7.10
рейтинг книги
Виконт. Книга 2. Обретение силы

Первый пользователь. Книга 3

Сластин Артем
3. Первый пользователь
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Первый пользователь. Книга 3