1984
Шрифт:
— Я вам не расказваў, стары, — сказаў ён усміхаючыся, з люлькай у зубах, — як мае дзеткі падпалілі спадніцу старой гандлярцы на рынку, бо ўбачылі, што яна загортвае сасіскі ў плакат з партрэтам Вялікага Брата? Яны крадком падышлі да яе ззаду і падпалілі спадніцу запалкамі. Думаю, ладна яе падсмалілі. Во падшыванцы, га? Але ж чуйныя, як паляўнічыя сабакі! Сёння яны атрымліваюць у шпіёнах першакласную падрыхтоўку — нават лепшую, чым у мае часы. Чым, вы думаеце, іх апошнім часам узброілі? Слухавымі трубкамі, каб падслухоўваць праз замочную шчыліну! Мая дачка прынесла адну ўчора дадому — паспрабавалі яе на дзвярах у спальню, і выявілася, што чуваць у два разы лепей, чым калі проста прыставіць вуха. Вядома, гэта толькі цацка, вы ж разумееце. Але, ва ўсялякім разе, гэта скіроўвае іх думкі ў добры бок, ці не гэтак?
У гэты момант з тэлегляда пачуўся пранізлівы свіст. Гэта быў сігнал пачатку работы. Усе трое ўскочылі з крэслаў, каб праціснуцца скрозь натоўп да ліфта, і з Ўінстанавай
6
Ўінстан пісаў у сваім дзённіку:
Гэта было тры гады таму. Адным цёмным вечарам, у адным з вузкіх завулкаў побач з адным вялікім вакзалам. Яна стаяла каля падваротні пад цьмяным вулічным ліхтаром. У яе быў малады, густа нафарбаваны твар. Якраз гэтая фарба, падобная да белай маскі, мяне і прыцягнула, а таксама ярка-чырвоныя вусны. Жанчыны з Партыі ніколі не фарбуюцца. На вуліцы не было нікога, тэлегляда таксама не было. Яна сказала: два даляры. Я…
Пісаць раптам стала вельмі цяжка. Ён заплюшчыў вочы і націснуў на павекі пальцамі, спрабуючы выгнаць з думак вобраз, што не даваў яму спакою. Ён адчуў амаль непераможнае жаданне выкрыкнуць на поўны голас брудныя словы лаянкі. Або разбегчыся і выцяцца галавою аб сцяну, або перакуліць стол і шпурнуць чарніліцу праз акно — зрабіць што-небудзь гвалтоўнае, аглушальнае, балючае, каб пазбавіцца ад пакутлівых успамінаў.
Найгоршы вораг, разважаў ён, — гэта твае ўласныя нервы. Кожную хвіліну ўнутранае напружанне магло выявіцца ў вонкавых сімптомах. Яму прыгадаўся адзін чалавек, якога ён спаткаў на вуліцы пару тыдняў таму: зусім звычайны на выгляд чалавек, сябра Партыі трыццаці пяці або сарака гадоў, даволі высокі і худы, з партфелем пад пахай. Паміж імі заставалася колькі метраў, калі левая палова твару чалавека сутаргава перасмыкнулася. Той самы рух паўтарыўся яшчэ раз у той момант, калі яны размінуліся: гэта быў кароткі, амаль незаўважны рух, сутарга, імгненная, як пстрычок фотаапарата, але відавочна хранічная. Ён згадаў, што тады падумаў: небарака, тваё становішча безнадзейнае! І самае жахлівае ў гэтым было тое, што хутчэй за ўсё той чалавек рабіў гэты рух зусім несвядома. Найвялікшай жа небяспекай было размаўляць праз сон. Наколькі ён ведаў, засцерагчыся ад гэтага не было ніякай магчымасці.
Ён уздыхнуў і стаў пісаць далей:
Я ўвайшоў з ёй у падваротню, прайшоў праз задні двор і трапіў у нейкую кухню ў падвальным паверсе дома. Ля сцяны стаяў ложак, стол і на ім цьмяная лямпа. Яна…
Яму зрабілася гідка. Захацелася плюнуць. Адначасова з думкай пра жанчыну яму прыгадалася Кэтрын, яго жонка. Ўінстан быў жанаты — ці, прынамсі, быў калісьці жанаты; магчыма, ён быў жанаты яшчэ і цяпер, бо, наколькі ён ведаў, яго жонка не памерла. Яму здалося, што ён зноў удыхае цёплы, задушлівы пах кухні ў падвальным паверсе, пах клапоў, бруднай бялізны і агіднай таннай, але ўсё ж прывабнай парфумы. Жанчыны з Партыі ніколі не карысталіся парфумай, гэта ўвогуле немагчыма было сабе ўявіць. Толькі пролы карысталіся парфумай. У ягоным уяўленні гэты пах быў чамусьці звязаны з распустай.
Калі ён пайшоў з гэтай жанчынай, гэта было яго першай правіннасцю за амаль два гады. Зносіны з прастытуткай былі, вядома ж, забароненыя, але гэта быў адзін з тых законаў, які час ад часу можна было наважыцца парушыць. Гэта было небяспечна, але гэта не было справай жыцця і смерці. Быць заспетым з прастытуткай значыла пяць гадоў лагераў прымусовай працы, але не болей, калі не дапушчана іншых правіннасцяў. А гэта ўжо было вельмі проста, калі абладзіць так, каб цябе не заспелі за справай. У бедных кварталах было шмат жанчын, якія гатовыя прадацца. Некаторых нават можна мець за бутэльку джыну, зрэшты, забароненага для пролаў. Партыя нават схілялася цішком да таго, каб спрыяць прастытуцыі як сродку разняволення інстынктаў, якія немагчыма цалкам заглушыць. Да найбруднейшае распусты ставіліся спакойна, пакуль яна была неперыядычнай і не прыносіла радасці і калі ў ёй бралі ўдзел толькі жанчыны прыгнечаных і пагарджаных класаў. З другога боку, недаравальным злачынствам была распуста між сябрамі Партыі. Усё ж — хоць і гэта было адно са злачынстваў, у якіх нязменна прызнаваліся абвінавачаныя пад час вялікіх чыстак, — цяжка было сабе ўявіць, што гэткае сапраўды магло адбывацца.
Мэтай Партыі было не толькі не дапусціць заснаваных на вернасці сувязяў паміж мужчынамі і жанчынамі, якія яна, магчыма, была б няздольная кантраляваць. Яе сапраўдным, патаемным намерам было пазбавіць палавы акт усялякае радасці. Не так само каханне, як эротыка разглядалася як нешта варожае, і ў шлюбе, і па-за ім. Усе шлюбы паміж сябрамі Партыі адбываліся толькі з дазволу адмысловае камісіі, і гэты дазвол не даваўся — хоць гэты прынцып і не быў дакладна вызначаны, — калі пара пакідала ўражанне, што яны маюць адно да аднаго нейкую фізічную цягу. Адзінай прызнанай мэтай шлюбу было нараджэнне дзяцей для служэння Партыі. Палавы акт лічыўся неістотнай і даволі непрыемнай справай, накшталт клізмы.
Ён зноў падумаў пра Кэтрын. Прайшло ўжо пэўна дзевяць, дзесяць — амаль адзінаццаць гадоў, як яны рассталіся. Было дзіўна, як рэдка ён пра яе думаў. Ён мог цэлымі днямі нават не згадваць, што ён быў жанаты. Яны пражылі разам толькі месяцаў пятнаццаць. Партыя не дазваляла разводаў, але дапускала расстанне ў выпадку бяздзетнага шлюбу.
Кэтрын была высокая бялявая жанчына, яна мела зграбную постаць і далікатныя рухі. У яе быў адважны арліны твар, які можна было назваць высакародным, пакуль не заўважыш, што за ім абсалютна нічога няма. Ужо на самым пачатку свайго жыцця з Кэтрын ён прыйшоў да думкі — можа, таму, што ён ведаў яе бліжэй, чым іншых людзей, — што яна найдурнейшая, найзвычайнейшая і найпусцейшая істота, якую ён толькі бачыў у жыцці. У яе ў галаве не было ніякіх думак, адны толькі лозунгі, і не існавала ніводнага глупства, якое яна не прыняла б з радасцю, калі б толькі Партыя яго ёй падсунула. Ён цішком даў ёй мянушку «жывы гуказапіс». І ўсё ж ён здолеў бы з ёй пражыць, калі б не адна рэч — палавое жыццё.
Калі ён да яе дакранаўся, здавалася, што яна ўздрыгвала і дранцвела. Калі ён яе абдымаў, яму здавалася, што ён абдымае драўляную ляльку. І калі яна туліла яго да сябе, у яго ўзнікала дзіўнае пачуццё, быццам адначасова яна з усяе моцы адпіхвае яго ад сябе. Уражанне гэтае ўзнікала з-за напружанасці яе мускулаў. Звычайна яна ляжала, заплюшчыўшы вочы, не супраціўлялася і не дапамагала, а толькі падпарадкоўвалася. Спачатку Ўінстану было надзвычай няёмка, а з цягам часу зрабілася агідна. Але і тады ён здолеў бы вытрымаць супольнае з ёй жыццё, калі б толькі яны дамовіліся, што будуць жыць кожнае само па сабе. Але, надзіва, якраз Кэтрын была супраць. Яна казала, што яны мусяць, калі гэта магчыма, нарадзіць дзіця. Такім чынам, палавы акт адбываўся рэгулярна раз на тыдзень, выключаючы выпадкі, калі ён быў немагчымы. Звычайна ўжо раніцай адпаведнага дня яна нагадвала яму пра гэта, як пра нешта, што павінна абавязкова адбыцца ўвечары і пра што нельга забыцца. Дзеля гэтага ў яе было два азначэнні: «зрабіць дзіця» і «выканаць наш партыйны абавязак». Неўзабаве ў Ўінстана развілося пачуццё сапраўднага страху, калі набліжаўся прызначаны дзень. Але, на шчасце, дзіця так і не з'явілася на свет, і ўрэшце яна адмовілася ад спробаў. Неўзабаве пасля гэтага яны рассталіся.
Ўінстан ціха ўздыхнуў. Пасля зноў узяў пяро і напісаў далей у дзённіку:
Яна кінулася ў ложак і адразу, без ніякага папярэджання, самым брыдкім і агідным чынам, які толькі можна сабе ўявіць, задрала спадніцу. Я…
Ён уявіў сабе, як ён стаіць у цьмяным святле лямпы, ноздры раздзірае пах клапоў і таннай парфумы, а душу поўніць пачуццё прыгнечанасці і абурэння, і нават у гэты момант яго мучыць думка пра белае цела Кэтрын, якое гіпнатычная сіла Партыі ператварыла ў лёд. Чаму так павінна быць заўсёды? Чаму ён не мог мець сваёй жанчыны замест гэтай бруднай валтузні раз на некалькі гадоў? Але сапраўднае каханне было амаль неверагодным. Жанчыны з Партыі былі ўсе аднолькавыя. Устрыманне было ім прышчэплена гэтаксама глыбока, як і вернасць Партыі. Праз стараннае ранняе выхаванне, праз спартовыя гульні і халодную ваду, праз усю тую бязглуздзіцу, што ўбівалася ім у галовы ў школе, у Шпіёнах і ў Саюзе Моладзі, праз лекцыі, парады, песні, партыйныя лозунгі і вайсковую музыку — праз усё гэта натуральныя пачуцці былі выкаранены. Розум казаў яму, што мусілі быць выключэнні, але сэрца не верыла ў гэта. Жанчыны, як і хацела Партыя, былі абсалютна непахісныя. Яму вельмі хацелася, нават больш, чым быць каханым, знесці гэтыя муры цноты, хай сабе хоць адзін раз у жыцці. Акт палавога зліцця, выкананы з радасцю, быў паўстаннем. Палавое жаданне было думзлачынствам. Нават калі б ён абудзіў Кэтрын — калі б толькі гэта ў яго магло атрымацца, — гэта лічылася б спакушэннем, хоць яна і была яго жонкай.
Але трэба было скончыць тую гісторыю. Ён напісаў:
Я запаліў лямпу ярчэй. Калі я ўбачыў яе на святле…
Пасля прыцемкаў слабое святло парафінавай лямпы здалося яму вельмі яркім. Упершыню ён мог як след разгледзець жанчыну. Ён зрабіў крок да яе і спыніўся, поўны жадання і жаху. Ён пакутліва ўсведамляў небяспеку, якую ён на сябе навёў, прыйшоўшы сюды. Было цалкам магчыма, што, калі ён будзе выходзіць, яго схопіць патруль; можа, у гэты момант яны ўжо чакалі пад дзвярыма. Калі б ён зараз пайшоў адсюль, нават не зрабіўшы таго, дзеля чаго прыйшоў!..