Чтение онлайн

на главную

Жанры

Оруэлл Джордж

Шрифт:

— Што сталася з тым чалавекам? — пацікавіўся Ўінстан.

— Ну, гэта я ўжо, напэўна, не здолею сказаць. Але я б не здзівіўся, калі б… — Парсанс паказаў з пальцаў пісталет і ляснуў языком, падрабляючы гук стрэлу.

— Добра, — сказаў няўважна Сайм, не паднімаючы вачэй з паперы.

— Вядома, мы не павінны рызыкаваць, — паслухмяна згадзіўся Ўінстан.

— Урэшце, цяпер усё ж ідзе вайна, — адказаў Парсанс.

Быццам пацвярджаючы яго словы, з тэлегляда, што вісеў якраз над імі, грымнулі фанфары. Гэтым разам, аднак, перадавалася не паведамленне пра перамогу на фронце, а ўсяго толькі абвестка Міністэрства Дастатку.

— Таварышы! — закрычаў з запалам маладжавы голас. — Увага, таварышы! Мы маем для вас вельмі добрую навіну. Мы перамаглі ў працоўнай бітве! Апошнія афіцыйныя справаздачы пра вытворчасць тавараў народнага

спажывання ўсіх катэгорый паказваюць, што ўзровень жыцця ў параўнанні з мінулым годам павысіўся не менш чым на дваццаць адсоткаў. Ва ўсёй Акіяніі сёння раніцай адбыліся стыхійныя дэманстрацыі, пад час якіх працоўныя прадпрыемстваў і ўстановаў маршыравалі са сцягамі па вуліцах, каб выказаць удзячнасць Вялікаму Брату за новае шчаслівае жыццё, якім надарыла нас яго мудрае кіраўніцтва. А зараз паслухайце ўдакладненыя лічбы: харчовыя прадукты…

Словы «наша новае шчаслівае жыццё» былі паўтораны некалькі разоў. Апошнім часам яны сталі ўлюбёным выразам Міністэрства Дастатку. Парсанс, увага якога была абуджана фанфарамі, слухаў з нейкай здзіўленай урачыстасцю, нейкай павучальнай нудлівасцю. Ён не мог сачыць за лічбамі, але быў упэўнены, што яны нейкім чынам давалі падставу для задавальнення. Ён дастаў вялікую брудную люльку з напалову скураным тытунём. З нормай тытуню сто грамаў на тыдзень рэдка можна было напоўніць люльку да краёў. Ўінстан паліў цыгарэту «Перамога», старанна трымаючы яе гарызантальна. Наступная раздача была толькі заўтра, а ў яго заставалася толькі чатыры цыгарэты. На хвілінку ён адключыўся ад гаманы ў зале і прыслухаўся да патоку слоў, што валіў з тэлегляда. Як выявілася, адбыліся нават дэманстрацыі, каб падзякаваць Вялікаму Брату за павышэнне нормы шакаладу да дваццаці грамаў на тыдзень. Але ж толькі ўчора, як ён памятаў, было паведамлена, што норма скарачаецца да дваццаці грамаў. Ці магчыма, каб прайшло ўсяго толькі дваццаць чатыры гадзіны, а народ ужо праглынуў гэтую хлусню? Так, яны праглынулі. Парсанс праглынуў лёгка, з дурасцю жывёліны. Бязвокае стварэнне за суседнім столікам праглынула фанатычна, з запалам, з шалёным жаданнем знайсці, выкрыць і выпарыць таго, хто наважыцца сцвярджаць, што на тым тыдні норма складала трыццаць грамаў. Сайм таксама праглынуў, але, вядома ж, больш складаным чынам, не без прысутнасці двухдумства. Значыць, ён, Ўінстан, быў адзіны, хто яшчэ меў памяць?

А казачныя лічбы ўсё яшчэ гучалі з тэлегляда. У параўнанні з мінулым годам было болей ежы, болей адзення, болей дамоў, болей мэблі, болей посуду, болей паліва, болей караблёў, болей верталётаў, болей кніг, болей дзяцей — болей усяго, акрамя хвароб, злачынстваў і вар'яцтваў. Штогод, штохвіліны ўсё навокал перажывала бурны росквіт. Як і Сайм, Ўінстан цяпер узброіўся лыжкай і вырабляў з рэштак поліўкі на стале разнастайныя ўзоры. Ён з прыкрасцю разважаў пра фізічныя асаблівасці жыцця. Ці заўсёды яно было такое? Ці заўсёды ежа здавалася яму такой смачнай? Ён агледзеў сталоўку. Нізкая столь, напханая да берагоў зала, сцены, брудныя ад незлічоных дотыкаў. Паўгінаныя металічныя сталы і крэслы, так цесна папрытыканыя адно да аднаго, што седзячы можна было дакрануцца локцем да суседа. Пагнутыя лыжкі, місы са шчарбатымі краямі, вялікія белыя кубкі, бліскучыя ад тлушчу, бруд куды ні глянь. І над усім гэтым кіслы смурод ад дрэннага джыну, ад нізкаякаснай кавы, ад поліўкі з металічным прысмакам і ад бруднага адзення. І ўвесь час у страўніку і на скуры адчуванне гідкасці, нібы нейкі пратэст, пачуццё, быццам цябе ашукалі з тым, на што ты меў права. І, аднак, яго памяць не захавала нічога іншага. Наколькі ёя помніў, ежы не хапала ніколі, шкарпэткі і споднікі ў людзей заўсёды былі ў дзірках, мэбля заўсёды была паламаная і нетрывалая, кватэры недастаткова ацяпляліся, у метро было не ўбіцца, дамы развальваліся, хлеб быў толькі чорны, гарбата была рэдкасцю, кава смярдзела, цыгарэт было замала. Усё было дарагое, усяго не хапала, удосталь было толькі сінтэтычнага джыну. І хоць з гадамі ўсё навокал горшала, гэта нікому не здавалася ненатуральным; не здавалася ненармальным, што ўвесь час баліць сэрца ад няўтульнасці і бруду, недахопу тавараў, бясконцых зім, дзіравых шкарпэтак, заўсёды сапсаваных ліфтаў, сцюдзёнай вады, пясочнага мыла, пакрышаных цыгарэт, штучных харчовых прадуктаў з падазроным смакам. Чаму нясцерпнасць усяго гэтага мог адчуць толькі той, хто захаваў нешта накшталт памяці продкаў пра тое, што

калісьці ўсё было зусім інакшае?

Ён яшчэ раз агледзеў сталоўку. Амаль усе людзі навокал былі брыдкія і засталіся б брыдкімі і тады, калі б насілі не аднолькавыя сінія камбінезоны, а нешта іншае. У дальнім канцы залы сядзеў адзін за столікам маленькі, надзіва падобны да жука чалавек, і піў каву, пры гэтым яго вочкі недаверліва зіркалі то ў адзін, то ў другі бок. Як лёгка можна было паверыць, калі толькі не глядзець вакол сябе, што абвешчаны Партыяй фізічны ідэал — высокія дужыя хлопцы і паўнагрудыя дзяўчаты, бялявыя, жыццярадасныя, загарэлыя і бесклапотныя — сапраўды існаваў і нават пераважаў. У сапраўднасці ж, наколькі можна было меркаваць, большасць людзей ва Ўзлётна-пасадачнай паласе No.1 былі маленькія, чарнявыя і брыдкія. Было дзіўна, як гэты жукападобны тып шырока распаўсюдзіўся ў Міністэрствах: маленькія каржакаватыя людзі, што ўжо ў дзяцінстве былі тоўстыя, з кароткімі нагамі, рэдкімі нервовымі рухамі і азызлымі абыякавымі тварамі з вельмі маленькімі вачыма. Здавалася, што пад панаваннем Партыі гэты тып людзей дасягаў усё большага росквіту.

Паведамленне Міністэрства Дастатку скончылася фанфарамі, якія змяніліся духавой музыкай. Парсанс, якога навала лічбаў прывяла ў стан няўцямнага захаплення, дастаў з рота люльку.

— Міністэрства Дастатку сапраўды шмат чаго дасягнула сёлета, — сказаў ён з выглядам знаўцы. — Дарэчы, Сміт, ці ў вас выпадкам няма лёзаў для галення, якія вы маглі б мне саступіць?

— Ніводнага, — адказаў Ўінстан. — Я сам галюся ўжо шосты тыдзень адным лязом.

— А… Я толькі хацеў у вас спытацца…

— На жаль, — сказаў Ўінстан.

Качыны голас за суседнім столікам, які пад час паведамлення змоўк, загучаў зноў на поўную моц. Невядома чаму, Ўінстану раптам прыгадалася пані Парсанс з яе кудлатымі валасамі і пылам у зморшчынах на твары. Праз два гады дзеці здадуць яе Паліцыі Думак. Пані Парсанс выпараць. Бязвокую істоту з качыным голасам ніколі не выпараць. Маленькіх жукападобных людзей, што так спрытна сноўдаюць па калідорах Міністэрстваў, таксама ніколі не выпараць. І дзяўчыну з чорнымі валасамі з аддзела мастацкай літаратуры — яе таксама ніколі не выпараць. Яму здавалася, што ён інстынктыўна адчувае, хто застанецца жыць, а хто будзе знішчаны, хоць і нельга было адразу сказаць, адкуль гэтае адчуванне.

У гэты момант ён раптам прачнуўся ад сваіх летуценняў. Дзяўчына за суседнім столікам напалову павярнулася і глядзела цяпер на яго. Гэта была тая самая чорнавалосая дзяўчына. Яна глядзела на яго крадком, але з дзіўнай праніклівасцю. Калі іх позіркі сустрэліся, яна зноў адвярнулася.

Ўінстан абліўся халодным потам. Яго працяў дзікі страх. Пасля страх суняўся, але засталася нейкая неадчэпная трывога. Чаму яна назірала за ім? Чаму яна ўвесь час ходзіць за ім? На жаль, ён ужо не мог прыгадаць, ці сядзела яна за столікам, калі ён прыйшоў, ці прыйшла пазней. Ва ўсялякім разе, учора, пад час Двуххвілінкі Нянавісці, яна села якраз за ім, хоць не мела на гэта ніякай пільнай патрэбы. Цалкам верагодна, што яе заданнем было ўважліва прыслухоўвацца, ці дастаткова актыўна ён далучаецца да ўхвальных воклічаў.

Да яго зноў вярнулася думка: магчыма, яна і не была агентам Паліцыі Думак, але віжы-аматары яшчэ болей небяспечныя. Ён не ведаў, як доўга яна за ім ужо назірала, можа, усяго пяць хвілін, і магчыма, што ён не ўвесь гэты час добра кантраляваў свой твар. Было страшэнна небяспечна даваць сваім думкам неяк выяўляцца на твары пад час публічных мерапрыемстваў або ў полі зроку тэлегляда. Найменшая дробязь магла выдаць. Нервовая дрыготка, несвядомы трывожны позірк, звычка мармытаць сабе пад нос — усё магло абудзіць падазрэнне. Адзін толькі недарэчны выраз твару (напрыклад, недаверлівы позірк пад час паведамлення пра вайсковыя перамогі) быў ужо сам па сабе злачынствам. У навамоўі было нават адмысловае слова — тварзлачынства.

Дзяўчына зноў павярнулася да яго спінай. Можа, яна за ім і не сачыла, можа, яна выпадкова другі дзень запар сядзела так блізка ад яго. Цыгарэта патухла, і ён асцярожна паклаў яе на край стала. Ён дапаліць яе пасля працы, калі толькі за гэты час з яе не высыплецца тытунь. Цалкам магчыма, што асоба за суседнім столікам была агентам Паліцыі Думак, і вельмі верагодна, што праз тры дні яго кінуць у сутарэнні Міністэрства Любові — але ўсё роўна ён не меў права змарнаваць недакурак! Сайм склаў сваю паперку і засунуў у кішэню. Парсанс зноў пачаў сваю балбатню.

Поделиться:
Популярные книги

Мир-о-творец

Ланцов Михаил Алексеевич
8. Помещик
Фантастика:
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Мир-о-творец

Виконт. Книга 4. Колонист

Юллем Евгений
Псевдоним `Испанец`
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
7.50
рейтинг книги
Виконт. Книга 4. Колонист

Титан империи

Артемов Александр Александрович
1. Титан Империи
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Титан империи

Запретный Мир

Каменистый Артем
1. Запретный Мир
Фантастика:
фэнтези
героическая фантастика
8.94
рейтинг книги
Запретный Мир

Ты предал нашу семью

Рей Полина
2. Предатели
Любовные романы:
современные любовные романы
5.00
рейтинг книги
Ты предал нашу семью

Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Ромов Дмитрий
2. Цеховик
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Цеховик. Книга 2. Движение к цели

Сила рода. Том 3

Вяч Павел
2. Претендент
Фантастика:
фэнтези
боевая фантастика
6.17
рейтинг книги
Сила рода. Том 3

Проданная невеста

Wolf Lita
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.80
рейтинг книги
Проданная невеста

Волк 7: Лихие 90-е

Киров Никита
7. Волков
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Волк 7: Лихие 90-е

Падение Твердыни

Распопов Дмитрий Викторович
6. Венецианский купец
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.33
рейтинг книги
Падение Твердыни

Приручитель женщин-монстров. Том 9

Дорничев Дмитрий
9. Покемоны? Какие покемоны?
Фантастика:
юмористическое фэнтези
аниме
5.00
рейтинг книги
Приручитель женщин-монстров. Том 9

Ночь со зверем

Владимирова Анна
3. Оборотни-медведи
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.25
рейтинг книги
Ночь со зверем

Я – Орк. Том 6

Лисицин Евгений
6. Я — Орк
Фантастика:
городское фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Я – Орк. Том 6

Совок-8

Агарев Вадим
8. Совок
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Совок-8