1984
Шрифт:
А пятнаццатай гадзіне паўсюль было ціха. Ўінстан ужо не мог згадаць, чаму ён прыйшоў у кавярню менавіта ў гэты час. Зала была амаль пустая. З тэлеглядаў лілася духавая музыка. Тыя трое сядзелі амаль нерухома ў сваім куце і маўчалі. Без ніякіх замоваў афіцыянт прыносіў шклянкі з джынам. Побач з імі на стале стаяла шахматная дошка з расстаўленымі фігурамі, але ніхто з трох не гуляў. І тады адбылося нешта незвычайнае з тэлеглядамі — цягнулася гэта не болей за паўхвіліны. Нешта зрабілася з музыкай — змянілася не толькі мелодыя, але і тэмбр. У яе быццам нешта ўлезла — але цяжка было апісаць, што гэта было. Нейкія дзіўныя, рэзкія, пранізлівыя, з'едлівыя ноты. І тады голас з тэлегляда заспяваў старую песню:
Там, пад раскідзістым каштанам, Ты здрадзіў мне, а я табе. Мы і яны жыліНіхто з трох не варухнуўся. Але калі Ўінстан употай глянуў на старэчы твар Радэрфорда, ён убачыў, што яго вочы былі поўныя слёз. І тады ён упершыню заўважыў — і нешта ўнутры яго здрыганулася, — што і ў Эрансана, і ў Радэрфорда былі перабітыя насы.
У хуткім часе пасля гэтага ўсіх трох зноў арыштавалі. Выявілася, што з моманту іх вызвалення яны пачалі рыхтаваць новыя падкопы. Пад час свайго другога працэсу яны прызналіся яшчэ раз у сваіх старых злачынствах, а таксама ў цэлым шэрагу новых. Яны былі пакараныя смерцю, а іх лёс як папярэджанне наступным пакаленням быў занесены ў партыйныя аналы. Гадоў праз пяць пасля гэтага, у 1973 годзе, калі Ўінстан аднойчы разгарнуў скрутак дакументаў, што выпаў з трубкі пнеўматычнай пошты на яго пісьмовы стол, ён наткнуўся на выразку з газеты, якая, відаць, згубілася між іншых папер і была забытая. Разгледзеўшы яе, ён адразу зразумеў, што яна значыла. Гэта была палова старонкі, выдраная з «Таймз» прыблізна дзесяцігадовай даўнасці — верхняя палова старонкі, нават дата была відна — на ёй быў здымак дэлегатаў на нейкім партыйным мерапрыемстве ў Ню-Ёрку. У цэнтры групы выразна вылучаліся Джоўнз, Эрансан і Радэрфорд. Іх было лёгка пазнаць, тым болей што іх імёны стаялі ў подпісе пад здымкам.
Самае цікавае было тое, што на абодвух працэсах усе трое сцвярджалі, што былі якраз у гэты час на эўразійскай тэрыторыі. З патаемнага лётнішча ў Канадзе яны вылецелі на сустрэчу, што мусіла адбыцца недзе ў Сібіры, правялі нараду з сябрамі Эўразійскага Генеральнага Штаба і выдалі ім важныя ваенныя сакрэты. Дата выразна адбілася ў памяці Ўінстана, бо выпадкова супала з днём сонцавароту. Але гэта можна было праверыць па шматлікіх іншых крыніцах. Заставалася толькі адна магчымая выснова: прызнанні былі хлуснёй.
Вядома, само па сабе гэта не было нейкае адкрыццё. Нават тады Ўінстан ні на хвіліну не верыў, што пакараныя ў выніку чыстак людзі сапраўды ўчынілі злачынствы, у якіх іх абвінавацілі. Тут жа гаворка ішла пра відавочны доказ; ён трымаў у руках кавалак выкараненага мінулага, як нейкую скамянелую костку, што трапілася не ва ўласцівым земляным пласце і таму абвяргала пэўную геалагічную тэорыю. Калі б нейкім чынам можна было апублікаваць гэты дакумент і растлумачыць яго значэнне, гэтага б хапіла, каб разбіць Партыю на кавалачкі.
Ён спакойна працаваў далей. Як толькі ён убачыў здымак і зразумеў, што гэта значыла, ён накрыў выразку аркушам паперы. На шчасце, калі Ўінстан разгарнуў выразку, яна была павернутая другім бокам да тэлегляда.
Ён паклаў папку з паперамі на калені і адсунуў крэсла назад, каб як мага болей аддаліцца ад тэлегляда. Захоўваць безуважны выраз твару было няцяжка, а адпаведным напружаннем волі можна было нават кантраляваць дыханне; але немагчыма было кантраляваць біццё сэрца, а тэлегляд быў дастаткова адчувальны, каб гэта заўважыць. Прайшло, паводле яго падлікаў, хвілін дзесяць, увесь гэты час яго мучыў страх, бо любы выпадак — напрыклад, нечаканы павеў ветру над сталом — мог бы яго выдаць. І толькі тады ён, нават не здымаючы аркуша, кінуў выцінку разам з іншым папяровым смеццем у дзіру памяці. Праз хвіліну яна ўжо напэўна ператварылася ў попел.
Гэта адбылося дзесяць-адзінаццаць гадоў таму. Сёння ён, можа, і захаваў бы той здымак. Было дзіўна, што сам факт трымання яго ў руках яшчэ і сёння меў для яго значэнне, хоць і сам здымак, і падзея, якую ён адлюстроўваў, так далёка адстаялі ў часе. Ці ўлада Партыі над мінулым не меншала, пытаўся ён у сябе, калі нейкі маленькі доказ, які ўжо болей не існаваў, прынамсі, некалі ўсё ж існаваў?
Аднак сёння той здымак, нават калі б яго можна было аднавіць з попелу, напэўна ўжо не мог быць ніякім доказам. Ужо тады, калі ён яго знайшоў, Акіянія болей не ваявала з Эўразіяй, і такім чынам усе тры забітыя мусілі б здрадзіць сваёй Бацькаўшчыне на карысць агентаў Усходазіі. З таго часу стан рэчаў мяняўся ўжо колькі разоў, два ці тры, ён ужо не памятаў дакладна. Зусім верагодна, што іх прызнанні былі ўжо не раз перапісаныя, аж пакуль першапачатковыя факты і даты перасталі мець найменшае значэнне. Мінулае не проста зменьвалася, яно зменьвалася бесперапынна. Найболей, як нейкі кашмарны сон, яго прыгнятала тое, што ён ніколі не мог да канца ўсвядоміць, нашто
Я разумею ЯК, я не разумею ЧАМУ.
Ён усё часцей пытаўся ў сябе, ці ён не звар'яцеў. Можа, вар'яты былі меншасцю, што складалася толькі з аднаго чалавека. Некалі знакам вар'яцтва было лічыць, што Зямля круціцца вакол Сонца, сёння ж лічылася вар'яцтвам верыць, што мінулае нязменнае. Можа, ён быў адзіны, хто ў гэта верыў, калі ж ён быў адзіны, дык ён і быў вар'ятам. Але думка пра тое, што, можа, ён вар'ят, непакоіла яго значна меней, чым боязь, што, можа, ён не мае рацыі.
Ён узяў у рукі падручнік гісторыі для дзяцей і пачаў разглядаць партрэт Вялікага Брата на тытульным аркушы. Гіпнатычныя вочы нязводна глядзелі ў вочы Ўінстана. Яго быццам прыгнятала нейкая гвалтоўная сіла, нешта ўваходзіла ў яго чэрап, свідравала мозг, выганяла ўласныя перакананні, амаль вымушала не давяраць болей сведчанням сваіх пачуццяў. Урэшце Партыя калі-небудзь абвесціць, што двойчы два ёсць пяць, і ў гэта трэба будзе верыць. Раней ці пазней яны непазбежна гэта сцвердзяць: гэтага патрабавала ўся логіка іх пазіцыі. Партыйнай філасофіяй практычна адмаўлялася не толькі вартасць практычнага досведу людзей, але ўвогуле наяўнасць дадзенай рэчаіснасці. Найвялікшай ерассю быў здаровы людскі розум. І самым жахлівым было не тое, што яны забівалі таго, хто думаў інакш, а тое, што яны маглі мець рацыю. Бо сапраўды, ці можам мы быць пэўныя, што двойчы два чатыры? Або што закон прыцягнення слушны? Або што мінулае нязменнае? Калі і мінулае, і навакольны свет існуюць толькі ў нашым уяўленні, а само ўяўленне знаходзіцца пад пільным кантролем — што тады?
Але ж не! Яго адвага, здавалася, узмоцнілася сама па сабе. Ён міжволі згадаў твар О'Браэна. З яшчэ большай пэўнасцю, чым раней, ён ведаў, што О'Браэн быў на яго баку. Ён пісаў дзённік для О'Браэна — ён пісаў яго О'Браэну; гэта быў нібы бясконцы ліст, які ніхто ніколі не прачытае, які, аднак, адрасаваны пэўнаму чалавеку і напісаны з думкай пра яго.
Партыя патрабавала не верыць сваім вачам і вушам. Гэта было яе галоўнае, самае істотнае патрабаванне. Адвага пакідала Ўінстана, калі ён думаў пра гэтую велізарную моц, што была нацэлена супраць яго, пра лёгкасць, з якой любы партыйны інтэлектуал пад час якой-небудзь спрэчкі мог абвергнуць усе яго доказы, пра тыя мудрагелістыя аргументы, якія ён не здолеў бы нават зразумець, не тое што аспрэчыць. І ўсё ж ён меў рацыю! Не яны, а ён меў рацыю! Відавочнае, простае і сапраўднае неабходна абараняць. Элементарныя ісціны — сапраўдныя, за гэта ён мусіў трымацца! Матэрыяльны свет існуе, і яго законы не мяняюцца. Камяні цвёрдыя, вада мокрая, кожны прадмет, выпушчаны з рук, падае ў кірунку цэнтра Зямлі. Нібы размаўляючы з О'Браэнам і высоўваючы нейкі важны закон, ён напісаў:
Свабода — гэта свабода казаць, што двойчы два ёсць чатыры. Як толькі гэта будзе гарантавана, усё астатняе прыйдзе само па сабе.
8
Недзе з дна праходу пацягнула водарам смажанай кавы — сапраўднай кавы, не кавы «Перамога». Ўінстан мімаволі спыніўся. На нейкія пару імгненняў ён зноў апынуўся ў паўзабытым свеце дзяцінства. Але раптам дзверы зачыніліся, і водар абарваўся, так хутка і раптоўна, як спыненая на паўслове песня. Ён прайшоў некалькі кіламетраў па тратуары, і язва не давала яму спакою. Ужо другі раз за тры тыдні ён прапусціў вечар у Доме Культуры: рызыкоўная неабачлівасць, бо без ніякага сумнення ў Доме Культуры старанна адзначалася колькасць наведванняў. У прынцыпе, у сябры Партыі не было вольнага часу, і ён ніколі не быў адзін, калі толькі не ў ложку. Меркавалася, што, калі ён не працуе, не есць або не спіць, ён мусіць браць удзел у якім-небудзь мерапрыемстве калектыўнага адпачынку, і рабіць нешта такое, што магло б выдаць схільнасць да адзіноты, хоць бы проста гуляць аднаму, было заўсёды трошкі небяспечна. У навамоўі існавала слова самажыт, якое азначала індывідуалізм і дзівацтва. Але тым вечарам, калі ён выйшаў з Міністэрства, пяшчотнасць красавіцкага паветра спакусіла яго. Неба ўпершыню за той год свяцілася нейкім цёплым блакітам, і раптам доўгі, тлумны вечар у Доме Культуры, нудныя ўтомныя гульні, лекцыі, балбатлівае, падагрэтае джынам сяброўства здаліся яму невыноснымі. У нейкім раптоўным парыве ён павярнуў ад аўтобуснага прыпынку ў другі бок і згубіўся ў лабірынце лонданскіх вулак; спачатку ён пайшоў на поўдзень, пасля на ўсход, пасля на поўнач. Ён блукаў незнаёмымі вуліцамі, не зважаючы на напрамак.