1984
Шрифт:
На згадку пра Вялікага Брата твар Ўінстана на імгненне асвятліўся. Але Сайм усё ж адразу заўважыў, што не здолеў захапіць Ўінстана.
— Ты не можаш па-сапраўднаму ацаніць навамоўе, Ўінстан, — сказаў ён амаль са смуткам. — Нават калі ты пішаш на ім, ты ўсё роўна думаеш на старамоўі. Я чытаў некалькі тваіх артыкулаў, што ты час ад часу пішаш у «Таймз». Яны вельмі добрыя, але гэта ўсяго толькі пераклады. Ты яшчэ вельмі прывязаны да старамоўя з усімі яго няяснасцямі і непатрэбнымі адценнямі думкі. Ты яшчэ не адчуў прыгажосці знішчэння слоў. Ці ведаеш ты, што навамоўе — адзіная ў свеце мова, дзе колькасць слоў з кожным годам памяншаецца?
Не, Ўінстан гэтага не ведаў. Ён усміхнуўся, паспрабаваўшы паказаць на твары разуменне, але не наважыўся адказаць. Сайм зноў адкусіў кавалак чорнага хлеба, хутка праглынуў і казаў далей:
— Ці ж ты не бачыш, што мэта навамоўя — скараціць абсяг дзеяння думкі. Урэшце мы зробім немагчымым само існаванне думзлачынстваў, бо проста
— Акрамя… — хацеў запярэчыць Ўінстан, але не скончыў.
Ён збіраўся сказаць: «Акрамя пролаў», але стрымаўся, бо не быў цалкам упэўнены, што такая заўвага не падасца праявай ненадзейнасці. Аднак Сайм адгадаў, што ён хацеў сказаць.
— Пролы — не людзі, — сказаў ён безуважна. — У 2050 годзе, а можа, яшчэ і раней, сапраўднае веданне старамоўя будзе немагчымае. Уся літаратура мінулага будзе знішчана. Чосэр, Шэкспір, Мілтан, Байран будуць існаваць толькі ў навамоўных перакладах і будуць не проста перакладзеныя, а ператвораныя ў супрацьлегласць таму, чым яны былі. Нават партыйная літаратура не пазбегне пераробкі. Нават лозунгі будуць гучаць інакш. Як, напрыклад, захаваецца лозунг «Свабода гэта рабства», калі само паняцце свабоды будзе зліквідаванае? Увесь сусвет думкі будзе выглядаць іначай. Увогуле не будзе існаваць ніякай думкі — прынамсі, у тым сэнсе, які мы цяпер укладаем у гэтае паняцце. Добранадзейнасць значыць нядуманне — адсутнасць патрэбы ў думанні. Добранадзейнасць у бяздумнасці.
Калі-небудзь Сайма выпараць, адчуў Ўінстан у глыбіні душы. Ён занадта разумны. Ён бачыць занадта ясна і гаворыць занадта шчыра. Партыі такія людзі не падабаюцца. Калі-небудзь ён знікне. Гэта ў яго напісана на твары.
Ўінстан даеў хлеб і сыр. Ён павярнуўся на крэсле трошкі ўбок, каб выпіць каву. За столікам злева ад яго чалавек з пранізлівым голасам працягваў сваю бязлітасную прамову. Нейкая маладая жанчына, напэўна, яго сакратарка, што сядзела спінай да Ўінстана, уважліва яго слухала і, здавалася, заўзята яго падтрымлівала. Час ад часу да Ўінстана даляталі заўвагі накшталт: «Вы маеце рацыю. Я цалкам з вамі згаджаюся», прамоўленыя голасам, які, відаць, належаў маладой і не надта разумнай асобе. Але першы голас не сціхаў ні на хвіліну, нават тады, калі гаварыла дзяўчына. Ўінстан ведаў мужчыну з твару, але ведаў пра яго толькі тое, што ён займае нейкую важную пасаду ў аддзеле мастацкай літаратуры. Гэта быў чалавек гадоў трыццаці з мускулістай шыяй і вялікім рухавым ротам. Ягоная галава была трошкі адхілена назад, ён быў павернуты якраз так, што шкельцы акуляраў адбівалі святло, і таму Ўінстан бачыў замест вачэй два пустыя бліскучыя круглячкі. Як ні дзіўна, але было амаль немагчыма зразумець хоць адно слова з таго бурлівага патоку, што вырываўся з яго рота. Толькі аднаго разу Ўінстан пачуў больш зразумелы ўрывак: «…поўнае і канчатковае выкараненне гольдштэйнізму», — вылецела вельмі хутка, адным кавалкам, як нейкае цвёрдае цела. Астатняе было незразумелым краканнем: кра-кра-кра… Аднак, нават не чуючы, што кажа гэты чалавек, можна было не сумнявацца ў змесце яго прамовы. Ці ён цяпер абвінавачваў Гольдштэйна і патрабаваў больш суровых захадаў супраць думзлачынцаў і сабатажнікаў, ці ён выкрываў зверствы эўразійскіх салдатаў, ці ён услаўляў Вялікага Брата або герояў Малабарскага фронту — гэта было ўжо не так істотна. Што б ён ні казаў, можна было быць пэўным, што кожнае яго слова слушнае, ідэалагічна вытрыманае і адпавядае прынцыпам Ангсоцу.
Пакуль Ўінстан разглядаў бязвокі твар, ніжняя сківіца якога хадзіла ўверх і ўніз, у яго з'явілася дзіўнае пачуццё, што гэта быў не сапраўды чалавек, а нейкі манекен і што яго прамова нараджалася не ў мазгу, а ў ягонай глотцы. Тое, што пры гэтым чулася, хоць і складалася са слоў, аднак не было чалавечай мовай у сапраўдным сэнсе слова; гэта былі несвядомыя, цалкам аўтаматычна вымаўленыя гукі, падобныя да качынага кракання.
Сайм на хвіліну замоўк і пачаў кончыкам лыжкі складаць нейкія ўзоры з рэштак поліўкі. Голас за суседнім столікам не сціхаў, ён быў добра чутны, нягледзячы на гаману навокал.
— У навамоўі ёсць адно слова, — сказаў Сайм, — не ведаю, ці ты яго калі чуў: качакрак. Гэта адно з найцікавейшых
Без сумнення Сайма выпараць, зноў падумаў Ўінстан з нейкім шкадаваннем, хоць і ведаў дакладна, што Сайм ставіўся да яго з пагардай і мог бы выдаць яго як думзлачынца, калі б на гэта была хоць якая прычына. Нешта ў Сайма было не ў парадку. Яму нечага бракавала: тактоўнасці, стрыманасці, нейкай уратавальнай дурасці. Яго нельга было назваць нядобранадзейным. Ён верыў у прынцыпы Ангсоцу, паважаў Вялікага Брата, радаваўся перамогам, ненавідзеў адступнікаў не толькі з пераканання, зацята і непахісна, але і свядома, з пранікнёнасцю, якой бракуе звычайным сябрам Партыі. І ўсё ж было ў ім штосьці, што выклікала падазрэнні. Ён казаў такое, чаго лепей было б не казаць. Ён прачытаў зашмат кніг і быў сталы наведнік кавярні «Каштан», улюбёнага прыстанішча мастакоў і музыкантаў. Не было такога закона, нават неафіцыйнага, які б забараняў наведваць гэтую кавярню, і ўсё ж гэтая ўстанова мела благую славу. Старыя партыйныя дзеячы, што страцілі ласку ў кіраўніцтва, часта наведвалі гэтую кавярню, перш чым знікалі назаўсёды. Казалі нават, што самога Гольдштэйна бачылі тут часам некалькі гадоў ці дзесяцігоддзяў таму. Лёс Сайма было няцяжка прадбачыць. І, аднак, не было ніякага сумнення, што Сайм, калі б ён хоць на хвілінку даведаўся пра патаемныя намеры Ўінстана, адразу выдаў бы яго Паліцыі Думак. Магчыма, што гэта зрабіў бы і любы іншы, але Сайм хутчэй за ўсіх. Заўзятай адданасці на гэта было недастаткова. Добранадзейнасць была ў бяздумнасці.
Сайм падняў вочы. «Сюды ідзе Парсанс», — сказаў ён.
Ён сказаў гэта такім тонам, што, здавалася, у думках ён дадаў: «Гэты ідыёт». І сапраўды, Парсанс, сусед Ўінстана ў дамовым блоку «Перамога», прабіваўся скрозь натоўп — тоўсценькі невялічкі чалавек з бялявымі валасамі і жабіным тварам. У свае трыццаць пяць гадоў ён меў ужо ладны трыбух, але быў яшчэ рухавы і маладжавы. Усім сваім выглядам ён нагадваў хлопца-пераростка, ды так моцна, што, нягледзячы на яго цяперашні камбінезон, яго цяжка было ўявіць інакш, як у кароткіх сініх шортах, шэрай кашулі і з чырвоным шпіёнскім гальштукам. Калі спрабуеш уявіць яго, адразу бачыш голыя каленкі і пухленькія ручкі з закасанымі рукавамі. Як толькі выпадала найменшая нагода, накшталт калектыўнай вандроўкі або нейкай іншай формы фізічных практыкаванняў, ён заўсёды надзяваў шорты. Ён бадзёра прывітаўся і сеў за стол, пры гэтым адразу пачуўся моцны пах поту. Кропелькі поту спрэс пакрывалі яго ружовы твар. Яго здольнасць пацець была неверагодная. У Доме Культуры заўсёды можна было вызначыць па вільготнай ручцы ракеткі, што Парсанс толькі што гуляў у настольны тэніс. Сайм дастаў шматок паперы, на якім была напісаная доўгая калонка слоў, і пачаў уважліва іх вывучаць, трымаючы ў руцэ чарнакрэс.
— Паглядзіце, як ён працуе пад час перапынку! — сказаў Парсанс і штурхнуў Ўінстана ў бок. — Вось гэта стараннасць! Што ў вас там, стары? Напэўна, штосьці занадта мудрагелістае для мяне. Сміт, стары, зараз я вам скажу, чаму я вас шукаю. Гэта наконт складкі, што вы мне яшчэ не здалі.
— Што за складка? — спытаўся Ўінстан і аўтаматычным рухам намацаў у кішэні грошы. Амаль чвэрць яго заробку ішла на розныя добраахвотныя складкі, якіх было так шмат, што цяжка было іх усе запомніць.
— На Тыдзень Нянавісці. Ну, вы ж ведаеце, збор складак па кватэрах. Я адказны за наш блок. Мы ўжо шчыруем, як можам, будзе нешта грандыёзнае. Магу сказаць, што я буду не я, калі наш стары добры блок «Перамога» не вывесіць найпрыгажэйшых у горадзе сцягоў. Вы абяцалі мне два даляры.
Ўінстан выцягнуў з кішэні дзве тлуста-брудныя паперкі і перадаў іх Парсансу, які адзначыў прынятую складку ў маленькім нататніку старанным почыркам малапісьменнага чалавека.
— Дарэчы, стары, — сказаў ён, — я чуў, што мой падшыванец стрэліў у вас учора з рагаткі. Я за гэта добра яго адлупцаваў і сказаў, што, калі такое паўторыцца, я адбяру ў яго рагатку.
— Ён проста быў не ў гуморы, бо яму не дазволілі пайсці на павешанне, — сказаў Ўінстан.
— Ну, нічога, але ж які ў яго добры кірунак думкі, вам не здаецца? Хай мае малыя трошкі і гарэзныя, але ж заўзятасці ім не бракуе! У іх у галаве толькі іхнія шпіёнскія справы, ну і, вядома, вайна. Ведаеце, што зрабіла ў тую суботу мая дачушка, калі яе атрад хадзіў у вандроўку ў Бэркхэмстэд? Яна і яшчэ дзве дзяўчынкі цішком уцяклі ад астатніх і ўвесь вечар ішлі след у след за нейкім падазроным чалавекам. Яны ішлі гэтак дзве гадзіны, па самай лясной гушчэчы, і калі прыйшлі ў Эмэрсхэм, здалі яго паліцэйскаму патрулю.
— Чаму яны гэтак зрабілі? — спытаўся ўражаны Ўінстан.
Парсанс урачыста працягваў:
— Майму дзіцяці здалося, што той быў нібыта накшталт варожага агента — яго, напрыклад, маглі скінуць з парашутам. Але што самае галоўнае, стары, што ёй перш за ўсё кінулася ў вочы? Яна заўважыла, што ў яго былі нейкія дзіўныя чаравікі — яна сказала, што раней ніколі не бачыла, каб такія хто насіў. Тады яна падумала, што гэта быў нейкі замежнік. Разумная галоўка як на сямігадовую смаркачку, га?