80000 кіламетраў пад вадой
Шрифт:
Ды і сам я адчуваў на самім сабе ўплыў вялікай шчыльнасці воднага асяродзішча: не гледзячы на цяжкую вопратку, медную каску на галаве і падбітыя свінцом падэшвы, я ўзбіраўся на стромкія сцены з лёгкасцю пірэнейскай сарны!
Я сам адчуваю, як непраўдападобна гучыць гэтая частка майго апавядання. Я павінен апісваць з’явы, якія на першы погляд здаюцца немажлівымі, але якія ў той-жа час рэальна існуюць. Я не брэдзіў, не марыў. Усё гэта я бачыў і адчуваў.
Праз дзве гадзіны пасля таго, як мы пакінулі «Наўтылус», мы падняліся вышэй лініі пашырэння лесу, і на сотню футаў над намі ўзвышалася верхавіна гары.
Тут віднеліся ўжо толькі рэдкія гушчары хмызняку, пераплеценага ў нейкі дзіўны ўзор. Рыбы масамі вырываліся з-пад нашых ног, як спужаныя птушкі з высокай травы.
Скалісты масіў быў зрэзаны непраходнымі расколінамі, глыбокімі пячорамі, бяздоннымі
Тысячы светлых кропак блішчэлі ў цемры. Гэта былі вочы гіганцкіх крабаў, што хаваюцца ў сваіх логавах, гіганцкіх амараў, якія рухаюць сваімі лапамі нібы алебардамі, жудасных спрутаў, чые гіганцкія шчупальцы выгіналіся, як жывая загарадзь са змей.
Гэта быў яшчэ незнаёмкі мне свет страшыдлаў. Да якіх відаў належаць гэтыя членістаногія, якім скалы служылі нібы другім панцырам? Як магла прырода захаваць тайну іхняга існавання? Колькі вякоў жывуць яны ўжо ў гэтых глыбінях акіяна?
Але я не меў магчымасці спыніцца, каб лепей разгледзець іх. Капітан Нэма даўно прызвычаіўся да гэтых страшэнных істот і праходзіў міма, не звяртаючы на іх увагі.
Мы ўзабраліся на першую пляцоўку гары, і там я сустрэў руіны чалавечых пабудоў! Гэта былі высокія груды каменняў, у якіх можна было пазнаць руіны палацаў, храмаў, будынкаў… Усё гэта было цяпер пакрыта квітнеючымі садамі зоафітаў і апавіта зялёным плюшчом водарасцяў.
Але што гэта была за частка сушы, і якая катастрофа пагрузіла яе на марское дно? Дзе я знаходзіўся? Куды прывяла мяне фантазія капітана Нэма?
Я хацеў распытаць яго. Не маючы магчымасці гукнуць яго, я схапіў яго за рукаў. Але ён паківаў галавою пад шлемам і паказаў рукою на верхавіну гары, быццам гаворачы мне:
— Ідзі! Ідзі далей, далей!
Сабраўшы апошнія сілы, я пайшоў за ім і праз некалькі хвілін з разбегу падняўся на самую вярхушку гары, якая метраў на дваццаць узвышалася над скалістым масівам.
Я азірнуўся на спад, па якім мы ўзбіраліся. Гара ўзвышалася з гэтага боку не больш як на семсот або восемсот футаў над лагчынай. Але процілеглы схіл яе ішоў уніз, прынамсі, на паўтары тысячы футаў. Вялізная, ярка асветленая раўніна адкрывалася тут перад маім здзіўленым зрокам. Футаў за пяцьдзесят пад намі ляжаў шырокі кратэр. Патокі лавы вогненымі каскадамі цяклі па яго спаду.
Гэты вулкан, як гіганцкі ліхтар, асвятляў ляжачую ля яго падножжа раўніну яркім святлом, якое пашыралася дакуль хапала вока.
Вулкан выкідваў лаву, — не полымя — для полымя патрэбен кісларод паветра, і агонь не можа гарэць пад вадой. Але лава, распалёная дабела ў нетрах зямлі, выліваючыся ў ваду можа доўга і паспяхова змагацца з ёю, ператвараючы ваду ў пар, пакуль сама не астыне. Хуткае цячэнне, якое ўтвараецца ад розніц тэмператур, адносіла ў бок пар, а патокі вогненай лавы спускаліся да самага падножжа гары.
Перад маімі вачыма рассцілаўся мёртвы горад — груда руін з праламанымі дахамі, паваленымі сценамі, перакуленымі аркамі храмаў, ляжачымі на зямлі калонамі. Здалёк, на раўніне, узвышаліся руіны гіганцкага водаправода; бліжэй да падножжа гары віднеліся рэшткі велічнага Акропаля, формы якога трохі нагадвалі афінскі Парфенон [47] ; там — вучасткі ўзбярэжнай, куткі антычнага парта, што быў прытулкам гандлёвым караблям і вайсковым трырэмам; яшчэ далей — даўгія лініі разбураных сцен — сляды ранейшых вуліц.
47
Парфенон — храм багіні Афіны-Палады, лепшы помнік старагрэцкай архітэктуры.
Гэта была новая Пампея, якую капітан Нэма ажывіў на маіх вачах.
Дзе я знаходзіўся? Я павінен быў ведаць гэта зараз-жа. Я хацеў запытаць аб гэтым капітана Нэма, хоць-бы для гэтага трэба было сарваць медную каску, трымаўшую ў палоне маю галаву.
Але капітан Нэма сам падышоў да мяне. Нахіліўшыся і падабраўшы кавалак крэйды, ён падышоў да чорнай базальтавай скалы і начарціў на ёй толькі
Нібы маланка працяла мой мозг! Атлантыда, Атлантыда Платона [48] , аб існаванні якой спрачаліся Орыген, Парфірый, д’Анвіль, Мальтбрэн, Гумбольт, лічыўшыя, што гэтае знікшае сухазем’е не больш як прыгожая легенда. Атлантыда, існаванне якой прызнавалі Пліній, Аміян-Марцелін, Тэртуліян, Энгель, Шэрэр, Турнефор, Бюфон, д’Авезак, — гэтая Атлантыда ляжала перад маімі вачыма, захоўваючы сляды заспеўшай яе катастрофы! Дык вось дзе была гэтая затануўшая краіна, аб якой ведалі толькі тое, што яна знаходзілася па-за Еўропай, па-за Азіяй, па-за Лівіяй [49] , па той бок Геркулесавых слупоў [50] , і што засяляла яе магутнае племя атлантаў, супраць якіх старадаўнія грэкі прадпрыймалі свае першыя войны.
48
Платон (427–348 да н. э.) — грэцкі філосаф.
49
Лівія — старадаўняя назва Афрыкі.
50
Геркулесавы слупы — старадаўняя назва Гібралтарскіх скал.
У летапісах Платона захавалася апісанне вялікіх падзей таго гераічнага часу. Вось што гаворыцца ў дыялоге Тымея і Крытыяса аб Атлантыдзе.
Аднойчы Салон гутарыў з некаторымі мудрымі старцамі з Саіса — горада, які ўжо ў той час налічваў восемсот гадоў, аб чым сведчылі надпісы, высечаныя на сцяне яго храма. Адзін з гэтых старцаў расказваў яму гісторыю другога горада, яшчэ больш старадаўняга, чым Саіс. Гэты горад, які існаваў на працягу дзевяцісот вякоў, быў захоплены і часткова разбураны атлантамі.
— Атланты, — апавядаў стары, — жылі на вялікім кантыненце, большым за Азію і Афрыку, разам узятыя, якая займала плошчу між дванаццатым і саракавым градусамі паўночнай шыраты. Улада атлантаў пашыралася нават на Егіпет. Яны захацелі падпарадкаваць сабе таксама і Эладу [51] , але ім прыйшлося адступіць перад мужным супраціўленнем элінаў.
Але здарылася катастрофа — паводка, землетрасенне. Досыць было адной ночы і аднаго дня, каб з твару зямлі знікла Атлантыда, і толькі самыя высокія яе верхавіны — Мадэра, Азорскія астравы, Канарскія, астравы Зялёнага мыса — засталіся над паверхняй акіяна…
51
Элада — старадаўняя Грэцыя.
Вось якія гістарычныя ўспаміны ўзніклі ў маім мазгу ад начартанага капітанам Нэма слова. І вось лёс закінуў мяне сёння на верхавіну адной з гор гэтага загінуўшага кантынента, дазволіў крануць рукой руіны будынкаў, існаваўшых шмат тысячагоддзяў! Я ступаў па глебе, па якой хадзілі першыя жыхары зямлі! Пад маімі падбітымі свінцом ботамі трашчалі шкілеты жывёл, якія жылі ў казачна-далёкія часы пад ценем гэтых дрэў, што тысячы гадоў спяць каменным сном!
Ах, чаму ў мяне не было часу. Я-б спусціўся па стромкаму схілу гары і абышоў-бы з канца ў канец гэтае вялізнае сухазем’е, пэўна злучаўшае калісьці Афрыку з Амерыкай; я наведаў-бы ўсе яго гарады, існаваўшыя задоўга да сусветнага патопа, пабудаваныя волатамі, якія жылі цэлыя стагоддзі і ўладалі такой вялізнай сілай, што іхнія пабудовы цэлыя тысячагоддзі супраціўляюцца разбураючаму дзеянню вады!.. Можа прыйдзе дзень, калі тэктанічны [52] працэс зноў падыме на паверхню вады гэтыя пахаваныя на дне марскім руіны. Мы-ж ведаем цэлы шэраг дзейнічаючых вулканаў у гэтай частцы акіяна. Нямала маракоў адзначалі моцныя штуршкі ў час плавання над гэтымі ўсхваляванымі глыбінямі. Адны чулі глухі шум барацьбы раз’юшаных стыхій, другія заўважалі плаваючыя на паверхні вулканічныя попел і пыл. Уся гэтая частка планеты, да самага экватара — краіна, энергічнай вулканічнай дзейнасці. Хто ведае, можа і сапраўды ў далёкім будучым усё новыя і новыя пласты лавы зноў выведуць на паверхню акіяна верхавіны вогненых гор?
52
Працэс зрухаў земнай кары, землетрасенне.