Чтение онлайн

на главную

Жанры

Авантуры драгуна Пранціша Вырвіча
Шрифт:

А за стол давялося сесці ў абліччы егіпцяніна.

Але як жа добра зноў паесці нармальнай ліцвінскай ежы, падрыхтаванай гаспадарлівымі рукамі самай прыгожай у княстве кабеты! Рубцы з анісам, шалтаносы, юц, бэбах, пячыста, крыпаная грыбамі… Пані Саламея прыпасла і калядныя стравы — бо Нараджэнне Хрыстовае сям’я не змагла сустрэць разам. Пернікі, паліваныя рознакаляровай глазурай, з карыцай ды бергамотам, ды сліжыны з макавым малачком раставалі ў роце… Смачныя былі і вішнёвая налівачка, і прыхаваная бутэлька сапраўднай мальвазіі, віна, якое пілі рымскія цэзары, і ў бочцы з якім кароль Рычард Трэці ўтапіў свайго брата, хаця, хутчэй за ўсё, ачарнілі няшчаснага караля, як і віленскага доктара… Нават Хвельку было дазволена выпіць кубак.

Пранціш меркаваў, ці ўмее Ганулька з Макавецкіх так вось смачна гатаваць. Але якая розніца — калі ён з ёй ажэніцца, у яго ж будуць кухары ды кухцікі… А Міхалішыўна, мусіць, проста не змагла нідзе мастацтву кулінарыі навучыцца. Артыстка, адно слова…

— Дык вып’ем жа за самыя беларускія расліны — трыпутнік, дзядоўнік ды жасцёр! — змрочна жартаваў доктар. — Мы — як дзядоўнік, што хавае прыгажосць сваіх кветак за калючкамі і вечна чапляецца за чужое крысо, мы — трыпутнік, які ўстае, як толькі прыбяруць з яго абцас альбо праедзе кола, мы — жасцёр, які не гарыць нават у агні!

Быў, вядома, і няёмкі момант. Лёднік, са знаёмай скрынкай пад пахай, хаваючы вочы, папрасіў Саламею зайсці ў ягоны кабінет на сур’ёзную размову. Палачане доўга гутарылі за зачыненымі дзвярыма — Пранціш зразумеў, доктар распавядае жонцы пра некаторыя абставіны свайго гасцявання ў Паўночнай Пальміры і паказвае карону. Была ў доктара такая прыкуда, не мець сакрэтаў ад сваёй прыгожай палавіны. Вырвічу дужа карцела падслухаць, але ўстрымаўся. Выйшлі абодва з кабінету засмучоныя, але абняўшыся. У чым бы там Лёднік ні прызнаўся, Пранціш быў упэўнены, мудрая Саламея скажа, ёй дастаткова, што Бутрыма вярнулі дадому жывым і нават адносна здаровым.

Так што Каляды, хоць і запознена, але сустрэлі, нават спяваць калядныя песні паспрабавалі хорам.

У Батлееме, у доме ўбогім Вол ды асляця грэюць дзіцяцю… Анёлы з неба ўсім даюць знаці, Каб паспаліты йшлі Бога вітаці. Саўка з Яхімам, сваім брацімам, Скора прыспелі, зараз запелі. Карусь з Тарасам гудзелі басам, Бутрымка з Кантам пішчаць дыскантам…

У гэтым месцы старой шкалярскай калядкі ўсе дружна смяяліся, бо ўявіць іхняга «Бутрымку», які пяе дыскантам, было немагчыма.

Дзямід з Данілам зайгралі міла, Барыс з Пратэсам спяшалі лесам. Міхайла долам спяшыў з Антонам, Грысь з Маланнёю гналі раллёю, Знахарка Дося спекла парося, Покуль даспела, сама ўсё з’ела…

А назаўтра ў доме з пабітымі шыбамі былі госці. З’явіліся, як грымоты на снег.

Ды не абы якія. Пазалочаная карэта з гербам Багінскіх, на запятках якой стаялі два лёкаі, а паперадзе ехалі два фарэйтары ў расшытых мундзірах. Піфагор гаўкаў, як заведзены, ды што такое сабачая адданасць перад узброенымі жаўнерамі…

Але не столькі прысутнасць у доме доктара самога віленскага ваяводы, які ўспадчынніў пасаду пасля выгнання Пане Каханку, усхвалявала насельнікаў дому, а з’яўленне ягонага целаахоўніка. Здаровага, як мядзьведзь, з белымі валасамі і брывамі, з бяздоннымі чырвонымі вачыма…

— Ватман! Не запрашаў цябе ў свой дом, — прамовіў збялелы доктар, захінаючы сабой жонку, якая працінала ненавіснымі сінімі вачыма таго, хто калісьці яе згвалціў.

— А я не па запрашэнні, Баўтрамей, я з ягонай мосцю князем Міхалам Казімірам Багінскім! — выскаліўся найміт. — Не мог прамінуць такой магчымасці — паглядзець на вас, мае даўнія сябры. А вы не змяніліся… Ты, Бутрым, усё такі ж нецярплівы, ты, пані мая, гожая, як мадона, а ты, шкаляр, пракудлівы… А дзе ж наймалодшы Лёднік? О, кропля ў кроплю бацькавіч… Умееш ты, Бутрым, баб счароўваць, і сваіх, і чужых, і зусім-зусім чужых…

— Сціхні, Ватман! — спыніў князь Багінскі насмешны маналог найміта, ад якога гаспадар пачаў ужо азірацца ў пошуках шаблі. Вось князь змяніўся: з’явілася выразнае другое падбароддзе, постаць акруглілася, светлыя вочы сталі яшчэ больш пустымі. Князь неадрыўна пазіраў на Лёдніка з сумессю нянавісці і грэблівай цікаўнасці, як на двухгаловае цяля альбо антыкаўнда з вывернутыми ступакамі.

— Мне паведамілі, што ты маеш падарунак асабіста ад яе вялікасці Кацярыны!

Светлыя вочы князя, здавалася, засвяціліся, як у вупыра ад жадання запусціць іклы ў шыю ахвяры. Ды ён жа раўнуе! — дайшло да Вырвіча. Раўнуе да шаленства! Князь што толькі не вырабляў, абы прыцягнуць увагу Кацярыны, у Санкт-Пецярбурзе месяцамі жыў, на флейце перад тады яшчэ жонкай спадчынніка трону мелодыйкі наігрываў, паркет капелюшом падмятаў, кампліментамі сыпаў, як дзядоўнік калючкамі… Кукарэцыямі займаўся, як называлі залёты студыёзусы Віленскай акадэміі. Гатовы быў дзеля дамы самую рэдкую рэліківію здабыць ды аддаць. І дасюль надзей не страціў, медальён з пасмачкай валасоў ды партрэцікам царыцы на шыі носіць, падарункі пасылае, лісты кранальныя сачыняе. І ўсё дарэмна. Магчыма, таму, што не любіць царыца нерашучых ды мягкіх мужчынаў, а Мікалай Рапнін нездарма называў свайго сябра Багінскага мокрай курыцай.

Але такія, як магнат Багінскі, заўсёды перакананыя ў сваёй прыгажосці ды неадольнасці ўласных чараў. Таму й цяпер пазіраў князь на дзюбаносага доктара, якога памятаў яшчэ бяспраўным рабом, як індык на чырвонае, і, напэўна ж, не мог уцяміць, чым гэты прасталюдзец змог зваяваць увагу царыцы, што ў ім ёсць такога, чаго няма ў магутным прыгожым князі. Затое ўвага царыцы да доктара, відаць, падняла таго ў вачах князя настолькі, што не палічыў за ганьбу сам да яго прыехаць. Раней толькі наймітаў слаў.

— Прадай мне гэтую рэч!

Доктар ветліва пакланіўся.

— Выбачайце, ваша мосць, але хіба годна прадаваць падарункі венцаносных асобаў? Гэта абраза каралеўскай улады!

Ватман скептычна пасміхнуўся, а Багінскі злосна раздзьмуў ноздры трохі кірпатага носу.

— Я лепей за цябе ведаю, што такое годнасць і павага да трону! Забыўся, што гэта я цябе з няволі выкупіў, а, доктар?

Пранціш пачырванеў — бо князь Багінскі выкупіў Лёдніка менавіта ў яго, Пранціша Вырвіча, якому ўздумалася са злосці на ганарыстага раба прыкінуцца, што яго прадае. А давялося і прадаць. Лёднік яшчэ раз пакланіўся.

— Павек удзячны вам, ваша мосць. Але прыпамінаецца мне, што выкупілі вы мяне з умовай, каб я спусціўся ў полацкія сутарэнні за рэліквіяй, а за мной вы паслалі Германа Ватмана з загадам па вяртанні мяне забіць.

Пранціш ледзь не стукнуў доктара ў бок, каб зменшыў з’едлівасць, бо так з магнатамі не размаўляюць. Але Багінскаму нават трохі стала няёмка.

— Ну, не варта варушыць даўнія падзеі. Важна тое, што адбываецца цяпер. А цяпер, Баўтрамей, ты ў становішчы незайздросным.

— Я б на ягоным месцы адразу ў труну паклаўся і цвікамі забіўся, — дадаў Ватман. — Столькі ворагаў адразу нажылося з усіх бакоў.

Популярные книги

Последний попаданец 5

Зубов Константин
5. Последний попаданец
Фантастика:
юмористическая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Последний попаданец 5

Сфирот

Прокофьев Роман Юрьевич
8. Стеллар
Фантастика:
боевая фантастика
рпг
6.92
рейтинг книги
Сфирот

Убивать чтобы жить 2

Бор Жорж
2. УЧЖ
Фантастика:
героическая фантастика
боевая фантастика
рпг
5.00
рейтинг книги
Убивать чтобы жить 2

Огненный князь 2

Машуков Тимур
2. Багряный восход
Фантастика:
фэнтези
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Огненный князь 2

Бальмануг. (Не) Любовница 2

Лашина Полина
4. Мир Десяти
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
5.00
рейтинг книги
Бальмануг. (Не) Любовница 2

Вечная Война. Книга V

Винокуров Юрий
5. Вечная Война
Фантастика:
юмористическая фантастика
космическая фантастика
7.29
рейтинг книги
Вечная Война. Книга V

An ordinary sex life

Астердис
Любовные романы:
современные любовные романы
love action
5.00
рейтинг книги
An ordinary sex life

Хозяйка лавандовой долины

Скор Элен
2. Хозяйка своей судьбы
Любовные романы:
любовно-фантастические романы
6.25
рейтинг книги
Хозяйка лавандовой долины

Возвышение Меркурия. Книга 8

Кронос Александр
8. Меркурий
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Возвышение Меркурия. Книга 8

Самый лучший пионер

Смолин Павел
1. Самый лучший пионер
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.62
рейтинг книги
Самый лучший пионер

Новый Рал 7

Северный Лис
7. Рал!
Фантастика:
попаданцы
5.00
рейтинг книги
Новый Рал 7

Курсант: Назад в СССР 11

Дамиров Рафаэль
11. Курсант
Фантастика:
попаданцы
альтернативная история
5.00
рейтинг книги
Курсант: Назад в СССР 11

Студент из прошлого тысячелетия

Еслер Андрей
2. Соприкосновение миров
Фантастика:
героическая фантастика
попаданцы
аниме
5.00
рейтинг книги
Студент из прошлого тысячелетия

Жестокая свадьба

Тоцка Тала
Любовные романы:
современные любовные романы
4.87
рейтинг книги
Жестокая свадьба