Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Антось устаў, усадзiў правую руку глыбака ў торбу.
— Iдзём. Цяперака ён наш!
Цiханька падыйшлi да дзьвярэй i Антось асьцярожна нацiснуў клямку, але дзьверы не адчынiлiся. Дзяркач зiрнуў на Янука.
— Стань набок, за вушак!
З Антосевай торбы, якую цэлы час нёс, перавесiўшы пераз правае плячо, паказалася цяпер дзяцюкова правая рука, а ў ёй рэвальвэр з барабанчыкам, якраз такi, як некалi насiлi ў кабурах энкавудысты. А пасьля ўсё сталася маланкава хутка. Правым чаравiком Антось гвалтоўна стукнуў у дзьверы. Мiгам адляцела ўнутры зашчалка й дзьверы шырака адчынiлiся. Прыгнуўшыся, Антось нурцом кiнуўся ў хату. I гэтта-ж зараз
— Кiдай, сукiн сын! Зараз-жа, бо застрэлю!
Валадарны Антосеў голас з нутра хаты не пакiдаў нi якага сумлеву, што дзяцюк не жартуе. Нешта бразнула аб падлогу.
— Янук, дзе ты? Бяжы сюды!
Бахмач убег у абшырны пакой, дзе з правага боку пабачыў Антося з наганам у руцэ. Ён, вiдаць, страляў з кукiшак, а цяпер падымаўся на ногi. У куце, налева, стаяў Лявон Шппунт. Перад iм на падлозе ляжала стрэльба. З правага пляча, вышэй локця, праз кашулю цякла кроў. Бледны, раськiданыя даўгiя блёнд валосы, аброслы рыжай барадой, зь перапалоху зьзяючыя бочы. Янук прыгадваў як бачыў дзяцюка апошнi раз: выдатна адпасенае круглае рыла, упэўненасьць, на твары капрызная нахабнасьць. Шпунт пахудзеў, дрыжэла ў яго нiжняя вусьнiна, якраз так, — гэта добра памятаў Янук, — як некалi пры гэнай браме на гасьцiнцы, дзе Палякi павесiлi Параску Макатунiшку. Апрануты быў у шэрую крамную кашулю, чорныя суконныя порткi навыпуск з прыгожых боцiкаў, бяз сумлеву «трафейных» зь нейкае кучы, дзе «грабiлi награбленае».
На покуцi пакою разьмясьцiўся малы стол i два крэслы. Зь iншага боку стаяла нiзкая, шэрая зялезная печка, адна з тых, якiя некалi маглi купiць багацейшыя за сялянаў панкi. Тут-жа непадалёк прысуседзiлася шафа iз шклянымi дзьвярмi, усярэдзiне перапоўненая пасудай. Непадалёк печкi шарэла на бярозавай калодзе цынкавае вядро, побач яго цэбрык, а на палiцах на сьцяне каструлi й збаны. На стале ляжаў пачаты бохан сьвежага хлеба, сала на талерцы, стаяў малы гладыш з малаком. Харчы гэтыя, вiдаць, прынесла Шпуньцiха. Праз адчыненыя ў другi пакой налева дзьверы вiдаць было добра асьвечанае сонцам вакно. Пры сьцяне стаяла выгадная, скураная канапа, а на падлозе перад ёй ляжаў даматканы палавiк. Iзь сьцяны пазiрала вялiкая, рагатая ласёва галава.
— Янук, падымi стрэльбу! — загадаў Антось.
Янук нясьмела рушыў да Шпунта.
— Сьмялей, сьмялей! Гэты клоп, каб на яго агонь, цяперака табе нiчога ня зробiць.
Янук падняў стрэльбу. Выдалася яна цяжэйшай, чымся думаў. Нiколi раней ня трымаў у руках зброi. Антось падыйшоў да стала, падцягнуў крэсла, сеў побач Антося ды запытальна пазiраў то на яго, то на Лявона. Дзяцюк дрыжэў у каленях, намагаўся закасаць правае рукаво, што зачырванелася нiжэй пляча.
— От, цяпер, Янучок, братка мой, — адсапнуўся Дзяркач, — вiдзiш каго гэта мы злавiлi. Гэта ня ёсьць нейкi просты сабе, цяглавiты, працавiты, пабожны, добры вясковы дзяцюк. Так, цi не? Гэта ня ёсьць такi, што слухае бацькоў, ходзiць у царкву, верыць у Бога, любiць на нiве сваей за плугам цi бараной папацець, цi касой добра памахаць. Не, гэта ня той рупны, працавiты, паслухмяны бацькаў сын, як у нас многа ёсьцiка. Праўду кажу, цi не?
Трымаючы перад сабой накiраваны проста на Лявона наган, зь вельмi сур'ёзнай мiнай, Антось зiрнуў на Янука, мiргнуў левым вокам. Голас паважны, ледзь-ледзь жартаўлiвы, мо такi, якiм-бы дасьцiпны бацька вучыў сына пагаспадарску жыць.
— Ну чаму-ж нi адказваеш? Праўду кажу, цi не? Ты-ж яго знаеш.
— Праўда, такi ён ёсьць, — згадзiўся Янук.
— Значыцца згода. А
— Ага, чаму-ж не, — буркнуў Янук.
— Задумаў ён, значыцца, у людзi пайсьцi. З бядой напалавiну прабэкаў-прамэкаў тыя чатыры клясы, а тады што? Белага хлеба яму захацелася, от што. Так, так, Янучок браток, наш чорны хлеб пану Лявону Шпунту прыеўся, трыбух ягоны наравiць пачаў, яму беленькага захацелася. Простая кужэльная кашуля яму плечы муляла, зрэбныя штаны кастрой сьцёгны церлi. Крамнiны яму захацелася. А як-жа! I от гэты мужыцкi вывадака, нашай зямлi вырадак, каб яго зiмля нi насiла, пайшоў паном чужнiком служыць. I тут як тут, — нi пасьпелi добрыя людзi агледзiцца, — iзь сермяжнага мужыка Шпунта саўсiм нi благi драгомiшч зрабiўся. Справiў, значыцца, пан драгомiшч Леон «першожэнднэ буцiкi», штаны галiфэ, сурдут, пане тэго, i ходзiць ды нашых бедных мужыкоў па розных панскiх шарварках, каб ён скрозь зямлю правалiўся, ганяiць. Эгэ, каб ты адно, браток Янучок, тады гэтаму вялiкаму пану прыгледзiўся. Фу, як ён фанабэрыўся, як пры каждай аказii над нашым братам зьдзекваўся.
Антось, здавалася, зусiм не глядзеў на Лявона, быццам той быў гэтта няпрысутны. А Шпунт стаяў i дрыжэў перад iм, трымаўся за правую, акрываўленую руку. Як бацька, iз кпiнкай у голасе, Антось спакойна, рэчова, зраўнаважана да юнака гаманiў. Янук ня ведаў як на ўсё гэта рэагаваць. За сьцяной у лесе сымфонiю птушкi вялi, лiлося праз адчыненыя дзьверы й вакно сонца й нейкай тупасьцю пазiрала шклянае вока ў ласёвай галаве.
Лявонавы ногi зрабiлi крок. Гулкi, прарэзьлiвы стрэла глушыў пакой. Шпунт замёр на месцы i з жахам на Антося пазiраў.
— Табе сказаў, сукiн сын, стаi й ня рыпайся! — пагрозьлiва паясьнiў Антосеў голас дзяцюку, што цяпер усiм целам тросься.
Едкi смурод пораху стаяў у паветры. Дзяркач стрэлiў у падлогу ля Шпунтовае нагi.
— Кажу, ня рыпайся, бо другi раз проста ў нагу дастанеш. Не сьпяшы на той сьвет, пакуль я скончу расказваць якая ты мошка гадкая!
Антось борзда ўстаў з крэсла, умiг апынуўся ля Шпунта i ўзяўшы кашулю за прарэх каўняра, рвануў. Лявон пахiснуўся, але ўтрымаўся на нагах. Усё трымаючы рэвальвэр з прыцэлам у жывот, рвануў яшчэ раз кашулю й сьцягнуў рукаво з правае рукi. Уважна прыгледзiўся.
— Эх ты, гнiда паршывая! Руку я табе прастрэлiў? Драпiнка малая а ты тут прытвараешся! — крыкнуў Антось i левай рукой наводмаш з усяе сiлы ўдарыў дзяцюка па твары. Той моцна пахiснуўся. Вiдаць, Дзяркач стукнуў у нос, бо адтуль пацякла кроў. Ён адскочыў назад i сеў на крэсла.
Янук зьбянтэжыўся. Здавалася яму, што некалi гэты фанабэрысты, нахабны, грубы ў адносiнах зь людзьмi драгомiшч-актывiст кiнецца на Антося. Дарма. Той стаяў, чмыхаў носам, то бялеў, то чырванеў. А ў вачох яго, — гэта выразна вiдаць было, — зьзялi маланкi. Што ён у гэны час думаў?
— Ну значыцца, ты, Янучок, помнiш пэўня якi з гэтага нiкчэмнiка драгомiшч быў. А цi ведаеш ты, якi зь яго дзяцюк нiпаседлiвы быў, як са сваёй загагулiнай за кажнай спаднiцай, што на вока пападзецца, ганяўся? Ён табе гэта ня тое, каб каторую добрую дзеўку ўважыў. О не! Яму нiякай нормы, абы бабе пад спаднiцу залезьцi. Колька гэты басяк добрым дзяўчатам нэрваў i жыцьця напсаваў…
Янук прыгадаў летнi дзень, Лазоўскага каровы й Дуню з разарванай сьпераду блюзкай. Гэта тады атрымаў ад любай дзяўчыны такую ёмкую аплявуху. I за што?