Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Кастусь выцягнуў на разьвiтаньне руку.
— Дзякую за перасьцярогу й за гасьцiну. Бывай, — разьвiтаўся Антось.
8
Крокаў пяць ззаду за бацькам, Янук намагаўся роўна прыцiскаць касой, трымаць рытм i раўняцца на бацькаў пракос. Касiць даводзiлася й раней, але нiколi, здавалася, ня йшло на вытрымку з суседзямi. Гэтай нялёгкай для юнака працы не памагала няпэўнасьць. Накш касiлася на сваiм собскiм, а зусiм што iншае калi няведама на чыiм.
Пераз плячо Пракоп Бахмач аглядаўся на сына, падахвочваў яго.
Янукова каса роўна ўядалася ў густую траву вялiкага лiпавiцкага лугу. А воддаль, направа йшлi iншыя касцы зь Лiтоўцаў: Тодар Кмiт, Уладзiмер Пятух, Якубаў Васiль, Брунiська й найблiжэй да iх Антось Дзяркач. Там, пэўне-ж, неўзабаве яшчэ iншыя падскочуць. Хто першы ступiў на гэты луг? Брунiська, кажуць. Тут-жа яму адно перазь мяжу. Нi зь кiм не параiўшыся, прыбег на калiшнi панскi, а пасьля саўгасны луг раней за ўсiх. Пачуўшы, наважылiся й iншыя, ды ўжо дружней высыпалi на сакавiтую сенажаць. Пакуль там новая ўлада дабярэцца дык сена ў гумнах апынецца. Людзi з суседнiх вёсак касiлi на iншых калiшнiх панскiх лугах.
Саўгасныя працаўнiкi, каторыя жылi тут i якiм ня было куды йсьцi, прыглядалiся, што адбывалася, а некаторыя для сябе касiлi. Нямецкiя ваенныя ўлады забралi шмат жывёлы, зрабавалi рознага дабра. Навет пастух Хвядос, ня маючы чаго пасьвiць, трымаўся дзесьцi наседжанага кута i ўжо ня вiтала ўсходу сонца ягоная бяроставая труба. Тымчасам ня было яшчэ нямецкага загаду адносна гаспадаркi зямель.
Чырвонае сонца выкацiлася з-за грэбня балотных зарасьнiкаў на ўсходзе, весела закукавалi ў Гаравацкай пушчы зязюлькi ды старэчым буйным чубам прыглядаўся ваколiцы, ледзь шэпчачы лiсьцямi, на Гараватцы гiгант Архiп.
— Дзякуй Богу за залаты дзянёк, добра во падсушыць, — памяркоўна, з задавальненьнем сказаў Пракоп, уторкнуўшы ў зямлю касавiла. Ён дбайлiва, жменяй скошанай травы выцер лязо ды выцягнуў зь кiшэнi зьлiзаны па канцах брусок. — Павайстры, сынок. Маладзец ты, роўна пракос дзяржыш.
Падахвочаны юнак паставiў касу. Ягоны брусок — маленькi язычок трывожыў яго. Трэба надта высьцерагацца, каб, замахнуўшыся iм, не чарахнуць рукой па вастрыю касы. Бацька ўчора яе добра выкляпаў, а сакавiтая раса й роўны луг як нельга лепш аблягчалi працу. Бахмачы пачалi зь вялiкiм размахам косамi ўядацца ў траву. Раса сьвяжыла босыя ногi, што пакiдалi на скошаным роўныя сьляды. Зоркамi сьвяцiлiся маленькiя кроплi на сьцяблiнках, а пах сьвежа кошанае травы казытаў ноздры носу.
— Як ты, тата, думаеш, колькi мы можам скасiць?
— Ды во… — спынiўся бацька, — цяжка
Ён зiрнуў направа, дзе воддаль, з посьвiстам, касiлi iншыя.
— Старайся, сынок, каб хоць на пару вазоў было. Свайго-ж, ведаеш, што кот наплакаў.
I Янук пачаў нацiскаць што моцы, каб ад бацькi не адставаць. Калi брат Мiкола ў той час, калi сонца ўжо вышэй Архiпа ўзьлезла, прынёс у абвязанай ручнiком глiнянай мiсцы цёплую вараную бульбу з пахучым укропам, пару добрых скварак ды ў асобным збанку кiслае малако, бацька аблiчыў з задавальненьнем, што ладны кавалак лугу зваявалi. Усё-ж не бяз трывогi зiрнуў ён на суседнiх касцоў.
— От каб нам да гэнага лазьняку ўсьпець, — кiўнуў галавой убок, бяручыся за сьнеданьне. — Трэба сьпяшыць, пакуль сонца расу згонiць, бо тады цяжэй будзiць.
Да iх з таго боку ад касцоў нехлямяжа, пераступаючы валы сена пракосаў, зблiжаўся Антось Дзяркач. Ён, вiдаць, таксама нядрэнна нацiскаў, бо пот выступiў палосамi праз крамную кашулю сьпераду. Ад часу вяртаньня «з таго сьвету» ён пагладзеў, вярнулася даўная ўпэўненасьць i навет калiшняя поўная гарэзьлiвая жартаўлiвасьць, так добра ведамая вясковым дзеўкам.
— Здароў, дзядзька Пракоп! — гукнуў здалёк. — Здаровы сыны. Памажы вам, Божа!
— Памажы, Божа, працаваць цi есьцi? — пажартаваў Пракоп. — Здароў, Антось. Можа во прысядзеш пiракусiць?
— Ды не, дзякую. Узяў я з сабой нешта ў торбачку. Пiракушу, як пару пракосаў яшчо праганю. Ды нацiскаць трэба, бо дзень залаты… А як вам косiцца?
— А, нiчога… Янук надта добра памагаiць. На пару вазоў, думаю, справiмся, калi нi наляцiць хто…
Пракоп з пытаньнем зiрнуў на Антося.
— Ну Янук у вас маладзец. Дзяцюк ужо!
Янук аж падрос на вачох у Антося.
— А адкуль-жа маiць наляцець? — спытаў Пракопа Антось.
— Ды хто iх ведаiць… Сам ня чуў нiчога? Можа во быў дзе?
— Дык я-ж во дзiля гэтага, можна сказаць, да вас прышоў…
— А што? — падняў Пракоп галаву, спадзяючыся навiны.
— Быў на днях у Падгайскага Кастуся. Разгаварылiся…
— Ага, нi i як ён?
— Так сабе, дзержыцца. Немiц у яго проста загаспадарыў, гароднiну забiраiць…
— Як гэта забiраiць? Задарма?
— Ды даець яму квiткi й кажыць, што калi цывiльная ўлада прыйдзiць то заплацiць яму тады за ўсё.
— Цывiльная? Калi гэта?
— Дык яны-ж нi кажуць. От фронт пасунiцца на ўсход, дык тады цывiльныя прыйдуць… Ну, алi пра гэта доўга гаварыць, можа пагаворым як свабадней будзiць, можа па захадзе сонца.
— Чаму-ж не, зайдзiся, Антось. Надта ўсё гэта цiкава, што табе Падгайскi мог сказаць. Яму там да Немца блiжэй, лепi вiдаць.
— Добра, можа зайдуся. Алi цяпер, дзядзька Пракоп, хачу пiраказаць вам што мне Кастусь казаў. Шапнi, кажа, там нашым на вуха, каб якую скаромiну, муку, яйкi, птушку, ну ўсякае дабро пахавалi, бо Немiц на вёскi налёты робiць, мужыкоў абiраiць. Дык от, кажыць мне аграном, нiхай прыхiнуць што якоя могуць. Гэдак i сказаў, а ўсё болi самi дадумацца можаце. Аказваецца, што як наляцiць войска, дык пазабiраiць конi з вазамi, награбiць усякага дабра й сабе валачэць…