Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
Позным паабедзьдзем пад купальскi вечар нiзка шнуравалi над лугамi ластаўкi й розныя недарэчнасьцi выраблялi вароны ды iншыя птушкi. Пару дзён трымала млява сьпякота, а пасьля, як казалi мясцовыя знахары надвор'я, як у мяшку завязала. Сьмелых шукальнiкаў расьцьвiўшае кветкi папарацi, зусiм пад поўнач, неба прывiтала маланкамi й громам. Абложныя хмары хлынулi сакавiтым, спорным дажджом. Вецер заядла змагаўся з чубамi садоў, прысадаў i лясоў, ды ўжо каля другiх пеўняў узяўся начыста разьмятаць неба. Зарнiцы зазьзялi на ўсходзе маестатычным, спадзяваньнi на вечнае адраджэньне ўлiваючым у душу хараством i прачнулiся сымфонiяй у кустарнiках салаўi. Сонца прывiтала новы дзень лагоднай мацярынскай усьмешкай.
Межамi мiж нiваў, нацянькi праз палi й лугi, польнымi дарогамiй бальшакамi йшлi i ехалi людзi. Ужо недалёка ад царквы, прысеўшы на траве, абувалi чаравiкi дзеўкi. Прагавiтая вайна ў чужой краiне сквапна трымала ў сваiх абдымках дзяцюкоў, а таму рэдка зьвiнеў вакол гарэзьлiвы дзявочы сьмех. Ля пахiленага вакол могiльнiку тыну, лiпаў i бярозаў паспарнела ў параўнаньнi зь мiнулымi гадамi сям'я жабракоў. Там, дзе некалi з бойкiм гармiдарам масьцiлiся й гандлявалi крамнiкi, цяпер, над узбуйнеўшымi на конскiм кале краскамi, пырхалi матылi.
Калi старэнькi слабодзкi пратаярэй аберуч падняў над галавой Сьвятое Эвангельле ды дрыжачым ад хваляваньня голасам засьпяваў «Благаславёна царства Тваё», тады ў вадказ ўзьняўся й шырака ў вялiкай грамадзе разьлiўся «амiн». Царква, што кагадзе скардзiлася забiтымi дзьвярмi й вокнамi, ажыла цяпер урачыстымi малiтвамi й сьпевам. Яе нанава высьвяцiлi.
Ужо пасьля вынасу Сьвятых Дароў фырканьнем двух матацыклаў па дарозе зь мястэчка аб'явiла сябе новая ўлада. Грукат скрыгатам уварваўся ў набожную атмасфэру вялiкага натоўпу вернiкаў. Сотнi вачэй насьцярожана сачылi чатырох жандармаў. Узброеныя, у шлёмах, яны спынiлiся воддаль машыны й павольна наблiжалiся да грамады. Крайнiя ўжо манiлiся расступiцца, каб новым вяльможам дарогу ў сьвятыню даць, як тыя спынiлiся, перакiнулiся мiж сабой скупымi словамi ды хутка ад'ехалi.
Слабодзкi айцец пратаярэй, у асысьце малодшага сьвятара, што памагаў яму вялiкай парафiяй загадваць, для казаньня выйшаў ад аўтара аж на сходы перад дзьвярмi.Ягоны павольны цьвёрды бас добра чулi ўсе прысутныя.
— Дарагiя браты й сёстры ў Хрысьце!
Сьвяткуем сяньня нараджэньне Яна Прадвесьнiка, званага Хрысьцiцелем, Прарока, якога паслаў нам сам Госпад Бог, каб хадзiў i прапаведаваў усiм аб вялiкiм прыходзе на зямлю Сына Божага Iсуса Хрыста. Айцец наш нябесны дбаў пра дзяцей Сваiх, створаных на вобраз i падабенства Яго, але ведаючы недасканаласьцi характару людзкога, лiчыў патрэбным падрыхтаваць людзей, каб дастойна прынялi на зямлi Сына Свайго адзiнароднага. Вы чулi сяньня ў Сьвятым Эвангельлi пра зьяўленьне ангела Гаўрыiла да старога сьвятара Захарыя зь весткай, што жонка яго Альжбета народзiць сына, якому ён дасьць iмя Яна й каторы мае падрыхтаваць людзей да сустрэчы Збавiцеля. Стары Захары не паверыў ангелу Гаўрыiлу, а той за недавер зрабiў яго нямым аж да часу нараджэньня сына.
Калi Ян Прадвесьнiк вырас, пасьля доўгага прабываньня ў пустынi, вярнуўся да людзей ды навучаў народ пра таго, што вось-вось мае прыйсьцi й катораму Ён казаў, «я недастойны адвязаць паскi на абутку нiог Яго». Хадзiў Ян Хрысьцiцель па Юдэi й навучаў людзей, каб трымалiся законаў Майсея, каб старалiся ачысьцiцца ад грахоў сваiх. Быў ён бескампрамiсным у змаганьнi з усяляiкм злом i не спатураў нiкому, хто сьляпым на гвалт i несправядлiвасьць прыкiдваўся. Дзiва няма, што людзi, якiя тады ўладу мелi ды якiм Ян Прадвесьнiк упiкаў за грахi iхныя, абрушылiся з помстай на вялiкага Прарока. Яна Хрысьцiцеля вязьнiлi, а пасьля адсячэньнем галавы пакаралi Яго.
Можна спытаць: чаму-ж так сталася, што сам
Вы былi сьведкамi таго, што нячыстая бязбожная сiла зрабiла гэтта ў нас, колькi зьдзекаў i глуму прынесла, колькi нявiнных людзей забiла або на вялiкiя пакуты паслала. Сьветчаньнем сказанага ёсьць i наша сьцiплая, пабудаваная некалi рукамi нашых продкаў сьвятыня. Яе зьнявечылi, пашкодзiлi, а пасьля зачынiлi. Мы яе, зганьбаваную й пашкоджаную, як маглi ачысьцiлi й нанава высьвяцiлi. Малiлiся тут нашыя продкi, малiлiся й далей будзем малiцца будзем мы й нашыя дзецi. Прасiць будзем Усявышняга, каб трымаў нас у ласцы й апецы Сваей, каб не пакiнуў у бядзе й глуме, каб ператрываць мы маглi страшныя часы, каб зямелька наша родная й народ наш вытрымалi навалу жахлiвае сiлы.
У павольны й зроўнаважаны, эмацыянальна насычаны сьвятароў голас улучыўся новы элемэнт. Ледзь-ледзь чутна дрыжэла паветра. Яшчэ поўнасьцю не праверанае вухам дрыжэньне адчувалася ўсей iстотай, паступова й няўхiльна ўзмацнялася. Людзi пачалi пазiраць адзiн на аднаго, конi ля вазоў стрыглi вушамi, ёрзалi нагамi. Думкай паглыблены ў казаньне сьвятар на колькi часiн стрымаў свой язык, але зараз-жа намагаўся прадаўжаць.
— …самi бачыце да чаго здольны чалавек, калi ня будзе трымацца навукi Хрыстовай, калi на ўслугi д'ябла пойдзе. Тады спануканы сатаной, будзе iлгаць, абкрадаць, калечыць, зьдзеквацца, забiваць. Бо чалавеку, якi так цi накш мае сiлу i ўладу ў руках, сатана нашэпча, што Бога няма, што сам ён ёсьць найбольшай сiлай на сьвеце.
Гацi ляжалi ў сумежжы галоўнага шляху з захаду на Полацак, Вiцебск i Маскву. Пылiлiлся некалi вакольныя дарогi пад капытамi коньнiцы вялiкалiтоўскiх (беларускiх) князёў i гэтманаў, маскоўскiх i казацкiх атаманаў, войскаў Напалеона, а ўжо пазьней легiёнаў Пiлсудзкага й атрадаў Гая. Дзiва няма, што й цяпер магутныя сiлы Бэрлiну, з гарластым крыкам «Москаў капут!», лявiнай катастрафальнага зьнiшчэньня сунулiся па зямлiй цесным зрабiлi неба. Як сьвет сьветам, нiколi не пралятала тут вялiкая колькасьць самалётаў i намагайся, як хочаш, а ня ўявiш псыхiчнага дый навет фiзычнага эфэкту на звычайных сялян такога жахлiвага гулу, каторы бязь нiякага папярэджаньня створаць раптам самалёты, лiтаральна закрыўшы неба. Гэтак даслоўна сталася.
Цяжкiя бамбавозы ад краю да краю чыстага, ласкава-блакiтнага неба зьзялi, як прыгожыя сярэбраныя цацы. Плылi, здавалася, паволi, ды ў гэнай павольнасьцi й зарганiзаванасьцi, паралiжуючы страшэнным гулам усялякi рух пад сабою, выглядалi жахлiва маестатычна. Вернiкам пры царкве, увагай сканцэнтраваным на сьвятары з крыжам перад пагвалчанай сьвятыняй, зьяўленьне ў небе здалося ў вышэйшай меры нярэальным.
Перамогшы першы жах, захопленыя падлёткi пачалi наперабой лiчыць. Хвалiлiся некаторыя пасьля, што аж да пяцiсот далiчылi. Дрыжэлi зь перапалоху, iржалi, тузалi вупраж конi ля вазоў. Быццам спаралiжаваныя, паразяўляўшы раты, пазiралi ўверх i жагналiся людзi. Старэнькi пратаярэй, заглушаны грандыёзнай сiлай зьверху, паволi перажагнаўся, зiрнуў на сьвятара побач сябе. Сьцiснула зiхатлiвы пазалочаны крыж дрыготкая рука, а ў вачох, каторыя ўжо так шмат нядолi й цярпеньня бачылi, зазьзялi iскрынкi жаху. Куды-ж лятуць i каму зьнiшчэньне нясуць гэтыя цудоўныя апараты сьмерцi?