Беларусы, вас чакае Зямля
Шрифт:
— Хадзi, нi марудзiм! — загадным тонам сказаў Дзярка.
— Дык можа скажаш мне, дзе ён цяперака? — насядаў юнка.
— Знаiш, дзе старая лясьнiчоўка?
— Знаю.
— Тамака ён.
Лясьнiчоўку гэну ледзь прыгадаў Янук. Некалi, ведама, бачыў яе, гэта тады калi мацi жыла, як у iмгле прыгадваў яе выгляд. Пасьля, калi Бжончэк застрэлiў матку, калi страшыў дзяўчат, ягады адбiраў, сабакам нацкоўваў, людзi ад тае лясьнiчоўкi воддаль трымалiся. Калi-ж прыйшлi бальшавiкi й нянавiсны лясьнiк недзе змыўся (былi весткi, што перабраўся ў «генэральную губерню»), новыя гаспадары сачылi за лесам ня горш, чымся старыя
— Антось, гэта праўда, што лясьнiкову хату быў нехта за саветаў падпалiў? — спытаў Янук Антося.
— Праўда.
— А яна ўся згарэла?
— Ды не, саўсiм мала…
— I як яна цяперака?
— Абгледзiлi абгарэлую, ну й стаiць, жыць можна. Дый там-жа адрына збоку.
— А ты Лявона там вiдзiў?
— Ды не. А чаму?
— А калi ты яго там ня вiдзiў, дык адкуль знаiш, што ён тамака?
— Знаю.
— Табе нехта сказаў, мусiць.
— Ты, Янук, як замнога будзiш ведаць то скора старым станеш, — жартаваў Антось.
Iшлi ўжо з паўгадзiны. Агнiстымi палосамi сонца прабiвалася праз густыя шапкi хвояў, то блыталася ў пышных каронах дубоў, або ласкала вярхi стройных, высокiх бярозаў. Янук, па прывычцы сваей, азiраўся цi дзе якiя грыбы ёсьць, а Антось Дзяркач iшоў маўклiва, часамi спыняўся, прыслухоўваўся, ды часта сваю торбу гладзiў. Яны пайшлi ад таго скрыжаваньня на левы бок, па нейкiм часе скруцiлi направа на лясную сьцежку, а цяпер вось Антось, як выглядала, трымаў нацянькi да тае лясьнiчоўкi. Безь яго помачы, вiдаць, Янук мог-бы згубiцца.
— Што ты, Антось, у торбе нясеш? — спытаў юнак.
Дзяцюк нiчога не адказаў, адно скоса на хлопца зiрнуў.
— Можа ты Лявону абед нясеш? — пажартаваў Бахмач.
Антось маўчаў. Выйшлi з густых высокiх дрэваў. Перад iмi меншыя кусты дабягалi да чаротаў, сiтнiку, асакi, што расьлi над ручаём. На другiм баку яго лес падымаўся ўверх i там, — гэта памятаў Янук, — дзесь на шапцы сугра, якi людзi называлi Рыжай Валатоўкай, знаходзiлася лясьнiчоўка.
— Трэба, мусiць, штаны падкасiць, — раiў Антось.
Праз аер i чароты яны спусьцiлiся да ручая, якi тут лянiва рухаўся, каб дзесьцi далей папоўнiць воды Бярэзiны. Прыемна пах аер, над вадой тырчэлi стракозы, хутка коўзалiся па вадзе чорныя конiкi. Добра асьвяжылiся падбiтыя ўжо ногi. Янук зачарпнуў у далонi вады, лiнуў ёю ў твар. Сонца пякло зьверху.
— Можа пакупаемся, га, Антось? — спытаў Бахмач.
Дзяцюк, што йшоў сьпераду, зiрнуў пераз плячо, усьмiхнуўся.
— Ням калi. Нас вунь чалавек чакаiць.
— Гэта хто?
— Лявон, хто-ж…
— А ён ведаiць, што мы прыйдзем?
Антось гучна зарагатаў.
— Ого, каб ведаў… Ён-бы пад зямлю схаваўся.
Падыходзячы
— Чаму мы па сьцежцы ня йдзём? Яна-ж нас да самай хаты давяла-бы, пацiкавiўся Янук.
— Вiдзiш, якi ты зялёны, як ты нiчога нi думаеш. А ты пра Шпуньцiху забыўся? Ну а як мы яе на сьцежцы лоб у лоб стрэнем, то тады што будзiць, га? А яна можа ўжо там iз сынам наседзiцца дый зараз варочацца будзiць… Трэба-ж думаць.
Але Антосева асьцярожнасьць не спатрэбiлася. Ня ўбачылi яны на дарозе жоўтай хусткi, ня сустрэлi нiкога iншага.
— Сьцеражонага й Бог сьцеражэць, — паясьнiў яшчэ раз Антось. — Цiха, памалу. Хадзi во сюды, вiдзiш вунь там бляшаную страху? Гэта й будзiць лясьнiчоўка.
Крытая чырвонай бляхай хата ў засенi пышных лiпаў, пабудаваная з круглага бярвеньня, прыплюшчылася абсмаленым, забiтым дошкамi, вакном на зарослы пырнiкам, лебядой i крапiвой двор, калi так льга назваць вольнае ад дрэваў лапiкла зямлi сьпераду. Ля тыну буйнеў хмель. Другое вакно хаты скардзiлася голымi рамкамi й аднэй адарванай, што наўскасяк, на аднэй завесе трымалася, аканiцай.
Шэрая, укапаная ў зямлю цыстэрна, лавiла ваду маленькага, крынiчнага ручайка, хлюпала гэтай вадой перазь берагi зьверху. Некалi памаляваныя вапнай, цяпер шэрыя сьцены хавалiся за густым сланечнiкам. Вузкая лясная дарога зьзяла адтулiнай у сьцяне лесу з другога боку двара, а адрына воддаль ад хаты на гэны бок замыкала гэты запушчаны, асiрацелы лясьнiчы ансамбль. I яшчэ нейкай недарэчнасьцю тарчэў мэтраў сотню цi больш адсюль на пахiласьцi ўзгорка шкялет нявысокай вежы. Калiсьцi, вiдаць, сачылi зь яе за навакольнай пушчай, пажарамi.
— Зайдзем ззаду, — сказаў Антось.
— А дзе тут зад, а дзе перад?
— Дзьверы ў хату з гэнага боку. Нам трэба падыйсьцi, дзе гушча лесу падкрадаецца пад самую сьцяну, каб, калi хто паглядае празь якую дзiрку, ня ўвiдзiў нас.
З другога боку спасьцераглi цэлае, дошкамi незабiтае, зашклёнае вакно. Антось борзда скочыў некалькi крокаў направа ды, махнуўшы Януку рукой, прысеў за густым i высокiм кустом арэшнiку. Вялiкi шэры заяц выбег з-за кута хаты й паволi прысеў ля сьцяны, наставiў вушы, разглядаўся. Януку карцiла скочыць i, пакуль той спасьцеражэ, схапiць яго за вушы. Антось, палажыўшы ўказальны карэлы палец на вусны, з усьмешкай зiрнуў на Янука.
— Ш-ш-ш-ш!
Ён узяў спад ног сухую галiнку й кiнуў на зайца. Спалоханы, той шмыгнуў за кут хаты. У лесе гаманiлi птушкi, дзесь воддаль у кiрунку Гацяў ледзль чутна гукнулi два стрэлы.
— Чуеш?
— Што? — зiрнуў Янук на Антося.
— Нехта ў хаце бубнiць.
Прыслухаўшыся, Янук адрозьнiў людзкiя галасы ад птушынай шчабятнi.
— Ага, чую, — адказаў.
— Памарудзiм яшчо. Нiхай Шпунльцiха пойдзiць. Ён гэттака, басяк.
Чакаць давялося нядоўга. З-за хаты паказалася жоўтая, у чырвоныя краскi, хустка. З кошыкам у руцэ, жанчына спакойна валюхалася па сьцежцы. Не разглядалася. Праз густую шапку кароны дрэва на зморшчаны твар упаў слуп сьвятла й тады здалося Януку, што ўбачыў пад вачмi сьлёзы. I зьдзiвiўся, што i ў басяка злачынцы Лявона ёсьць матка, каторая i сьлязу па iм калi-небудзь пусьцiць i якая, пэўне-ж, любiць яго мо больш за ўсiх на сьвеце.