Дажыць да світання
Шрифт:
Зноў пацягнулася бясконцая барацьба са снегам. Іваноўскі поўз марудна, упарта, па метры ў хвіліну, не больш. Ён ужо так аслабеў, што не мог прыўзняць сябе на локцях і сунуўся па снезе бокам, упіраючыся болей нагамі. Болю ў параненай назе ён чамусьці не чуў — напэўна, там штось адбалела. Затое ў грудзях у яго ўвесь час пякло і паліла, усё там ператварылася ў клубок нестрыванага разбухлага болю. Ён вельмі баяўся, каб зноў не пайшла з горла кроў — адчуваў, што ўсё тады для яго скончыцца, асцерагаўся глыбей уздыхнуць, не мог дазволіць сабе адкашляцца. Ён ашчаджаў прастрэленыя свае лёгкія, як нешта самае неабходнае, ад чаго цалкам залежалі апошнія гадзіны яго жыцця.
Фізічна ён быў дужа кепскі і ведаў гэта. Прытомнасць яго, нібы канатаходзец на дроце, увесь час балансіравала над непрытомнасцю, гатовая
Пэўна, усё ж ён бы саўладаў з сабой і цяжка, паволі, але ўспоўз бы на дарогу, калі б не канава. Канава здрадніцкай пасткай пралегла на ягоным шляху. Іваноўскі ледзь не задыхнуўся, трапіўшы ў яе засыпаную снегам глыбіню, і закашляўся. Адразу ж адчуў, што пачалося кровацячэнне, тугі і агідны згустак выслізнуў з яго рота, і цёплы струмень крыві хутка пацёк з падбародка па шыі на снег. Ніц ён ляжаў на краі канавы і думаў, што нічога больш недарэчнага нельга сабе і прыдумаць. Гэтак цяжка, звыш усялякіх магчымасцяў паўзці ноч да дарогі, каб памерці за два крокі ад яе. Заўтра паедуць немцы, і ён замест таго, каб спаткаць іх з гранатай у руках, будзе ляжаць перад імі нікчэмным замерзлым трупам.
Прытомнасць яго зноў пачала марнець, і тут ужо не магло памагчы ніякае яго намаганне. Погляд заслала змрокам, увесь свет звузеў у яго адчуваннях да маленечкай, светлаватай кропкі, якая вельмі хутка меншала. І вось гэтая кропка пагасла. Але ўсё ж і на гэты раз штосьці перамагло ў ім смерць, і яго спакутаванае цела вярнулася да жыцця. Без жаднага намагання з ягонага боку кропка зноў засвяцілася, і ён раптам зноў адчуў вакол снег, сцюжу і сябе ў ёй, поўнага немачы і болю. Ён адразу ж заварушыўся, затузаўся, стараючыся ў што б там ні стала вырвацца са снегавой пасткі-канавы, успаўзці на дарогу. Пакуль ён быў жывы, ён павінен быў заняць апошнюю сваю пазіцыю і там скончыць жыццё.
І ён усё ж выбраўся з гэтай канавы, бокам узваліў на дарожны край цела, прапоўз яшчэ крокі чатыры і аціх, ужо не маючы ніякае сілы. Але пад ім была каляя, ён добра адчуваў яе сваім целам, аб'ехаць яго было немагчыма. Тады ён коратка, сцішана ўздыхнуў і пачаў рыхтаваць гранату.
З гранатай, аднак, давялося папакутаваць доўга, можа, яшчэ даўжэй, чым у канаве. Непаслухмяныя памарожаныя пальцы яго, здаецца, зусім страцілі адчуванне, некалькі хвілін ён марна імкнуўся развязаць імі кавалак бінта, якім граната была прывязана да дзягі, але так і не здолеў яго развязаць. Пальцы слепа блукалі па сцягне, ён нават не мог намацаць імі канцы завязкі, і гэта было так неверагодна і так жахліва. Ён ледзь не заплакаў ад такой нечаканай здрады ўласных рук, але сапраўды, рукі першыя пачалі не слухацца яго. Тады ён локцем упёрся ў важкі кругляк гранаты і, сабраўшы ўсе сілы, якія яшчэ былі ў яго, даўлянуў ім на гранату ўніз, да сцягна. Штосьці там лопнула, і ён адчуў, што, адарваўшыся ад дзягі, граната ляжала ў снезе пад ім.
Але, відаць, ён надта многа патраціў на тое сілы і больш нічога не мог. Ён доўга ляжаў у каляіне, якую замятала віхурай, і думаў, што так яго, мабыць, і замяце снегам. Зрэшты, цяпер няхай замятае, спяшацца ўжо не было куды, ён дасягнуў сваёй мэты, — цяпер толькі б управіцца з гранатай. Няслушнымі, акалелымі рукамі ён усё ж намацаў яе металічную ручку, але чаку разагнуць не здолеў. Тады ён падсунуў гранату да падбародка і зубамі ўпіўся ў загнутыя канцы чакі.
Раней яму даволі было б кароткага руху двух пальцаў, каб разведзеныя гэтыя канцы выпрасталіся і іх можна было выцягнуць з рукаяткі. Цяпер жа, як ён ні біўся, нічога з імі зрабіць не мог. Яны быццам прымерзлі там, нібы іх прыпаялі наглуха, і ён, выламваючы зубы і раздзіраючы дзясны, паўгадзіны грыз, круціў, выгінаў непадаткія канцы драціны. Напэўна, толькі пасля сотай спробы яму ўдалося захапіць абодва канцы зубамі і сціснуць іх у адно. Увесь час ён вельмі баяўся, што не паспее, што на дарозе з'явяцца немцы і ён ім нічога не зробіць. Немцы, аднак, не паявіліся, і калі граната была гатова да дзеяння, ён пачаў настойліва, цярпліва чакаць.
Але чакаць аказалася ці не самым цяжкім з усяго, што яму выпала ў гэтую ноч. Чуйным, абвостраным слыхам ён лавіў кожны гук у полі, ды апроч несціханага шуму ветру ніякіх
Ён усё ўслухоўваўся, але па-ранейшаму нічога не чуў, і тады з'явілася панылая думка, што, відаць па ўсім, да раніцы тут ніхто і не паедзе. Не такая гэта дарога, каб па ёй ездзілі ноччу, хіба што нехта выткнецца ранкам. Раніцай, напэўна, павінен хто-небудзь выехаць з гэтага штаба або паехаць туды; не можа ж штаб абысціся зусім без дарогі. Але колькі яшчэ заставалася да гэтага ранку — гадзіна ці пяць — ён не меў уяўлення. Ён вельмі шкадаваў цяпер, што пакінуў у лазні гадзіннік; напэўна, гэта было зусім непрадбачліва. Не ведаючы часу, ён проста не мог разлічыць свае сілы, каб дачакаць раніцы.
Здранцвелымі пальцамі сціскаючы рукаятку гранаты, ён ляжаў грудзьмі на дарозе і чакаў. Вачэй ён амаль не расплюшчваў, ён і без таго ведаў, што навакол шэры снегавы змрок і нічога болей. У насцярожанай начной цішыні быў добра чуваць кожны гук у свеце, але тых гукаў, якіх ён чакаў, нідзе не было чуваць.
Лежачы на адным месцы, ён хутка пачаў траціць цяпло і мёрз, выразна ўсведамляючы, што мароз і вецер, напэўна, расправяцца з ім хутчэй, чым гэта зробяць немцы. Ён усё болей адчуваў гэта кожнаю клетачкай свайго наскрозь прамерзлага цела, якое не магло ўжо і дрыжэць. Проста ён неадступна, паслядоўна, паволі замярзаў. І ніхто не мог ні памагчы яму, ні ўзбадзёрыць, ніхто не даведаецца нават, як ён скончыў жыццё. Пры гэтае думцы Іваноўскі адчуў страх, бадай што спалох. Ніколі яшчэ ён не быў у такой адзіноце, заўжды ў цяжкую хвіліну хто-небудзь быў побач, заўжды было на каго абаперціся, з кім перажыць найгоршае. Тут жа ён быў адзін, як загнаны, падстрэлены воўк у бясконцым марозным полі.
Вядома, ён быў асуджаны на пагібель і разумеў гэта з дастатковай у яго стане выразнасцю, хоць і не вельмі шкадаваў аб тым. Выратаваць яго нішто не магло, ён не спадзяваўся на цуд, ведаў, што для такіх, з прастрэленымі грудзьмі, цуду на вайне не бывае. Ён ні на што не спадзяваўся, ён толькі хацеў памерці не марна. Толькі б не замерзнуць на гэтай дарозе, дачакацца світанку і першай машыны з немцамі. Здорава, калі б гэта быў генерал, ужо Іваноўскі ўзняў бы яго ў паветра разам з шыкоўным яго аўтамабілем. На горшы выпадак прыгадзіўся б таксама палкоўнік ці які-небудзь важны эсэсавец. Мяркуючы па ўсім, штаб у вёсцы вялікі, важных чыноў там хапае.
Але для таго трэба было дажыць да світання, выстаяць перад д'ябальскай сцюжай гэтай жахлівай ночы. Аказваецца, перажыць ноч было так цяжка, што ён стаў баяцца. Ён баяўся змерзнуць, баяўся заснуць або надоўга страціць прытомнасць, баяўся болю ў грудзях, які падпільноўваў кожны ягоны рух, баяўся мацней кашлянуць, каб не сцячы крывёй. На гэтай праклятай дарозе яго пільнавалі спрэс небяспекі, якія ён павінен быў перамагчы, абхітрыць, адужаць, каб датрываць да ранку.
Рук сваіх ён амаль ужо не адчуваў, але цяпер пачалі дранцвець ногі. Ён паспрабаваў паварушыць пальцамі ў боце, але гэта яму не ўдалося. Тады, каб неяк утрымаць цяпло, што хутка пакідала цела, ён пачаў стукаць змерзлымі ботамі аб дарогу. У начной цішыні ззаду пачуўся глухі, устрывожаны грукат, і ён перастаў. Ног ён не сагрэў ніколькі, але самому стала кепска, і ён, адчуўшы, што траціць прытомнасць, апошнім намаганнем сунуў пад сябе гранату. Гранату цяпер ён вымушаны быў берагчы больш за жыццё. Без гранаты ўсё яго існаванне на гэтай дарозе адразу страчвала сэнс.
Пасля глыбокага правалу ў свядомасці, за якім наступіў доўгі прамежак ліпкай, бяссільнай знямогі, ён зноў адчуў пранізлівы люты холад і амаль жахнуўся. Здавалася, гэтай ночы не будзе канца, і ніякія ягоныя хітрыкі не дапамогуць яму датрываць да ранку. «Але як жа можа так быць? — ледзьве не крычаў у ім поўны пратэсту, амаль роспачны голас. — Няўжо ж так нічога і не выйдзе?» Дзеля чаго ж тады выдаткавана столькі яго намаганняў і яго сілы? Няўжо ж усе яны прападуць марна? Але ж яны прадукт яго матэрыяльнага я і самі, напэўна, матэрыяльныя, як кожная энергія, яны ж — знясіленае яго цела і пралітая ім кроў, чаму ж яны павінны ў гэтым матэрыяльным свеце прапасці без следу? Ператварыцца ў нішто?