Дзiкi сабака дзiнга, альбо аповесць пра першае каханне
Шрифт:
– Што гэта з iм?
– запытала Таня.
– На параходзе захварэў, малярыя, - коратка адказаў санiтар.
Заўважыўшы Таню, што iшла побач, хлопчык пабароў свой страх, лёг роўна i доўгiм позiркам паглядзеў ёй у твар.
– Ты плакала нядаўна?
– спытаў ён раптам.
Таня закрыла кветкамi вусны. Яна ўткнулася ў iх тварам, быццам гэтыя бедныя саранкi мелi калi-небудзь прыемны пах. Але што мог ведаць гэты хворы хлопчык пра пахi паўночных кветак?
– Ты плакала, - упэўнена сказаў ён.
– Ну
– Я не плакала. Гэта адзiн тоўсты хлопчык сыпнуў мне ў вочы пяском.
I чалавек, якi апошнiм збег па трапе на прыстань, не ўбачыў ужо нiкога, апроч адзiнокай дзяўчынкi, што сумна падымалася ўгору.
V
Гэты першы школьны дзень, такi радасны для ўсiх дзяцей, здаваўся невясёлым для Танi. Яна ступiла на школьны двор, вытаптаны дзiцячымi нагамi.
Вартаўнiк даўно адзванiў.
Яна штурхнула цяжкiя дзверы. У калiдоры, як i на двары, было светла, пуста, цiха. Няўжо яна спазнiлася?
– Не, - адказаў вартаўнiк, - бяжы хутчэй. Настаўнiкi яшчэ не разыходзiлiся па класах.
Але яна не пабегла. Павольна, як узбiраючыся на строму, iшла яна па доўгiм нашараваным воскам калiдоры, а над яе галавой вiселi плакаты. Праз усе дзесяць вялiзных акон асвятляла iх сонца, высвечвала кожны знак прыпынку:
"Дзецi, вiншуем вас з пачаткам новага года. Заходзьце! Будзем вучыцца на "выдатна"!"
Маленькая дзяўчынка з тонкiмi коскамi, завiтымi на кончыках, прабегла мiма Танi i, бегучы, павярнулася да яе.
– Iх бiн, ду бiст, эр iст!
– пракрычала яна па-нямецку i высунула язык.
Якiя тонкiя, хуткiя ногi ў гэтай маленькай дзяўчынкi! Цi не маленькая Таня, ранейшая Таня, паказала сама сабе язык?
Але дзяўчынка знiкла за паваротам, а Таня спынiлася ля высокiх дзвярэй. Тут быў яе новы клас.
Дзверы былi зачынены, i ў класе шумелi.
I гэты шум, як мiлы гоман ракi i дрэў, з раннiх год знаёмы ёй, супакоiў яе думкi.
Яна, нiбы мiрачыся сама з сабой, сказала:
– Ну, добра, забудзем, што было.
Яна адчынiла дзверы. Гучны крык сустрэў яе на парозе.
А яна ўжо ўсмiхалася. Так чалавек, увайшоўшы з марозу ў хату, не разбiраючы з холаду нi твараў, нi рэчаў, усмiхаецца загадзя цеплынi i словам, якiя яшчэ не сказаны, але якiя - ён ведае - не будуць варожымi яму.
– Таня, iдзi да нас!
– крычалi адны.
– Таня, сядай з намi!
– крычалi другiя.
А Фiлька зрабiў на парце стойку, цудоўную стойку, якой мог пазайздросцiць любы хлопчык, хаця выгляд яго i быў сумны.
А Таня ўсмiхалася.
Яна выбрала ў сяброўкi Жэню i села з ёю, як у лагеры ля кастра, а Фiлька прымасцiўся ззаду.
I ў тую ж хвiлiну ў клас увайшла Аляксандра Iванаўна, настаўнiца расейскай мовы.
Яна паднялася на кафедру, але адразу пакiнула яе.
"Калi чатыры фарбаваныя дошкi могуць падняць чалавека ў вачах iншых, падумала яна, - то гэты свет нiчога не варты".
I, абышоўшы кафедру, яна наблiзiлася да вучняў настолькi, што памiж iмi не стала нiякiх перашкод, акрамя ўласных недахопаў кожнага.
Яна была маладая, твар яе быў свежы, позiрк светлы i спакойны, якi мiжволi прываблiваў да сябе ўвагу самых адчайных свавольнiкаў. I заўсёды на яе чорнай сукенцы ззяла маленькая зорачка, вытачаная з уральскага каменю.
I дзiўна: яе свежасць i маладосць дзецi нiколi не прымалi за нявопытнасць, з якой яны б выбралi момант пасмяяцца. Яны нiколi не смяялiся з яе.
– Дзецi, - сказала яна, пасля доўгага летняга перапынку спрабуючы свой голас. Ён быў па-ранейшаму глыбокi i зноў прыцягваў да сябе ўвагу.
– Дзецi! сказала яна.
– Сёння свята - мы пачынаем вучыцца, i мне радасна, што я зноў з вамi, зноў буду вашым класным кiраўнiком - вось ужо каторы год. Усе вы падраслi за гэты час, а я трошкi пастарэла. Але вучылiся мы заўсёды на "выдатна".
I яна, вядома, сказала б усё, што гавораць дзецям перад пачаткам новага года, калi б у клас не зайшлi два новыя вучнi. Гэта былi тыя самыя хлопчыкi, якiх Таня сустрэла ранiцай на прыстанi. Адзiн - худы i высокi, другi нiзенькi, таўсташчокi, на выгляд сапраўдная бестыя.
Усе глядзелi на iх з цiкаўнасцю. Але нiхто з гэтых сарака хлопчыкаў i дзяўчынак, што неспакойна сядзелi на партах, не глянуў на iх з такiм чаканнем, як Таня. Зараз яна даведаецца, хто з iх прынёс ёй муку, яшчэ большую, чым страх. Можа быть, гэта ўсё-такi Коля.
Настаўнiца спыталася iх прозвiшчы.
Тоўсты хлопчык адказаў:
– Гадзiла-Гадлеўскi.
А худы сказаў:
– Боршч.
"Значыць, сапраўды "яны" не прыехалi, - падумала з палёгкай Таня i сказала самой сабе: - Добра, пакуль што забудзем гэта".
Затое смех, што зазвiнеў у класе, не абяцаў нiчога добрага настаўнiцы.
I яна сказала:
– Пачнём заняткi. Спадзяюся, што за лета вы, дзецi, нiчога не забылi.
Фiлька голасна ўздыхнуў.
Настаўнiца секунду глядзела на яго. Але позiрк яе не быў строгiм. Яна вырашыла сёння быць паблажлiвай да дзяцей. Усё-такi гэта iх свята, i хай iм здаецца, што сёння яна ў iх у гасцях.
– Што ты ўздыхаеш, Фiлька?
– запытала яна.
Фiлька падняўся з-за парты.
– Я ўстаў сёння на свiтанку, каб напiсаць свайму сябру лiст, але адклаў яго, бо забыўся, якiя знакi трэба паставiць у такiм сказе: "Куды ты ранiцай так рана хадзiла, дружок?"
– Дрэнна, калi ты забыў, - сказала настаўнiца i паглядзела на Таню.
Тая сядзела, апусцiўшы вочы.
I, зразумеўшы гэта, як жаданне не адказваць зусiм, Аляксандра Iванаўна сказала:
– А Таня Сабанеева, ты не забылася, якiя знакi прыпынку трэба паставiць у гэтым сказе? Скажы нам правiла.