Гронкі гневу
Шрифт:
Так, сэр, «додж» 22-га. Найлепшая мадэль, якую Додж калі выпускаў. Зносу не мае. Нізкая кампрэсія. З высокай кампрэсіяй першы час рэзвасці многа, але метал нядоўга вытрымлівае. «Плімуты», «рокнесы», «стары»…
Госпадзі! Адкуль узяўся гэты «аперсан» — з Ноевага каўчэга, ці што! А «чалмерс», а «чандлер»? Іх ужо ж колькі гадоў не выпускаюць. Мы не аўтамабілі прадаём, а жалезны лом на колах. Але чорт! Каб больш такіх драндулетаў. Даражэй за дваццаць пяць ці трыццаць мне не трэба. Ідуць па пяцьдзесят, а то і па семдзесят пяць. Навар неблагі. Бог ты мой, ці
Сцяжкі — бела-чырвоныя, бела-сінія — па абочыне пляцоўкі. Ужываныя машыны. Добрыя ўжываныя машыны. На памосце — машына, на якую сёння зніжана цана. Не падумай прадаваць яе. Яна — прыманка для публікі. Калі прадаць гэтую дзяшоўку за такую цану, дык і цэнта лішняга не пакладзеш у кішэню. Гавары, што прададзена ўжо. А перш чым аддасі машыну, знімі з яе наш акумулятар. Пастаў вось гэты хлам. Госпадзі, што ім яшчэ трэба за іхнія медзякі? Закасай рукавы — наляж. Так доўга працягвацца не будзе. Каб больш такіх драндулетаў, і праз паўгода можна было б і на спачын.
Слухай сюды, Джым. У гэтага «шаўрале» шум у заднім мосце. Быццам там бутэлькі трушчаць. Засып туды кварты са дзве пілавіння. І ў каробку скорасцей не забудзь. Гэты гнілы лімончык трэба прадаць за трыццаць пяць даляраў. Той прахвост абвёў мяне вакол пальца. Я даваў яму дзесяць, а ён упёр мне яе за пятнаццаць, ды яшчэ, сукін кот, інструмент увесь ухітрыўся забраць. Божа літасцівы! Каб нам штук пяцьсот такіх развалін! Гэтак доўга не працягнецца. Што, шына яму не даспадобы? Скажы, што ў гэтых шынах запасу яшчэ на дзесятак тысяч міль, і скінь паперкі паўтары.
Груды ржавага лому навалам каля агароджы, у заднім канцы двара валяюцца ламаныя карпусы, крылы, замаслены хлам, блокі матораў, скрозь цыліндры прарасла трава. Тармазныя цягі, зваленыя ў кучы выхлапныя трубы — як клубкі змеяў. Разлітая змазка, бензін.
Схадзі пашукай, ці няма дзе цэлай запальнай свечкі, а то ўсе трэснутыя. Чорт, каб раздабыць штук пяцьдзесят прычэпаў, даляраў за сотню, вось быў бы прыварак! Чаго гэта ён там скандаліць? Наша справа прадаць машыну, а дадому няхай ён сам яе піхае. Здорава сказана, ха, мы яе яму дадому не піхаем! Галаву кладу, можна і ў гумарыстычным часопісе «Манслі» надрукаваць. Думаеш, ён так нічога і не купіць? Дык гані яго ў шыю. У нас тут і так спраў шмат, няма часу важдацца з такімі, што самі не ведаюць, чаго хочуць.
Знімі пярэднюю правую пакрышку з «грэхема», павярні яе латай усярэдзіну. Астатняе — проста шык! Пратэктар нават яшчэ не сцёрся.
Абавязкова! Гэтае старое жалеззе яшчэ пяцьдзесят тысяч міль прабяжыць. Толькі больш масла залівайце. Бывайце. Шчасліва.
Падбіраеце машыну? А што б вам хацелася? Знайшлі што-небудзь прыдатнае? Нешта ў горле суха. Як наконт таго,
Гарачае сонца на ржавым жалезе. Зямля ў масленых плямах. Людзі азадачана расхаджваюць, ім патрэбна машына.
Вытры ногі. Не прыхінайся да гэтай машыны. Яна брудная. Якую выбраць? Колькі наогул яны каштуюць? Пасачы за дзецьмі. Цікава, колькі яны хочуць за гэтую. Зараз спытаем. За спрос грошай не плоцяць. Спытацца ж можна. Больш за семдзесят пяць ні на адзін пяціцэнтавік даць не магу, а то да Каліфорніі не дабяромся.
Госпадзі, ну каб хоць яшчэ з сотню гэтых дамавін на колах! На хаду ці не на хаду — мне няважна.
Пакрышкі, старыя сцёртыя пакрышкі, наваленыя высокімі штабелямі; камеры — чорныя, шэрыя — вісяць, як кілбасы.
Латкі на камеры? Парашок для чысткі радыятараў? Іскравы кандэнсатар? Укіньце вось гэту пілюльку ў бензабак і атрымаеце лішніх дзесяць міль з кожнага галона. Вось палітура — усяго пяцьдзесят цэнтаў, і кузаў будзе як новенькі. «Дворнікі», рэмень вентылятара, пракладкі? Ну што для вас значыць адзін пяціцэнтавік?
Выдатна, Джо. Ты іх яшчэ крыху апрацуй і вядзі да мяне. А я ўжо іх абламаю — уламлю або зламлю. Толькі балбатуноў не прыводзь. Хачу бізнес рабіць.
Калі ласка, сэр, заходзьце, заходзьце. Вам гэта проста знаходка. Так, сэр. Усяго восемдзесят даляраў, проста знаходка.
— Больш за пяцьдзесят я даць не магу. Мне ваш чалавек сказаў — пяцьдзесят.
Пяцьдзесят… Пяцьдзесят? Ён ачмурэў! Я сам заплаціў за гэту красуню семдзесят даляраў. Ты што, Джо, з глузду з'ехаў? Хочаш пусціць мяне з торбай? Давядзецца прагнаць гэтага ёлупа. Можа, сыдземся на шасцідзесяці? Вось што, містэр, дзень кароткі. Я чалавек дзелавы, а не махляр. Можа, у вас ёсць што-небудзь узамен грошай?
Ёсць пара мулаў, я даплаціў бы імі.
Пара мулаў? Гэй, Джо, ты чуеш? Ён прапануе расплаціцца муламі. А вы хіба не ведаеце, што мы жывём у век машын? Мулы цяпер ідуць толькі на сталярскі клей.
Добрыя, дарослыя мулы — аднаму пяць, другому сем гадоў. Што ж, пашукаю ў іншым месцы.
У іншым месцы? Прыходзіце да занятых людзей, час забіраеце і ідзяце з пустымі рукамі. Джо, хіба ты адразу не зразумеў, што маеш справу са жміндам?
Я не жмінда. Мне патрэбна машына. Мы ў Каліфорнію едзем. Мне машына патрэбна.
Ну добра, няхай я прасцячок. Джо лічыць мяне прасцячком. Калі будзеце, кажа, здымаць з сябе апошнюю кашулю, з голаду здохнеце. Вось мы як зробім: я вазьму вашых мулаў па пяць даляраў за галаву на корм сабакам.
Не, навошта ж на корм.
Ну, я мог бы раскашэліцца і даць па сем ці дзесяць. Дык я скажу вам, як мы зробім. Я бяру вашых мулаў за дваццаць і яшчэ павозку ў прыдачу, згодны? Пяцьдзесят вы заплоціце наяўнымі, а на астатнія дасце вэксаль і будзеце пагашаць па дзесяць даляраў у месяц.