Хобіт, або вандроўка туды і назад
Шрифт:
Гномы заўважылі, што падышлі да краю паляны, дзе былі эльфавы вогнішчы. Ці была паляна той, якую яны бачылі мінулай ноччу, цяжка было сказаць. Але здавалася, што нейкія добрыя чары засталіся ў паветры, у дрэвах, і павукам гэта не падабалася. У любым выпадку, і трава тут была зелянейшая, і дрэвы не такія парослыя цвіллю, і наагул прыемнае было месца, каб адпачыць ды перавесці дыханне.
Пэўны час падарожнікі проста ляжалі ды павольна вярталіся да жыцця, вохкаючы і пыхкаючы. А потым (вельмі хутка на самай справе) пачалі задаваць пытанні. Пра знікненне патрабавалі растлумачыць як належыць і падрабязна, а знаходка пярсцёнка цікавіла іх так, што і на ўласныя турботы забыліся. Балін асабліва жадаў пачуць Глыксаву гісторыю, загадкі і астатняе, распаве-дзенае зноўку — з пярсцёнкам на сваім месцы. Праз нейкі час сцямнела, і пайшлі іншыя пытанні. Дзе яны, і дзе іх сцежка, і дзе можна здабыць ежу,
Але ж не было чым падсілкавацца, увогуле не было! I ніхто не мог ані сцежку пайсці шукаць, ані ежу. Ніхто на нагах не трымаўся. Эх, сцежка! Нічога больш не ішло ў стомленую Біль-баву галаву. Ён сядзеў ды глядзеў на бясконцы шэраг дрэваў і маўчаў. I гномы праз колькі часу сцішыліся — апроч Баліна. Усе нарэшце змоўклі і паклаліся спаць, а той яшчэ мармытаў ды смяяўся сабе пад нос:
— Глыкс! Светлыя нябёсы! Дык вось як ён побач са мной праслізнуў! Я ведаю цяпер! Ціхенька пракраўся ты, спадар Торбінс, і ўсё! Падумаць толькі — гузікі па ўсім ганку! Ой жа Більба — Більба — Більба — ба-ба…
Тут і ён заснуў, і доўга над палянай вісела поўная цішыня.
Але раптам расплюшчыў вочы Двалін і зірнуў навокал. «Дзе Торын?» — спытаў ён.
Жах! Ну зразумела, іх толькі трынаццаць, дванаццаць гномаў ды хобіт. А дзе ж на самай справе Торын? Што за злы лёс напаткаў яго, чараўніцтва ці драпежныя пачвары? Гномы ляжалі ды дзі-віліся, а потым іх аднаго за адным паглынулі цяжкія, поўныя кашмараў сны, чорныя як сам лес. Тут мы іх і павінны пакінуць на пэўны час — надта хворых і надта стомленых, каб паставіць вартавых ці прызначыць, каму ў якую чаргу не спаць ды вартаваць.
А Торына злавілі значна хутчэй, чым іх. Памятаеце, як Більба зваліўся спаць, толькі трапіўшы на эльфаву паляну, да святла вогнішчаў ды паходняў? Калі наперад крочыў Торын, то зваліўся, як камень, пад чарамі, а святло раптам згасла. I ўвесь лямант гномаў, згубленых уначы, і крыкі іх пра дапамогу, калі павукі лавілі ды вязалі іх, і гукі бойкі наступным днём — усё яго мінула. Нічога ён не пачуў. Потым да яго прыйшлі Лясныя эльфы, звязалі ды знеслі з сабой.
Ну вядома ж, тыя, хто спявалі ды піравалі, былі Лясныя эльфы. Яны — неблагі народ. Калі ёсць у іх недахопы, дык гэта недавер да чужынцаў. Хоць яны і валодалі моцнай магіяй, нават у тыя дні вельмі былі насцярожаныя. Лясныя эльфы адроз-ніваюцца ад Высокіх эльфаў Захаду. Яны больш непрадказальныя і менш мудрыя за іх. Большая іх частка (разам са сваякамі, якія жывуць сям-там у гарах) паходзіла ад старажытных плямёнаў, якія ніколі не былі ў Цудоўнай Краіне на Захадзе. Тых жа, хто быў там, звалі Светлымі эльфамі, эльфамі Глыбінь і Марскімі эльфамі. Яны вякамі жылі ў Цудоўнай Краіне, рабіліся яшчэ святлейшымі ды мудрэйшымі, спасціглі моцную магію ды навучыліся рабіць незвычайныя, дзіўныя, асляпляльнай прыгажосці рэчы перад тым, як вярнуцца ў Вялікі Свет. А Лясныя эльфы ў Вялікім Свеце жылі ў прыцемках, між месяцам і сонцам, але больш за ўсё любілі зоры і вандравалі ў іх святле па вялікіх лясах старажытнасці, па землях, якія цяпер згінулі, і няма да іх вяртання. Часцей жылі яны па ўзлесках, адкуль любілі выязджаць на паляванне ці проста вандраваць па раўнінах, асветленых месяцам ды зоркамі. Пасля з'яўлення Людзей яны ўсё больш і больш хаваліся ў змроку ды лясным гушчары. Але ж яны былі эльфамі, эльфамі і засталіся, а эльфы — Добры Народ.
У вялізнай пячоры за некалькі міляў ад усходняга краю Ліхалесся жыў у той час найвялікшы кароль Лясных эльфаў. Перад яго брамай цякла рака, якая збягала з лясных пагоркаў ды струменілася да балотаў каля ўсходняга краю ляснога павярхоў'я. Вялікая пячора далёка вілася пад зямлёй, мела безліч праходаў, тунеляў ды заляў. 3 кожнага боку ад яе адыходзіла мноства меншых пячораў. Аднак у ёй было значна святлей ды лягчэй, чым у любой гоблінскай пячоры і, зразумела, зусім не так глыбока ды небяспечна. Па сутнасці, амаль усе каралеўскія падданыя жылі ды палявалі ў лясах і мелі хаты або павеці на зямлі альбо на галінах дрэваў. Больш за ўсё яны любілі бярозы. А каралеўская пячора была палацам, сховішчам каралеўскіх скарбаў ды крэпасцю супраць ворагаў.
А таксама — турмой. Так што Торына прыцягнулі да пячоры, дый не надта ласкава, бо лясныя эльфы гномаў не любілі і палічылі яго сваім ворагам. У старажытнасці эльфы нават ваявалі з некаторымі гномамі, якіх абвінавачвалі ў крадзяжы кляйнотаў. Па праўдзе кажучы, гномы пра тое распавядалі трошачкі інакш — быццам забралі яны толькі тое, што ім належала, бо эльфійскі кароль запрасіў іх апрацаваць золата ды каштоўныя камяні, а потым адмовіўся заплаціць. Калі й была слабінка ў тагачаснага эльфійскага караля, дык да скарбаў, асабліва да срэбра й белых камянёў. Хоць ягоная скарбніца была багатая, ён заўсёды жадаў больш і больш, таму што не меў столькі кляйнотаў, як вялікія эльфійскія гаспадары старажытнаці. А эльфы ж самі не працавалі з металамі ды каменнем, дый гандлем не турбаваліся, не кажучы пратое, каб араць зямлю. Гэтае ведаў кожны гном, хоць Торынавы родзічы і не мелі аніякага дачынення да старажытнай спрэчкі, пра якую я вам распавёў. У выніку Торын надзвычай раззлаваўся такім абыходжаннем, калі з яго знялі чары ды вярнулі да пры-томнасці. Таксама ён цвёрда вырашыў, што ад яго і слова ніхто не выцягне пра золата ці каштоўнасці.
Торына прывялі да караля. Кароль сувора зірнуў на яго ды задаў мноства пытанняў. А ў адказ пачуў толькі, што Торын памірае з голаду.
— Чаму ты ды твае прыспешнікі тройчы спрабавалі напасці на мой народ падчас свята? — спытаў кароль.
— Мы не нападалі на іх, — адказаў Торын. — Мы прыйшлі прасіць ежы, бо паміралі з голаду.
— Дзе твае сябры цяпер, і што яны робяць?
— Не ведаю. Хутчэй за ўсё, паміраюць з голаду ў лесе.
— Што ж вы рабілі ў лесе?
— Шукалі ежу ды пітво, бо паміралі з голаду.
— Ды што ж вас увогуле прывяло ў лес? — спытаў кароль, раззлаваўшыся.
Тут Торын сціснуў вусны і слова болып не вымавіў.
— Добра, — сказаў кароль. — Выведзіце яго ды трымайце добра, лепш за ўсё ў моцнай каморы, пакуль не адчуе больш ахвоты распавесці праўду. Няхай хоць сотню гадоў прасядзіць.
Вось так апынуўся ў каралеўскай турме небарака Торын і, калі досыць ад'еўся ды падзякаваў лёсу й эльфам за нядрэннае харчаванне, пачаў цікавіцца, што ж здарылася з ягонымі няшчас-нымі сябрамі. I даведаўся даволі хутка. Але ж пра гэта будзе расповед у наступнай частцы. Там пачнецца іншая прыгода, у яюй хобіт зноў выявіў самым адметным чынам сваю карыснасць.
Частка 9
У БОЧКАХ, НА БОЧКАХ I ПАД БОЧКАМІ
На наступны дзень пасля бойкі з павукамі Більба і гномы "зноў, адчайна і безнадзейна, паспрабавалі знайсці выхад. Ранкам яны падняліся, ледзь трымаючыся на нагах ад голаду й смагі. Паспрачаліся крыху наконт таго, у якім баку сцежка, дый пайшлі, куды захацелі восем з трынаццаці. Але даведацца, чыя была рацыя, ім так і не давялося. Змрочны лясны дзень зноў паціху рабіўся паўнюткай начной чарнатой, калі знянацку побач успыхнула мноства паходняў, быццам сотні чырвоных зор навокал. 3 цемры скочылі Лясныя эльфы з лукамі й дзідамі напагатове і загадалі гномам спыніцца.
Пра бойку і думаць было немагчыма. Нават калі б гномы не былі ў такім стане, што палон здаваўся ім шчасцем, са зброі недарэкі мелі толькі маленькія нажы. А што нажы супраць эль-фавых стрэлаў? Эльфы здольныя пацэліць у цемры ў птушынае вока. Так што гномы пакорліва спыніліся ды паселі на зямлю ў чаканні — апроч Більба, які хуценька насунуў на палец пярсцёнак ды скочыў убок. I таму, калі эльфы павязалі ды пералічылі па-лонных, хобіта і не ўлічылі, і не звязалі.
Яны і не чулі, пакуль вялі палонных па лесе, як хобіт спрытненька ішоў за імі на бяспечнай адлегаасці ад святла паходняў. Гномам пазавязвалі вочы, але можна было пра тое і не клапаціцца — Більба і з шырока расплюшчанымі вачыма не бачыў, куды рухаецца, а адкуль пачаўся рух, ні ён, ні гномы не ведалі. Давялося напружыцца, спяшаючы за паходнямі, бо эльфы прымушалі гномаў ісці з усёй магчымай спрытнасцю, дарма што тыя былі аслабелыя ды стомленыя. Кароль загадаў спяшацца. Раптам паходні спыніліся. Хобіт хуценька падкраўся пабліжэй — і ў час! Бо эльфы пераходзілі мост, што выводзіў да дзвярэй каралеўскай крэпасці. Пад мостам хутка і шумна струменілася цьмяная вада, а над другім краем узвышалася брама, якая зачыняла ўваход у вялізную пячору. Брама ўрэзалася ў круты схіл, зарослы лесам. Вялізныя бярозы спускаліся да самай вады, нават акуналі ў струмень карані.