Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Што? — сказала ледзь жывая ад сораму Майка.
— Дрэнныя справы, доня. З тваім бацькам удар.
Склала рукі.
— Міхаліна, сыдзі. Богам клянуся, ніхто не зачэпіць. Іначай Франсу давядзецца ў маці страляць, і іншым — у жанчыну. Сыдзі, дзетухна. Зробім выгляд, што памылковая трывога… Можа, яму і жыць нядоўга.
Майка глядзела на Алеся.
— Не ведаю, Міхаліна.
— Алесь, — сказала Клейна, — не ўпірайся. З'едзеш адсюль месяцы на два далей ад улад, пакуль мы будзем кругавую паруку трымаць. Вернешся — пан Яраш ачуняе. А тады — слова табе даю — тут сама яе прывяду.
Алесь глядзеў у зямлю.
— Алесь, — сказала Майка.
—
— Я таксама буду чакаць, Алесь.
Яна рушыла па прыступках уніз. Зніклі ногі, грудзі, плечы. Галава ўскінула на яго вялікія вочы і сумна схілілася.
Ляснулі ўнізе завалы. Потым Майка з'явілася побач з Клейнай, і тая паклала ёй на плячо руку. Франс зрабіў крок да іх.
— Адкасніся, — сказала Клейна. — Яна — мая, пакуль мужу ў рукі не перадам.
XII
Алесь ішоў вуліцамі Масквы. Сакавіцкі набрынялы снег мякка паддаваўся пад нагамі. Ззялі непадалёк купалы крамлёўскіх сабораў. Праляталі часам з Замаскварэчча, Краснай плошчай і на Манежную купецкія тройкі: пачыналася масленіца.
Загорскі скінуў шапку, праходзячы паўз Іверскую, а потым спыніўся і пачаў глядзець на плошчу. Другі месяц ён жыў у Маскве, і кожны раз пагрозлівай і гордай прыгажосцю ўражаў яго гэты куток зямлі.
Вярнуцца да берагоў Дняпра ўсё не выпадала. Праўда, гісторыя з Майкай амаль забылася. Адразу пасля штурму царквы ў Мілым Клейна завезла Міхаліну ў Раўбічы, супакоіла пана Яраша і вырашыла, разам з Майкай і Ядвіняй, знікнуць на пару месяцаў з наваколля.
Адразу пачала дзейнічаць кругавая парука. Пад ціскам грамадскай думкі нават Хаданскія, што не хацелі хлусіць, вымушаны былі сказаць, што ніякай аблогі не было.
Пан Яраш ужо трохі хадзіў. Адпусціла. Але пра Алеся з ім баяліся і гаварыць, тым больш што Франс сказаў аднойчы: "Яна яго жонка і не можа быць больш нічыёй. Але і ягонай яна не будзе".
Але гэта было не самае страшнае. Значна горш было другое. Алесь не хацеў чакаць, пакуль выйдзе падрыхтаваны маніфест аб адмене прыгону. I Кастусь з гэтым згаджаўся — калі ўжо яны хацелі мець падтрымку сярод сялян наваколля. Адпусціць людзей трэба было хутчэй, каб мужыкі сарака з лішнім вёсак атрымалі волю раней за іншых, адчувалі, ад каго атрымалі, і ў будучым верылі б ва ўсім гэтаму чалавеку.
Загорскі так і зрабіў. Ішла перапіска з Выбіцкім і Вежам. Яшчэ восенню пачалося масавае засведчанне дакументаў аб вызваленні.
Мужыкоў вызвалялі з самым мінімальным выкупам (толькі каб не лямантавалі суседзі) і з перадачай у поўную іхнюю ўласнасць той зямлі, якой яны валодалі яшчэ ў прыгоне. У адпускных было таксама агаворана, што, калі справы былога пана з цукроўнямі і іншым пойдуць добра — мужыцкі надзел можа быць павялічаны за кошт панскай зямлі.
I вось тут здарылася дзіўная, незразумелая рэч. Што сычэла навакольная шляхта — гэта было зразумела. Сычэла, але баялася, прыціснутая старым Вежам, які, дарэчы, сваіх пераводзіў толькі на лёгкі аброк, даючы магчымасць Алесю гаспадарыць у сваіх вёсках толькі пасля ягонай, Вежавай, смерці.
Што раiла адмовiцца ад даравання волi начальства — таксама нiкога не здзiвiла. Пабойвалiся бунту ў наваколлi. I нiчога, аднак, не маглi зрабiць. Пан быў гаспадаром, i ў дзеяннях ягоных не было вар'яцтва. Падпалi ён свой уласны палац — справа iншая, тады i апеку можна было б накласцi. А так яны толькi раiлi ды ўгаворвалi, нацiскаючы на тое, што вызваленне ўсё адно хутка
Здзіўляла іншае: бурчанне мужыкоў. Паўсюль яшчэ было прыхаванае, але ў Татарскай Грэблі і Сцюдзеным Яры вылілася ледзь не ў мяцеж. Сяляне адмовіліся браць волю.
Доўга ніхто нічога не разумеў. I толькі потым па наваколлі, невядома кім пушчаная, папаўзла цёмная чутка:
— Не бярыце, хлопцы, ашукаюць. Царская воля выгаднейшая. Ніякага выкупу, зямля — уся. Падман задумалі. I на цукроўні не ідзіце. Зноў заняволяць…
Алесь напісаў Кастусю і атрымаў параду: абумовіць у водпусках, што, калі надзел і выкуп у "царскай волі" будуць больш выгадныя для мужыка — ён, Загорскі, адпаведна павялічвае надзел і адмяняе выкуп.
…I тут, у ясны лютаўскі дзень, запалала нядаўна застрахаваная цукроўня. Тая самая, з двума верхнімі драўлянымі паверхамі, якія Алесь усё збіраўся перабудаваць на мураваныя. Падпалілі невядомыя людзі. Наўрад ці "Ку-га". Пра яе з дня размовы Вежы з Таркайлам ніхто не чуў. Хутчэй за ўсё нехта з Грэблі.
Згарэла ўшчэнт. Успомнілі аб страхоўцы. Пагражаў суд. Уратавала толькі тое, што ў "водпусках" было агаворана аб цукроўнях. Хіба вар'ят будзе, адпускаючы людзей, нішчыць свой жа набытак.
Алесь валасы на сабе рваў. Людзі не хацелі даброт. Людзі помсцілі невядома за што, аддавалі жорава ў руках на сініцу ў небе. Трэба ехаць на радзіму.
Вось толькі трэці дзень, як у Маскве Кастусь. I сёння нарада аб далейшай арганізацыі. Адседзець і паехаць. Бліжэй да спраў.
…Да "Вярбы" [51] было яшчэ далёка, але на развале, ля муроў, некалькі чалавек гандлявалі кнігамі. Кнігі ляжалі на подсціле з лапніку і на сталах.
51
У пятніцу і суботу вярбовага тыдня, шостага тыдня вялікага посту, на ўсю даўжыню крамлёўскіх муроў — ад Спаскай і да Нікольскай вежы — і на палову плошчы пачынаў гаманіць рынак "Вярба". Палаткі, крамкі. Ювелірныя вырабы, звяры, птушкі, кнігі. Па краях, ля Васіля Блажэннага і Нікольскай вежы — гандляры вярбою, свісцёлкамі, цацкамі, паветранымі шарыкамі.
Тут і павінны былі сустрэцца Загорскі і Кастусь. Алесь стаў ля аднаго з гандляроў, няголенага чалавечка з абыякавымі вачыма, і пачаў так, ад няма чаго рабіць, перакладаць кнігі. Чалавечак глядзеў на яго звысоку, нібы гэта ён, Алесь, гандляваў усімі гэтымі пісьмоўнікамі, старымі календарамі і разрозненымі падшыўкамі "Северной пчелы".
А вось гэта што?
"И что собрала посохомъ вымлатила и знашла ячменю… три меры".
Што такое? Пальцы гарталі старонкі.
"Ту справа всякого собрани людского и всякого града еже верою соединеннемъ ласки и згодою посполитое доброе помножено бываець".
Алесь гартаў яшчэ.
" Предъсловие доктора Франъциска Скорины з Полоцька во всю бивлию…"
Алесь прымусіў твар быць спакойным.
— Прадаяце?
— Бярыце, гаспадзін.
— Ну, і, скажам, колькі? — абыякава спытаў ён.
— Калі тры рублі дасцё…
Алесь пакруціў кнігу ў руках.
— Добра ўжо… Наце…
Алесь адышоў ад гандляра, не адчуваючы пад сабою ног. Усё, здаецца, было вакол як раней. Тыя ж муры, плошча, аблокі над ёй. Тое і не тое.
Вызваленая ад селядцовага лёсу, ляжала ў яго на далонях кнiга. Ляжала i маўчала.