Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
— Хадзі, памыйся перад страшным судом.
Таркайлава цела перавесілася з насцілу, упала з невялікай вышыні ў мелкую, на каменьчыках, плынь.
З хвіліну Кандрат глядзеў, як каламутна-шэра пацьмянела празрыстая вада, як потым сплыла каламуць і на яе месца з'явілася ружовае. Дурныя печкуры кідаліся да гэтага ружовага, нібы дзяўблі, сплывалі разам з ім па плыні.
Хутка вада была ўжо зноў празрыстая. Плынь прыўзняла ногі забітага, і яны слаба варушыліся на перападзе.
Кандрат павярнуўся да коней.
— А вы чаго будзеце торгацца,
Ён падсунуў плячук пад таратайку і падаў яе ўгору. Колы выскачылі. Коні хвіліну стаялі, а потым павольна пайшлі: без гаспадара туды, куды і з ім.
Кандрат злез з адхону і пайшоў па вадзе. Не туды, куды сплывала тое і дзе мітусіліся печкуры, а ў другі бок.
Прайшоўшы крокаў сто, ён вымыў вацок і рукі ў сцюдзёнай вадзе і зноў рушыў плынню. Потым пайшоў ярам. Пасля натрапіў на лагчынку з чорнымі люстэркамі вады. Размахнуўся і кінуў вацок разам з тым, што звінела і шалахцела, у чорнае "пушчанскае вока".
Зноў рушыў адхонам. Азірнуўся.
На паверхні чорнай вады знікалі кругі…
За тыдзень паліцыя і нават Мусатаў са сваіл падначаленым, Буланцовым, ператрэслі ўсё наваколле. Аблавы хадзілі па пушчах, людзі з цяжкасцямі, часам рызыкуючы жыццём, забрыдалі нават на некаторыя выспы сярод дрыгвы.
Война, як заўсёды, адседзеўся ў нейкай са сваіх шматлікіх схованак. Людзі Корчака даўно не з'яўляліся ў наваколлі.
Злавілі двух-трох выпадковых валацуг, але забойцаў не знайшлі. Іван Таркайла цяпер нікуды не ездзіў адзін, а ўначы сядзеў у фальварку, зачыніўшы ўсе аканіцы.
Адзіны чалавек, якога здарэнне прывяло ў лютасць, быў Кроер. Ясна, хто зрабіў. Мужычкі каханенькія. Ніхто іншы — яны! Невядома толькі хто. 3 Таркайлавых нехта, ці з ягоных Кроеравых, ці мо адгукнулася праз сваякоў адна з ахвяр "Ку-гі". У росшуках самы страшны і заўзяты быў ён са сваімі чаркесамі. Трос палясоўшчыкаў, шукаў і лупцаваў людзей з лясных буд, смалакураў, бортнікаў.
А калі гэта нічога не дало і наваколле сціхла, зачыніўся ў Кроераўшчыне і пачаў лютаваць над сваімі. Проста так, абы спагнаць злосць. Дайшло да суседзяў. Усе разумелі: трэба сядзець ціха. А гэты, як назнарок, баламуціў лютасцю ўсё наваколле. Усё мацнеў і мацнеў і, урэшце, дакаціўся да губерні агульны лямант:
— У апеку яго!
Віцэ-губернатар Ісленьеў выехаў у Сухадол, каб даследаваць справу на месцы.
Дарогаю ён спыніўся ў Загоршчыне і тут даведаўся, што Кроер зноў запіў. А наступнай раніцай прыляцеў у Загоршчыну да Алеся ганец з Кроераўшчыны і апавясціў зноў, як тады, што пан Канстанцін памірае і паслаў дзесятак слуг паўсюль, каб апавясцілі аб гэтым. I нібыта паслаў нават па доктара і папа.
— Прыкідваецца, — сказаў Вежа.
— Вы думаеце? — Ісленьеў і сам верыў і не верыў.
— Стары жарт, — працадзіў Алесь. — Ягоныя выдумкі трохі аднастайныя. Гэта ўжо трэці раз.
— I ўсё ж, думаю, трэба паехаць, — сказаў Ісленьеў.
Алесь глядзеў на яго з жалем. Стары не мяняўся. Усё той самы румяны, сівы, добразычлівы. Харошы рускі
— Ну, паедзеце, — сказаў Алесь. — Убачыце п'яных гасцей. Свяшчэннік і лекар не маюць права адмовіцца, убачыце п'янага лекара і п'янага папа.
— Я б вам не раіў, — сказаў Вежа.
— Вы не паедзеце?
— Бачыце, я не патрабаваў бы гэтага ад яго, каб, скажам, памёр я, — сказаў стары.
— Ну а вы? — спытаў Ісленьеў у Алеся.
— Я аднойчы з'ездзіў. — Алесь пацёр запясце.
— Па-хрысціянску, — сказаў віцэ-губернатар.
— Па-хрысціянску варта было б усіх нас павесіць, — сказаў Алесь. — За тое, што цярпелі сярод нас такога монстра. Даць вам ахову?
Стары спакойна ўзняў на яго вочы. Яблычны румянец на ягоным свежым абліччы стаў мацнейшы.
— Дзякую, — сказаў віцэ-губернатар. — Але няўжо вы думаеце, што я ў жыцці каго-небудзь баяўся?
— Я не хацеў, каб вы зразумелі мяне так, — сказаў Алесь.
Ісленьеў узяў таго самага мужыка — ганца і паехаў у Кроераўшчыну. Дарогай па ўсіх пагостах бразгалі хаўтурна званы. Нават інваліды па каплічках калаціліся драўлянымі нагамі ў петлях вяровак, што вялі да званоў.
Дзень быў шэры і зусім не летні. Званілі званы, бо памёр вялікі пан, але людзі не ехалі.
— Гэта праўда, што вашага пана "двойчы адпетым" клічуць?
Мужык хаваў вочы. Той самы Борка, што прыязджаў у Загоршчыну і тады.
— Кажы, не бойся.
— Адпявалі яго тройчы, — сказаў мужык. — Усё наваколле.
— Ну і як ён?
Борка ехаў на сваім коніку збоку і трохі ззаду, хоць павінен быў весці. Ён маўчаў.
— То як? — паўтарыў пытанне губернатар.
— Нічога, — бязгучна сказаў мужык.
Ісленьеў ехаў і думаў.
"Нічога". Усё "нічога". Бог ты мой, як можна зацюкаць народ. А мы памагалі гэтаму сваёй слепатой, немагчымасцю нешта зрабіць, бо гэта — сістэма. Паспрабавалі былі трыццаць пяць год назад — леглі пад карцеччу. I з таго часу толькі і думаем, як бы не зачапіла нас па нашай каштоўнай шкуры. Толькі і ходзім на задніх лапках.
Ісленьеў унутрана застагнаў.
Ён шчыра цікавіўся справамі краю. У яго былі знаёмцы ў цэнзуры, і яны дасылалі яму "для азнаямлення і прыняцця да ведама" матэрыялы сталічных часопісаў, што датычыліся гэтай зямлі, нават калі яны і не праходзілі праз цэнзуру.
Адзін артыкул ляжаў у матэрыялах "Современника" і ў цэнзуры, пэўна, год. Не праходзіў. Напэўна і не пройдзе. Ісленьеў успамінаў. У яго была добрая памяць, зусім як у таго чалавека, што калісьці рассеяў іх карцеччу. Што ўжо што, а ў памяці Мікалаю нельга было адмовіць. Кожнага, хто гаварыў з ім, помніў усё жыццё: імя, імя па бацьку, дзе служыў, калі перайшоў з палка ў полк, як завуць жонку і дзяцей, калі гаварылі пра гэта. Здзіўляў гэтым апошняга адстаўнога штабс-капітана, пасяляючы ў ім пачуццё, падобнае на прымхлівы жах: "Праз дваццаць пяць год успомніў!"