Каласы пад сярпом тваiм. Кніга другая. Сякера пры дрэве
Шрифт:
Ціхі і страшны лямант бабы ляцеў над вадой да астраўка, адкуль плылі насустрач яму рэдкія ўдары хаўтурнага звона.
…Назад Кандрат і Алесь ехалі ў чаўне адны. Далёка перагналі ўсю чараду чаўноў.
— Слухай, Кандрат, вазьмі мяне з сабою.
— Куды?
— Ты ведаеш…
— Не, — сказаў Кандрат. — Нiчога я не ведаю.
Яны плылi, а вакол быў блакiт i гарачае паветра.
— Глядзі, што гэта? — сказаў Алесь.
Кандрат азірнуўся, і на хвіліну абодва яны замерлі, уражаныя тым, што адбывалася над ракой.
На беразе, наводдаль,
Нехта ўсмоктваў іх у неба, і яны ўзляталі ў яго вышэй і вышэй. Магутны тромб ішоў да берага, набліжаўся. Чорны, як дым, ён клубіўся і пераліваўся тым, што было ўнутры, як змяя, што скідае скуру. Тлустая, уся хвалямі, яна, павольна звужаючыся, паўзла некуды: не разбярэш, ці ўгору, ці ўніз.
Віхур тромба спусціўся на ваду і пайшоў проста на іхні човен. Як зачараваныя, яны не рухаліся. А смерч наліваўся яшчэ больш, чарнеў.
Бліснула недзе, на вышыні добрай званіцы, доўгае срэбнае цела рыбы.
У наступнае імгненне волат ірвануўся паўз іх і перасунуўся трохі далей, як папярэджанне. 3 чорнага нутра яго дзьмухнула магільным холадам.
Усё хутчэй і хутчэй рушыў ад іх тромб, перайшоў раку, пачарнеў, узляцеўшы на бераг.
Яны ніколі не бачылі такога.
Волат блукаў у палях, ішоў у палі, меншаў. Знікаў.
…Калі ён знік — яны зірнулі адзін на аднаго.
— Бяда будзе, — шапянуў Кандрат.
— Кінь лухту вярзці!
— Х-фу-у, — заплюшчыў вочы Кандрат. — Добра. Вязі мяне на бераг. Высадзі.
— Вазьмі, кажу, з сабою.
— Не!!! — рэзка і злосна кінуў Кагут. — Не дый не. Чорт з імі, з тромбамі… Трэба і іх — грудзінай…
Калі постаць ягоная знікла, ускараскаўшыся на крутаяр, Алесь чамусьці ўспомніў Майку і спалохаўся, што ледзь не загінулі. Цераз дзень яны павінны былі сустрэцца і канчаткова вырашыць, як быць.
Кандрат ужо цэлую чвэрць сонечнай дугі чакаў, седзячы ў зарасцях ля мосціка. Сонечнае святло пахла шкіпінарам, гарачай мятай, ядучым пахам вампірніку. Ад хваёвага гуду — недзе над верхавінамі хадзіў вецер — шумела ў галаве і хацелася задрамаць.
Ён сядзеў у зарасцях за вялікім, як хата, каменем непадалёку ад рачулкі. Над каменем, на адхоне, васьмісотгадовы дуб цягнуў да сонца свае ледзь апераныя галіны. Поўзалі па ягонай, глыбока — на дзве далоні — зрэзанай зморшчынамі, кары чырвоныя кузуркі з чорнымі мордачкамі на спінах. Яны былі падобныя, гэтыя мордачкі-рыскі, на маскі, якія носяць вадохрышчам. Поўзалі яны самотна, спараныя, і кара дуба, відаць, здавалася ім ярамі амаль без дна і высокімі градамі ўзгоркаў.
Проста перад Кандратам звінела Азяранка, несла хвалі ў Дняпро. А над ёю цягнуўся лядашты мост. Кандрат тройчы ўжо ссоўваў з яго дзве плахі. Пасля кожнага праезду. Дзядзькі лаяліся, клалі іх на месца і рушылі далей. А ён зноў выходзіў, зноў ссоваў плахі і зноў сядаў на месца, сціскаючы цёплы ад рук прыклад дубальтоўкі.
Пушча хадзіла і хадзіла над галавой. I
…Таркайла з'явіўся нечакана. Адзін. Мільгануў на ўзгорку і знік, з'язджаючы да мосціка. I тады Кандрат выйшаў з-за каменя, як сто разоў гэта ўяўляў сабе, перабег да пераезду яшчэ бліжэй і прысеў у хмызах, зусім блізка ад ссунутых плах.
Ён паспеў яшчэ цікнуць вышэй па дарожцы абодва бакі. Там нікога не было. Нават калі з'явяцца, то адтуль яны яго, Кагута, не пазнаюць. Каня і фурманку яшчэ можна пазнаць, і то калі ведаеш, каго чакаеш, а чалавека — не.
Перш чым трапіць адтуль да мосціка, трэба з'ехаць пракапаным з'ездам, дзе калёсы і чалавек хаваюцца з галавою. Значыць, на самы горшы выпадак, хопіць часу для двух стрэлаў. Стрэлы будуць верныя: з чатырох крокаў.
Але ён спадзяваўся, што пабочныя людзі не з'явяцца. Яму не хацелася, каб Таркайла адбыў толькі адну хвіліну жаху перад тым, як памрэ. Ён вельмі моцна маліў аб гэтым — бога не бога, а сам не ведаў каго. Таго, хто паможа.
Таркайла вылаяўся і злез з таратайкі. Падышоў да правалу, плюнуў, агледзеўся, як пасунуць плахі. Потым у вачах ягоных нешта мільганула: заўважыў.
— Не рухайся, — сказаў Кандрат, наводзячы ствалы. — Стань ля воза.
— Чаго табе? — збялеў той.
— Сёння пахавалі Стафана Кагута. Маё імя — Кандрат Кагут.
Таркайла шарануў быў рукою па возе да сакваў.
— Ну, — сказаў Кандрат.
— То што, я вінен у тым?
— Вінен. I вінен, што забілі яшчэ аднаго. Ты сам таго не варты.
Таркайла раптам крыкнуў. Спалоханыя коні рванулі наперад, але колы таратайкі з маху ўскочылі ў правал.
— Меркаваў, што пераскочаць, а ты на калёсы дый ходу? — вочы Кагута глядзелі спакойна, усмешка крывіла вусны.
— Адкажаш, Кагут, адкажаш.
— Не, — сказаў Кандрат. — I кiнуў: — Малiся.
Тодар шныраў вачыма вакол.
— Адкажаш, Кагут… Мяса тваё пад пугай паляціць… Павесяць.
— Ну! — сказаў Кандрат.
"Пане божа, у рукі твае аддаю дух мой…"
— Досыць, — сказаў Кандрат. — Лапату і таго не даў.
Стрэл пракаціўся верхавінамі пушчы.
Таркайла зрабіў запознены крок убок, толькі цяпер скеміўшы, што можна скочыць з мосціка, хай сабе і ў мелкае месца. Усё адно гэта выйгрыш хвіліны.
Але ён ужо не мог гэтага зрабіць. Прыціснуў далонь да грудзей, хістануўся і ўпаў на калені.
— Забiў, — сказаў ён. — Забiў ты мяне.
Кандратава стрэльба хадзіла перад ягоным тварам.
— Нічога, — сказаў ён, хілячыся наперад. — I цябе так… I цябе… I ўсіх вас так.
Другі стрэл нібы штурхнуў увесь свет у ягоны лоб.
…Кандрат прадзьмуў ствалы. Звыкла, як кожны селянін, што беражэ сваю зброю. Сіні дымок двума струменьчыкамі — слабейшым і моцным — вылецеў з іх.
Потым Кагут схіліўся над забітым і здзёр з ягоных грудзей запэцканы ў крыві вацок. У ім зазвінела і зашалахцела.