Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
Шрифт:
Аконам выпадкова застаў яго ў Кроераўшчыне і, смяротна перапалоханы, маліў яго, каб ён скакаў y Сухадол па дапамогу. Але ў паручніка былі іншыя планы. Бунт быў занадта шчаслівы выпадак, каб выпусціць ініцыятыву з рук, аддаць яе другому, застацца без рэпутацыі мужнага і дзейнага чалавека.
Зеленаватыя вочы Мусатава загарэліся прадчуваннем падзей. Небяспека — глупства: што робіцца без небяспекі? Яна надавала нават вострае адценне таму, што ён збіраўся рабіць. I таму ён прыкрыкнуў на аконама:
— Ану змоўч! Наробяць тут бязглуздзіцы, a ты
— Дзесяць.
— Давай іх сюды… A сам скачы ў Сухадол. Скажаш, пан Мусатаў сам рушыў y Півошчы… Хай не марудзяць.
Аконам глядзеў на яго з дрэнна прыхаванай пашанай і некаторым жахам. I гэта было добра: будзе сведка. У душы паручніка ўсё лікавала ад захаплення ўласнай хітрасцю. Хай y Сухадоле спяшаюцца. Гэта патрэбна, каб яго не абвінавацілі ў залішняй самаўпэўненасці. Але яны не паспеюць, яны проста не здолеюць паспець. "Малады і распарадны паручнік, які выпадкова аказаўся на месцы", зробіць усё без іх… Не трэба было толькі паказваць радасці. I таму ён спакойна аглядаў зброю татар.
— Як жа вы? — з жахам спытаў аконам.
— Служба, — адказаў Мусатаў.
— Блаславі вас бог, — з расчуленым захапленнем сказаў аконам.
— Э, кіньце… Спяшайцеся лепей… Усё ж іх чатыры сотні адных мужыкоў…
— I вы не баіцёся?
— Баюся. Але іду… — Ён стрымана перахрысціўся і сказаў падначаленым: — Рушай, браткі.
…I вось цяпер атрад уступаў y Півошчы, і, чым больш ён пасоўваўся наперад, вырастаў y памерах брудна-белы, маўклівы натоўп пад дубам. Калі да яго засталося якіх крокаў сорак, Мусатаў спыніў сваіх людзей, a сам ад'ехаў ад іх да натоўпу на даўжыню корпуса каня, не больш. Ён ведаў, што набліжацца больш нельга: сцягнуць з каня, і тады падначаленыя не паспеюць памагчы, збаяцца страляць і, магчыма, пабягуць.
Маглі нават проста натаўчы карак — гэта страшней за смерць…
Нельга было быць смешным. Ён абмацваў сваімі зеленаватымі, як y рысі, вачыма маўклівы натоўп, a яго рукі, учэпістыя і прыхавана-нервовыя, са сплюшчанымі на канцах, як долата, пальцамі, ляжалі на сядзельнай луцэ.
Пакрысе ён разумеў: небяспека ёсць, але вельмі маленькая. I гэта ўзбадзёрыла яго.
— Што тут здарылася? — спытаў ён.
У адказ — маўчанне.
— Чые мэндлiкi гарэлi?
Зноў маўчанне.
— Маўчыцё, сук-іны сыны… Віламі кідаецеся… Ведаеце, чым гэта можа скончыцца?
Некаторыя апусцілі галовы. Божа, толькі б не рухнулі на калені!
— Што ж вы, браткі? Як гэта вы асмеліліся? Разыдзіцеся, не ўводзьце ў грэх хрысціяніна… Разыдзіцеся смірна па хатах…
У яго памякчэлым голасе была паблажлівасць: так кот на хвіліну адпускае ахвяру, каб было што даганяць.
— Вы што, спалілі панскае жыта?.. Дрэнна.
— A тое, што ён з намі зрабіў, добра? — выбухнуў y натоўпе нечы голас. — Звычай ломіць, за згон не заплаціў.
— Будзеце адказваць!
— Вось што, — сказаў, выступаючы з радоў, Гарлач, — ідзі адсюль, пан афіцэр. Мы нарабілі — наш і адказ. Ідзі… Праўда, людзі?
— Тады аддасцё
I звярнуўся да атрада:
— Слухай мяне… Пойдзеце да іхніх сціртаў і памяркуеце, колькі ім трэба аддаць, каб за ноч не схавалі… Да апошняга снапа…
Удар быў разлічаны. Натоўп зароў. Пагроза была бязглуздая і менавіта таму выклікала гнеў, пры якім не разважаюць.
— Хай паспрабуюць узяць!
— Паглядзім, як возьмуць!
Урэшце, з афіцэрам было толькі дзесяць чалавек. I натоўп паўколам рушыў на іх.
Мусатаў зразумеў, што ён перагнуў. Ён не хацеў бойкі, ён хацеў толькі абурэння, пры якім можна страляць паўзверх галоў. "Распарадны малады паручнік залпамі паўзверх галоў прымусіў скарыцца мяцежны зброд…" Але разважаць было позна: y pyках сялян з'явіліся камяні. Трэба было дзейнічаць рашуча, іначай канфуз.
— Ану, паспрабуйце, вазьміце!
— Бі іх y маю душу!..
Натоўп насоўваўся грозным паўколам і страшна роў. I тады Мусатаў амаль праспяваў:
— Шту-уцэры на руку-у…
Натоўп захваляваўся і пайшоў трошкі павольней.
— Браткі! — крыкнуў Гарлач. — Не будуць страляць! Загаду такога няма! На нас крыжы! Па крыжах не будуць!
— Плі!
Залп секануў паветра. Усе спыніліся, неўразумелыя… Парахавы дым яшчэ не паспеў развеяцца, як y натоўпе нема залямантавала баба:
— А-а-а!!!
I гэты пранізлівы крык вырашыў справу. Натоўп, амаль шэсцьсот чалавек, кінуўся ўцякаць, топчучы тых, што ўпалі.
…Корчака нешта апякло. Не разумеючы, што гэта, не заўважаючы, што з-пад правай ключыцы затачылася кроў, ён задкаваў, з жахам і гневам гледзячы ў пашыраныя, бязглуздыя вочы тых, хто бег.
— Браткi, куды ж вы?! Браткi, апамятайцеся!
Ён бачыў, як, трымаючыся за галаву, бег Гарлач, як, часта зяхаючы, заціскаў чырвоную пляму на рукаве стары Губа, але ўсё яшчэ бязладна махаў непатрэбнымі віламі.
— Браткі!
Другога залпу не спатрэбілася. Мужыкі сыпанулі гародамі, уроссып.
Усё было скончана.
I тады Корчак таксама пабег. Ён не ведаў, куды ён бяжыць, ён ведаў толькі, што ў сітнягах над старыком не знойдуць, і таму бег зусім y іншы бок, не ў той, куды беглі астатнія. Ён не баяўся; гнеў, якога ён дагэтуль не ведаў y сабе, быў мацнейшы за жах; але ён усё ж уцякаў. Бадай што, гэта быў адзіны з усіх, хто не страціў пасля ўсяго, што адбылося, здатнасці разважаць.
Ён бег капуснымі градкамі, потым з маху кінуўся ў ваду старыка і, перасекшы яго, выбраўся ў лазу, a потым y лугі. Ён доўга бег і там, усхліпваючы ад злосці і паўтараючы:
— Баязліўцы… Сволачы…
Потым пайшоў павольна, толькі тут адчуўшы, што паранены.
Разам з крывёй з цела, здаецца, выцякала і смеласць. Яму стала страшна. Рана пачала гарэць. Затачыўшыся ў высокі чарот, як зацкаваны звер, ён чэрпаў далоняю карычневую ваду і паліваў рану, але яна балела ўсё мацней.
"Прападаць буду", — падумаў ён.