Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я абяцаю зрабiць усё, што вы скажаце, дарагая Чарапаха, толькi б ведаць, што сталася з маiмi сябрамi.
– Сцеражыся ж, Бландзiна! Шэсць месяцаў ты павiнна будзеш не сыходзiць з маёй спiны i ўвесь час маўчаць! Калi ж па дарозе ты не вытрымаеш выпрабавання, ты навечна застанешся пад уладаю чарадзея Папугая i ягонае сястры Ружы. I тады я не змагу ўжо даць нават той малой дапамогi, якая дазволiла табе выжыць у гэтыя апошнiя шэсць тыдняў.
– Я згодная, дарагая Чарапаха, i гатовая зараз жа выправiцца ў дарогу. Няхай я лепей памру ад нуды i стомы, чым ад хвалявання i тугi. Цяпер, калi вашыя словы адрадзiлi ўва мне надзею, я адчуваю ў сабе сiлу выцярпець нават яшчэ цяжэйшае падарожжа, чым тое, пра якое вы кажаце.
–
Бландзiна хуценька ўзлезла Чарапасе на спiну, i тая прамовiла:
– А цяпер - болей нi слова! Маўчы да той самай хвiлiны, пакуль мы не прыйдзем i я сама першая не загавару з табой.
Глава 10
Падарожжа i вяртанне
Як i казала Чарапаха, падарожжа доўжылася цэлыя шэсць месяцаў. Калi мiнулi першыя тры месяцы, яны выйшлi з леса i апынулiся на высушанай раўнiне, па якой iшлi яшчэ шэсць тыдняў. Нарэшце на даляглядзе ўзнiк велiчны замак, вельмi падобны да таго, якi быў у Катка-Вуркатка з Добраю Козачкай. Яшчэ месяц яны дабiралiся да шырокай дарогi, што вяла да замкавай брамы. Бландзiна згарала ад нецярпення. "Няўжо гэта i ёсць той замак, дзе я даведаюся пра лёс маiх дарагiх сяброў?" - думала яна. Але нягледзячы на вялiкае жаданне, яна баялася спытаць пра гэта ў Чарапахi. Каб яна магла злезцi на зямлю з Чарапахiнай спiны, яна дабегла б да замка ўсяго за дзесяць хвiлiн, але Чарапаха ўсё йшла i йшла, i Бландзiна памятала, што ёй нельга гаварыць i злазiць са спiны. Таму, нягледзячы на пякучае жаданне, яна вырашыла чакаць. Але замест таго, каб паскорыць хаду, Чарапаха, здавалася, пачала яшчэ марудней перастаўляць ногi i йшла да замка яшчэ доўгiх пятнаццаць дзён, якiя падалiся Бландзiне пятнаццаццю гадамi. Бландзiна не зводзiла з замка вачэй i ўвесь час глядзела на яго браму. Замак здаваўся пакiнутым: з яго не далятала нiводнага гуку, быццам за яго мурамi зусiм не было жыцця. Нарэшце, на сто васьмiдзесяты дзень падарожжа Чарапаха спынiлася i сказала Бландзiне:
– Ну вось, Бландзiна, цяпер ты можаш злезцi з маёй спiны. Сваёю смеласцю i паслухмянасцю ты заслужыла ўзнагароду, якую я абяцала. Iдзi ж у замак праз гэтыя маленькiя дзверцы, што перад табой, i ў першага, каго сустрэнеш, папрасi, каб цябе завялi да Чароўнай феi. Яна й раскажа табе пра лёс тваiх дарагiх сяброў.
Бландзiна жвава саскочыла на зямлю. Шэсць месяцаў праседзеўшы нерухома, яна баялася, што ногi ў яе будуць зусiм здранцвелыя. Але яна адчула ў iх такую самую лёгкасць, як у тыя шчаслiвыя часы, калi жыла ў Добрай Козачкi з Катком-Вуркатком i цэлымi гадзiнамi бегала па парку, збiраючы кветкi i ганяючыся за матылькамi. Шчыра падзякаваўшы Чарапасе, яна хуценька адчынiла маленькiя дзверцы i адразу апынулася перад прыгожай дзяўчынай, апранутай ва ўсё белае. Дзяўчына спытала ў Бландзiны, каго яна тут шукае.
– Мне трэба пабачыць Чароўную фею, - адказала Бландзiна.
– Калi ласка, перадайце ёй, што прынцэса Бландзiна вельмi просiць яе прыняць.
– Хадзiце за мной, прынцэса, - сказала дзяўчына.
I Бландзiна з хваляваннем пайшла за ёй. Яны праходзiлi па прыгожых залах i сустракалi шмат маладых дзяўчат, якiя таксама былi ва ўсiм белым, як i тая, якую Бландзiна сустрэла на дварэ. Дзяўчаты прыязна ўсмiхалiся Бландзiне i глядзелi на яе з такiм выглядам, быццам некалi ўжо бачылi. Нарэшце Бландзiна ўвайшла ў залу, кропля ў кроплю падобную да той, што была ў Добрай Козачкi ў Бэзавым лесе.
Гэты ўспамiн быў Бландзiне такi балючы, што яна нават не заўважыла, як маладая дзяўчына некуды знiкла. Яна сумна пачала разглядаць мэблю, якая стаяла ў зале, i заўважыла, што толькi адна рэч тут не такая, як у Добрай Козачкi ў Бэзавым лесе. Гэта была вялiкая шафа, аздобленая золатам i тонкай разною косткай. Шафа была зачыненая. I тут Бландзiна
– Што ты хацела, мiлае дзiцятка?
– О, панi!
– закрычала Бландзiна i кiнулася жанчыне ў ногi.
– Мне сказалi, што вы можаце расказаць пра лёс, якi напаткаў маiх мiлых, чароўных сяброў Добраю Козачку i Катка-Вуркатка. Вы ж, напэўна, ведаеце, як я страцiла iх праз сваё злачыннае свавольства. Я шмат праплакала, думаючы, што яны памерлi. Але Чарапаха падарыла мне надзею, сказаўшы, што аднойчы я здолею iх убачыць. I вось яна прывезла мяне сюды. Калi ласка, панi, скажыце, што яны жывыя. I загадайце, што я павiнна зрабiць, каб заслужыць вялiкае шчасце ўбачыць iх зноўку.
– Бландзiна, - сумна адказала Чароўная фея, - ты даведаешся, што здарылася з тваiмi сябрамi. Але што б ты не ўбачыла, не адчайвайся i не страчвай надзеi.
З гэтымi словамi яна падняла бедную Бландзiну з каленяў i падвяла да шафы, якая так прывабiла яе позiрк.
– Вось, мiлая Бландзiна, - сказала фея, - вазьмi гэты ключык i адчынi гэтую шафу. Але будзь мужная!
I яна аддала Бландзiне залаты ключык.
Бландзiна адчынiла шафу дрыготкай рукою... I што яна магла адчуць, калi ўбачыла, што ў шафе вiсяць шкуры Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка, прыбiтыя дыяментавымi цвiкамi?!
Няшчасная Бландзiна роспачна крыкнула i ў непрытомнасцi ўпала на рукi Чароўнае фее.
У тое ж iмгненне дзверы ў залу зноў адчынiлiся i на парозе ўзнiк прыгожы, як сонейка, прынц. Ён кiнуўся да Бландзiны i сказаў:
– Ах, мацi, гэтае выпрабаванне было занадта моцнае для нашай мiлай Бландзiны.
– Я таксама шкадую, сынку, i мне таксама балiць за яе сэрца. Алё ты ведаеш, што гэтае пакаранне было патрэбнае, каб ужо назаўсёды вызвалiць яе з-пад улады злога чарадзея Бэзавага леса.
З гэтымi словамi, Чароўная фея дакранулася да Бландзiны сваёю палачкай, i Бландзiна адразу ачнулася. Але ўспомнiўшы ўбачанае, яна зноў горка заплакала i ў роспачы закрычала:
– Дайце мне памерцi, мне не хочацца болей жыць. Няма больш надзеi, i мне нiколi не ўбачыць шчасця. Мiлыя мае, дарагiя сябры, ваша Бландзiна хутка ўжо будзе з вамi!
– Бландзiна, дарагая, - сказала фея, моцна абняўшы дзяўчынку, - твае сябры жывыя i любяць цябе. Я i ёсць Добрая Козачка, а гэта - мой сын, Каток-Вуркаток. Некалi злы чарадзей Бэзавага лесу скарыстаўся няўважлiвасцю майго сына, i яму ўдалося ператварыць нас у жывёл. У гэтым выглядзе ты з намi й пазнаёмiлася. Свой нармальны выгляд мы маглi набыць толькi тады, калi б ты вызвалiла Ружу, якую я ператварыла ў куст. Я ведала, што яна твой сама злы вораг, i таму пасадзiла яе як мага далей ад замка, каб ты не магла яе ўбачыць. Я ведала, якiя няшчасцi ты можаш на сябе наклiкаць, выпусцiўшы яе на волю. I неба мне сведка, мы з сынам былi гатовыя ўсё жыццё заставацца Добраю Козачкай i Катком-Вуркатком, толькi б аберагчы цябе ад страшнай пакуты, якую табе давялося перажыць. На жаль, нягледзячы на ўсе нашыя перасцярогi, Папугаю ўдалося цябе ашукаць. А ўсё астатняе ты сама ведаеш. Магу толькi дадаць, што мы таксама вельмi пакутавалi, ведаючы, што ты засталася зусiм адна i так горка плачаш.
Бландзiна кiнулася цалаваць ды абдымаць фею, i дзякаваць ёй i прынцу. I няспынна задавала пытаннi.
– А што сталася з газэлямi, што нам прыслугоўвалi?
– Ты iх усiх бачыла, дарагая Бландзiна. Гэта тыя дзяўчаты, што прывялi цябе ў гэтую залу. Яны таксама абярнулiся зноў у людзей.
– А адкуль узялася карова, што прыносiла мне кожны дзень малако?
– Нам з сынам удалося ўгаварыць каралеву феяў паслаць табе гэтую невялiкую дапамогу. I Крумкача, якi падбадзёрваў цябе сваiмi словамi, таксама паслалi мы.