Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Бландзiна пайшла за Добраю Козачкай у свой кабiнет, падбегла да пiянiна i, як толькi пачала граць, пачула, што з-пад пальцаў у яе лiецца чароўная музыка. Яна ўзяла арфу i таксама ўпэўнiлася, што грае на ёй цудоўна. Заспяваўшы, яна заўважыла ў сябе дзiвосны голас; узяўшы ў рукi алоўкi i пэндзлi, пачала маляваць, ды так добра, што ў яе малюнках адчуваўся сапраўдны талент; яна пiсала зусiм без памылак i вельмi прыгожым почыркам; а зiрнуўшы на назвы кнiг, якiя стаялi на палiцах, прыгадала, што многiя з iх ужо чытала. Здзiўленая i вельмi радая, яна кiнулася на шыю Добрае Козачцы, ласкава пацалавала Катка-Вуркатка i сказала:
– О, мае добрыя, дарагiя, мае сапраўдныя
Добрая Козачка прытулiла да сабе Бландзiну, а Каток-Вуркаток ласкава лiзнуў ёй руку. Калi першая радасць прайшла, Бландзiна апусцiла вочы i сцiпла спытала:
– Мiлыя мае, добрыя сябры, вы не палiчыце мяне няўдзячнаю, калi я папрашу вас зрабiць мне яшчэ адну паслугу? Скажыце, што з маiм бацькам? Цi ён дагэтуль смуткуе без мяне? Цi быў ён хоць трошкi шчаслiвы з таго дня, калi я згубiлася ў лесе?
– Твая просьба вельмi зразумелая, дарагая Бландзiна, i мы выканаем яе, адказала Добрая Козачка.
– Зiрнi ў гэтае люстра, i ў iм ты адразу ўбачыш усё, што адбылося з тваiм бацькам пасля твайго знiкнення i што з iм цяпер.
Бландзiна падняла вочы i ўбачыла ў люстры бацькаў пакой. Кароль хадзiў па iм вельмi ўсхваляваны. Здавалася, ён некага чакае. Потым да яго зайшла каралева Фур'ета i пачала расказваць, што Бландзiна, нягледзячы на ўсе ўгаворы Гурмандзiнэ, захацела сама пакiраваць страўсамi, але тыя не падпарадкавалiся ёй i пабеглi да Бэзавага лесу; там брычка перакулiлася, i Бландзiна, пераляцеўшы цераз агароджу, апынулася ў лесе; ад адчаю i жаху, Гурмандзiнэ ледзь не страцiў розум, i таму каралева адправiла яго да сваiх бацькоў. Пачуўшы гэтую навiну, кароль быў у роспачы, ён кiнуўся да Бэзавага лесу шукаць Бландзiну, i яго толькi сiлай удалося ад гэтага ўтрымаць. Яго прывялi назад у палац, i ён яшчэ доўга пакутаваў ад скрухi, увесь час клiчучы сваю мiлую дачурку. Але нарэшце ён заснуў i ў сне ўбачыў Бландзiну ў палацы ў Добрае Козачкi i Катка-Вуркатка. Добрая Козачка супакоiла яго i сказала, што Бландзiна ў яе жыве добра i шчаслiва i аднойчы настане дзень, калi яна вернецца да свайго бацькi.
Потым люстра пацьмянела, i ўсё знiкла. А калi засвяцiлася зноў, Бландзiна зноў убачыла бацьку. Ён пастарэў, валасы ў яго пасiвелi. Ён сумна сядзеў, трымаючы ў руцэ Бландзiнiн партрэт, цалаваў яго i цiха плакаў. Ён быў адзiн, нi каралевы, нi Брунеты Бландзiна не ўбачыла. Бедная Бландзiна горка заплакала.
– Чаму мой бацька адзiн?
– спытала яна.
– Чаму з iм нiкога няма? Дзе каралева з маёй сястрою Брунетай?
– Каралева зусiм мала смуткавала з-за тваёй смерцi (а ўсе лiчаць, што ты памерла), i ўрэшце кароль узненавiдзеў яе за гэта i паслаў назад да ейнага бацькi, караля Баламута, якi загадаў пасадзiць яе ў вежу, дзе яна неўзабаве памерла ад нуды i шаленства. А твая сястра Брунета зрабiлася такая злая i невыносная, што летась кароль хуценька аддаў яе замуж за прынца Жарсткена, якi ўзяўся выправiць яе злы i зайздрослiвы нораў. Прынц абыходзiцца з Брунетаю вельмi жорстка, i яна пачынае ўжо разумець, што злосць не прыносiць нiякага шчасця. Таму яна патроху пачала выпраўляцца. Ты з ёю яшчэ пабачышся i сваiм узорам канчаткова выправiш яе.
Бландзiна ласкава падзякавала Добрай Козачцы за навiны i хацела спытаць, калi ж нарэшце зможа ўбачыцца са сваiм бацькам? Але падумала, што лепей для гэтага пытання пачакаць iншага выпадку. Бо цяпер Добрай Козачцы можа здацца, што яна спяшаецца пакiнуць яе, а гэта будзе няветлiва.
Цэлымi днямi Бландзiна
На шпацыр Бландзiна заўсёды хадзiла з Катком-Вуркатком, якi паказваў ёй найлепшыя прысады i найпрыгажэйшыя кветкi. Добрая Козачка ўзяла з Бландзiны слова, што яна нiколi не будзе выходзiць за агароджу парка i нiколi не захоча пайсцi пагуляць у лес. Бландзiна часта пыталася ў Добрай Козачкi, чаму ёй нельга туды схадзiць.
Але Добрая Козачка, уздыхаючы, заўсёды адказвала:
– Ах, Бландзiна, нават i не думай хадзiць у гэты лес, ён прыносiць толькi няшчасце. I я зычу, каб ты нiколi болей туды не трапiла!
Выправiўшыся на шпацыр, Бландзiна часам заходзiла ў альтанку, што стаяла на ўзгорку каля самае агароджы, за якой пачынаўся лес. Адтуль яна бачыла прыгожыя высокiя дрэвы, чароўныя кветкi, тысячы птушак, якiя спявалi, пералятаючы з галiнкi на галiнку, i нiбыта заклiкалi яе прыйсцi да iх пагуляць. "Ну чаму Добрая Козачка не хоча адпусцiць мяне пагуляць у лесе? думала яна.
– Хiба мне можа там што-небудзь пагражаць, калi яна сама мяне абараняе?"
Кожны раз, як яна гэта думала, Каток-Вуркаток, здавалася, прачытваў яе думкi i, ухапiўшы яе за прыпол, адразу пачынаў цягнуць прэч з альтанкi i жаласна мяўкаў.
Тады Бландзiна ўсмiхалася i йшла за Катком-Вуркатком гуляць далей па прыгожым, але бязлюдным парку.
Глава 7
Папугай
З таго дня, як Бландзiна прачнулася ад сямiгадовага сну, прайшло амаль паўгода. Цяпер ёй здавалася, што час iдзе вельмi марудна. Яна часта ўспамiнала бацьку, i гэты ўспамiн напаўняў яе сэрца сумам. Добрая Козачка i Каток-Вуркаток, напэўна, здагадвалiся пра яе думкi. Каток-Вуркаток пачынаў жаласна мяўкаць, а Добрая Козачка глыбока ўздыхала. Бландзiна рэдка гутарыла з iмi пра тое, што яе хвалявала, - яна баялася пакрыўдзiць Добрую Козачку, бо тая i так ужо тры цi чатыры разы казала ёй: "Ты ўбачыш яшчэ свайго бацьку, Бландзiна. Гэта здарыцца, калi табе споўнiцца пятнаццаць гадоў. А пакуль, павер, не трэба думаць пра будучыню. I сама галоўнае - не трэба спрабаваць ад нас уцячы."
Аднойчы ранiцай Бландзiна сядзела самотная, разважаючы пра сваё незвычайнае i аднастайнае жыццё. I тут яе думкi развеялiся, бо нехта цiхутка тройчы пастукаў у шыбу. Яна падняла галаву i ўбачыла прыгожага зялёнага папугая з аранжавымi шыйкаю i грудзiнкай. Здзiвiўшыся нечаканаму незнаёмцу, Бландзiна адчынiла акно i ўпусцiла Папугая ў пакой. I здзiвiлася яшчэ болей, калi птушка загаварыла танюткiм траскучым галаском.
– Дзень добры, Бландзiна. Я ведаю, што ты часта сумуеш, бо табе няма з кiм пагутарыць. Вось я i прыляцеў пагаварыць з табою. Але, калi ласка, не кажы нiкому, што ты мяне бачыла, iначай Добрая Козачка скруцiць мне шыю.
– Ды ну, што ты, мiлы Папугай, - адказала Бландзiна.
– Добрая Козачка нiкому не робiць лiха. Яна не любiць толькi злыдняў ды злоснiкаў.
– Не, Бландзiна, калi ты не паабяцаеш, што нiчога не будзеш расказваць пра мяне Катку-Вуркатку i Добрай Козачцы, то я зараз жа палячу адсюль i нiколi больш не вярнуся.
– Ну добра, мiлы Папугай, калi ты ўжо так гэтага хочаш, я абяцаю. Давай трошкi пагутарым: я ўжо так даўно нi з кiм не гаварыла! Мне здаецца, што ты вельмi вясёлы i вельмi дасцiпны. I я ўпэўненая, што ты чым-небудзь мяне пазабавiш.