Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Кот усмiхнуўся i прамовiў:
– А цяпер сядай мне на хвост.
Анры сеў i адразу здзiўлена ўбачыў, што хвост у Ката пачаў хутка расцi i выцягвацца, i неўзабаве перанёс яго на другi бераг.
Глава 7
Кветка жыцця
Анры пачцiва развiтаўся з Катом i пабег да сада, дзе расла кветка жыцця. Да сада заставалася яшчэ метраў сто, i Анры баяўся, каб нейкая новая перашкода не спынiла яго. Але неўзабаве ён дабраўся да садовае агароджы.
Ён пашукаў фортку i хутка яе знайшоў, бо сад быў зусiм невялiкi. Але ў iм расло столькi розных незнаёмых раслiн, што знайсцi сярод iх кветку жыцця было немагчыма.
На шчасце
– Што вам трэба, мой хлопча?
– спытаўся Доктар, пазiраючы на Анры.
– I як вам удалося дасюль дабрацца?
– Пане Доктар, - адказаў Анры, - мяне паслала да вас Добрая фея. Мне патрэбна кветка жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае.
– Ну што ж, - сказаў Доктар, пачцiва прыўзнiмаючы шапку, - кожны, каго пасылае сюды Добрая фея, для мяне добры госць. Хадзiце, хлопча, за мной, я дам вам тое, што вы шукаеце.
Ён павярнуўся i пайшоў у глыбiню сада, ды так хутка, што Анры ледзь паспяваў за iм. Ён увесь час баяўся, што адстане ад Доктара, i болей яго не знойдзе, бо Доктар быў такi маленькi, што цалкам знiкаў за сцяблiнамi высокiх раслiн.
Але нарэшце яны падышлi да нейкай раслiны, якая стаяла асобна i была ўся абсыпаная прыгожымi кветкамi. Доктар выняў з кiшэнi садовы нож, зрэзаў адну галiнку з кветкай i, аддаўшы яе Анры, сказаў:
– Вось, бярыце i рабiце ўсё так, як сказала вам фея. А вяртаючыся дадому, не выпускайце кветкi з рукi, бо калi вы яе пакладзеце, яна адразу i назаўсёды знiкне.
Анры хацеў падзякаваць маленькаму Доктару, але той ужо знiк сярод раслiн ды лекавых траваў. Застаўшыся адзiн, Анры падумаў:
– Як жа мне цяпер хутчэй вярнуцца дадому? Бо калi я, спускаючыся з гары, сустрэну тыя самыя перашкоды, якiя сустрэў, пакуль сюды падымаўся, я згублю сваю каштоўную кветку. А без яе мне не ўратаваць маёй беднае мамы!
I тут ён на шчасце ўспомнiў пра палку, якую падараваў яму Воўк.
– Зараз паглядзiм, - падумаў Анры, - цi праўда, што яна можа перанесцi мяне дадому.
Ён сеў верхi на палку i не паспеў падумаць, што хоча апынуцца дома, як адчуў, што падымаецца ў паветра i ляцiць некуды з маланкавай хуткасцю.
Праз iмгненне ён быў ужо каля ложка, у якiм ляжала яго хворая мацi.
Ён кiнуўся да яе, i пачаў цалаваць ды абдымаць, але мацi не варушылася. Тады ён хуценька выцiснуў ёй на вусны сок чарадзейнае кветкi, i ў тую ж хвiлiну мацi расплюшчыла вочы i, абняўшы Анры, ускрыкнула:
– Мiлае маё дзiця, мой добры Анры! Дзякуй табе, я была такая хворая, але цяпер я адчуваю сябе цудоўна. I мне вельмi хочацца есцi.
Тут яна ўважлiва зiрнула на сына i са здзiўленнем сказала:
– Але ж ты вельмi вырас, мой мiлы хлопчык! Што здарылася? Як ты мог так вырасцi за некалькi дзён?
Анры сапраўды падрос на цэлую галаву, бо з таго часу, як ён выйшаў з хаты, прайшло два гады сем месяцаў i шэсць дзён. Цяпер яму было ўжо амаль дзесяць гадоў. Але раней, чым Анры паспеў што-небудзь растлумачыць, акно ў хаце адчынiлася, i ў пакоi ўзнiкла Добрая фея. Абняўшы Анры, яна падышла да матчынага ложка i расказала кабеце пра ўсё, што зрабiў Анры, каб яе ўратаваць, пра тое, колькi яму давялося адолець цяжкасцяў i перажыць небяспекi, i якi ён увесь гэты час быў мужны, цярплiвы i добры. Анры чырванеў, слухаючы, як яго хвалiць Добрая фея, а мацi яшчэ мацней прыцiскала яго да сэрца i ўвесь час цалавала. Парадаваўшыся разам з мацi i сынам, Добрая фея сказала:
– А цяпер, Анры, можаш пакарыстацца падарункамi, якiя далi табе Дзядок i Асiлак.
Анры выняў табакерку i адчынiў яе; з табакеркi адразу выйшаў цэлы натоўп маленькiх рабочых - такiх маленькiх, што рост у кожнага быў не большы, чым у пчалы; але iх было так многа, што яны запоўнiлi ўвесь пакой. Рабочыя адразу пачалi працаваць, ды так спрытна i хутка, што ўжо праз чвэртку гадзiны збудавалi i абставiлi мэбляй прыгожы дом пасярод вялiкага сада, да агароджы якога з аднаго боку падыходзiў лес, а з другога - цудоўны поплаў.
– Усё гэта цяпер тваё, мой слаўны Анры, - сказала Добрая фея.
– Калi табе будзе чаго не хапаць, то здабыць гэта табе дапаможа падораны Асiлкам чартапалох. Падораная Воўкам палка перанясе цябе, куды ты толькi захочаш, а кiпцюр, якi падарыў табе Кот, захавае табе i тваёй мацi здароўе i маладосць. А цяпер, Анры, бывай, жывi шчаслiва i не забывайся, што дабрыня i сыноўская любоў заўсёды прыносяць узнагароду.
Анры кiнуўся Добрай феi ў ногi; яна дазволiла яму пацалаваць сабе ў руку, усмiхнулася i знiкла.
Мацi Анры вельмi хацелася ўстаць ды пайсцi палюбавацца на новы дом, сад, лес i поплаў, але ў яе не было нiводнай сукенкi: калi яна хварэла, яна вымушаная была пасылаць сына на базар, каб ён прадаў там што-небудзь з яе адзення i хоць трошкi зарабiў iм на хлеб. Таму цяпер у яе зусiм нiчога не засталося.
– Ах, дарагi сыночку, - сказала яна, - на жаль, я не магу ўстаць, бо ў мяне няма нi спаднiцы, нi сукенкi, нi чаравiкаў.
– Не бядуйце, мама, - адказаў Анры.
– Зараз усё ў вас будзе.
Ён выняў з кiшэнi чартапалох i, панюхаўшы яго, пажадаў, каб у iх з мацi былi чаравiкi i добрая вопратка, а ў хаце - абрусы ды бялiзна на ложках.
У тую ж хвiлiну шафы ў доме напоўнiлiся адзеннем, мацi аказалася апранутаю ў чароўную сукенку з тонкае воўны, а Анры ў цудоўны блакiтны гарнiтур, i на нагах у iх узнiклi прыгожыя чаравiкi. Абое ажно ўскрыкнулi ад радасцi; мацi саскочыла з ложка i разам з Анры пайшла аглядаць новы дом. Тут усяго было ўдосталь: паўсюль стаяла прыгожая i зручная мэбля, на кухнi было шмат сама розных каструль, рондаляў i мiсаў. Але ўсе яны былi пустыя. Тады Анры панюхаў чартапалох i пажадаў, каб на стале быў накрыты добры абед. У тую ж хвiлiну перад iмi ўзнiклi гарачы суп, смажаная баранiна, запечаная курыца i вельмi смачная салата. Яны адразу селi за стол i пачалi есцi з такiм смакам, што, гледзячы на iх, любы здагадаўся б, што яны не елi цэлыя тры гады. У адзiн момант яны праглынулi i суп, i баранiну, i курыцу, а потым i ўсю салату. Наталiўшы голад, мацi з дапамогай Анры прыбрала са стала, яны памылi посуд i падмялi ў кухнi. А потым заслалi ложкi чыстай бялiзнай, якую знайшлi ў шафах, i ляглi спаць, падзякаваўшы Богу i Добрае феi. А мацi шчыра падзякавала яшчэ i свайму сыну Анры. Так яны i зажылi ў шчасцi ды згодзе: дзякуючы чартапалоху ў iх заўжды было ўсяго ўдосталь; дзякуючы кiпцюру яны нiколi не хварэлi i не старэлi, а палкай яны не карысталiся, бо ў сваiм доме iм было добра i нiкуды ў iншае месца зусiм не хацелася.