Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Калi ж усё было зжата, Анры ўзяў у равочку цэп i пачаў малацiць пшанiцу на млыне, якi стаяў на ўскрайку поля. Ён малоў дзевяноста пяць дзён. А калi ўсё было змолата, пачаў мясiць цеста i пячы хлеб. Ён мясiў i пёк яшчэ сто дваццаць дзён, а калi хлябы выпякалiся, складаў iх на палiчкi, як кнiжкi ў бiблiятэцы. Калi ж усё было нарэшце скончана, ён вельмi ўзрадаваўся i паклiкаў Дзядка. Дзядок адразу ўзнiк перад iм. Ён пералiчыў усе чатырыста шэсцьдзесят восем тысяч трыста дваццаць дзевяць хлябоў, пакаштаваў па маленькiм кавалачку ад першага i апошняга, потым падышоў да Анры i,
– Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за добрую працу.
Ён выняў з кiшэнi маленькую драўляную табакерку i, аддаўшы яе Анры, хiтра прамовiў:
– Калi вернешся дадому, адчынi гэтую табакерку. Ты знойдзеш у ёй табаку, якой нiколi раней не бачыў.
Анры нiколi не нюхаў табакi, i чарадзееў падарунак здаўся яму зусiм не цiкавым. Але ён быў добры хлопчык i не хацеў пакрыўдзiць Дзядка. Ён зрабiў задаволены выгляд i горача падзякаваў яму за падарунак.
Дзядок у адказ усмiхнуўся i раптам знiк.
Глава 4
Збор вiнаграду
Анры рушыў далей i з радасцю заўважыў, што цяпер кожны крок наблiжае яго да вяршынi. Гадзiны за тры ён прайшоў амаль две трэцi дарогi. Але раптам наперадзе вырас высокi мур, якога здалёк было чамусь не вiдаць. Анры пайшоў уздоўж мура i праз тры гадзiны з жахам заўважыў, што мур агiнае ўсю гару i ў iм няма нi дзвярэй, анi шчылiны, праз якую можна было б пралезцi.
Анры сеў на зямлю i задумаўся - як яму быць? Ён вырашыў чакаць i чакаў сорак пяць дзён, але мур стаяў, i нiчога з iм не рабiлася. Тады Анры сказаў:
– Няхай мне давядзецца чакаць хоць сто год! Я ўсё роўна не сыйду з гатага месца!
I не паспеў ён прамовiць гэтыя словы, як кавалак мура са страшным грукатам абрынуўся i з пралому да яго выйшаў Асiлак з палiцаю ў руцэ.
– Ты хочаш прайсцi, мой хлопчык?
– спытаўся Асiлак.
– Але што табе трэба за гэтым мурам?
– Мне патрэбна кветка жыцця, спадар Асiлак, - адказаў Анры.
– Яна патрэбная мне, каб вылечыць маму, бо яна памiрае. Калi вы прапусцiце мяне, я зраблю ўсё, што вы загадаеце.
– Праўда?
– узрадаваўся Асiлак.
– Ты мне падабаешся. Я адзiн з чарадзеяў гэтай гары, i я прапушчу цябе да вяршынi, калi ты напоўнiш вiном мае скляпы. Вiнаграднiкi перад табой: збяры вiнаград, выцiснi сок, разлi сок у бочкi, а бочкi складзi ў скляпы. Усё, што спатрэбiцца табе ў працы, ты знойдзеш пад мурам. А калi ўсё будзе зроблена, паклiч мяне.
Анры паглядзеў вакол i ўбачыў, што ва ўсе бакi, колькi хапае вачэй, цягнуцца вiнаграднiкi.
– Што ж, - падумаў Анры, - сабраў жа я Дзядку яго збожжа, то i Асiлкаў вiнаград сабраць здолею. Дый вiно з вiнаграду зрабiць не так цяжка, як хлеб з пшанiцы.
Ён зняў куртку, знайшоў каля мура садовы нож i пачаў рэзаць гронкi ды складаць iх у цэбры. Ён збiраў вiнаград цэлыя трыццаць дзён. А калi ўсё было сабранае, пачаў выцiскаць сок i залiваць яго ў бочкi, а поўныя бочкi складаць у скляпы. Усё гэта заняло яшчэ дзевяноста дзён. Калi ж вiно было зробленае, бочкi складзеныя i скляпы поўныя, Анры паклiкаў Асiлка, i той адразу ўзнiк перад iм. Агледзеўшы ўсе бочкi, Асiлак пакаштаваў вiна з першай i
– Ты слаўны хлопчык, i я хачу аддзячыць табе за працу. Тады нiхто ўжо не скажа, што ты працаваў на Асiлка дарма.
Ён выняў з кiшэнi кветку калючага чартапалоху i, аддаўшы яе Анры, сказаў:
– Калi ты вернешся дадому i табе чаго-небудзь захочацца, панюхай гэты чартапалох.
Асiлкаў падарунак здаўся Анры не надта шчодрым, але хлопчык узяў яго з удзячнай усмешкаю. У тое ж iмгненне Асiлак свiснуў так, што ўся гара скаланулася; мур разам з Асiлкам знiклi, i Анры рушыў далей.
Глава 5
Паляванне
Калi да вяршынi заставалася iсцi ўсяго паўгадзiны, дарогу Анры перагарадзiла шырокая прорва. Яна была такая шырокая, што пераскочыць цераз яе было нiяк немагчыма, i такая глыбокая, што дна ў яе было зусiм не вiдаць. Але Анры гэта не напалохала. Ён пайшоў па беразе i iшоў вельмi i вельмi доўга, але ўрэшце вярнуўся на тое самае месца, дзе быў упачатку. I тады ён зразумеў, што прорва агiнае ўсю гару.
– Што рабiць?
– падумаў Анры.
– Ледзь толькi мне ўдаецца адолець адну перашкоду, як узнiкае другая. Як жа мне перабрацца на той бок?
На вочы беднаму хлопчыку набеглi горкiя слёзы. Ён пачаў разважаць ды меркаваць, як яму перайсцi цераз прорву, але колькi нi думаў, так i не змог нiчога прыдумаць. Ён, сумна сеў на беразе каля прорвы, i ў тую ж хвiлiну пачуў страшны рык. Азiрнуўшыся, ён убачыў усяго за дзесяць крокаў ад сябе вялiзнага Воўка, якi глядзеў на яго вогненнымi вачыма.
– Што ты робiш у маiх уладаннях?
– спытаўся Воўк сярдзiтым голасам.
– О, спадар Воўк!
– адказаў яму Анры.
– Я шукаю кветку жыцця, каб вылечыць маю маму, бо яна памiрае. I калi вы дапаможаце мне перабрацца на той бок, я абяцаю зрабiць усё, што вы загадаеце.
– Ну што ж, хлопча, калi ты здолееш пералавiць усю дзiчыну ў маiх лясах, усiх жывёл i птушак, а пасля iх спячэш цi падсмажыш, клянуся гонарам чарадзея гэтай гары - я прапушчу цябе на той бок. Усё, што спатрэбiцца табе ў паляваннi й кухарстве, ты знойдзеш пад гэтым дрэвам. Калi ж усё будзе зроблена, паклiч мяне. I, прамовiўшы гэтыя словы, Воўк знiк. Анры зноў акрыяў духам. Ён узяў пад дрэвам лук са стрэламi i пайшоў у лес бiць курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў ды цецерукоў. Але страляць ён не ўмеў i не мог нi ў кога пацэлiць. Так прайшло цэлыя восем дзён. Ён пачаў быў ужо трацiць надзею, калi раптам убачыў Крумкача, якога ўратаваў, калi йшоў да гары.
– Ты ўратаваў мне жыццё, - пракаркаў Крумкач, - i я абяцаў, што таксама табе прыдамся. Вось я i прыляцеў, каб дапамагчы. Бо, калi ты не выканаеш Воўчага загаду, ён з'есць цябе замест дзiчыны. Хадзi за мной: я буду паляваць, а ты будзеш напаляванае збiраць ды смажыць.
Сказаўшы гэта, Крумкач паляцеў наперад i глюгай ды пазурамi пачаў забiваць усякую жывёлу цi птушку, што траплялася яму па дарозе. Так ён паляваў сто пяцьдзесят дзён i набiў за гэты час мiльён васемсот шэсцьдзесят тысяч семсот дваццаць шэсць казуляў, курапатак, чэпiкаў, рабчыкаў, цецерукоў ды перапёлак.