Казкi (на белорусском языке)
Шрифт:
Разалi прагна ўтаропiла вочы, але ў хатцы было цёмна, i яна нiчога не магла разгледзець. А са змроку да яе зноў даляцеў танюткi голас, якi сказаў:
– Дзякуй, Разалi, я абавязаная табе сваёю свабодай.
Голас, здаецца, iшоў ад зямлi. Разалi зiрнула долу i заўважыла ў куце пару блiскучых маленькiх вачэй, якiя глядзелi на яе з насмешкай.
– Удалася такi мая хiтрасць, - сказаў танюткi голас, - ты паддалася сваёй цiкаўнасцi. Каб я не спявала ды маўчала, ты, напэўна, вярнулася б назад i мне быў бы канец. Але цяпер, калi ты мяне вызвалiла, - i ты, i
Разалi яшчэ не разумела ўсяго няшчасця, якое ўтварыла сваiм непаслушэнствам. Але яна здагадалася, што перад ёй нейкi вельмi небяспечны вораг. Менавiта таму яе бацька трымаў яго пад замком. Яна хацела хутчэй выйсцi з хаткi i зачынiць за сабою дзверы, але танюткi голас крыкнуў:
– Стой, Разалi, цяпер ты ўжо не здольная трымаць мяне ў гэтым брыдкiм вязеннi. Я нiколi з яго не выбралася б, каб табе споўнiлася пятнаццаць гадоў.
У тое ж iмгненне хатка знiкла, i ў руках у перапалоханай Разалi застаўся толькi маленькi ключык. Яна ўбачыла перад сабой шэрую Мыш, якая глядзела на дзяўчынку сваiмi блiскучымi вочкамi i смяялася танюткiм траскучым галаском.
– Хi-хi-хi! Якая ты спалоханая, Разалi! Далiбог, мне вельмi смешна на цябе глядзець. Якая ты малайчына, што была такая цiкаўная! Ужо амаль пятнаццаць гадоў я сядзела ў гэтым брыдкiм вязеннi i не магла зрабiць нiчога кепскага твайму ненавiснаму бацьку i табе. А цябе я таксама ненавiджу, бо ты ягоная дачка!
– Але хто вы, злосная Мыш?
– Я вораг тваёй сям'i, мая любачка! Мяне завуць Мярзотная варажбiтка, i можаш паверыць, мне нездарма дадзена такое iмя. Усе ненавiдзяць мяне, i я ненавiджу ўсiх. I цяпер, Разалi, я буду хадзiць за табой паўсюль.
– Адчапiцеся ад мяне, мярзотная Мыш!
– крыкнула Разалi.
– Вы ўсё роўна мяне не спалохаеце. I я ўжо як-небудзь прыдумаю, як ад вас пазбавiцца.
– Гэта мы пабачым, мая любачка! Куды б ты не пайшла, я не адстану ад цябе нi на крок.
Разалi кiнулася да дома, але кожны раз, азiраючыся, бачыла, што Мыш подскакам бяжыць следам i толькi кплiва пасмейваецца. Калi дзяўчынка дабегла да дома, яна хацела раздушыць Мыш дзвярмi, але колькi яна нi старалася, дзверы не зачынялiся, i Мыш спакойна ўвайшла ў дом.
– Ах ты нягоднiца!
– сярдзiта i спалохана крыкнула Разалi.
– Ну, пачакай!
Яна схапiла дзяркач i хацела была моцна выцяць iм Мыш, але дзяркач раптам успыхнуў i апалiў ёй рукi. Дзяўчынка выранiла яго i ледзьве паспела адкiнуць нагой у камiн, каб не загарэўся ўвесь дом. Тады яна зняла з агня поўны вару кацёл i выкулiла яго на Мыш. Але кiпень ператварыўся ў смачнае свежае малако, i Мыш пачала яго хлябтаць, прыгаворваючы:
– Якая ты добрая, Разалi! Мала, што вызвалiла мяне, дык яшчэ так смачна частуеш!
Бедная Разалi горка заплакала. Яна зусiм не ведала, што рабiць, калi раптам пачула бацькавы крокi.
– Гэта мой бацька вяртаецца, - спалохана сказала яна.
– О, Мыш, калi ласка, злiтуйся, пайдзi адсюль куды-небудзь, каб мой бацька цябе не бачыў!
– Нiкуды я не пайду, - адказала Мыш, - але я магу схавацца
Ледзь толькi Мыш паспела схавацца ў Разалi за спiнай, як у пакой увайшоў Прудан. Ён зiрнуў на Разалi i заўважыў, што яна ўся бледная i вельмi спалоханая.
– Разалi, - сказаў Прудан дрыготкiм голасам, - я забыў узяць ключык ад хаткi. Ты знайшла яго?
– Так, бацька, вось ён, - адказала Разалi, вяртаючы ключык, i моцна пачырванела.
– А чаму тут разлiтае малако?
– Гэта кот, бацька, - сказала Разалi.
– Кот?
– здзiвiўся бацька.
– Няўжо кот мог зняць з агня поўны кацёл з малаком i разлiць яго пасярод пакоя?
– Не, бацька. Гэта я сама несла кацёл i выпадкова перакулiла яго.
Разалi гаварыла ледзь чутна i не асмельвалася зiрнуць на бацьку.
– Вазьмi дзяркач, - сказаў Прудан, - ды прыбяры ўвесь гэты бруд.
– Дзеркача болей няма, - прызналася дзяўчына.
– Няма дзеркача? Але ж калi я выходзiў, ён быў.
– Я спалiла яго, выпадкова, калi... калi...
Яна змоўкла. Бацька пiльна паглядзеў на яе, потым неспакойным вокам прабег па пакоi i паволi рушыў да хаткi ў садзе.
Разалi апусцiлася на крэсла i зарыдала. А Мыш сядзела моўчкi i нi разу не паварушылася. Праз колькi хвiлiн Прудан вярнуўся, на твары ў яго быў вялiкi спалох.
– Разалi, няшчасная, што ты зрабiла?
– прамовiў ён.
– Ты паддалася сваёй злачыннай цiкаўнасцi i выпусцiла на волю нашага сама лютага ворага!
– Бацька, даруйце мне, даруйце, - пачала прасiць Разалi i кiнулася бацьку ў ногi.
– Я не ведала, што раблю так дрэнна.
– Так заўсёды бывае з тымi, хто не слухаецца, Разалi. Яны думаюць, што калi i робяць дрэнна, дык толькi трошкi, а ўрэшце прычыняюць вялiкае гора i сабе, i iншым.
– Але, бацька, што ж гэта за Мыш i чаму вы яе гэтак баiцеся? Калi яна такая магутная, то як вы маглi так доўга трымаць яе пад замком i чаму не можаце пасадзiць зноў?
– Гэтая Мыш, дачушка, - злая i магутная варажбiтка. А сам я - чарадзей Прудан. I калi ўжо ўсё роўна ты выпусцiла майго ворага, то цяпер я магу раскрыць табе праўду, якую мусiў хаваць пятнаццаць гадоў. Дык вось, як я ўжо сказаў, я чарадзей. А твая мацi была звычайная смяротная. Але яе добры характар i прыгажосць так спадабалiся каралеве феяў i каралю чарадзеяў, што яны дазволiлi мне з ёй ажанiцца. На вяселле я зладзiў вялiкi банкет, але на няшчасце забыў запрасiць на яго Мярзотную варажбiтку, якая i без таго вельмi злавалася, што я выбраў звычайную прынцэсу i не захацеў ажанiцца з яе дачкой. I таму яна прысягнулася люта адпомсцiць маёй жонцы i дзецям. Яе пагрозы мяне не спалохалi, бо я быў амаль такi сама магутны, як i яна, i апроч таго мяне вельмi любiла каралева феяў. Не раз я сваiмi чарамi не даваў здейснiцца помсце Мярзотнiцы. Але пасля твайго нараджэння твая мацi адчула сябе вельмi блага, i я быў няздольны ёй дапамагчы. На хвiлiну я адлучыўся, каб паклiкаць на дапамогу каралеву феяў.