Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Шрифт:
– Я памiраю, мне ўсё горай i горай, але толькi ў Буэнас-Айрэсе я мог бы ачуняць. А тут я памру, адзiн у гэтым лесе.
Яму здавалася, што ён усё яшчэ ў будане, бо ён жа нiчога не ведаў. Тады чарапаха ўставала i йшла далей.
Але настаў дзень, калi гаротная чарапаха зусiм ужо не магла iсцi. Яна патрацiла ўсе свае сiлы i больш не магла. Каб хутчэй дайсцi, яна цэлы тыдзень не ела, i сiлы ў яе нi на што не засталося.
Калi прыйшла ноч, яна ўбачыла на даляглядзе далёкае святло, нейкае ззянне, што асвятляла неба, але яна не ведала, што гэта такое.
Але ж яна была ўжо ў Буэнас-Айрэсе, хоць не ведала гэтага. Тое святло, што яна бачыла ў небе, было ззянне горада, i яна сабралася памерцi, калi была ў самым канцы свайго гераiчнага падарожжа.
На шчасце, у гэтую хвiлiну двух паўмёртвых падарожнiкаў убачыла гарадское мышаня, якога клiкалi Пэрэс.
– Вось дык чарапаха!
– здзiвiлася мышаня.
– Нiколi я не бачыла такой вялiзнай чарапахi. А што гэта ты нясеш на спiне? Дровы?
– Не, - маркотна адказала чарапаха.
– Гэта чалавек.
– I куды ж ты нясеш гэтага чалавека?
– спытала цiкаўнае мышаня.
– Я iду... iду... Я хацела дайсцi да Буэнас-Айрэса, - адказала бедная чарапаха такiм цiхiм голасам, што яе было амаль не чуваць.
– Але я нiколi туды не дайду, i мы памром тут...
– Эх, дурнiца ты, дурнiца!
– засмяялася мышаня.
– Нiколi не бачыла я такой дурной чарапахi! Ды ты ўжо ў Буэнас-Айрэсе! Тое святло, што ты бачыш, гэта i ёсць Буэнас-Айрэс.
Пры гэтых словах чарапаха адчула новыя сiлы, бо яна зразумела, што ў яе ёсць яшчэ час уратаваць паляўнiчага. I яна зноў рушыла ў дарогу.
На досвiтку дырэктар Заапарку ўбачыў запэцканую i вельмi худую чарапаху, на спiне ў якой ляжаў перавязаны лiянамi чалавек. Ён памiраў. Пазнаўшы ў гэтым чалавеку свайго сябра, дырэктар сам пабег па лекi, i з iх дапамогаю паляўнiчы адразу ж ачуняў.
Калi паляўнiчы даведаўся, як яго ўратавала чарапаха i як яна зрабiла падарожжа аж у трыста мiль, каб толькi ён мог выпiць лекаў, ён вырашыў нiколi з ёю не разлучацца. Але ж ён не мог трымаць яе ў сваёй маленькай хаце, i тады яго сябар прапанаваў аддаць яе ў заапарк, дзе абяцаў даглядаць за ёю як за сваёй дачкой.
Так i зрабiлi. Цяпер чарапаха, шчаслiвая i задаволеная, поўзае па ўсiм садзе, i гэта тая сама вялiзная чарапаха, якую мы штодня можам бачыць, калi яна скубе траўку ля клетак з малпамi.
Кожны вечар паляўнiчы прыходзiць да яе, а яна па хадзе здаля пазнае свайго сябра. Яны бавяць разам пару гадзiн, i ёй заўсёды хочацца, каб ён, раней чым пайсцi, пяшчотна папляскаў яе рукою па спiне.
ПАНЧОХI ДЛЯ ФЛАМIНГАЎ
Неяк раз змеi ладзiлi вялiкi баль. Былi запрошаныя рапухi ды жабы, фламiнгi, кайманы ды рыбы. Але ж рыбы не ходзяць, то й танчыць яны не маглi. Яны толькi павылазiлi на пясок ды пляскалi хвастамi, бо той баль адбываўся каля ракi.
Кайманы, каб лепей сябе ўпрыгожыць, надзелi на шыю каралi з бананаў i палiлi парагвайскiя цыгары. Жабы абляпiлiся рыбiнаю лускою i ступалi паважна, перакульваючыся з адной нагi на другую, нiбыта плылi. I кожны раз, калi яны з паважным выглядам праходзiлi па беразе, рыбы крычалi iм што-небудзь кплiвае.
Рапухi надушылiся парфумаю i хадзiлi на заднiх лапах. Апроч таго на кожнай вiсеў, гайдаючыся, як лiхтарык, маленечкi светлячок.
Але сама прыгожыя былi змеi. Усе яны былi апранутыя ў балетныя гарнiтуры пад колер скуры: на чырвоных змеях былi спаднiчкi з чырвонага цюлю, на зялёных - з зялёнага, на жоўтых - з жоўтага, а на куфiях - з шэрага ў палоску, i палоскi былi колеру цаглянага пылу i попелу, бо такi колер у куфiй.
А ўжо сама адметнымi былi каралавыя гадзюкi, апранутыя ў доўгiя спаднiчкi з чырвонага, белага i чорнага газу. Яны танчылi, выгiнаючыся серпанцiнам. I калi змеi пачыналi танчыць i кружылiся на кончыку хваста, усе госцi гучна пляскалi iм у далонi.
I толькi фламiнгi, у якiх тады былi белыя ногi, а дзюбы, як i цяпер, вельмi тоўстыя i крывыя, - толькi фламiнгi былi невясёлыя, бо ў iх было мала розуму i яны не змаглi прыдумаць, як апрануцца. Яны зайздросцiлi кожнаму гарнiтуру i асаблiва гарнiтурам, што былi ў каралавых гадзюк. Калi якая-небудзь змяя, какетлiва прыўздымаючы пышную газавую спаднiчку, праходзiла перад iмi, фламiнгi аж млелi ад зайздрасцi.
Тады адзiн фламiнга сказаў:
– Я ведаю, што трэба зрабiць. Трэба надзець чырвоныя, белыя i чорныя панчохi, i каралавыя змеi закахаюцца ў нас.
I гуртам узляцеўшы, усе фламiнгi пераляцелi раку i пастукалiся ў вясковую краму.
"Стук-стук!" - заляпалi яны нагамi.
– Хто там?
– спытаў крамнiк.
– Гэта мы, фламiнгi. Цi не маеце вы чырвоных, белых i чорных панчошак?
– Не, такiх у мяне няма, - адказаў крамнiк.
– Вы што, зусiм здурнелi? Такiх панчох вы нiдзе не знойдзеце.
Тады фламiнгi паляцелi ў другую краму.
– Стук-стук! Цi няма ў вас чырвоных, белых i чорных панчошак?
Крамнiк адказаў:
– Як вы кажаце? Чырвоных, белых i чорных? Такiх панчох нiдзе няма. Вы здурнелi. Хто вы такiя?
– Мы фламiнгi, - адказалi яны.
I мужчына сказаў:
– Пэўна, вы звар'яцелi.
Паляцелi яны яшчэ ў адну краму.
– Стук-стук! Цi няма ў вас чырвоных, белых i чорных панчошак?
Крамнiк закрычаў:
– Якiх-якiх? Чырвоных, белых i чорных? Толькi такiм дзюбатым птушкам, як вы, можа прыйсцi ў галаву прасiць такiя панчохi. Прэч адсюль!
I чалавек шпурнуў у iх венiкам.
Гэтак фламiнгi абляцелi ўсе крамы, i адусюль iх праганялi як шаленцаў.
Тады нейкi браняносец, якi йшоў да рэчкi папiць вады, захацеў пасмяяцца з фламiнгаў i, паважна павiтаўшыся, сказаў iм:
– Вечар добры, спадары фламiнгi! Я ведаю, што вы шукаеце. Такiх панчох вы не знойдзеце нi ў якой краме. Пэўна, яны ёсць у Буэнас-Айрэсе, але адтуль iх давядзецца выпiсваць поштаю. А вось у маёй кумы савы такiя панчохi ёсць. Папрасiце ў яе, i яна дасць вам чырвоныя, белыя i чорныя панчохi.