Казкi трапiчнага лесу (на белорусском языке)
Шрифт:
I вось, пры ўсiм гэтым шчасцi, здарылася так, што адным дажджлiвым надвячоркам пасля пяцi дзён безупыннай залевы ўрэшце выглянула сонца i Пэдрыта залётаў паўсюль ды загарлапанiў:
– Якi цудоўны дзянёк, папугайчык!.. Смачная каша!.. Лапу, Пэдрыта!
I паляцеў ён далёка-далёка, аж пакуль не ўбачыў пад сабой унiзе раку Парану, якая была падобная на шырокую белую стужку. А ён ляцеў i ляцеў, пакуль нарэшце не сеў адпачыць на дрэва.
I раптам ён убачыў праз галiнкi, што на зямлi блiшчаць два зялёныя агеньчыкi,
"Што гэта?
– падумаў папугай.
– "Смачная каша!", "Што гэта будзе?", "Дзень добры, Пэдрыта!.."
Папугай заўсёды гаварыў так, як гавораць усе папугаi, - бязладна блытаючы словы, i часам яго цяжка было зразумець. Апроч таго ён быў вельмi цiкаўны i, пераскокваючы з галiнкi на галiнку, пачаў падсоўвацца ўсё блiжэй i блiжэй. I раптам убачыў, што тыя два агеньчыкi - гэта вочы вялiкага ягуара, якi ўвесь напружыўся i пiльна глядзiць на яго.
Але Пэдрыта быў такi задаволены пагодным днём, што зусiм не спалохаўся.
– Дзень добры, ягуар!
– сказаў ён.
– "Лапу, Пэдрыта!"
А ягуар адказаў яму страшным хрыпатым голасам:
– Дзе-нь-доб-ры!
– Дзень добры, ягуар!
– паўтарыў папугай.
– "Смачная каша!.. смачная каша!.. смачная каша!.."
Ён паўтарыў столькi разоў "смачная каша", таму што было ўжо чатыры гадзiны i яму вельмi хацелася папiць чаю з малаком. Папугай забыў, што лясныя звяры не п'юць чаю з малаком, i таму запрасiў пачаставацца i ягуара.
– Смачны чай з малаком!
– сказаў ён.
– "Дзень добры, Пэдрыта!" Цi не хочаш папiць са мной чаю, сябра ягуар?
Але ягуар раз'юшыўся - яму здалося, што папугай здзекуецца з яго. Ён быў галодны i захацеў з'есцi гаваркую птушку. Ягуар адказаў:
– Доб-ра! Па-ды-дзi тро-хi, я не чу-ю!
Ягуар быў не глухi, ён хацеў, каб Пэдрыта падышоў блiжэй i яго можна было схапiць адным махам. А папугай думаў толькi пра тое, як будзе прыемна прыйсцi дадому i пiць чай з малаком з такiм цудоўным сябрам. Ён пераляцеў на другую галiнку, блiжэй да зямлi.
– Дома смачная каша!
– зноў крыкнуў ён на ўсё горла.
– Блi-жэй! Не чу-ю!
– прахрыпеў у адказ ягуар.
Папугай зляцеў яшчэ трошкi нiжэй i сказаў:
– Смачны чай з малаком!
– Яш-чэ блi-жэй!
– паўтарыў ягуар.
Няшчасны папугай падсунуўся зусiм блiзка, i ў гэтую хвiлiну ягуар так высока скочыў, што мог бы пераляцець цэлы дом. Ён зачапiў Пэдрыту кончыкамi кiпцюроў, i хоць забiць яго яму не ўдалося, але ён выдраў у папугая ўсё пер'е на спiне i ўвесь хвост. На хвасце ў небаракi не засталося нiводнага пёрка.
– Вось табе!
– рыкнуў ягуар.
– Iдзi цяпер, пi сам свой чай з малаком.
Папугай закрычаў ад болю i жаху i паляцеў, але добра ляцець не мог, бо ў яго ж не было хваста, якi ў птушак служыць стырном. Ён ляцеў, куляючыся з боку на бок, i ўсе птушкi, якiя сустракалiся яму па дарозе, спалохана кiдалiся ўпрочкi, убачыўшы такую дзiўную iстоту.
Урэшце ён усё ж дабраўся дадому i адразу паляцеў на кухню паглядзецца ў кухарчына люстэрка. Небарака Пэдрыта! Ён быў сама дзiўная й сама брыдкая птушка на свеце - увесь абскубены, бясхвосты, сiнi ад холаду. Як ён пакажацца ў сталовай у такiм выглядзе? I тады ён вырашыў схавацца ў дупле, што было ў ствале вялiкага эўкалiпта. Дупло было велiчынёю з цэлую пячору. Ён залез у яго i лёг на дне, дрыжучы ад холаду й сораму.
Тым часам усе ўжо сабралiся ў сталовай i вельмi дзiвiлiся, што папугая няма.
– Дзе ж гэта Пэдрыта?
– казалi яны i клiкалi.
– Пэдрыта! Смачная каша! Пэдрыта! Пэдрыта! Чай з малаком!
Але Пэдрыта й дзюбы не высоўваў са сваёй пячоры, ён ляжаў цiха, моўчкi i нiчога не адказваў. Яго шукалi паўсюль i нiдзе не маглi знайсцi. I тады ўсе падумалi, што Пэдрыта загiнуў. I дзецi заплакалi.
Кожны дзень, надвячоркам, калi наставаў час пiць чай, яны ўспамiналi папугая i прыгадвалi, як яму падабаўся хлеб, размочаны ў чаi з малаком. Бедны Пэдрыта! Яны ўжо нiколi яго не ўбачаць, бо ён нежывы.
Але Пэдрыта не памёр, ён сядзеў у сваёй пячоры, нiкому не паказваючыся, бо яму было вельмi сорамна, што яго абскублi як нейкае мышанё. Ён вылазiў толькi ўначы, каб пад'есцi, i тут жа вяртаўся назад. А на досвiтку асцярожна вылазiў зноў i ляцеў паглядзецца ў кухарчынае люстэрка. Але пер'е расло марудна, i гэта кожны раз вельмi яго засмучала.
I вось нарэшце настаў дзень цi вечар, калi ўся сям'я, сабраўшыся за сталом, пiла чай, i раптам усе ўбачылi Пэдрыту. Нiбыта нiчога i не здарылася, той, спакойна перавальваючыся з нагi на нагу, увайшоў у пакой.
– Пэдрыта, папугайчык!
– закрычалi яму.
– Што з табою здарылася, Пэдрыта?! I якiя блiскучыя ў цябе пёры!
Нiхто не ведаў, што пёры ў Пэдрыты - новыя. А Пэдрыта напусцiў на сябе вельмi сур'ёзны выгляд i не адказваў нi слова. Ён еў намочаны ў чаi з малаком хлеб i ўвесь час маўчаў.
Тым большае было здзiўленне ў гаспадара дома, калi ранкам наступнага дня папугай падляцеў i, безупынна балбочучы, сеў яму на плячо. За дзве хвiлiны ён расказаў гаспадару ўсё, што з iм адбылося: i як ён лятаў у Парагвай, i як сустрэўся з ягуарам, i ўсё астатняе. I ледзь не кожную фразу ён канчаў, напяваючы:
– Нi пёрка ў хвасце ў Пэдрыты! Нi пёрка! Нi пёрка!
А потым ён прапанаваў гаспадару пайсцi ўдвух папаляваць на ягуара.
Гаспадар дома якраз збiраўся ў той час купляць ягуаравую шкуру, якую хацеў павесiць над камiнам. Таму ён вельмi ўзрадаваўся, што зможа займець яе задарма. Ён зайшоў у хату, узяў стрэльбу i разам з Пэдрытам выправiўся ў Парагвай. Яны дамовiлiся, што Пэдрыта, убачыўшы ягуара, адцягне яго ўвагу сваёй балбатнёй, а чалавек тым часам зможа асцярожна падкрасцiся да яго са стрэльбай.