Крыніцы
Шрифт:
— Напалохалі вы мяне, — па-жаночаму шчыра прызналася ўрач з ласкавай усмешкай, правяраючы яго пульс. Позірк яе быў скіраваны на ручны гадзіннік. А Сяргей у гэтую хвіліну глядзеў на яе, i яна здалася яму яшчэ больш прыгожай i любай, чым звычайна.
— Я на тым канцы была, у Атроха, калі пачула ад хлапчукоў…— Яна не сказала, як бегла да ўрачэбнага пункта, але Сяргей помніў яе словы: «Як я бегла!» — там, за дзвярамі, i зараз бачыў, як гарэлі яе шчокі, вочы, як пад белым халатам уздымаліся i апускаліся грудзі, а цераз руку, як цераз праваднік, яму перадаваліся частыя i гулкія ўдары
Toe, што яна так хвалюецца, адрадзіла ў Сяргея надзею, якая амаль ужо згасала. Ён сціснуў яе халодную руку, не даўшы далічыць пульс. Прашаптаў:
— Наташа…
Яна здрыганулася ад нечаканасці, адняла руку i адышла да акна. Нейкую хвіліну трывала няёмкае маўчанне. Потым яна пацягнула да сябе галінку бэзу, яшчэ некалькі галінак, прыціснутых аканіцай, вызвал іліся i пырснулі па яе i на стол буйнай расой.
Сяргей падняўся, гучна паклікаў:
— Анна Ісакаўна, дайце мае бацінкі!
Наталля Пятроўна села на табурэт, павярнулася да Сяргея, твар яе стаў спакойны, трымалася яна ўпэўнена, i толькі па руках можна было пазнаць, што яна хвалюецца: залішне хутка яна пераплятала паміж пальцамі гумавыя трубкі фанендаскопа i, відаць, даволі моцна пераціснула імі пальцы, бо яны пабялелі.
Сяргей не мог адарваць позірку ад яе рук. Ён заўсёды адчуваў асаблівую пашану да патрэбных i карысных рэчаў, i яму карцела сказаць, што гэтак яна можа папсаваць, парваць трубкі, але ён не адважваўся: спадзяваўся, што яна скажа зараз нешта вельмі важнае, магчыма, тое, чаго ён так доўга чакаў…
— Абядайце, што палежыцё дома, інакш я вас не адпушчу, Сяргей Сцяпанавіч.
Пасля такіх звычайных яе слоў ён не вытрымаў i папярэдзіў:
— Парвеце трубкі, Наталля Пятроўна, — i адказаў на яе патрабаванне: — У мяне ў Селішчы камбайн стаіць. Трэба ехаць…
— Не, не, — запярэчыла ўрач, падняўшыся i як бы намерваючыся загарадзіць сабой дзверы. — Калі вы такі, скідайце сарочку! Я павінна вас выслухаць.
Зашамацеў бэз, сыпануў расой, i ў адчыненым акне Сяргей убачыў брата свайго Аляксея. Падобныя з твару, браты шмат у чым адрозніваліся адзін ад аднаго: маладзейшы — вышэй ростам, белы, з простымі i мяккімі, як лён, валасамі, у той час калі Сяргей амаль брунет, i валасы ў яго прыгожыя, густыя, крыху кучаравыя — ляжаць буйнымі хвалямі. Аблуплены на санцапёку нос i шчокі Алёшы былі густа абсыпаны вяснушкамі, i ад гэтага ён выглядаў маладзейшым за свае семнаццаць год — здаваўся хлапчуком. Але постаць гэтага «хлапчука» засланяла ўсё акно. Апрануты ён быў у зашмальцаваны камбінезон, у валасах тарчаў жытні колас.
Убачыўшы ўрача, Аляксей збянтэжыўся, сарамліва папрасіў прабачэння i адразу ж па-мужчынску спытаў у брата:
— Як ты, Сяргей?
— Нічога, Алёша… Толькі вось Наталля Пятроўна дамоў не адпускае. Як там у цябе?
— Дык ты паляжы. Гэта ж не жарты… Напалохаў ты ўсіх, брат. Маці на лузе… Можа, i добра, што не было яе ў вёсцы. Я Толіка паслаў, каб папярэдзіць, што ўсё добра… А то плявузгне хто благое — не дабяжыць старая. — Апошнія словы Аляксей сказаў, звяртаючыся
Наталля Пятроўна з цікавасцю глядзела на юнака. Яна ведала яго з малых год, як ведала кожнага чалавека ў сельсавеце, i ў тым ліку вялікую сям'ю Касцянкоў, але Алёша быў самы непрыкметны i сціплы сярод ix; ён ніколі не хварэў, i ў апошнія гады ёй амаль не прыходзілася з ім гутарыць. І раптам з радасдю i здзіўленнем яна адкрыла новага сталага i цікавага чалавека.
— Так што ты паляжы, брат, — разважліва прадаўжаў Аляксей. — A ў Селішча паедуць. Дырэктар ведае. Ён тут, прыйшоў цябе праведаць, але Ісакаўна нікога не пускае. I Даніла Платонавіч тут…
— Гора мне з вамі. Гэтаму старому таксама нельга выходзіць, а ён гуляе па дажджы. — Наталля Пятроўна дакорліва паківала галавой i выйшла з пакоя, заклапочаная i сумная.
2
Машына спынілася на скрыжаванні дарог. Шафёр, малады хлопец, амаль юнак, высунуўся з кабіны.
— Гэй, таварыш інтэлігент!.. Прыехалі!
Хоць у кузаве было чалавек шэсць i сярод ix людзі, інтэлігентна апранутыя, Лемяшэвіч зразумеў, што гэта — да яго: мабыць, саламяны капялюш быў прычынай такога іранічйага звароту. Ён спрытна саскочыў цераз борт на мокры пясок дарогі.
— Глядзіце, які дождж тут прайшоў, а там дык i не капнула. Хаця б у нас прамачыў зямлю, — разважала старая калгасніца. Яна ж падала Лемяшэвічу чамаданчык i пузаты партфель.
Шафёр выскачыў з машыны i заклапочана стукаў наском чаравіка па залатаных балонах. Не гледзячы на Лемяшэвіча, ён, аднак, гаварыў да яго:
— За гэтым гайком — вашы Крыніцы. Кіламетры два, а мо i не будзе. Вунь дрэвы высокія. Парк. Не заблудзіце.
У кузаве засмяяліся. Лемяшэвіч зразумеў, што да вёскі зусім не два кіламетры, але змаўчаў: шафёр папярэджваў яго, калі ён садзіўся, што да Крыніц давезці не зможа — едзе міма.
— Колькі з мяне? — спытаў Лемяшэвіч, дастаючы з кішэні кашалёк.
— Чацвяртак, — адразу адказаў шафёр, ляснуўшы далонямі i пацершы імі як бы ад здавальнення, што атрымае такую суму.
— Дваццаць пяць рублёў? — здзівіўся Лемяшэвіч. — Па рублю за кіламетр? Нішто! Гэта вы з усіх так лупіце?
— Не-э… Толькі з упаўнаважаных. Яны камандзіровачныя атрымліваюць. — Цяпер ужо хлопец стаяў насупроць, з цікавасцю разглядаў свайго пасажыра, i ў карых, падзіцячаму ясных вачах яго скакалі агеньчыкі жартаўлівага смеху.
— Паўлік, а можа, гэта i не ўпаўнаважаны. Можа, настаўнік, — адгукнулася з кузава гаманкая жанчына. — Зараз яны з'язджаюцца хто адкуль.
— Настаўнік? — хутка спытаў Паўлік, перапыніўшы старую.
— Настаўнік, — усміхнуўся Лемяшэвіч.
— Тады ганіце пяць карбованцаў.
Атрымаўшы грошы, шафёр весела пажадаў шчаслівай дарогі. Калі машына ўжо кранулася, сарамлівая дзяўчына, якая праз усю дарогу толькі неяк таямніча ўсміхалася, крыкнула:
— Данілу Платонавічу прывітанне перадайце!