Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Вельмі пашырыў нашы ўяўленні пра ўзаемасувязі дзейных асоб крашынскай эпапеі амаль сенсацыйны артыкул Язэпа Янушкевіча «Ледзьве здымкі ўратаваў...», апублікаваны ў газеце «Літаратура і мастацтва» ад 4 лістапада 1988 года. У ім даваўся агляд матэрыялаў, прысланых на імя аўтара ў Інстытут літаратуры нашай Акадэміі навук з Польшчы 85-гадовым ксяндзом Каролем Жураўскім, які служыў перад вайной пробашчам у Крашынскім касцёле і збіраў усё пра Паўлюка Багрыма і гісторыю мястэчка. Жураўскі паведамляў, што ведаў хату Паўлюка Багрыма пад саламянай страхой і кузню, дзе ён працаваў, што гэтая кузня «месцілася дзесьці на дворскай тэрыторыі, бо такі быў звычай, што ў двары мелася кузня для направы інструментаў і для кавальскіх работ: падкоўвання коней, вастрэння і вырабу плугоў, сярпоў, барон і г. д.».
Сярод прысланых Жураўскім матэрыялаў была фотакопія запісу хрышчэння Паўла Багрыма ў Крашынскім касцёле, дзе ясна гаворыцца, што нарадзіўся ён 2 лістапада 1812 года
Па-новаму глянуць на біяграфію Паўлюка Багрыма змушае і прысланая фотакопія пратакола аб шлюбе яго ў 1864 годзе, дзе падаюцца дакладныя звесткі пра абаіх «маладых». З ім мы даведваемся, што Павел Багрым быў «сынам Юзафа і Марыі з Стахоўскіх», а маладая — «дачка Юстына і Ядзвігі з Сівіцкіх-Рэўкоўскіх, што ён — «родам з мястэчка Крашын», а яна — з фальварка Канілова тутэйшай парафіі, што яму было ў той час — 52 гады, а ёй — 26, што абое — католікі, што ён — «з мяшчан», а яна — «са шляхецкага стану», што ён жыве ў парафіі ад нараджэння, а яна — шэсць гадоў, што ён — «вольнага стану», а яна — «удава» (муж яе загінуў у паўстанні 1863 года).
Публікацыя Язэпа Янушкевіча дала новыя звесткі пра адносіны філаматаў з Юрагамі. З яе мы даведваемся , што пры шлюбе дачкі Юрагаў Тэафіліі з князем Яўгеніем Робертам Святаполк-Завадскім летам 1843 года ў Крашыне адным са сведкаў быў Тамаш Зан.
Пра другіх сведкаў у артыкуле нічога . не гаварылася. Але ж мне было важна даведацца, з кім жа Тамаш Зан падзяляў гэтую місію. Таму давялося папрасіць у аўтара публікацыі дазволу прагледзець у Інстытуце літаратуры прысланыя яму матэрыялы. Выявілася, што разам з Тамашом Занам сведкамі пры шлюбе дачкі Юрагаў былі вядомы ўжо нам Канстанцін Радзівіл і Гектар Анджэй Прушынскі. Гэта таксама не абы-які факт. Ён гаворыць пра тое, што Тамаш Зан быў добра знаёмы з Канстанцінам Радзівілам. Завадатар студэнцкай моладзі мог пазнаёміцца з князем праз свайго дзядзьку — ксяндза Валентага Зана, які служыў нейкі час пробашчам у радзівілаўскай Паланечцы. Факт гэтага знаёмства наводзіць на думку, што Канстанцін Радзівіл, ведучы ў 1823 годзе ў Вільні перамовы з Аляксандрам Бястужавым, проста не мог не пазнаёміць з прадстаўніком дзекабрысцкай арганізацыі і Тамаша Зана як кіраўніка антыцарскага згуртавання моладзі і адначасова члена таго ж самага Патрыятычнага таварыства. П. Альшанскі, аўтар кнігі «Дзекабрысты і польскі нацыянальна-вызваленчы рух» (Масква, 1959), кажучы пра тую паездку ў Вільню рускага рэвалюцыянера, пераканаўча паказаў, што «Бястужаву ўдалося ўстанавіць сувязь з некаторымі кіраўнікамі Таварыства філаматаў». Цяпер можна сказаць з упэўненасцю, што адным з гэтых кіраўнікоў быў Тамаш Зан. Якраз з ім і меў сустрэчы Аляксандр Бястужаў.
Будачаму даследчыку, відаць, варта зацікавіцца і трэцім сведкам пры шлюбе дачкі Юрагаў — Гектарам Анджэем Прушынскім. Ці не продак гэта па якой-небудзь лініі выдатнага беларускага паэта Алеся Гаруна — Аляксандра Уладзіміравіча Прушынскага? У нашай жа гісторыі ўсё нейкім чынам пераплецена.
Апрача публікацыі Язэпа Янушкевіча апошнім часам у друку з'явілася пра Паўлюка Багрыма нямала іншых цікавых матэрыялаў, якія дадаюць новыя штрышкі да біяграфіі паэта. Напрыклад, аўтару змешчанага ў часопісе «Родная прырода» (1978, № 2) нарыса «Лотаць цвіце...» Яраславу Пархуту ў час паездкі ў Крашын удалося пагутарыць з людзьмі, якія добра ведалі дачку Паўлюка Багрыма (называлі яе Багрымша) і яе дзяцей Фрыдрыха, Івана і Ванду; «Багрымша» ў 1914 годзе выехала з сям'ёй у Расію. Яраслаў Пархута нават натрапіў на след вершаў Паўлюка Багрыма. Быццам бы іх зберагаў адзін з завадатараў Крашынскага бунту Казімір Камінскі, які нібыта быў высланы не ў Сібір, як мы ведаем з літаратуры, а недалёка ад Крашына, ва ўрочышча Залужжа, дзе была вельмі кепская зямля («суцэльны глей») і дзе ён пражыў да канца сваіх дзён. Перад смерцю Камінскі перадаў «сшытак багрымаўскіх вершаў» свайму сыну Антону. Той хаваў іх за бэлькаю хаты і «толькі ў рэдкіх выпадках, калі збіралася ў хаце ўся радзіна, даставаў той сшытачак і чытаў вершы». Гэты сшытак нібыта загінуў у 1941 годзе. Ад яго засталася толькі зялёная вокладка. Яе паказала аўтару нарыса дачка Камінскага Алена, расказаўшы ўсю гісторыю пра Багрымавы вершы. Што гэта — рэальны факт ці яшчэ адна паэтычная легенда? У кожным разе ёю варта зацікавіцца літаратуразнаўцам. Тым больш што асобныя факты з артыкула Я. Пархуты пацвярджаюцца дакументальна. Напрыклад, тое, што завадатар Крашынскага бунту і праўда не быў сасланы ў Сібір. Пра гэта сведчыць апублікаваны ў згаданай кнізе Ісідара Баса дакумент, дзе гаворыцца, што гродзенскі цывільны губернатар вынес прапанову не высылаць у Сібір Казіміра Камінскага, «улічваючы яго малады ўзрост», а «аддаць у вайсковую службу, калі ён акажацца да яе здольны».
Важнае даследаванне прарабіў мастак Сымон Свістуновіч. Ён адшукаў выкаваныя Паўлюком Багрымам агароджы — своеасаблівыя творы мастацтва. Пра гэта мастак расказаў у газеце «Літаратура і мастацтва», (1984 г., 9 лістапада), падаўшы там і замалёўкі Багрымавага кавальства.
Вельмі сур'ёзны артыкул пра радзіму Паўлюка Багрыма ў мінуласці апублікаваў у дванаццатым нумары часопіса «Полымя» за 1988 год адзін з арганізатараў вельмі нашумелага ў канцы 80-х гадоў таварыства маладых літаратараў «Тутэйшыя» Анатоль Сью. Ён намерыўся зазірнуць у далёкае мінулае Крашына, выявіць яго даўнейшых валадароў, прыгледзецца да людзей, што жылі некалі ў мястэчку, ну і прасачыць радавод самога Паўлюка Багрыма. Дзеля гэтага завадатар «Тутэйшых» не паленаваўся перагартаць шмат якія старыя фаліянты і рукапісы, добра распытаць крашынскіх старажылаў, зазірнуць на іх гарышчы, дзе, аказваецца, і сёння можна знайсці цікавыя старадрукі і важныя дакументы. Адзін з такіх дакументаў, адшуканых Сысам, — копія «Акта даравальнага дакумента ад паноў Юрагаў панам Яну і Мікалаю Рачкоўскім, выданага года 1836 месяца ліпеня 2 дня». Цікавыя таксама меркаванні аўтара артыкула пра паходжанне Багрымаў з крымскіх татараў.
Калі я знаёміўся з дакументальнымі матэрыяламі пра Паўлюка Багрыма, у галаву лезла адна «крамольная» думка: а можа, гэта не ён аўтар верша «Заграй, заграй, хлопча малы...», можа, яго не «ўспомніў» праз дзесяткі гадоў, а напісаў сам Ігнат Янкоўскі? Наваградскі ж адвакат — не толькі аўтар мемуараў, але і вершаў на польскай мове. Паспрабаваць што-небудзь напісаць па-беларуску яго мог схіліць беларускі і польскі паэт Аляксандр Рыпінскі, гэтакі ж выгнаннік, з якім ён разам стварыў у Лон Дане незалежную друкарню. Тым больш што і ў яго, паўстанца, былі вялікія жыццёвыя ўзрушэнні, сугучныя таму вершу.
Але я адразу адкінуў гэтую версію: галоўнае, не было ніякай прычыны ў Янкоўскага публікаваць у дакументальных нататках такую няпраўду. У карысць аўтарства Паўлюка Багрыма трэба аднесці і яго вялікую цікавасць да вершаваных твораў і, што вяжнз,, дэ. беларускіх. Трагізм падзей у Крашыне, бяда, што абрынулася на самога Паўлюка Багрыма — усё гэта змушала яго ўзяцца за пяро, каб выліць неяк уласныя пачуцці, якія перапаўнялі сэрца юнака, прыгаворанага да салдатчыны.
Дарэчы, у 1828 годзе пятнаццацігадовага Паўлюка Багрыма маглі прыгаварыць да яе толькі на будучае, з тым, каб аддаць у вайсковую службу, калі ён, як гаварылася ў дачыненні да Казіміра Камінскага, «акажацца да яе здольны». Значыць, да салдатчыны Паўлюк Багрым жыў яшчэ колькі гадоў у Крашыне, жыў, прыгавораны да 25-гадовай няволі на чужыне. Якраз тады, пэўне ж, і пісаліся яго поўныя жалю і безвыходнасці вершы. Як бы там ні было, яны былі напісаны не пазней 1831 года, бо якраз у гэтым годзе Ігнат Янкоўскі апынуўся ў эміграцыі.
З цэлым роем самых розных меркаванняў, супярэчлівых думак і пытанняў у галаве, з надзеяй хоць што-небудзь з іх праясніць і выправіўся я ў Крашын.
Пад'ехаць са мной туды ласкава згадзіўся вельмі дасведчаны баранавіцкі краязнавец Аляксандр Пятровіч Шоцкі, пра якога мне ўжо даводзілася згадваць.
І вось — поўныя машыннага грукату вуліцы старажытнага мястэчка. Віхляючы імі, кіруем спачатку пад касцёл. Вядзе туды вузкая і ціхая вулачка. У канцы яе ўстае перад намі просты і гожы будынак святыні. Перад ім на дзядзінцу прыхаджаніну адразу трапляе на вока наглядны камень з выбітымі на ім словамі — на латыні і па-беларуску: «Жыццё карот кае — радзіма вечная». Навокал — зялёны мур шаўкавістай травы. Азораныя скупаватым ужо сонцам, задуманыя прысады ў светлых барвах ранняй восені. Куточак цішыні і спакою ў мітуслівым свеце.
Доўгія гады касцёл маўчаў: ён быў спатрэбіўся тутэйшым гаспадарнікам, якія зрабілі з яго склад. Гаспадарнікі не вельмі цырымоніліся з аздобай інтэр'еру. Ратуючы святыню, мастак Сымон Свістуновіч дабіўся — ужо ў нашы часы — адкрыцця ў касцёле музея імя Паўлюка Багрыма, каб паказаць у ім прыгажосць старажытнай культуры беларусаў, высокі талент і ўмельства народа. Але прыджгала неяк з Баранавіч ідэалагічная начальніца, убачыла старыя рэчы, святы абраз і абурылася: як жа — рэлігійная прапаганда, ухваленне мінулага! Было загадана зняць абраз Хрыста, іншыя сумніцельныя экспанаты, а на іх месца вывесіць матэрыялы пра «дасягненні» тутэйшага калгаса, пра ветэранаў вай ны, герояў «высокіх ураджаяў». Словам, хацела бачыць замест музея філію кабінета палітасветы свайго PK КПБ. На такіх умовах Сымон Свістуновіч ствараць музей адмовіўся.
Праблему па-свойму вырашылі вернікі, што патрабавалі вярнуць касцёл сабе. Гады два назад ён, на вялікую радасць крашынцаў, ізноў пачаў дзейнічаць.
Дзверы ў касцёл адчыніла нам яго работніца пані Гражына, вельмі гаваркая, шаноўнага веку жанчына.
Касцёл сціплы, невялікі, але дагледжаны, акуратны, па-дамашняму ўтульны. На сцяне нашу ўвагу запыніў перапісаны чыёйсьці стараннай рукой у добрым абрамленні тэкст адзінага Багрымавага верша — у арыгінале і ў перакладзе на польскую і англійскую мовы. Ад гэтага верша, які тут вельмі да месца, святыня стала яшчэ больш блізкай, сваёй.