Лісце забытых алеяў
Шрифт:
Усё ж яму давялося жыць і гаспадарыць у гэтым закінутым і забытым Богам кутку Беларусі да канца жыцця.
Каханыя, як відаць з Занавых пісем, была вёска, што ляжала дзесьці «пад Оршай».
Каб даведацца што-небудзь канкрэтнае пра Каханыя, я ўзяўся праглядаць розныя геаграфічныя даведнікі. Перш за ўсё я разгарнуў у аддзеле рэдкай кнігі бібліятэкі Акадэміі навук не раз мною памянёны вельмі грунтоўны «Геаграфічны слоўнік...». На жаль, Кахачына ў ім я не знайшоў. Не аказалася яго і ў «Слоўніку населеных пунктаў Віцебскай вобласці» Яўгена Рапановіча, які выйшаў ужо ў наш час і ў якім пададзены ўсе, нават самыя малыя населеныя пункты Віцебшчыны. Значыць, трэба з сумам канстатаваць, што такой вёскі ўжо не існуе на Беларусі...
Якім жа чынам і ў які час выпала са
Як бы там ні было, але месца, дзе яна стаяла, недзе ж засталося. А значыць, засталася і яе назва, якая, пэўне ж, стала цяпер недзе простым урочышчам, як гэта звычайна здараецца.
Толькі як знайсці гэтае ўрочышча? Відаць, трэба ехаць на месца, «пад Оршу». Тым больш што ў мяне ж ёсць і арыенцір: былое мястэчка Смаляны, дзе ў 1855 годзе знайшоў свой вечны спачынак «архіпрамяністы».
У пошукі апошняга прыстанку Тамаша Зана мы з Генадзем Каханоўскім таксама дамовіліся ехаць разам. Калі прыкідвалі час паездкі, мне сустрэўся на вуліцы Анатоль Жалязоўскі, намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі.
— Ці не захацеў бы ты з'ездзіць у складзе пісьменніцкай групы на святкаванне юбілею Уладзіміра Корбана, на яго радзіму? На «рафіку», як трэба...
Радзіма Уладзіміра Корбана — Аршаншчына.
Дык гэта ж, мусіць, на лаўца і звер бяжыць! Памеркаваўшы, што пасля ўрачыстасці можна ж будзе адлучыцца і ў Занавы мясціны, я даў згоду і папрасіў запісаць у групу яшчэ Генадзя Каханоўскага.
Я ўжо ўяўляў, як мы, два да ўсяго цікаўныя краязнаўцы, будзем блукаць незнаёмымі дарогамі і сцежкамі Аршаншчыны, разам шукаць там сляды Тамаша Зана, дзяліцца ўражаннямі ад сустрэч з людзьмі, з помнікамі мінуўшчыны. Ды тут зноў мае планы зблытаў Генадзь. Ужо напярэдадні паездкі, зайшоўшы ў наш кабінет у рэдакцыі «Полымя», я на сваім рабочым стале знайшоў запіску ад Генадзя. Запіска была для мяне, як удар па галаве якой балдавешкай: «Кастусь! Я іду на вяселле да сваёй роднай сястры: аддае дачку. Не выпадае ехаць. Надта хацелася пад'ехаць, але... блізкая радня, няёмка. Сам я забыўся пра свае клопаты...»
Што ж мне аставалася цяпер рабіць? Ехаць аднаму ў незнаёмыя мясціны — зусім не тое. Мо адкласці паездку? Але ж я ўжо запісаўся, у маіх руках — камандзіроўка. Памеркаваўшы і так і гэтак, выра шыў канчаткова: трэба ехаць — як будзе, так і будзе.
І вось гладзюткай аўтастрадай, што прастуе недзе аж на Маскву, бяжыць-куляецца наш аўтобусік. Сядзяць тут больш за ўсё «вожыкаўцы», цяперашнія і былыя: сам галоўны рэдактар Валянцін Блакіт, далей Іван Стадольнік, Пятро Сушко («Пётр І»). А яшчэ — наш саюзаўскі начальнік Анатоль Жалязоўскі, родам з-пад Оршы, а таксама не менш паўнамоцны адзін з падначальнікаў Бюро прапаганды Саюза пісьменнікаў Пятро Ліпай — «Мяне не Чапай» (альбо «Пётр ІІ»), вядомы ўсёй пісьменніцкай сям'і «лімаўскі» фатограф Уладзімір Крук і я, «прымкнёны Шэпілаў». А вязе гэтую каманду наш нязменны саюзаўскі шафёр Пятро — «Пётр ІІІ».
Вядома, добра вось так, скінуўшы з плячэй цяжкую ношку бясконцых клопатаў, калывацца сабе на мяккім сядзенні, пазіраць у акно, за якім праплывае наша палявая-лясная зямля з яе простымі, але заўсёды мілымі сэрцу краявідамі. Ну, вядома, і пагаманіць у такой разнаякай кампаніі, уволю пасмяяцца, пажартаваць, а то і зацягнуць пад настрой якую песню, што сама папрасілася на язык. Дарога ёсць дарога!
Калі пад'язджалі к Аршанскаму раёну і, звярнуўшы з магістралі, скіравалі проста на Барань — радзіму Уладзіміра Корбана, я дастаў з кішэні блакнот — занатоўваць назвы «населеных пунктаў» на дарожных указальніках: а можа, яны неяк памогуць мне адшукаць Занаў Каханыя? Перад вачамі замільгалі: Коханава — Звенячы — Ляўкова — Шапчына — Лісуны — Тумінічы — Зубрэвічы (гэта
Для мяне гэта было цэлае адкрыццё: я трапіў у горад, пра існаванне якога дасюль нават не падазраваў. Горад гэты — Барань. Не мястэчка, не гарадскі пасёлак, а сапраўдны, прытым немалы сучасны горад! Вось яшчэ адзін доказ нашага, у першую чаргу майго «ведання» Беларусі!
Сустрэў нас перад будынкам гарвыканкома сам мэр горада. А быў ім шчуплы, падцягнуты, фізкультурнай камплекцыі малады чалавек, былы настаўнік беларускай мовы і літаратуры адной з бараньскіх школ. Звалі яго Юры Аляксандравіч Нагорны. Родам — з Наваградчыны, з-пад Свіцязі. Усе мы з прыемнасцю адзначылі яго чыстую беларускую мову. І гаварыў ён па-беларуску не толькі з намі, літаратарамі. Беларуская мова жыве ў яго сям'і, па-беларуску ён гаворыць з людзьмі, выступае на сходах, па-беларуску вядзе і сесію гарсавета. Інакш кажучы, робіць так, як і павінна быць па ўсёй Беларусі, раз мы хочам называцца цывілізаванай нацыяй.
Барань — горад вельмі кампактны, з вялікім старым паркам у самым цэнтры, з сучаснымі дамамі, вядома ж, «каробачнага» (тут нікуды не дзенешся) тыпу, з прамымі шырокімі вуліцамі.
Пасялілі нас згодна з распараджэннем мэра не абы-дзе — у санаторыі! Высокі шматаконны гмах на беразе ракі Адроў. З вокан санаторыя адкрываецца шырокі краявід — светлы пасак ракі ў вербалозах ды вольхах перад самым фасадам, зялёная, вельмі вабная лугавіна ў рачной пойме, маляўнічыя залесеныя ўзгоркі за ракой, маўклівы цемнаваты хвойнік удалечыні. А стаіць санаторый на ўскраіне горада, да цэнтра якога ісці хвілін дзесяць, не болей!
Санаторый гэты пабудаваў для сваіх работнікаў завод «Чырвоны Кастрычнік», той, на якім працаваў Уладзімір Корбан і які называўся цвікавым. Толькі ён, вялікі, усесаюзнага значэння завод, які, дарэчы, і ўзгадаваў з колішняга пасёлка сапраўдны горад, мог дазволіць сабе такую раскошу. Праўда, санаторый амаль пусты: у кожнага ж завадчаніна недзе побач свой дом, свая кватэра. А персанал, вядома ж, працуе, зарплата ідзе. Можа, гэта адзін з безлічы нашых БАМаў, толькі ў мініяцюры?
На самім заводзе мы таксама змаглі пабываць. Паглядзелі збольшага цэхі, зазірнулі ў музей, які мае такую афіцыйную назву — «Народный музей революционной, боевой и трудовой славы оршанского завода «Красный Октябрь». Мноства фотаздымкаў, схем, вымпелаў, узнагарод. З цікавасцю паслухалі мы расказ работніка музея пра гісторыю завода, што пачынаецца задоўга да рэвалюцыі. Аказваецца, на гэтым «цвікавым» заводзе яшчэ з вайны 1914 года вырабляўся калючы дрот. Цікава, у колькі зменаў працавалі цэхі па выпуску гэтай прадукцыі ў часы, калі ёю абгароджваліся незлічоныя астравы архіпелага Гулага? А яшчэ выпускалі тут кайданы. Нам паказалі стэнд, дзе расказвалася пра аднаго з рабочых цэха па вырабу кайданоў Івана Фаміча Кляўзы, які за рэвалюцыйную дзейнасць быў закуты пры царызме ў кайданы... уласнай вытворчасці. Дастаўшы з-пад шкла, нам паказалі яго аб'ёмісты дзённік, у якім ён скрупулёзна, з цікавымі дэталямі расказвае пра свой удзел у вядомых нам падзеях — гэты жывы дакумент часу. Шкада толькі, што ў музеі мы не ўбачылі саміх кайданоў — гэтую «важную» прадукцыю завода. Зрэшты, ніякага ўпамінку не было і пра тых, хто цягаў іх не толькі «ў змрочныя часы царызму», але і ў «светлую эру чалавецтва, адкрытую вялікім Кастрычнікам».
У Барані мы пабылі два дні! Сустрэчы, выступленні, экскурсіі, адкрыццё мемарыяльнай табліцы ў гонар Уладзіміра Корбана на вуліцы яго імя. Усё гэта, вядома, было цікава. Але ж мне рупіла іншае: знайсці на Аршаншчыне Занаў Каханыя, пабываць на яго апошнім прыстанку. Тут, у Барані, усе, у каго я ні пытаўся пра яго, толькі паціскалі плячамі.
Заставалася ехаць у Смаляны. Пэўне ж, Каханыя быў недзе недалёка ад Смалян, раз сюды прывезлі хаваць яго гаспадара.
Развітаўшыся пасля ўрачыстасцей з гасціннымі гаспадарамі Барані і сябрамі-літаратарамі, якія ад'язджалі ў Мінск, застаўшыся адзін як бізун, я сеў на рэйсавы аўтобус і пакаціў у Оршу, каб адтуль весці свае росшукі.