Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi
Шрифт:
Хлопчык нi на хвiлiну не адводзiў позiрку ад увахода ў цмокаву пячору, але не заўважаў там нiякiх прызнакаў жыцця. Пэўна, цмок схаваўся ў сваёй нары i сядзеў глыбока пад зямлёй.
Нарэшце, калi ўсе месцы на ўзвышшах былi ўжо занятыя, пачуўся шум, крыкi, у паветра паляцелi капялюшы. Але хлопчык, якi сядзеў блiжэй да пячоры, нiчога не ўбачыў. I толькi праз хвiлiну ён, як i кожны, змог разгледзець Святога Георга, якi на вялiкiм баявым канi, не спяшаючыся, выязджаў на сярэдзiну пляцоўкi перад уваходам у пячору. Вецер калыхаў чырвоныя пёры на яго шлеме, i ён сам выглядаў чароўна i ўзвышана.
Гледачы занервавалiся i крыху адсунулiся назад. Нават малыя хлапчукi перасталi тузацца i цягаць адзiн аднаго за валасы. Усе стаiлi дыханне. Запанавала цiшыня.
«Давай, цмок! Давай!» — шаптаў хлопчык, ёрзаючы ад нецярпення.
Але ён мог бы не хвалявацца, каб ведаў, да якой ступенi гульня захапiла цмока. Цмок прачнуўся яшчэ на золку i адразу пачаў старанна рыхтавацца да свайго першага выхаду ў свет. Яму здавалася, што ён вярнуўся на стагоддзi назад, што ён зноўку зрабiўся маленькiм цмачанём, якое са сваiмi братамi i сёстрамi гуляе на падлозе матчынай пячоры ў «святых i цмокаў», гульню, у якой заўсёды перамагаў цмок.
Раптам з пячоры данеслася басавiтае пыхканне, мармытанне, якое ўсё мацнела й мацнела, i нарэшце ўся далiна запоўнiлася жахлiвым рыкам, якi нiбыта павiс у паветры. У гэтую хвiлiну ўваход у пячору захiнуўся воблакам дыму, i адтуль, як ракета, вылецеў зырка блiскучы, цёмна-блакiтны цмок! Натоўп выдыхнуў: «Вооо-ох!» Цмокава луска зiхцела так, быццам з яе струменiлiся промнi святла, доўгi спiчасты хвост бiў па баках, вострыя пазуры дралi зямлю, i яе камякi разляталiся вакол, часам нават трапляючы ў гледачоў. Са злосна раздзьмутых цмокавых ноздраў валiлi дым i агонь.
— Выдатна, цмок! — з захапленнем закрычаў хлопчык. — Нiколi не мог падумаць, што ў яго такi талент, — дадаў ён цiшэй.
Святы Георг апусцiў дзiду, нахiлiў галаву i, уцяўшы каня шпорамi ў бакi, панёсся наперад. Цмок з рыкам i вiскам напаў на яго. Усё змяшалася ў кучу: блакiтная луска, залатыя даспехi, рык, дым, клацанне зубоў, агонь…
— Прамахнуўся!!! — залямантаваў натоўп.
Праз якую хвiлiну клубок з залатых даспехаў i блакiтнай лускi раскруцiўся, i Святы Георг, патрасаючы дзiдаю ў паветры, адляцеў на баявым канi ўбок i спынiўся толькi каля ўвахода ў пячору.
Пакуль ён паварочваў каня, цмок прысеў i пачаў злосна брахаць.
«Першы раўнд скончыўся, — падумаў хлопчык. — Як цудоўна ў iх усё атрымалася! Спадзяюся, што Георг не надта нервуецца. За цмока можна не хвалявацца. Лепшага актора свет яшчэ не бачыў!»
Нарэшце Святы Георг здолеў прымусiць свайго каня стаяць спакойна, абцёр з iлба пот i агледзеўся. Убачыўшы хлопчыка, ён усмiхнуўся, падмiргнуў яму i на iмгненне падняў тры пальцы.
«Ага, значыць, у iх усё спланавана, — зразумеў хлопчык. — Будуць бiцца да трэцяга раўнда. Шкада. Маглi б пагуляць i трошкi даўжэй! А што гэта там вытварае цмок?»
Цмок выкарыстоўваў хвiлiну перапынку, каб пацешыць публiку цмакаваннем. Шаноўным чытачам, вiдаць,
Святы Георг падцягнуў павады, ямчэй усеўся ў сядле, нацэлiў на цмока дзiду i паволi рушыў наперад.
— Наперад!!! — грымнулi гледачы.
Цмок адразу перастаў цмакаваць i, павярнуўшыся да Святога Георга, пачаў скакаць у розныя бакi вялiкiмi нязграбнымi скачкамi i пры гэтым вiшчаў, як чырванаскуры iндзеец. Не дзiва, што такiя паводзiны збянтэжылi каня, i ён так хутка i рэзка кiнуўся ўбок, што Святы Георг ледзь утрымаўся ў сядле, паспеўшы ў апошнi момант учапiцца за конскую грыву. Калi ён праносiўся побач з цмокам, той злосна клацнуў зубамi i паспрабаваў ухапiць каня за хвост. Бедная жывёлiна, напалохаўшыся ледзь не да смерцi, паiмчала наўзгалоп, зусiм ужо не разбiраючы дарогi. У Святога Георга вылецела са стрэменi нага, i цяпер ён ужываў не надта шляхетныя выразы, каб неяк прымусiць каня спынiцца.
Пасля другога раўнда гледачы пачалi голасна вiтаць цмока. Было вiдаць, што iм спадабалiся ягоныя спартовыя паводзiны. Да цмока, якi гойсаў сюды-туды, выпнуўшы грудзi i высока падняўшы хвост, далятала нямала прыемных заўваг. Ён быў вельмi шчаслiвы, адчуваючы, як расце яго папулярнасць.
Тым часам Святы Георг спешыўся i, падцягваючы папругу, з усходнiм красамоўствам выказваў свайму каню ўсё, што думае пра яго i пра ўсiх яго сваякоў.
Хлопчык прабраўся да рыцара i, каб дапамагчы, узяўся патрымаць яго дзiду.
— Усё было цудоўна, Святы Георг, — выдыхнуў ён. — Мо вы яшчэ пару раўндаў згулялi б?
— Не думаю, — адказаў рыцар. — Баюся, што гэты новаспечаны герой, пачуўшы, як яго вiтаюць, раздзьмецца ад пыхi, i яшчэ невядома, што можа прыйсцi яму ў галаву. Лепей я прыкончу яго ўжо зараз.
Святы Георг ускочыў у сядло, узяў у хлопчыка дзiду i ласкава ўсмiхнуўся яму.
— Не хвалюйся, — сказаў ён, — я добра прыкмецiў, куды бiць, а цмок са свайго боку зробiць усё, каб я не прамахнуўся, бо для яго гэта адзiны шанец трапiць на банкет.
Святы Георг напусцiў на сябе суровасць, зручней узяў дзiду i, прыцiснуўшы яе тоўсты канец пад пахай, не паляцеў наўзгалоп, як першы раз, а цiхенька паехаў цмоку насустрач. Цмок прыгнуўся i заляскаў хвастом, як пугай. Пад'ехаўшы блiжэй, Святы Георг пачаў кружыць вакол цмока, не зводзячы вачэй з намечанага на цмокавай скуры месца. Цмок пераняў яго тактыку, i абодва змагары пачалi моўчкi кружыць па пляцоўцы. Гледачы баялiся зварухнуцца. Заключны раўнд доўжыўся даволi доўга — аж некалькi хвiлiн, але канец быў вокамгненны. Хлопчык ледзь паспеў заўважыць маланкавы рух рукi Святога Георга, потым дым, пазуры, хвасты, камякi зямлi — усё змяшалася, i калi пыл асеў, усе з радасным крыкам ускочылi i кiнулiся наперад. Цмок ляжаў нерухома, прышпiлены да зямлi дзiдай, а Святы Георг паспеў ужо спешыцца i стаяў у цмока на пузе.