Лагодны цмок. Ангельскiя лiтаратурныя казкi
Шрифт:
— Калi здарылася што, ты не мог бы мне растлумачыць? — папытаўся хлопчык.
— А вось гэтага я якраз дакладна не ведаю. Было такое ўражанне, быццам Зямля глыбока ўздыхнула, а тады чыхнула так моцна, што недзе ўсярэдзiне выпала донца. Карацей кажучы, памятаю толькi нейкi моцны штуршок, жудасны шум, — i ўсё пачало валiцца ў пекла — поўны хаос. Я адразу самлеў, а калi апрытомнеў, дык быў глыбока пад зямлёй, зацiснуты з усiх бакоў. Але ж лiха без дабра не бывае. Дзякуй Богу, патрэбаў асаблiвых у мяне няма, i я нават парадаваўся, што нарэшце застаўся
Мне было аб чым паразважаць там, у глыбiнi, — мозг працаваў як нiколi, можаш паверыць. Але час iшоў, вакол зусiм нiчога не мянялася, i я патроху пачаў думаць, што было б цiкава выбрацца наверх ды паглядзець, як там усе пажываюць. Я пачаў рыць зямлю i рыў яе, рыў, пакуль вось не выбраўся праз гэтую во пячору.
Мне падабаецца тут. Надта ўжо краявiд прыгожы. Дый людзi, з першага погляду, неблагiя (блiзка я, праўда, з iмi яшчэ не знаёмы). Хутчэй за ўсё я, вiдаць, тут i асяду, — скончыў цмок свой расказ.
— А пра што ты думаў увесь час, пакуль сядзеў пад зямлёй? — папытаўся хлопчык. — Мне гэта вельмi цiкава.
Цмок крыху пачырванеў i пачаў уважлiва разглядаць зорнае неба. Потым сарамлiва прамовiў:
— Скажы, а ты нiколi — ну так, дзеля забавы — не спрабаваў пiсаць вершы?
Хлопчык усмiхнуўся:
— Ну, безумоўна, я пiсаў вершы, i сякiя-такiя, на мой погляд, былi вельмi неблагiя, але ведаеш, нiхто з маiх паэзiяй асаблiва не цiкавiцца. Мацi заўсёды ўважлiва слухае, калi я чытаю свае вершы, дый бацька таксама, але яны неяк… Ну, не зусiм…
— Як я цябе разумею! — радасна крыкнуў цмок. — Вось тое самае i са мной! Яны слухаюць, слухаюць, але каб цалкам, дык усё роўна цябе не разумеюць, што ты тут зробiш?! Але ж ты — ты iншы, я тваю адукаванасць i выхаванне адчуў адразу, як мы пазнаёмiлiся. I я вельмi хацеў бы пачуць тваё меркаванне наконт сякiх-такiх невялiчкiх твораў, якiя самi прыйшлi мне ў галаву, калi я сядзеў унiзе. Цудоўна, што мы з табой пазнаёмiлiся, мне гэта так прыемна! Спадзяюся, што i iншыя суседзi такiя ж мiлыя i выхаваныя, як ты. Учора я тут бачыў аднаго вельмi прыстойнага джэнтльмена, але ён, вiдаць, пасаромеўся мяне патурбаваць.
— Гэта быў мой бацька, — растлумачыў хлопчык, — ён сапраўды добры. Калi хочаш, я калi-небудзь вас пазнаёмлю.
— Можа, вы з бацькам заўтра павячэраеце са мной? — парадаваўся цмок. Вядома, калi вы нiчым не занятыя, — дадаў ён ветлiва.
— Дзякуй за запрашэнне, — усмiхнуўся хлопчык. — Але, ведаеш, мы з бацькам нiколi не ходзiм у госцi без мацi, а я, шчыра кажучы, не ведаю, як яна паставiцца да цябе. Што нi кажы, а ты ўсё ж сапраўдны цмок. I калi ты кажаш, што збiраешся тут асесцi ды цiкавiшся суседзямi, дык баюся, ты не зусiм уяўляеш сваё становiшча. Ты ж вораг роду чалавечага!
— Нiчога падобнага! Ды ў мяне ва ўсiм свеце нiводнага ворага не знойдзеш! Па-першае, у такiх гультаёў, як я, ворагаў проста не бывае. А па-другое, хоць я й чытаю свае вершы
— О, Божа! — уздыхнуў хлопчык. — Ну зрабi ты намаганне, паспрабуй зразумець: як толькi людзi даведаюцца, што ты тут, яны адразу прыйдуць да гэтай пячоры, да зубоў узброеныя мячамi, дзiдамi ды лукамi. Яны палiчаць, што ты мусiш быць знiшчаны. Бо ты для iх — кара Божая, брыдкi яшчар, агiдны монстр, жахлiвая пачвара!
— Ва ўсiм гэтым анiводнага слова праўды, — урачыста прамовiў цмок, пакруцiўшы галавой. — Мая асоба вытрымае сама пiльную праверку. Але слухай, калi ты прыйшоў, я тут якраз складаў адзiн невялiчкi санет i быў бы ўдзячны, каб ты яго ацанiў.
— Калi не хочаш размаўляць сур'ёзна, — раззлаваўся хлопчык, устаючы, — дык я лепей пайду. Слухаць санеты ў мяне часу няма — мяне чакае мацi. Я зайду да цябе заўтра, а ты пакуль паспрабуй зразумець, што ты — жахлiвы монстр, а то вокам мiргнуць не паспееш, як з цябе скуру злупяць! Да пабачэння!
Вярнуўшыся дадому, хлопчык супакоiў бацькоў, расказаўшы пра лагодны нораў свайго новага сябра. I бацькi, якiя давяралi меркаванням сына, адразу перасталi хвалявацца.
А праз пэўны час хлопчык пазнаёмiў з цмокам свайго бацьку. Цмок i пастух нагаварылi адзiн аднаму шмат прыемных словаў i рассталiся цалкам задаволеныя сустрэчай.
Але пастухова жонка так i не здолела заплюшчыць вочы на той сумны факт, што цмок ёсць цмок i што ў вёсцы яго нiхто ў сябе не прымае. Яна не пажадала быць прадстаўленай цмоку фармальна, але гатовая была дапамагчы яму па гаспадарцы: прывесцi ў парадак пячору, зацыраваць што-небудзь цi прыгатаваць якую смачную страву (а яна была ўпэўнена, што як любы джэнтльмен, якi захапляецца паэзiяй, цмок нярэдка забываецца пра ежу, а гэта яе, як сапраўдную жанчыну, вельмi непакоiла).
Мацi дазваляла хлопчыку хадзiць да цмока хоць кожны дзень, але вяртацца дадому ён мусiў не пазней за дзевятую гадзiну вечара.
Амаль кожны вечар хлопчык бег па стромае сцежцы да цмокавай пячоры i вельмi прыемна бавiў са сваiм сябрам час. Шмат цiхiх летнiх вечароў правялi яны, седзячы побач на мяккай, нагрэтай сонцам траве. Хлопчык любаваўся прыгожым краявiдам i з захапленнем слухаў цмокавы рассказы пра даўно мiнулыя часы, калi цмокаў было шмат, свет быў болей цiкавы, а жыццё — поўнае нечаканасцяў i прыгод.
Але ж нарэшце здарылася тое, чаго так баяўся хлопчык. Зразумела, што нават сама сцiплы, цiхi i спакойны цмок не можа пазбегнуць людской цiкаўнасцi, калi ён памерам з добрую хату i ўвесь пакрыты буйною луской.
Кожны вечар вяскоўцы збiралiся ў шынку i гутарылi толькi пра цмока. Яны абмяркоўвалi яго памеры, яго злосны нораў i страшны выгляд. Вяскоўцы былi напалоханыя, але ў той жа час ганарылiся — не кожная вёска можа пахвалiцца сваiм уласным цмокам. Але ж цмок ёсць цмок! Як бы там не было, яго трэба неадкладна знiшчыць i вызвалiць край ад брыдкага яшчара, агiднага монстра i жахлiвай пачвары!