Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке)
Шрифт:
Зiрк - а на частаколе нейкiя галоўкi паказалiся: адна, другая, трэцяя... Анёлчыкi.
– Слухайце, слухайце, - кажа адзiн,- вось хораша iграе!
Тут ужо Дудар ня вытрымаў i пачаў iграць на ўвесь голас.
– Ах, як хораша! Вось хораша! I што гэта за музыка такая?
– дзiвуюцца анёлчыкi.
– Гэта барысаўская, - сказаў Дудар.
Раптам загрымелi ключы ў замку, i адчынiлася брама. У браме стаяў нябесны ключар, сьвяты Пётра.
– Дудар!
– Чаго?
– Пойдзем!
А на небе ўжо разышлася погаласка, што прыйшоў
Не пасьпелi Дудару кватэры азначыць, як прыйшоў па яго анёл, толькi не такi, як папярэднiя - маленькiя, у белых кашульках, зь белымi крыльлечкамi, а вялiкi ў сярэбранай адзежы.
– Янка Дудар!
– сказаў пасланец.
– Што, паночку?..
– Праўда, што ўмееш iграць?
– Праўда!
– А пайграў-бы?
– А чыму-ж не пайграць! Перад кiм?
– Перад Богам Сьвятым!
Пачухаў Дудар патылiцу, ды нядоўга думаў. Барысавец быў, а ўсе барысаўцы народ сьмелы.
– Пайграю, - кажа.
– Ну, дык пойдзем, - кажа анёл.
Пайшлi. Анёл сьпераду, Янка ззаду. Глядзiць, дзiвуецца.
Абапал дарогi сярэбраныя хаты, а жывуць у iх сьвятыя. У канцы вулiцы пабачылi самога Бога, каторы сядзеў на ганку i чакаў.
Дудар далiкатненька пакланiўся - быў ён чалавек бывалы i ведаў, як дзе трэба захавацца. Бог кiўнуў галавой.
А кругом ужо сабралiся анёлы - малыя i вялiкiя, арханёлы ў залатых i сярэбраных адзежах, сьвятыя i проста так справядлiвыя душы - мужыкi i бабы. Народу цьма, яблыку недзе ўпасьцi, i ўсе хочуць паслухаць музыкi.
– Ну, Дудар, - сказаў Бог, - iграй.
А Дудар iзноў пакланiўся i кажа:
– Пакорна клакяюся Вяльможнаму Пану Богу i выбачайце, што я спытаю: цi няма тут на небе каго-небудзь з нашых, барысаўскiх, толькi, каб з маладых?
– А нашто табе?
– Пад танцы iграць лаўчэй.
Усьмяхнуўся Бог i даў знак анёлам. Паляцела двое, але скора вярнулiся, кажуць:
– Знайшлi двох барысаўцаў, толькi дужа старых.
– Старыя няздатны, - сказаў Дудар, - не патрапяць станцаваць. Выбачайце, што спытаю: куды-ж падзелiся маладыя? I маладыя-ж iншы раз памiраюць.
А сьвяты Юр'я на гэта кажа:
– Маладых трэба ў чысцы шукаць.
– А i праўда, - сказаў Дудар, - ня йначай, як у чысцы. Пэўна, што ў чысцы. На маей памяцi сколькi таго народу перамёрла: Мiкiта Гарбуз - той, што ад гарэлкi задохся, Сьцяпан з Докшыц, катораму ў карчме лоб пашчапалi, Арцём Лыка з-пад Зембiна i Антось Прычэпка з-пад Дзядзiлавiч, - добрыя танцоры былi: прыбiлi iх на iгрышчах.
Дудар доўга-б яшчэ вылiчаў памёршых маладымi барысаўцаў, але Бог кiўнуў рукой:
– Iграй!
– Якую?
– Якая лепшая. Вясёлую!
– Вясёлую, дык вясёлую.
Настроiў Дудар пiшчыкi, надуў мех, заграў.
Добра цi дрэнна iграў ён, не памятаў гэтага, гэтак захвацiла ў яго дух ад радасьцi, што годзен стаўся iграць перад самым Богам.
Толькi, калi кончыў, бачыць - Бог кiваець галавой: здаволен. А анёлы i сьвятыя, дык тыя не нахваляцца.
– Ах, як добра! Во дык добра!
I калi Бог пайшоў у свае пакоi, яны пачалi прасiць Дудара, каб яшчэ пайграў. Пасьля папяяў. А музыка i рад гэтаму: iграе ды пяе так, што па ўсiм небе гул раздаецца. Слухалi, слухалi справядлiўцы, а пасьля i самi пачалi падпяваць - сьпярша ў паўголаса, а пасьля i ад Дудара не адстаюць:
Ох, ты дудка мая,
Ух-я!
Весялi ты мяне,
Ух-я!
На чужой старане,
Ух-я!
Пяюць усiм небам, падбiваючы ў далонькi.
Праходзiў мiма сьвяты Язэп. Глядзiць, што за дзiва?! Заместа арханёла Гаўрылы, каторы навучаў справядлiвыя душы нябесных сьпеваў, сядзiць на ўслоне Дудар з дудой, а каля яго душы - мужчынскiя i жаноцкiя - хорам адхватваюць сьвецкiя песьнi.
– Матухна Ты Сьвятая!
– крыкнуў сьвяты Язэп, схапiўшыся за галаву, i пабег да сьвятога Пётры.
А туды якраз прыходзiць i сам Арханёл Гаўрыла, гэтак сама жалiцца.
– Так i так, - кажа.
– Нiхто ня хоча вучыцца нябесных сьпеваў; усе пяюць беларускую "дудку". Дудар вучыць. Што рабiць?
Выйшаў Пётра на вулiцу, прыслухаўся, - праўда: па ўсiм небе лунаюць беларускiя песьнi.
– Гэтага нельга дазволiць, - кажа тады сьвяты Пётра арханёлу Гаўрыле.
– Цi не паклiкаць нам сюды Дудара?
– Можна.
Iдзе Дудар, дуда пад пахай; пакланiўся.
– Дудар, - кажа сьвяты Пётра, - а цi ня лепей было-б табе пайсьцi адгэтуль куды-небудзь у другое месца?
– Зь неба?
– Ну, ведама.
– А куды-ж мне йсьцi?
– Хм, вось аб гэта-ж: куды?
– Сьвяты Пётра задумаўся.
– Чаму-ж вы хочаце, каб я адгэтуль пайшоў? Я-ж нiчога благога не зрабiў тут: ня ўкраў, ня скрыўдзiў...
– Ведаю, ведаю.... Справа, братка, вось якая, на небе сьвецкiя песьнi пачалi пяяць, - сам ты рассудзi - нягожа.
– Ну, што-ж, калi гэтак, то я пайду сабе.
– Толькi во' бяда - куды цябе адправiць?.. А можа дуду кiнеш?
– Не, лепей я ўжо пайду адгэтуль.
– Куды пойдзеш?
– Саўсiм з раю?
– Э... што там рай? Наша Беларусь - гэта ня неба. У Беларусi бязь песьнi нельга. Там людзi працуюць, а зь песьняй чалавеку ўсякае гора ў палавiну. Буду хадзiць iз сваей дудою па лясох i палёх. Будзе сядзець каля скацiны пастушок з жалейкай, нячутна падыйду да яго i зайграю яму над вухам; пачне пяяць дзяўчынка, задумаўшыся над сьветлым руччом, навучу i яе - няхай не замiраюць у Беларусi песьнi. Пойдуць мужы з тапарамi ў лес, я прытаюся за сасной i заграю iм, каб спарней iшла ў iх работа. А не знайду людзей, буду слухаць, як шумiць цёмны бор, як бульчыць вада, пералiваючыся ў руччу, i падыграю iм. Эх, цяжка ў нашай старонцы, ды i добра ў ёй... Я яшчэ, як жыў, дык прасiў Бога, каб дазволiў мне па сьмерцi ў Барысаўшчыне астацца. На нiякi рай не прамякяю яе.