Лiтаратурныя творы з казачнымi матывамi (на белорусском языке)
Шрифт:
I сказала: - Эх, камар!..
А.Д.
КОТ, САБАКА I МЫШ
Прайшло таму нямала год,
Калi сабака, мыш i кот
Жылi у згодзе, разам елi,
Скакалi, навет песьнi пелi,
Лiзалi косьцi пад сталом
I весялiлi цэлы дом.
Ды вось аднойчы гаспадар
Задумаў ехаць на базар.
Ён загадаў сабаку срога:
– Не адыходзься ад парога,
Сядзi, для пэўнасьцi, пры хаце,
Пiльнуй усё маё багацьце.
I
Сядзеў сабака ля парога,
Ды захацеў ён паскакаць,
Крыху пагаўкаць, пабрахаць.
I кажа ён кату: - У дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пiльнуй у хаце
Гаспадаровае багацьце.
– Ну, што-ж, - яму прамовiў кот,
Каб большых ня было турбот!
З ахвотай пасяджу ля ганку,
А ты сабе бяжы пагаўкай.
I можа мала, можа многа
Той кот праседзеў ля парога.
Паклiкаў мыш i кажа: - У дружбу
Ты саслужы адну мне службу
I за мяне пiльнуй у хаце
Гаспадаровае багацьце.
Бо тут ад ветру на парозе
Я дужа лапкi памарозiў.
– Ну, добра - кажа мыш, - скарэй
Бяжы на печ ды лапы грэй.
I можа мала, можа многа
Сядзела мышка ля парога.
Ды раптам чуе - памiж траў
Цьвiркун на скрыпачцы зайграў.
Тут мышка, ўзяўшы лапкi ў бокi,
Хутчэй пусьцiлася у скокi.
Вярнуўся гаспадар - а ў хаце,
Глядзiць, няма яго багацьця.
Хацеў сабаку ён прагнаць,
Ды той пачаў яго лiзаць,
Прасiць, малiць, гаспадара:
– Не праганяй мяне з двара.
За гэта буду я нязьменна
Служыць аддана i сумленна.
– Што-ж, - гаспадар яму ў вадказ,
– Чым марнаваць дарэмна час,
Служы ды верны будзь, як друг...
Аднак iдзi, брат, на ланцуг.
Сабака бедны з тэй пары
Сядзiць навязан на двары.
За крыўду гэткую гатоў
Ён разарваць усiх катоў.
I кот з мышамi больш ня дружыць,
Як толькi зловiць, так i душыць.
А мыш залезла ў падпамосьце,
Грызе падлогу там iз злосьцi.
* * *
Вядома, гэта толькi казка,
Ды прачытаць для тых я раю,
Свае хто часам абавязкi
Выконваць iншым даручае.
Н.Тарас
КАЗКА ПРА МЯДЗЬВЕДЗЯ
Пад самую восень, пад верасень месяц
Задумаў жанiцца Мядзьведзь шэры ў лесе.
I кажа сватом: - Мне шукайце пасагу;
Зiму зiмаваць - трэба мёду i брагi.
А сам я ня маю нi пчол, нi гароду;
Падушка - i тая з альховай калоды.
За лета снапа мне нажаць ня прыйшлося,
То хворы ляжаў, то гнуў дугi, палозьзе.
Няхай сабе будзе ня важная жонка,
Каб толькi я выжыў зiму пад сасонкай...
* * *
Хадзiлi сваты ад Мядзьведзя па лесе
Усё дзеўкi шукалi празь верасень месяц.
Хадзiлi яны ў Белавеж да Зубрышкi,
Да Зайцавых дзевак, былi i ў Казьлiшкi.
Там ветлiва важных гасьцей прынiмалi,
Крынiчнай вадой, мурагом частавалi;
Старалiся ўсе iм у пояс хiлiцца
Сваты былi важныя - Воўк ды Лiсiца!
Калi што ня так, дык патрапiлi-б самi
Пагладзiць, дзе трэба, памацаць зубамi...
Эх, важныя дзеўкi, былi-б гаспадынi,
Каб мелi каўбасаў, курэй, саланiны.
Нашто i шукаць-бы што недзе другое,
Было-б для Мядзьведзя жыцьцё залатое.
А то ў Зайчышкi пасаг - рунi жыта,
Зiмой - зьледзянеўшая ў полi ракiта.
А у Казьлiшкi трысьнiк у iмшарах,
Падушкi з пуховак, асоту гушчары.
Таксама ў Зубрышкi па ўсёй Белавежы
Ня зьлiчыш стагоў непачатых i сьвежых...
Ды што зь iх сватом i Мядзьведзю старому,
Язык намазолiш, нагонiш аскому.
* * *
Пачулi сваты - ёсьць ля Нарачы дзеўка:
Ў зялёнай дуброве паджарая Белка,
Такая вясёлая, зь песьнямi, зь сьмехам,
Зьбiрае зь ляшчэўнiку летам гарэхi.
Насыпала поўныя куфры, як лёду,
Раскусiш - як сонца, зярняты - як зь мёду.
Сказалi Мядзьведзю: - Ёсьць дзеўка з пасагам!
Прыбраўся Кудлаты Мядзьведзь у сярмягу;
Кашулю узьдзеў, што злупiў у Мiколы,
Як той баранiў ад яго калiсь пчолы;
Ўзяў пояс лiповы i кiй сукаваты,
Так выбраўся зь сьвiтай Мядзьведзь наш у сваты.
* * *
Такое вясельле магло толькi хiба
Быць там, дзе ёсьць Нарач, бор цёмны ды рыба.
Iгралi ў цымбалы Шаршнi i Асьвянкi,
Iгралi дзень цэлы да самай заранкi;
А ў цёмным ягоднiку зь Цецярукамi
Ў тахт Дзятлы у бубны лупiлi насамi,
I зь вёскi далёкай, дзе жытнiя гонi,
Iм Певень iграў на чырвонай гармонi.
Лявонiху ёмка скакала Лiсiца,
Аж ветрам паджарым шумела спаднiца.
Як выйшаў Мядзьведзь, тупнуў левай ды правай,
Пайшоў прысядаць - замiгцелi рукавы.
Скакаць ён так мог-бы дзён пяць цi мо' дзесяць
Адно толькi боты стапталiся ў лесе;
Ды нат i ў мяне там знасiлiся лапцi...
На трэйцюю ноч пачалi разьяжджацца.
* * *
Памалу прайшоў цiхi верасень-месяц.