Метамарфозы, цi Залаты асёл (на белорусском языке)
Шрифт:
28. Не прайшло i хвiлiны, як шайка разбойнiкаў, разламаўшы браму, запаўняе сабой усё. Усе памяшканнi акружаны ўзброенымi людзьмi, а тыя, што бягуць на ратунак, усюды натыкаюцца на ворага. Ува ўсiх у руках паходнi, якiя разганяюць начны змрок, усе ўзброеныя мячамi. Зброя i полымя ззяюць, як сонца на ўзыходзе. Ударамi сякер узломваюць разбойнiкi Мiлонаву камору, якая знаходзiлася ў сярэдзiне дома i была замкнёная на моцныя засаўкi i замкi. Там зберагалася ўсё Мiлонава багацце. Уварваўшыся туды, рабаўнiкi паспешлiва выцягваюць усё дабро i, павязаўшы яго ў вузлы, дзеляць памiж сабой. Аднак колькасць клункаў большая за лiк насiльшчыкаў. Тады яны выводзяць з канюшнi нас - двух аслоў i майго каня, навальваюць на нас чым
29. Я быў ледзь жывы пад цяжарам такой паклажы ад стромкасцi гары i ад доўгай дарогi. Тут мне, хоць i пазнавата, затое ўсур'ёз прыйшла ў галаву думка папрасiць дапамогi ў мясцовых улад i, скарыстаўшы паважанае iмя iмператара, збавiцца ад гэтулькiх нягод. Калi ўжо пры дзённым святле мiналi мы нейкае мнагалюднае сяло, дзе з прычыны кiрмашу было вялiкае скопiшча народу, я ў самай гушчынi натоўпу спрабаваў азвацца на роднай мове грэкаў да боскага iмя Цэзара, але выкрыкнуў голасна i выразна толькi "О", а далейшых гукаў iмя Цэзара вымавiць не змог. Разбойнiкам не спадабаўся мой дзiкi крык, i яны так вырабiлi маю няшчасную скуру, што яна аказалася непрыдатнай нават на рэшата. I ўсё ж сам Юпiтэр паслаў мне неспадзяваны ратунак. Мiнаючы мноства хацiнак i вялiкiх двароў, убачыў я нейкi садок, у якiм памiж iншых раслiн цвiлi цнатлiвыя ружы, вiльготныя ад ранiшняй расы. Хцiва разявiўшы рот, акрылены радаснай надзеяй на выратаванне, я падышоў блiжэй i ўжо цягнуўся да iх дрыготкiмi губамi, як раптам спынiла мяне разумнейшая думка: калi я тут жа з асла ператваруся ў Луцыя, непазбежна загiну ад рук разбойнiкаў, бо яны або палiчаць мяне за чараўнiка, або абвiнавацяць у намеры данесцi на iх.
Такiм чынам, падпарадкоўваючыся неабходнасцi i змiрыўшыся са сваiм становiшчам, я, як належала аслу, устрымаўшыся ад ружаў, паскубаў сухой травiцы.
КНIГА ЧАЦВЕРТАЯ
1. Каля паўдня, калi ўжо сонца моцна прыпякала, мы павярнулi ў адной вёсцы да нейкiх старых людзей, якiя вялi знаёмства i сябравалi з разбойнiкамi. Хоць я быў аслом, але зразумеў гэта з таго, як iх спатыкалi, з бясконцых радасных гутарак i пацалункаў. Разбойнiкi падаравалi iм сякiя-такiя рэчы, зняўшы iх з маёй спiны, прытым перашэптвалiся, вiдаць, расказваючы, што гэта частка iхняй бандыцкай здабычы. Праз нейкi час вызвалiлi нас ад усiх цюкоў i мяхоў i пусцiлi пасвiцца на блiзкi луг.
Не мог я сябраваць са сваiм канём i з аслом i не прывык яшчэ есцi сухой травы. Аднак, вельмi згаладаўшыся, смела накiроўваюся ў заўважаны мною за хлявом агародчык i там, хоць i сырой гароднiнай, набiваю сабе страўнiк.
Паклiкаўшы на дапамогу ўсiх багоў, пачынаю ўважлiва прыглядацца, цi не ўбачу дзе-небудзь у суседнiм садзе куста прыгожых ружаў. Самотнасць мясцовасцi цешыла мяне надзеяй, што, прыкрыты кустамi, ужыўшы лекi, нiкiм не заўважаны, узнiмуся i з жывёлiны стану зноў чалавекам.
2. I калi я так плаваў у моры гэтых надзеяў, бачу зводдаль зацененую далiнку з густым гаем, дзе сярод розных раслiн i прыемнай зелянiны выдзялялася чырвань ружаў. Я ўжо лiчыў у сваiм яшчэ не зусiм азвярэлым сэрцы, што гэты гай прысвечаны Венеры i грацыям i пад iх таямнiчай апекай ззяе гэта каралеўская кветка. Тады, паклiкаўшы на дапамогу багiню Ўдачу, пускаюся з усiх ног так, што клянуся Геркулесам, адчуў сябе не аслом, а вельмi хуткiм скакуном. Аднак гэта мая рэзвая i спрытная спроба не здолела перамянiць мой жорсткi лёс. Наблiзiўшыся да таго месца, не знаходжу тых далiкатных i цудоўных ружаў, вiльготных ад боскага нектару i расы, народжаных калючымi кустамi. I наогул не бачу нiякай далiнкi, а толькi ўскраек рачнога берага, густа парослага дрэвамi. Гэтыя дрэвы, укрытыя падобнымi
3. Стомлены такой няўдачай, пакiнуўшы ўсякую надзею на выратаванне, я хацеў ужо пакаштаваць гэтых ядавiтых ружаў. Аднак пакуль не спяшаючыся я рыхтуюся iх сарваць, нейкi юнак, напэўна, агароднiк, чыю агароднiну я вынiшчыў, даведаўшыся пра зробленую яму шкоду, прыбег з вялiкiм кiем, накiнуўся на мяне i пачаў так мяне мясiць, што, напэўна, забiў бы да смерцi, каб я не кiнуўся сам сабе на паратунак. Задраўшы ўгару зад, я пачаў яго брыкаць заднiмi нагамi, а калi ён, моцна пабiты, павалiўся на касагор, я выратаваўся ўцёкамi. Аднак тут жа нейкая жанчына, магчыма, яго жонка, убачыўшы, што ён павалены на зямлю i ледзь жывы, кiнулася да яго з жаласлiвым лямантам, пэўна, каб выклiкаць да сябе спачуванне i адначасова загубiць мяне.
I вось усе жыхары вёскi, устрывожаныя яе галашэннем, склiкаюць сабак i цкуюць, каб яны кiнулiся на мяне i, раз'юшыўшыся, разарвалi на кавалкi. Я ўжо быў упэўнены, што настала мая смерць, бо сабакi былi такiя вялiкiя i так было iх многа, што можна было iсцi з iмi на мядзведзяў i львоў. У такiх абставiнах я пакiнуў думку пра ўцёкi i хуткай рыссю вярнуўся ў той хлеў, дзе мы былi пастаўлены. Але i тут яны, ледзь стрымлiваючы сабак, злавiлi мяне i, прывязаўшы моцным рэменем да нейкага колца ў шуле, бясспрэчна, забiлi б да смерцi, каб мой страўнiк, звузiўшыся ад балючых удараў, перапоўнены той грубай гароднiнай i захварэўшы нястраўнасцю, не выпусцiў цэлага струменю i не адагнаў iх ад майго спакутаванага цела, адных агiднай жыжкай, другiх едкiм смуродам.
4. Хутка пасля таго як пачала спадаць паўдзённая спёка, нашы разбойнiкi зноў абладавалi нас, i асаблiва мяне, цяжкiм грузам i рушылi далей.
Калi была ўжо пройдзена большая частка дарогi, стомлены доўгай хадой, знемагаючы пад цяжарам грузу, абяссiлены ад палачных удараў, збiўшы ўсе капыты, кульгаючы, хiстаючыся, дайшоў я да нейкай цiхай рэчкi, i раптам прыйшла мне ў галаву думка скарыстаць шчаслiвы выпадак i, асцярожна падагнуўшы ногi, легчы на зямлю з намерам не ўставаць i не iсцi далей, нягледзячы нi на якiя пабоi.
Я быў гатовы нават памерцi не толькi пад палкамi, але i ад удару нажа. Я думаў, што, ледзь жывы i слабы, атрымаю заслужаную адстаўку, як iнвалiд, а разбойнiкi, каб паскорыць свае ўцёкi, перакладуць груз з маёй спiны на двух iншых уючнiкаў, а мяне для найвышэйшай кары кiнуць на здабычу ваўкам i груганам.
5. Аднак супраць гэтага цудоўнага плана паўстаў мой бязлiтасны лёс. Другi асёл, адгадаўшы мае думкi, павалiўся раптам ад прытворнай стомленасцi i заставаўся ляжаць з усiмi манаткамi, як нi цягалi яго ў розныя бакi за хвост, за вушы i за ногi. Тады, стамiўшыся i страцiўшы апошнюю надзею падняць яго, парадзiлiся мiж сабой, што не варта важдацца з нерухомым, быццам акамянелым аслом i трацiць дарагi час, пераклалi мяхi на мяне i на каня, а яго, падрэзаўшы яму ўсе паджылкi i сцягнуўшы трохi з дарогi, яшчэ жывога скiнулi з абрыву ў прорву.
Разважыўшы долю свайго няшчаснага сябра, я вырашыў адкiнуць усякiя хiтрыкi i ашуканства i, як паслухмяны асёл, служыць сваiм гаспадарам. Неўзабаве я зразумеў з iхняй гутаркi, што ўжо хутка будзе прыпынак i канец усёй дарогi, што ўжо недалёка iхняе сталае месца. I сапраўды, мiнуўшы яшчэ адзiн не вельмi круты пад'ём, прыбылi мы нарэшце да мэты падарожжа. Там знялi з нас увесь груз i схавалi ў пячоры, а я, вызвалены ад цяжару, каб адагнаць стому, замест купання пачаў качацца па пяску.
6. Час i адпаведныя ўмовы вымушаюць мяне апiсаць месца i тыя пячоры, дзе жылi разбойнiкi. Адначасова праверу i дам вам адчуць, цi быў я аслом з розумам i пачуццямi.